Падчас зьдзяйсьненьня выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі OSINT-экспэрты міжнароднае валянтэрскае супольнасьці InformNapalm выявілі сацыяльны профіль аднаго з баявікоў 1-й АМСБр (асобнай мотастралковай брыгады) «ДНР», вайсковая частка 08801, раскватэраваная ў Данецку (акупаваны аб’яднанымі расейска-сэпаратысцкімі сіламі горад Украіны абласнога значэньня).
У гэтым матар’яле мы апішам шлях афіцэра-найміта пачынаючы зь ягонага навучаньня ў вайсковым інстытуце ў Бішкеку і праходжаньня курсаў у Міжнародным унівэрсытэце Анталіі да ўдзелу ў вайне на Данбасе, дзе выявіліся прадпрымальніцкія здольнасьці Азіза, зьвязаныя з гандлем ворганамі.
«Рукапісы не гараць»
Падчас зьдзяйсьненьня паглыбленага маніторынгу й аналізу ўсіх сацыяльных акаўнтаў аб’екту дасьледаваньня былі сабраныя наступныя дадзеныя: Азіз Іваноў/Бялоў/Банышаў фігуруе ў сацыяльных сетках з трыма прозьвішчамі і з адным і тым жа імем. Фота, якія ён выклаў у Сеціве, сьведчаць пра тое, што гэта адзін і той жа чалавек. Аналіз роднасных сувязяў і аддаленых запісаў, якія засталіся ў кэшаваных старонках Google, выводзіць на сапраўднае прозьвішча аб’екту – Банышаў.
Гісторыя аб’екту даследаваньня
Азіз Банышэў, 16.11.1990 году нараджэньня. Нарадзіўся ў горадзе Караколе (Пржэвальск), Кыргызская Рэспубліка. Вызнае іслам. Палітычныя погляды – камуністычная ідэалёгія (спасылка на профіль «VK», архіў профілю).
Шлях прафэсійнага вайскоўца
У 2012 годзе скончыў Бішкецкую вышэйшую вайсковую вучэльню (БВВУ) (у цяперашні час навучальная ўстанова мае назву Вышэйшы вайсковы інстытут Збройных сілаў Кыргызскай Рэспублікі).
У гэтай ВВНУ ажыцьцяўляюць навучаньне ў спэцыяльнасьцях «тактыка-спэцыяльная падрыхтоўка памежных войскаў» і «камандна-тактычная падрыхтоўка мотастралковых войскаў (пяхота)». Абедзьве спэцыяльнасьці прадугледжваюць вывучэньне ангельскай, нямецкай, французскай ці турэцкай мовы паводле выбару. Зыходзячы з дадзеных акаўнта Азіза ў сацсеціве «Мой сьвет» aziz9010@mail.ru (архіў: https://archive.is/LYXCe), дзе ён назваў сябе Вясёлым Памежнікам, можна зрабіць здагадку, што навучаўся фігурант на факультэце памежных войскаў.
Фатаздымкі Азіза падчас навучаньня ў ВВНУ:
Вывучэньне ў вайсковым інстытуце турэцкае мовы дапамагло Азізу пазьней, калі ён паступіў у Каледж турызму пры Міжнародным унівэрсытэце Анталіі (Uluslararası Antalya Üniversitesi), які ён скончыў у 2015 годзе. Інфармацыю пра навучаньне ў гэтай установе ён пазьней выдаліў з свайго сацыяльнага профілю, але ў кэшы Google яна засталася.
Тэрмін навучаньня ў гэтым каледжы складае 2 ці 3 гады, прыём абітурыентаў зьдзяйсьняецца пасьля заканчэньня 9-й і 11-й клясы адпаведна. Мажліва, падчас паступленьня ў гэтую навучальную ўстанову Азіз Банышаў схаваў інфармацыю пра тое, што ён ужо скончыў Вышэйшы вайсковы інстытут Збройных сілаў Кыргызскай Рэспублікі, для наступнага фармаваньня агентурнай легенды. Варта зазначыць і іншыя дэталі.
