На працягу пяцігадовай дзейнасьці нашай супольнасьці InformNapalm мы неаднойчы фіксавалі гібрыдных расейскіх вайскоўцаў, нядаўніх жаўнераў-кантрактнікаў, якія раптам сталіся баявікамі «Л/ДНР», і колішніх баявікоў гэтага тэрарыстычнага ўтварэньня, якія зьмянілі бандыцкую форму-«горку» на штатны расейскі камуфляж з рэгаліямі збройных сілаў і шаўронам канкрэтнай вайсковай часткі ЗС РФ. У новым расьледаваньні мы падаем інфармацыю пра выяўленага й ідэнтыфікаванага кадравага вайскоўца 7-й расейскай вайсковай базы, службовы сьпіс якога цалкам пацьверджвае гібрыдны характар і сьведчыць пра шырокую геаграфію расейскай ваеннай агрэсіі.
З пачатку бягучай расейска-ўкраінскай вайны міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm здзейсьніла шмат расьледаваньняў што да расейскіх кадравых вайскоўцаў з складу 7-й расейскай вайсковай базы, разгорнутай у Абхазіі (в/ч 09332 г. Гудаўта, акупаваная Абхазія, Грузія). У архіўных матар’ялах супольнасьці маецца больш за 30 публікацыяў, датычных 7-й в/базы. Найбольш рэзанасныя расьледаваньні – гэта фіксацыя тактычных групаў, выведвальных падразьдзяленьняў, а таксама артылерыі гэтай вайсковай часткі ў так званых растоўска-ўкраінскіх “камандыроўках” улетку-ўвосень 2014 году. Таксама маюцца зьвесткі і пра масавы адток кантрактнікаў і ўзнагароджваньні за ўкраінскія й сірыйскія “камандыроўкі” гудаўцкіх акупантаў.
-
Сьпіс больш за 30 расьледаваньняў InformNapalm што да 7-й в/базы ЗС РФ
- Баявыя разьлікі САУ “Акацыя” 7-й вайсковай базы, якія “партызаняць” у лясох уздоўж мяжы з Украінай.
- «Данецкі экспрэс» – ідэнтыфікацыя расейскай тэхнікі і ўзбраеньня, якое перакідваюць на Данбас.
- «Інтэрны» – мэдычнае падразьдзяленьне 7-й вайсковай базы з Абхазіі на мяжы з Украінай.
- Рэактыўная артылерыя 7-й расейскай акупацыйнай базы з Абхазіі на мяжы з Данбасам.
- “З мандарынавага раю ва ўкраінскае пекла”: як расейскіх кантрактнікаў добраахвотна-прымусовым чынам выпраўляюць забіваць украінцаў.
- Вайскоўцаў 7-й вайсковай базы РФ з Абхазіі за ўдзел у баёх на Данбасе ўзнагароджваюць мэдалямі.
- Тэрміноўцаў 7-й вайсковай базы РФ масава вярбуюць у кантрактнікі для “ўкраінскіх камандыровак”.
- Міхос “адважны” – выведнік 7-й в/базы, кавалер мэдалю “За адвагу”.
- Чарговыя ўзнагароджаныя з 7-й акупацыйнай вайсковай базы ў выніку ўкраінскіх камандыровак.
- Вайскоўцы 7-й вайсковай базы ЗС РФ перагульваюць падчас пераапрананьня ў баявікоў “ДНР/ЛНР”.
- Легенда-біяграфія “колішняга” вайскоўца 7-й вайсковай базы.
- Зафіксаванае маштабнае перакідваньне сілаў і сродкаў ЗС РФ з акупаванай Абхазіі.
- Расея перакідвае тэхніку 7-й вайсковай базы ў Растоўскую вобласьць.
- Кантрактнік ЗС РФ з 7-й вайсковай базы ваюе ў складзе бандфармаваньняў “ДНР”.
- «Калі няма што рабіць»: Гульні расейскіх акупантаў на Данбасе.
- «Падвойны ўдар» Лі па афіцэрах СПА Збройных Сілаў РФ
- Гудаўта – Растоў – Данбас – Хмэймім – Службовы сьпіс расейскага акупанта
- Дынастыя расейскіх вайсковых злачынцаў. Біяграфія акупанта
- Новая сукенка ВВХ: «А кароль голы!»
