InformNapalm.org (Беларуская)

Сірыйская камандыроўка «ветлівых людзей» з 120-й артылерыйскай брыгады ЗС РФ

У выніку новага OSINT-расьледаваньня міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm выявіла расейскіх вайскоўцаў з складу 120-й артылерыйскай брыгады (в/ч 59361, дысьлякацыя –  г. Юрга Кемераўскае вобласьці, РФ) 41-й агульнавайсковай арміі Цэнтральнае вайсковае акругі, якія напачатку 2016 году знаходзіліся у «данбаска-сірыйскай камандыроўцы». Асноўнымі крыніцамі інфармацыі зьяўляюцца самі расейскія кантрактнікі, якія публічна выхваляюцца сваімі баявымі ўзнагародамі. Таксама рэгіянальныя расейскія СМІ, якія ў адрозненьне ад цэнтральных мэдыярэсурсаў не саромеюцца агучваць навіны пра сірыйскую вайсковую кампанію для сваёй малой аўдыторыі.

Нагадваем, што напрыканцы 2016 году InformNapalm апублікаваў доказы «ўкраінскае камандыроўкі» 120-й артылерыйскай брыгады. У матар’яле было зазначанае, што артылерысты 120-й брыгады апроч «растоўска-ўкраінскай камандыроўкі», былі зафіксаваныя ў траўні 2016 году ў Сірыі. Першасную інфармацыю што да перакідваньня падразьдзяленьня 120-й артбрыгады ў Сірыю яшчэ ўвосень 2015 году агучвала і ўкраінская вайсковая выведка.

Аб’ект расьледаваньня

  1. Сяргей Турканаў

Нарадзіўся 2 лютага 1988 г. Родам з г. Беразоўскі Кемераўскае вобласьці, РФ. Вайсковец-кантрактнік 120-й артылерыйскай брыгады. У сацыяльных сетках – “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).

Узнагароджаны мэдалём «Удзельніку вайсковай апэрацыі ў Сірыі» паводле загаду міністра абароны РФ №155 з 16 сакавiка 2016 году.

Характэрна, што ў фотаальбоме свайго профілю фатаздымкі, якія сьведчаць пра ягоны вайсковы статус, ён не захоўвае й карыстаецца псэўданімам “Шрам”. Але ў выпаду з мэдалём ён вырашыў усё ж выхваліцца: 17 студзеня 2017 году ў сваім відэаальбоме Турканаў выклаў відэа рэгіянальнае тэлевізіі г. Беразоўскі, у якім паведамляецца пра ягонае ўзнагароджаньне пазначаным вышэй мэдалём за баявую камандыроўку ў Сірыю, якая доўжылася з студзеня па красавік 2016 году. Гэтая ж інфармацыя зьявілася на сайце адміністрацыі Бярозаўскае гарадзкое акругі 16 студзеня 2017 году.

  1. Яўген Ігаравіч Бялінаў

Нарадзіўся 22 жніўня 1986 году. Родам з г. Шарыпава Краснаярскага краю, РФ. Вайсковец-кантрактнік 120-й артылерыйскай брыгады, мае званьне малодшага сяржанту. У сацыяльных сетках – “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).

Узнагароджаны мэдалём «Удзельніку вайсковай апэрацыі ў Сірыі» паводле загаду міністра абароны РФ №155 з 16 сакавiка 2016 году. Узнагароднае пасьведчаньне з подпісам камандыра в/ч 59361 палкоўніка Дзяніса Цехановіча. Таксама мае статус ветэрану баявых дзеяньняў.

У альбоме профілю фатаздымкі, што сьведчаць пра ягоны вайсковы статус, ён не захоўвае, але, як і ў выпадку з Турканавым, ён таксама вырашыў выхваліцца сваёй новай мэдалькай.