Выпускнікі каледжа атрымліваюць два дыплёмы (Каледжа турызму ў Анталіі і Канфэдэрацыі мэнэджмэнту турызму й гатэльнага сэрвісу Вялікай Брытаніі), усім выпускнікам гарантуецца як працаўладкаваньне ў Турэччыне, гэтак і магчымасьць атрымаць працу ў сфэры турызму ў любой краіне сьвету – гэта ідэальнае прыкрыцьцё для агента ўплыву расейскіх спэцслужбаў, зь якога пасьля і скарыстаўся Азіз.
Апроч запісу з кэшу Google, у сацыяльным профілі Азіза таксама былі выяўленыя фатаздымкі, якія пацьверджваюць ягонае знаходжаньне ў Анталіі і праходжаньне практыкі ў сфэры турызму й сэрвісу.
Удзел у вайне на Данбасе і продаж ныркі
Але замест бліскучай кар’еры памежніка або супрацоўніка турыстычнага сэрвісу Азіз Банышаў абраў пуцёўку на Данбас, верагодна, гэтае мейсца яму падалося больш «цёплым», чымся турэцкія пляжы. У гэты момант Азіз заляцаецца да 16-гадовых жыхарак Данецка, зьяўляецца адным з кадравых вайскоўцаў, якія куруюць 1-ю АМСБр (асобную мотастралковую брыгаду) «ДНР» і выступае ў ролі гандляра ныркамі.
Уваходжаньне Банышава у склад аб’яднаных расейска-сэпаратысцкіх сілаў у Тэльманаўскім раёне Данецкае вобласьці, а таксама віншаваньне «баявых пабрацімаў» з Днём вайсковай выведкі, да якой ён таксама сябе далучае, ускосна сьведчаць пра тое, што Азіз зьяўляецца афіцэрам ГРУ ГШ РФ.
- Паводле дадзеных выведкі, Тэльманаўскі раён Данецкае вобласьці зьяўляецца зонай адказнасьці кадравых расейскіх войскаў, там ня дзейнічаюць бандфармаваньні сэпаратыстаў.
- Дзень, зь якім віншуе Азіз Банышаў сваіх баявых таварышаў, – гэта прафэсійнае сьвята расейскіх вайскоўцаў, які сьвяткуюць у Расеі штогод 5 лістапада згодна з загадам міністра абароны Расейскай Фэдэрацыі № 490 з 12 кастрычніка 2000 году.
Фота з сацыяльнага профілю Азіза на Данбасе зь геатэгам Тэльманаўскага раёну Данецкае вобласьці.
Але самае цікавае было выяўленае пазьней – калі валянтэры InformNapalm пачалі вывучаць кантактную інфармацыю разам з нумарамі мабільных тэлефонаў, пазначаных у профілі Азіза.
У гэты момант на старонцы вайскоўца ў адкрытым доступе пазначаны мабільны тэлефон +380636020336, але зварот да кэшу Google дазволіў выявіць яшчэ адную таямніцу, якую Азіз гэтак і ня здолеў схаваць. Ягоны другі мабільны нумар – +380734662128. На пададзеным скрыншоце таксама ёсьць інфармацыя пра навучаньне ў Турэччыне з пазначэньнем факультэту, які скончыў гэты выведнік ГРУ ГШ РФ.