- Будні й сьвяты растоўскага рэзэрву арміі «наваросіі»
- Выяўленыя дакуманты пра склад БТГр 7-й в/базы, якая знаходзіцца ў «растоўска-ўкраінскай камандыроўцы»
- 21 з 35: апазнаныя артылерысты 7-й в/базы ЗС РФ, датычныя да абстрэлаў Украіны. Інфаграфіка
- Love Story 3: любоўны трыкутнік расейскага акупанта
- Расейскага выведніка з 7-й вайсковай базы выкрыў бультэр’ер з Горлаўкі
- Выкрытыя выведнікі 7-й вайсковай базы МА РФ, якія ваявалі ва Украіне
- Стэпы Данбаса: расейскія жаўнеры-калмыкі «заблукалі» ў стэпах Украіны
- Мінабароны Расеі заахвочвае кантрактнікаў, якія ваявалі ва Украіне, праз залічэньне ў элітныя вучэльні
- Кавалер Мэдалю Ордэна «За заслугі перад Айчынай» і іншыя «ветэраны Данбаса» з 7-й вайсковай базы
- Расейскія кантрактнікі ўцякаюць ад «украінскіх камандыровак» на Далёкі Усход
- РФ нарошчвае свае вайсковыя сілы ў Грузіі. Новыя С-300 у акупаванай Абхазіі
- 7-я акупацыйная вайсковая база Збройных Сілаў РФ у авангардзе расейскай прапаганды
Фігурант новага расьледаваньня асабліва не адрозьніваецца ад сваіх калегаў – «гібрыдных баявікоў», хіба што, у адрозьненьні ад іншых, ён пасьпеў паўдзельнічаць ня толькі ў баявых дзеяньнях на Данбасе, але быў у авангардзе расейскага ўварваньня ў Крым увесну 2014 году.
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя
Максім Пашчанка (рас. Максим Пащенко)
У сацыяльных сетках: “VK” (архівы акаўнту, фотаальбому, кантактаў), “OK” (архівы акаўнту, фотаальбому, кантактаў).
З 2004 году пачаў служыць у в/ч 09332, пасьля праходжаньня тэрміновай службы верагодна адразу ж стаў кантрактнікам. Служыць меркавана ў роце вайсковай выведкі 7-й в/базы.
У фотаальбомах Максіма Пашчанкі выяўленыя фатаздымкі, зробленыя падчас ягонай службы ў Абхазіі і ў падразьдзяленьнях расейскіх акупацыйных войскаў “Л/ДНР”. Фота выкладзеныя з 2012 па 2019 г. Найбольш характэрныя здымкі:
- фатаздымак, выкладзены 31 сакавіка 2014 г., зроблены ў Крыме ў г. Сімфэропалі, на тле так званага манумэнту «Стрэл у сьпіну» (адкрыты ў 2007 годзе), у якім Пашчанка пазуе ў камуфляжы расейскага ўзору з шаўронам, якія нагадвае сымболіку НЗФ «Терская Волчья Сотня» (рас.), пад прыкрыцьцём якога дзейнічала агентура Галоўнага ўпраўленьня Генштабу ЗС РФ (кол. ГРУ) і ФСБ у Крыме ўвесну 2014 году ў складзе так званай самаабароны Крыму, а потым на Данбасе. Таксама іншы фатаздымак з Крыму, зроблены ў пас. Чарнаморскае на тле помніку вайскоўцам-інтэрнацыяналістам «У маёй душы баліць Аўганістан», выкладзены 13 верасьня 2014 году, у якім кантрактнік-баявік пазуе ў шортах;
- фатаздымак, выкладзены 13 студзеня 2017 г. (і 18 лютага 2018 г. у “VK”), зроблены на Данбасе, меркавана ў 2014 годзе, у якім Пашчанка пазуе ў стандартным абліччы баявіка (нестандартная форма, зброя, белая павязка, “георгіеўская” стужка), разам зь іншым баявіком «Л/ДНР». Гэтае ж фота можна пабачыць у фотаальбомах акаўнтаў сацсетак іншых баявікоў. Гэтак, баявік з псэўданімам «Терской казак» (рас.) выклаў здымак 12 траўня 2018 г., з псэўданімам «Леха Терский» выклаў фота 26 лістапада 2014 г., а баявік з псэўданімам «терский казак» – 3 верасьня 2016 г.
