Таемны груз зь Сірыі ў Крым: афшоры й гандаль зброяй. Part 2
Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm на падставе дадзеных, атрыманых у межах OSINT- і HUMINT-захадаў, выйшла на сьлед сакрэтнага грузу, які прыбыў зь Сірыі ў Крым у таямнічых абставінах. Выладаваньнем займаліся расейскія вайскоўцы ва ўмовах падвышанае сакрэтнасьці. У гэтай частцы расьледаваньня вядзецца пра афшоры й бізнес-інтарэсы.
Пра зьмесьціва грузу й высновы, якія былі зробленыя ў выніку расьледаваньня, чытайце ў першай частцы матар’ялу:
Другая частка расьледаваньня прысьвечаная ўладальніку судна, якое транспартавала груз зь Сірыі.
Апэратарам і ўладальнікам судна «Nadalina» (IMO: 8215754) зьяўляецца афшорная кампанія Bia Shipping Co Ltd. (Маршалавыя выспы, 2010 год) з галоўным офісам у Канстанцы (Румынія). Гэтая кампанія ўваходзіць у сямейны бізнэс сірыйскіх прадпрымальнікаў, выхадняў з прадмесьцяў Тартуса. Кампанія Bia Shipping Co. зьяўляецца афіцыйным партнэрам кампаніі Johar Shipping srl., зарэгістраванай у Канстанцы (Румынія), яе кантралюе сірыйская сям’я Джахар (Johar). Уласьнік – Хасан Джахар, 1981 году нараджэньня. Чальцы гэтай сям’і жывуць у Сірыі, Румыніі і Вялікай Брытаніі.
Нягледзячы на тое, што Джахар фармальна не зьяўляецца ўласьнікам Bia Shipping Co Ltd., ён цалкам кантралюе кампанію і мае права подпісу. Тры ключавыя пасты ў ёй займаюць Аднан Хасан (кіраўнічы дырэктар), Джахар Хасан (кіраўнік апэрацыйнага дэпартамэнту) і Фэрхад Хасан (агент у забесьпячэньні судна).
«Nadalina»
Аналіз сацсетак сьведчыць пра тое, што судна «Nadalina» куруе Самір Фахель (Samir Fahel). Ягоныя фатаздымкі маюцца ў значнай частцы публікацыяў на старонцы ў Facebook. Судна названае, відавочна, у гонар унучкі, Надаліны Фахель (караблі кампаніяў збольшага называюць у гонар дачок аднаго з чальцоў сям’і).
18 кастрычніка 2016 году Самір апублікаваў фатаздымкі «Nadalina» у доку порту Навадары (Румынія), дзе адбываўся рамонт судну. Таксама ягоныя здымкі часта публікаваў у сваім акаўнце сын Саміра, Амін. «Nadalina» абслугоўваецца ў кампаніі RUAD Marina Service, у якой працуюць чальцы сям’і Фахеля пад кіраўніцтвам Рамі Мустафы.
Сувязь сем’яў Фахеля і Джахара відавочная на схеме: у сына Саміра, Аміна, ёсьць брат Махмуд Хасан, такім чынам, сем’і маюць сваяцкія адносіны.
Магчыма рознае напісаньне прозьвішча Джахар, варыянты выкарыстоўваюць у назовах кампаніяў: Johar/Jaohar/Jawhar.
Халед Джахар – стрыечны брат Хасана Джахара. Жыве ў Лёндане й валодае кампаніяй Jaohar UK. Ейныя філіі працуюць таксама ў Канстанцы і Бэйруце. Партнэр Джахара Хасана – Абдала Алуф, старшыня праўленьня эгіпецкай кампаніі Misr Unimarine і Allouf Safety Syria (Тартус), прэзыдэнт сірыйскай Dameko Shipping Company SA (PO Box 726, c/o Unimarine Management Co, al-Mina Street, Tartous, Syria). З дапамогаю сувязяў у Міністэрстве транспарту Сірыі Алуф атрымліваў сэртыфікаты бясьпекі, якія выкарыстоўваліся для нелегальнай перавозкі сірыйскіх мігрантаў у Турэччыну і Эўропу.
Хасан Джахар таксама валодае кампаніяй Shnar Shipping Srl, зарэгістраванай у румынскай Канстанцы. Ейнымі саўладальнікамі зьяўляюцца Аднан Хасан, Фэрхад Хасан і Абдул Рахман Хаcан. Юрыдычныя адрэсы Shnar Shipping Srl і Johar Shipping ў Канстанцы супадаюць.
Абдул Рахман Хасан (53 гады) быў арыштаваны ў 2014 годзе за кантрабанду 40,44 тыс. цыгарэтаў з Турэччыны ў Румынію на судне Rania H, на якім ён быў капітанам (прысуджаны ў кастрычніку 2015 году да 3 гадоў і 8 месяцаў турмы). Пракурор Канстанцы абвінавачваў Абдула Рахмана Хасана ў гандлі людзьмі: быў зафіксаваны і даказаны факт правозу двух сірыйскіх курдаў на тэрыторыю Румыніі. Аналіз сацыяльных акаўнтаў чальцоў сям’і Хасан – Фахель дазваляе зрабіць выснову пра іхную апалітычнасьць і адсутнасьць доўгатэрміновае сувязі з РФ. Прадстаўнікі сям’і хаця і зьяўляюцца прыхільнікамі Асада, палітычных поглядаў публічна не выказваюць.