15.08.2015
«Доброго времени суток. Стану донором по продажи почки. Решение обдуманное. Мое имя Азиз, я гражданин Кыргызской республики, в настоящий момент нахожусь в Украине на заработках мне 24 года»…
Хто ведае, магчыма, жыцьцё настолькі прыціснула Азіза, што кадравы афіцэр зь некалькімі дыплёмамі вышэйшае адукацыі, перад якім былі адчыненыя дзьверы турыстычнага бізнэсу Турэччыны і ўсяе Эўропы, сапраўды вырашыў усё кінуць і, седзячы на брані танку з аўтаматам у рукох, пісаць абветскі пра продаж уласных вантробаў?.. Хто ведае, можа валянтэры InformNapalm занадта прадузятыя да найміта і спэцыяльнага агента? Хацелася б верыць у лепшае – у тое, што ў сьвеце ня так шмат падонкаў, маньякаў і сэрыйных забойцаў, што іх ня так шмат у акупаванай частцы Украіны…
-
Азіз Банышаў і малалеткі Данецка
Зараз Азіз Іваноў/Бялоў/Банышаў знаходзіцца ў Данецку і клянецца ў вечным каханьні чарговай 16-гадовай дзяўчынцы. Асабістае жыцьцё Азіза мы таксама адсачылі праз ягоныя сацыяльныя профілі, і калі яго новая дама сэрца захоча пабачыць скрыншоты, мы дамо іх у індывідуальным парадку, каб не падаваць у артыкуле залішнія падрабязнасьці. Зьвязацца з намі можна з дапамогаю формы зваротнае сувязі.
На прыкладзе гэтага OSINT-расьледаваньня міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm пакрокава прадэманстравала эфэктыўнасьць мэтоды збору й аналізу адкрытае інфармацыі. Падчас ейнага ўмелага выкарыстаньня можна досыць пасьпяхова арганізоўваць і зьдзяйсьняць апэрацыі ў выяўленьні, затрыманьні або ліквідацыі злачынных груповак і бандфармаваньняў аб’яднаных расейска-сэпаратысцкіх сілаў. Гэтая інфармацыя таксама была перададзеная ў дыпляматычныя структуры Турэччыны, каб прыцягнуць іхную ўвагу да каналаў пранікненьня агентуры Крамлю як у Турэцкую Рэспубліку, гэтак і ў краіны ЭЗ.
Агенты, накшталт Азіза Банышава, якія ведаюць нацыянальныя асаблівасьці краіны знаходжаньня і якія атрымалі баявы досьвед у гарачых кропках, могуць стаць інструмэнтам падчас рэалізацыі тэрарыстычных акцыяў Расейскай Фэдэрацыі за мяжой. І да пытаньня лякалізацыі падобных пагрозаў варта паставіцца з усёй адказнасьцю.
-
Рэмарка
На працягу трох тыдняў (з канца 2015 да пачатку 2016 году) валянтэры міжнароднае супольнасьці InformNapalm перадавалі дзяржструктурам інфармацыю, сабраную пра прадстаўніка бандфармаваньняў «ДНР», які можа быць важным зьвяном у ланцугу гандлю ворганамі. Аднак у структурах розных сілавых ведамстваў Украіны мы кожнага разу сутыкаліся з нежаданьнем бюракратычнае сыстэмы эфэктыўна дзейнічаць і плянаваць апэрацыі ў прадухіленьні злачыннае дзейнасьці гэтага зьвяна. Таму нашая публікацыя – гэта сыгнал грамадзтву, які сьведчыць пра тое, што мы ня маем намеру, каб сабраныя дадзеныя пыліліся ў архівах. З уласнага досьведу мы ведаем, што ва Украіне запатрабаваная абсалютна новая і эфэктыўная адмысловая служба, аналягічная паводле сваіх функцыяў Ведамству выведкі й спэцыяльных задачаў (Масад). Да гэтага часу Украіна ня мае надзейнага інструмэнту для вырашэньня праблемаў дзяржаўнае бясьпекі, а мноства структураў, якія дублююць функцыі адзін аднаго, дэманструюць сваю недзеяздольнасьць, таму мы лічым сваім абавязкам даносіць інфармацыю да шырокай аўдыторыі. Магчыма, сярод нашых чытачоў знойдуцца людзі, здольныя эфэктыўна выкарыстоўваць атрыманыя дадзеныя.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваны на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня міжнароднай валянтэрскай групай InformNapalm
На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