Расейскага кантрактніка Максіма Пашчанку не складана апазнаць ў шэрагу групавых фатаздымкаў баявікоў «Л/ДНР» з 2014 году, у тым ліку ў здымках з фотаальбомаў пазначаных вышэй «церскіх» бандытаў – агентуры й супрацоўнікаў расейскіх спэцслужбаў, якія адныя зь першых былі выкарыстаныя для правакаваньня збройнага канфлікту на Данбасе.
Таксама ў фотаальбомах Пашчанкі маецца шмат фатаздымкаў з акупаванай Абхазіі: з г. Гудаўта, палігону «Цэбэльда», таксама з Кадорскай цясьніны.
Даведка па 7-ю в/базу (крыніца – milkavkaz.com):
7-я вайсковая база, в/ч 09332 (Грузія, акупаваная Абхазія, г. Гудаўта) 49-й арміі Паўднёвае вайсковае акругі Збройных сілаў РФ. База сфармаваная на аснове 131-й майкопской асобнай мотастралковай брыгады, зьнішчанай патрыётамі Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя 31 сьнежня 1994 году. На працягу шматлікіх гадоў вайскоўцы майкопской брыгады зьдзяйсьнялі варту ў складзе так званых Калектыўных сілаў падтрымкі міру (КСПМ) у Абхазіі. Пасьля расейскай ваеннай агрэсіі супроць Грузіі ў жніўні 2008 году 131-я майкопская АМСБр была перафармаваная ў 7-ю в/базу з сталым мейсцам дысьлякацыі ў акупаванай Абхазіі.
У структуру акупацыйнага злучэньня ў Абхазіі ўваходзіць сухапутны кампанэнт у выглядзе ўзмоцненай цяжкой брыгады: 3 мотастралковыя батальёны, танкавы батальён, 2 артылерыйскія дывізіёны, рэактыўны дывізіён, ЗПТД, рота снайпэраў, роту БпЛА, выведвальны батальён, а таксама іншыя асобныя падразьдзяленьні й забесьпячэньне. Асабовы склад злучэньня ўкамплектаваны паводле зьмяшанага прынцыпу – жаўнерамі тэрміновай і кантрактнай службы.
Асноўнае ўзбраеньне гудаўцкай базы: каля 50 адзінак танкаў Т-72Б3 (прыйшлі на замену Т-90), больш за 150 адзінак БТР-82 і БТР-80, 36 адзінак 152-мм САУ «Акацыя», 18 адзінак РСЗВ «Град», а таксама іншае ўзбраеньне й вайсковая тэхніка. Асноўныя палігоны, якія выкарыстоўваюць акупанты для баявой падрыхтоўкі на мейсцы: прыморскі «Нагвалоў» і горны «Цэбэльда». Падразьдзяленьні 7-й вайсковай базы, у тым ліку мотастралкі, вайсковыя выведнікі й вайскоўцы радыёэлектроннай выведкі стала зьдзяйсьняюць службу ўздоўж лініі адміністратыўнай мяжы ў Гальскім раёне і Кадорскай цясьніне.
Апроч гэтага, у склад вайсковай базы ўваходзяць:
- авіяцыйная камэндатура, якая забясьпечвае пэрыядычныя палёты лятакоў і гэлікоптэраў ПКС ЗС РФ на аэрадром Гудаўта;
- група зэнітна-ракетных дывізіёнаў (разам з сродкамі вайсковай СПА (ЗРК «Аса», «Страла-10») і трохдывізійны зэнітна-ракетны полк ЗРС С-300 (24 пускавыя ўстаноўкі), разгорнутыя на варце ў н/п Агудзэра і Прыморскае;
- радыётэхнічнае падразьдзяленьне, вартавыя сродкі якога знаходзяцца на тэрыторыі Сухумского аэрапорту «Бабушэра».
Доказы ваеннай агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі супроць Украіны ды Грузіі й факталягічная інфармацыя пра кадравых вайскоўцаў падразьдзяленьняў ЗС РФ, узбраеньне й вайсковую тэхніку, зафіксаваных на акупаванай тэрыторыі Украіны, скампіляваныя ў нашай базе дадзеных Russian Aggression.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Для загалоўнага фота выкарыстаны фатаздымак Вадзіма Краснашчокава.
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
