На фоне інфармацыі пра наданьне Грузіі бязьвізавага рэжыму ў Шэнгенскую зону паднятая па трывозе 4-я расейская акупацыйная вайсковая база, разгорнутая за сто кілямэтраў ад Тбілісі.
2 лютага 2017 году дэпутаты Эўрапарляманту прагаласавалі падчас пленарнага паседжаньня за наданьне Грузіі бязьвізавага рэжыму для наведваньня ейнымі грамадзянамі краінаў Шэнгенскае зоны. Гэтае рашэньне стае чынным пасьля ўхваленьня яго Радаю ЭЗ і ўрэгуляваньня некаторых тэхнічных пытаньняў.
На фоне гэтай навіны Крэмль, як заўсёды, дадаў сваю «лыжку дзёгцю»: на наступны дзень пасьля ўхваленьня Эўрапарлямантам рашэньня, 3 лютага 2017 году, на 4-й расейскай вайсковай базе, разгорнутай у акупаваным Цхінвальскім рэгіёне (так званая Паўднёвая Асэтыя) Грузіі, за сто кілямэтраў ад Тбілісі, у межах «раптоўнай праверкі баявой гатоўнасьці» была абвешчаная трывога. Да «раптоўных вышкалаў» прыцягнулі больш за 500 вайскоўцаў і 100 адзінак баявой тэхнікі; мотастралкі, танкісты і артылерысты зьдзейсьнілі марш на палігон Дзарцемі, дзе адразу пачалі адпрацоўваць практычныя задачы ў палявых умовах. За гэтым працэсам назіраў асабіста камандыр Паўднёвае вайсковае акругі генэрал-палкоўнік Аляксандар Дворнікаў.
Няма сумневаў, што навучальна-баявая трывога на 4-й расейскай вайсковай базе была абвешчаная з прычыны наданьня Грузіі бязьвізавага рэжыму з Эўропай. СМІ РФ досыць актыўна асьвятлялі гэтую навіну. Вельмі красамоўным ёсьць назоў рэпартажу расейскага тэлеканалу «Вести» (рас.), апублікаванага на афіцыйным відэапартале Youtube і прысьвечанага інфармацыі пра праверку боегатоўнасьці ў Цхінвалі (пакідаем у арыгінале): «Готовимся к войне?! Внезапная проверка: российская 4-я военная база поднята по тревоге». І гэта сыгнал ня толькі Грузіі, але перадусім Эўропе.
Нагадаем, што 4-я расейская вайсковая база зьяўляецца злучэньнем, якое зьдзяйсьняе ня толькі акупацыю Цхінвальскага рэгіёну Грузіі, але й актыўна ўцягнутае Крамлём у неабвешчаную вайну супроць Украіны. Адным з рэзанасных эпізодаў, зьвязаных з 4-й в/базай, сталася фіксацыя на Данбасе напрыканцы 2014 – напачатку 2015 году бронеаўтамабіляў «Выстрел» (рас.) (КамАЗ 43269), якія маюцца ва ўзбраеньні базы, гл. «Расейскія бронеаўтамабілі з акупацыйнае базы ў Цхінвалі ( Грузія) перакінутыя ў Луганск». Іншы эпізод з удзелам 4-й в/базы ў кантэксьце вайны на Данбасе адлюстраваны ў публікацыі з 24 студзеня 2017 году, гл. «Расейскія кантрактнікі Цхінвальскае акупацыйнае базы ваююць у складзе расейска-тэрарыстычных войскаў».
-
Даведка пра склад і ўзбраеньне 4-й вайсковай базы
4-я гвардзейская Вапнярска-Бэрлінская Красназнамённая ордэнаў Суворава і Багдана Хмяльніцкага вайсковая база, в/ч 66431 (Грузія, так званая Паўднёвая Асэтыя, г. Цхінвалі і п. Джавы).
Структура: кіраваньне, 4 мотастралковыя батальёны, стралковая рота (снайпэраў), танкавы батальён, 1-ы гаўбічны самаходна-артылерыйскі дывізыён, 2-і гаўбічны самаходна-артылерыйскі дывізыён, рэактыўны артылерыйскі дывізыён, процітанкавы артылерыйскі дывізыён, зэнітны ракетна-артылерыйскі дывізыён, выведвальны батальён, рота БПЛА, інжынэрна-сапёрны батальён, рота РХБА, батальён кіраваньня (сувязі), рота РЭБ, батарэя кіраваньня й артылерыйскай выведкі (начальніка артылерыі), узвод кіраваньня й радыёлякацыйнай выведкі (начальніка супрацьпаветранай абароны), узвод кіраваньня (начальніка выведвальнага аддзяленьня), рамонтна-аднаўленчы батальён, батальён матар’яльнага забесьпячэньня, камэнданцкая рота, мэдычная рота, узвод інструктараў, узвод трэнажэраў, палігон, аркестар.
Ва ўзбраеньні: 40 адз. Т-72БМ, 1 адз. Т-72БК, 120 адз. БМП-2, 36 адз. БТР-80, 15 адз. МТ-ЛБ, 18 адз. БМ-21 «Град», 36 адз. 152-мм самаходных гаўбіцаў 2С3М «Акацыя», 18 адз. 120-мм мінамётаў 2С12 «Сані», 12 адз. 100-мм гарматаў МТ-12 «Рапіра», 12 адз. самаходных ПТРК 9П149 «Штурм-С», 4 адз. БРДМ-2, 6 адз. БМ 9А34(35) «Страла-10», 6 адз. ЗСУ 2С6М «Тунгуска», 27 адз. ПЗРК 9К38 «Ігла».
У складзе базы: зэнітны ракетны дывізыён ЗРК 9К37 «Бук-М1»: КП 9С470M1, станцыя выяўленьня й цэлепазначэньня 9С18M1 «Купал-М1», узвод сувязі й тры зэнітныя ракетныя батарэі з дзьвюма самаходнымі вагнявымі ўстаноўкамі 9А310M1 і адной пуска-ладавальнай устаноўкай 9А39 ў кожнай, а таксама падразьдзяленьні тэхнічнага забесьпячэньня й абслугоўваньня.
Дапаможныя сродкі: рэактыўная артылерыйская батарэя РСЗВ 9К58 «Сьмерч» (439-я РэАБр, в/ч 48315): дзьве мабільныя 12-ствольныя баявыя машыны 9А52 (9А52-2) і адна транспартна-ладавальная машына 9Т234 (9Т234-2); ракетная батарэя на АТРК 9К720 «Іскандэр-М» (1-я РБр, в/ч 31853): 2 адз. СПУ 9П78-1 і 2 адз. ТЛМ 9Т250.
Крыніца milkavkaz.net.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