  1. Яраслаў Дзьмітрыевіч Савельеў

Нарадзіўся 18 ліпеня, год нараджэньня – н/д. Меркавана, родам з г. Пракоп’еўск Кемераўскае вобласьці, РФ. Вайсковец-кантрактнік 120-й артылерыйскай брыгады. У сацыяльных сетках – “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).

Узнагароджаны мэдалём «Удзельніку вайсковай апэрацыі ў Сірыі». У фота пасьведчаньня да ўзнагароды ён зрабіў рэтушаваньне свайго званьня, найменьня ўзнагароды, нумару загаду й рэгаліяў камандыра в/ч. Але згодна зь ідэнтычным почыркам ва ўзнагародным пасьведчаньні згаданага вышэй Бялінава, цалкам мажліва, узнагароджаны ён паводле таго ж загаду МА РФ.

У фотаальбоме профілю захоўвае некалькі здымкаў, якія сьведчаць пра прыналежнасьць да ЗС РФ, у тым ліку з часоў «сірыйскае камандыроўкі».

Трох фігурантаў з аднаго артылерыйскага злучэньня цалкам дастаткова, каб пацьвердзіць ранейшую інфармацыю што да «сірыйскай камандыроўкі» 120-й артылерыйскай брыгады зь Юргі. Праз вывучэньне іхных кантактаў можна знайсьці дзясяткі іншых сьведчаньняў пра прысутнасьць вайскоўцаў гэтага падразьдзяленьня ў Сірыі. Напрыклад, старонка таварыша ў службе Яраслава Савельева – Піліпа Гагарынава (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў) – на якой захаваныя фатаздымкі зь Блізкага Усходу.

Як было зазначанае раней, паводле назіраньняў InformNapalm, «сірыйскія камандыроўкі» падразьдзяленьняў расейскай арміі й флёту ня надта розьняцца ад «растоўска-ўкраінскіх камандыровак». Падразьдзяленьні, што накіроўваюцца ў зону баявых дзеяньняў, зьяўляюцца тактычнымі групамі з батальённым або ротным складам, укамплектаваныя вайскоўцамі кантрактнае службы. Досыць часта ў Сірыю дасылаюць тыя ж падразьдзяленьні й вайскоўцаў, якія ўжо атрымалі баявы досьвед у выніку баявых камандыровак на Данбас. Колькасьць падразьдзяленьняў расейскай арміі й флёту, ідэнтыфікаваных InformNapalm ў Сірыі, на гэты момант сягае ўжо 16 вайсковых частак (!):

Усе гэтыя падразьдзяленьні пэўным чынам удзельнічалі ва «ўкраінскіх камандыроўках». І гэта без уліку падразьдзяленьняў ССА, ГРУ і ПДВ ЗС РФ і дарадцаў, а таксама ПКС РФ і, вядома, так званых расейскіх прыватных вайсковых кампаніяў, якія былі перакінутыя ў Сірыю значна раней за іншыя падразьдзяленьні. Апроч гэтага ў Сірыі задзейнічаны і сакрэтны рэзэрв расейскіх спэцслужбаў – баявікі-“добраахвотнікі” – якія маюць досьвед баявых дзеяньняў на Данбасе.

Яшчэ ў сьнежні 2015 году InformNapalm апублікаваў доказы «сірыйскае камандыроўкі» вайскоўцаў артылерыйскае брыгады Паўднёвае вайсковае акругі, гл. «Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі».

120-я артылерыйская брыгада фігуруе ў трох эпізодах расьледаваньняў InformNapalm, як у кантэксьце «сірыйскіх», гэтак і «растоўска-ўкраінскіх камандыровак»:

Глядзіце таксама Базы дадзеных фіксацыі кадравых расейскіх вайскоўцаў і доказаў іхнага ўдзелу ў баявых дзеяньнях ва Украіне на баку аб’яднаных расейска-тэрарыстычных сілаў, якія даступныя праз сталую спасылку: https://informnapalm.org/database.


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня Іраклі Камахідзэ.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

Exit mobile version