InformNapalm.org (Беларуская)

“Шел казак куда-то вдаль. На груди была медаль” (рас., з жартаўлівага вершу пра “ражаных” казакоў). Расейскае казацтва, як дзеючы рэзэрв МА РФ.

Каманда InformNapalm працягвае выяўленьне і ідэнтыфікацыю саўдзельнікаў прарасейскіх баявікоў і міжнародных тэрарыстаў, якія ваююць ва Украіне ў шэрагах незаконных збройных фармаваньняў “ДНР”/”ЛНР”. У гэтым “інтэрнацыянальным” збродзе былі ідэнтыфікаваныя грамадзяне з краінаў блізкага і далёкага замежжа. Пераважная большасць “дабраахвотнікаў” – гэта грамадзяне РФ, якія зьяўляюцца чальцамі рознага кшталту  вайскова-патрыятычных і казачых арганізацыяў, якія спрытна маніпулююца праз расейскія спэцслужбы ў інтарэсах агрэсыўнай палітыкі Крамлю.

Яскравым пацьверджаньнем гэтаму ёсьць інфармацыя, якая апублікаваная на старонцы “Кубанскае казачае спартыўнае школы “Баско”” пра праходжаньне вайскова-палявых збораў напрыканцы жніўня гэтага году на вайсковым палігоне МА РФ у пасёлку Молькіне, у межах якіх прыблізна 600 казакоў удзельнічалі ў практычных занятках у баявой падрыхтоўцы. Праграма збораў прадугледжвала заняткі ў тактыцы, баявыя стрэльбы з АК і СВД, пераадоленьне адмысловых зонаў перашкодаў, азнаямленьне з сучаснымі сродкамі стралковага ўзбраеньня, бранеаўтамабілямі і танкамі.

Заўвага: нагадваем, што ў п.Молькіне Краснадарскага краю месьціцца вайсковы палігон, які вайсковыя злучэньні Паўднёвае вайсковае акругі выкарыстоўваюць для баявой падрыхтоўкі. Таксама ў Молькіне дысьлякаваная 10-я асобная брыгада спэцыяльнага прызначэньня (10-я АБрСпН) ГРУ ГШ ЗС РФ, у якой год таму праходзілі шкаленьне расейскія “дабраахвотнікі”, якія былі абраныя для перакідваньня на Данбас (гл. “Расея – спонсар міжнароднага тэрарызму: лягеры падрыхтоўкі баявікоў на расейскай тэрыторыі і групоўкі “сілаў ўварвання””). У ліпені 2015 году ў Луганску была выяўленая група вайскоўцаў з 10-й АБрСпн (гл. “10-я АБрСпН ГРУ РФ заўважаная ў Луганску”).

У гэтым артыкуле гаворка пойдзе пра Стаўрапальскае казацтва, больш дакладна пра “Мінералаводзкае гарадзкое казачае грамадзтва” Церскага казацтва, чальцы якога зьяўляюцца “ветэранамі” і ўдзельнікамі апэрацыі ў захопе Крыма ў 2014 годзе, пасьля якой былі зафіксаваныя на Данбасе ў складзе НЗФ “Восток” (рас.).

“Героем” нашага расьледаваньня зьяўляецца Шаманауры Бідзіна Важаевіч, дата народзінаў – 24.12.1990 г., этнічны грузын, які пражывае ў г.Мінеральных Водах РФ, які і “засьвяціў” мінераловодзкіх казакоў у Крыме і на Данбасе.

Бацька – Шаманауры Важа, 1961 г.н., жыве ў г.Тбілісі (Грузыя), маці – Карына Панібрат (Аганезава), 1968 г.н., жыве ў РФ у г.Калінінградзе (нягледзячы на ​​тое, што бацькі Бідзіны Шаманауры разведзеныя і ён праз даўгі час ня быў у Грузыі, сувязь з бацькам і сваякамі падтрымлівае);
мае сясьцёр: Шаманауры Маю, 1986 г.н. і Шаманауры Ніну, 1985 г.н., абедзьве жывуць у г. Мінеральных Водах (РФ).

Заўвага: больш інфармацыі пра Бідзіну Шаманауры глядзіце ў базе дадзеных нашых партнэраў Цэнтра “Міратворац”.

Найбольш цікавым фактам, які быў выяўлены што да Бідзіны Шаманауры і іншых мінералаводзкіх “казачкоў”, зьяўляецца ўзнагароджаньне мэдалём “За вяртаньне Крыма”, якая ёсьць ведамаснай узнагародай Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі, на падставе загаду МА РФ №109 з 24 лютага 2015 году і з подпісам вайсковага камісара Стаўрапальскага краю, пра штое не забыліся напісаць на сайце “Мінераловодзкага гарадзкога казацкага грамадзтва” з 15 траўня 2015 году з назовам “Падзяка казакам МГКТ за вяртаньне Крыма”.

Сярод апошніх фатаздымкаў Бідзіны Шаманауры і іншых мінералаводзкіх казакоў, былі выяўленыя фота з Данбаса, у складзе НЗФ “Восток”, у тым ліку зробленыя ў раёне чыгуначнага вузлу станцыі Данецк-Паўночны, Спартакаўскае сельскае рады Ясінавацкага раёну Данецкае вобласьці, які быў разрабаваны баявікамі пазначанага бандыцкага фармаваньня (гл. ““За гэта нават расстрэльваць  недастаткова!” – найміты з РФ узрушаныя рабаўніцтвам данбаскіх баявікоў”).

P.S.: Б.Шаманауры ня першы этнічны грузын, які ў складзе НЗФ “навароссіі” ваюе супроць Украіны. Раней, мы выявілі і ідэнтыфікавалі баявікоў “Гогі” – Тэймураз Гогіашвілі і “Гіа Праблема” – Гіа Джагердышвілі.

Матар’ял да публікацыі падрыхтавалі: Іраклі Камахідзэ і krmvictory

(с) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайта InformNapalm.org, падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялаў спасылка на аўтараў і наш праэкт абавязковая.

Пераклад Дзяніса Івашына

Exit mobile version