У той жа час, бяручы пад увагу ўзровень контрвыведвальнага рэжыму ў Тартусе, выкананьне рэйсаў з гэтага порту й атрыманьне замоваў на дастаўку грузаў на тэрыторыю Крымскае паўвыспы і зь яе зь вялікай доляй верагоднасьці патрабуе кантактаў з спэцслужбамі Сірыі або сувязяў у вышэйшым вайскова-палітычным кіраўніцтве Дамаска і з спэцслужбамі Расейскае Фэдэрацыі. Падобныя кантакты/сувязі, верагодна, зьяўляюцца бізнэс-адносінамі.
Выбар «Nadalina» для перавозкі грузу зьвязаны, перадусім, з спэцыялізацыяй групы суднаўладальнікаў у рызыковых апэрацыях, а таксама зь ейнай базавай прысутнасьцю ў Тартусе й сувязямі з афіцыйнымі ўладамі Сірыі. На сёньняшні дзень Джахар апэруе судамі, зьвязанымі з незаконнай дзейнасьцю. Гэтак, караблі ягонае кампаніі (пазначаныя чырвоным)рэгулярна парушалі санкцыйнае заканадаўства ЭЗ, заходзячы ў парты акупаванага Крыма.
1-8 кастрычніка 2014 году ў порце Фэадосіі пад заладаваньнем мэталалому стаяў румынскі сухагруз «ADNAN H». Раней гэтае судна таксама парушала рэжым санкцыяў і заходзіла ў парты Крыма. Яшчэ тры караблі BIA Shipping парушылі санкцыйны рэжым і заходзілі ў парты Крыма зь ліпеня па верасень 2014 году: гэта сухагруз «Nargys H», IMO 9030333, сухагруз «Anda», IMO 8027638, і сухагруз «Sherin», IMO 8003943. Усе чатыры судны належаць і кіруюцца кампаніяй Bia Shipping.
Аналіз марскога трафіку з 20 па 26 кастрычніка 2016 году дазваляе выявіць рэгулярнасьць грузавых перавозак флётам, афіляваным з Джахарам, у кірунку акупаванага Крыма з абыходам санкцыйнага заканадаўства ЭЗ.
Такім чынам, маршруты караблёў кампаніі Bia Shipping Co Ltd. сьведчаць пра іхнае рэгулярнае выкарыстаньне для перавозак грузаў у акупаваны Крым і зь яго.
Раней Джахар наўпрост або ўскосна ўдзельнічаў у нелегальных перавозках. Ён двойчы прадаваў судны, якія пасьля зьмены ўладальніка выкарыстоўваліся для кантрабанды зброі. У 2012 годзе судна «Letfallah II» было прададзенае Махамаду Хафаджы, уладальніку Khafaji Shipping Co., зарэгістраванай у Гандурасе. Хафаджы – адзіны прадстаўнік бізнэс-групы, які актыўна публікуе паведамленьні, зьвязаныя зь гібельлю сірыйскіх мігрантаў, і праяўляе да загінулых празьмернае спачуваньне.
Апэратарам судну «Letfallah II» была ISM Group Ltd. Пасьля перахопу лібанскімі ВМС на ягоным борце былі выяўленыя тры кантэйнеры з зброяй, якія перавозіліся зь Лібіі ў Сірыю.
Ёсьць падставы казаць пра наяўнасьць сувязі паміж Johar Shipping і сірыйскай ISM Group Ltd. (Abdullah Yahia Building, BP 83, ath-Thawra Street, Tartous, Syria). Два судны апошняй – «Mega Star» і «Hiba K» (перайменаванае ў «Rasha D») – у 2013 фігуруюць у кантрабандзе зброі. ISM Group Ltd. таксама зьдзяйсьняла дзейнасьць, зьвязаную з паслугамі рэгістрацыі ў Тартусе судоў пад сьцягам Сіэра-Леонэ (з такім сьцягам ходзіць і «Nadalina»). Сьцяг Сіэра-Леонэ разам з сьцягам Тога актыўна выкарыстоўваюць на караблях групы Джахара.
Больш падрабязна пра зьмесьціва таемнага грузу, што прыбыў 20 кастрычніка 2016 году каля 13:00 у порт Фэадосіі з Тартуса (Сірыя), з заходам у румынскі порт Навадары, чытайце ў першай частцы расьледаваньня:
Таемны груз зь Сірыі ў Крым: што прывезла Nadalina? Part 1.
Уся атрыманая інфармацыя разам з апублікаванай у першай частцы расьледаваньня, можа сьведчыць пра тое, што:
1. Караблі, афіляваныя з кампаніямі Хасана Джахара, рэгулярна парушаюць санкцыйны рэжым у дачыненьні акупаванага Крыма. 2. Кампаніі Хасана Джахара зьвязаныя з кантрабандай зброі й дастаўкай нелегальных мігрантаў зь Сірыі й Турэччыны ў Эўропу. 3. Кампаніі Хасана Джахара зьвязаныя зь сірыйскімі спэцслужбамі (альбо ўладамі) і спэцслужбамі Расейскае Фэдэрацыі. 4. Існуюць азнакі вывазу зь Сірыі зброі масавага паражэньня на тэрыторыю акупаванага Крыма.
Расьледаваньне падрыхтавалі Дзьмітры К, Анатоль Баронін і Кацярына Ярэська адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын. (CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.