- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

«Шэнген па-расейску»: 4-ю вайсковую базу паднялі па трывозе

На фоне інфармацыі пра наданьне Грузіі бязьвізавага рэжыму ў Шэнгенскую зону паднятая па трывозе 4-я расейская акупацыйная вайсковая база, разгорнутая за сто кілямэтраў ад Тбілісі.

2 лютага 2017 году дэпутаты Эўрапарляманту прагаласавалі [1] падчас пленарнага паседжаньня за наданьне Грузіі бязьвізавага рэжыму для наведваньня ейнымі грамадзянамі краінаў Шэнгенскае зоны. Гэтае рашэньне стае чынным пасьля ўхваленьня яго Радаю ЭЗ і ўрэгуляваньня некаторых тэхнічных пытаньняў.

На фоне гэтай навіны Крэмль, як заўсёды, дадаў сваю «лыжку дзёгцю»: на наступны дзень пасьля ўхваленьня Эўрапарлямантам рашэньня, 3 лютага 2017 году, на 4-й расейскай вайсковай базе, разгорнутай у акупаваным Цхінвальскім рэгіёне (так званая Паўднёвая Асэтыя) Грузіі, за сто кілямэтраў ад Тбілісі, у межах «раптоўнай праверкі баявой гатоўнасьці» была абвешчаная трывога [2]. Да «раптоўных вышкалаў» прыцягнулі больш за 500 вайскоўцаў і 100 адзінак баявой тэхнікі; мотастралкі, танкісты і артылерысты зьдзейсьнілі марш на палігон Дзарцемі, дзе адразу пачалі адпрацоўваць практычныя задачы ў палявых умовах. За гэтым працэсам назіраў асабіста камандыр Паўднёвае вайсковае акругі генэрал-палкоўнік Аляксандар Дворнікаў.

Няма сумневаў, што навучальна-баявая трывога на 4-й расейскай вайсковай базе была абвешчаная з прычыны наданьня Грузіі бязьвізавага рэжыму з Эўропай. СМІ РФ досыць актыўна асьвятлялі гэтую навіну. Вельмі красамоўным ёсьць назоў рэпартажу расейскага тэлеканалу «Вести» (рас.), апублікаванага на афіцыйным відэапартале Youtube і прысьвечанага інфармацыі пра праверку боегатоўнасьці ў Цхінвалі (пакідаем у арыгінале): «Готовимся к войне?! Внезапная проверка: российская 4-я военная база поднята по тревоге [3]». І гэта сыгнал ня толькі Грузіі, але перадусім Эўропе.


Нагадаем, што 4-я расейская вайсковая база зьяўляецца злучэньнем, якое зьдзяйсьняе ня толькі акупацыю Цхінвальскага рэгіёну Грузіі, але й актыўна ўцягнутае Крамлём у неабвешчаную вайну супроць Украіны. Адным з рэзанасных эпізодаў, зьвязаных з 4-й в/базай, сталася фіксацыя на Данбасе напрыканцы 2014 – напачатку 2015 году бронеаўтамабіляў «Выстрел» (рас.) (КамАЗ 43269), якія маюцца ва ўзбраеньні базы, гл. «Расейскія бронеаўтамабілі з акупацыйнае базы ў Цхінвалі ( Грузія) перакінутыя ў Луганск [4]». Іншы эпізод з удзелам 4-й в/базы ў кантэксьце вайны на Данбасе адлюстраваны ў публікацыі з 24 студзеня 2017 году, гл. «Расейскія кантрактнікі Цхінвальскае акупацыйнае базы ваююць у складзе расейска-тэрарыстычных войскаў [5]».


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ [7].

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын [8].

(CC BY 4.0 [9]) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org [10], падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.