InformNapalm.org (Беларуская)

Ідэнтыфікаваная тактычная сыстэма кіраваньня падразьдзяленьнямі расейска-тэрарыстычных войскаў на Данбасе

 

Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm працягвае насычэньне базы дадзеных «Узбраеньня й тэхнікі ЗС РФ, ідэнтыфікаванай на Данбасе». Станам на 10 сакавіка 2017 году ў  базе дадзеных v1.6 мелася інфармацыя пра 42 адзінкі вайсковай тэхнікі, якой ніколі не было ва ўзбраеньні Украіны і якая не магла стаць трафеем. Гэта сьведчыць перадусім пра наўпроставыя пастаўкі з РФ празь некантраляваныя дзялянкі расейска-ўкраінскае мяжы вайсковае тэхнікі для акупацыйнага кантынгенту ЗС РФ і тэрарыстычных фармаваньняў «Л/ДНР».

Чарговае OSINT-расьледаваньне раскрывае інфармацыю пра яшчэ адзін тып вайсковай тэхнікі: уніфікаваную камандна-штабную машыну (УКШМ) Р-149МА1, зафіксаваную на ўкраінскім грузапасажырскім пункце пропуску аўтамабільнага спалучэньня (КПП) “Марынаўка” падчас уварваньня расейскай арміі на тэрыторыю Украіны ў 2014 годзе. Фіксацыя ў тым жа раёне і ў тым жа часовым прамежку расейскіх вайскоўцаў старэйшага афіцэрскага складу сьведчыць пра тое, што УКШМ ня проста была пастаўленая «ваенторгам», але забясьпечвала выкананьне задачаў рэгулярных расейскіх войскаў.

У 2014 годзе расейскія вайскоўцы вельмі любілі фатаграфавацца на ўкраінскім КПП “Марынаўка”, аднак досыць сымбалічна пабачыць фатаздымак, які зафіксаваў расейскую УКШМ Р-149МА1 у калябаранта Заікі Івана Аляксандравіча (маецца ў базе дадзеных Цэнтра “Міратворац”), які раней служыў у памежных войсках Украіны ў вайсковай частцы 1476, г. Ялта, АР Крым. У сацсетках ён пазначыў сябе як “Іван Дым”.

У фота за сьпінамі баявікоў на КПП “Марынаўка” апазнаная расейская УКШМ Р-149МА1, фота выкладзенае ў сацсеціве “VK” 18 жніўня 2014 году.

Для параўнаньня падаем выкадроўку фота з КПП “Марынаўка” і больш якасны фатаздымак расейскай УКШМ Р-149МА1.

Мы ня будзем абмяжоўвацца адным фатаздымкам для аргумэнтацыі пададзеных фактаў. Для вэрыфікацыі атрыманай інфармацыі і занясеньня яе ў базу дадзеных апазнаных тыпаў тэхнікі й узбраеньня неабходныя дадатковыя кадры й крыніцы. У лютым 2017 году карыстальнік твітэра @askai707 выклаў фота, у якім расейскія баявікі зафіксаваныя на тле пакінутага на КПП пазашляхавіка Humvee. У фота на даляглядзе можна пабачыць верхнюю частку расейскай УКШМ Р-149МА1 (пазначаная чырвонай стрэлкай).

Параўнаем верхнюю частку камандна-штабной машыны з фота з 2014 году, якое зробленае з добрым ракурсам і ў якім зафіксаваны момант перакідваньня 3-х адзінак УКШМ Р-149МА1. Тэхніка зафіксавана ля АЗС на трасе М-4 «Дон» у раёне Чарткоўскае разьвязкі (49.383973, 40.584392).

 

Каб максымальна дакладна вызначыць час здымкі расейскай УКШМ Р-149МА1, мы зьвернемся да архіўных фота Google Earth Pro і скарыстаем таксама з фатаздымку, у якім баявікі пазуюць на тле пакінутага на КПП “Марынаўка” ўкраінскага пазашляхавіка “Humvee”.

Здымак з 16.08.2014 г., у якім чырвонай стрэлкаю пазначанае мейсца, у якім неўзабаве будзе стаяць “Humvee”:

Здымак з 30.08.2014 г., у якім ужо зафіксаваны пазашляхавік:

Здымак з 05.09.2014 г. мае самую лепшую дэталізацыю для разгляду дэталяў КПП і пазашляхавіка “Humvee”. Для параўнаньня падаем кадар з расейскага відэа Мариновка Степановка разбитая техника украинских ВС (рас.) з 16.09.2014 году, у якім праз кабіну пазашляхавіка можна пабачыць процітанкавыя бэтонныя загарады. Для тых, хто будзе больш пільна вывучаць матар’ял, зазначым, што ў відэа пазашляхавік зафіксаваны практычна з усіх бакоў.

У спадарожнікавым здымку з 14.09.2014 году пазашляхавіка ўжо няма:

З упэўненасьцю можна сказаць, што пакінуты на КПП пазашляхавік у пазначаным у фота мейсцы знаходзіўся з 18 жніўня 2014 па 5 верасьня 2014 году, з гэтага вынікае, што і фота з расейскімі баявікамі і зафіксаванай расейскай УКШМ Р-149МА1 таксама зробленае ў гэтым прамежку часу.

Варта зазначыць, што на тле пакінутага “Humvee” фатаграфаваліся шмат расейскіх жаўнераў, сярод іх выяўлены расейскі палкоўнік 18-й асобнай мотастралковай брыгады (18-я АМСБр) 58 арміі ПВА – Віталь Дзьмітрыевіч Кульгавьюк (ягоную ідэнтыфікацыю зьдзейсьніў @askai707).

Ніжэй пададзеныя фатаздымкі, якія выклала ў сацсеціва 28 жніўня 2014 году Лілія Асманава (мае дачыненьне да палкоўніка Кульгавьюка).

 

Выснова:

Напачатку гэтага расьледаваньня была пададзеная вытрымка з ТТХ: “Уніфікаваная камандна-штабная машына (УКШМ) Р-149МА1 прызначаная для забесьпячэньня ўстойлівага кіраваньня й сувязі службовымі асобамі ўзроўню брыгада/полк як падчас руху, гэтак і падчас стаянкі”. Такім чынам, за кароткі прамежак часу былі зафіксаваныя: расейскі вайсковец з старэйшага афіцэрскага складу й расейская спэцтэхніка, якую выкарыстоўвалі ЗС РФ для кіраваньня сіламі ўварвання на гэтай дзялянцы ўкраінска-расейскай мяжы. Пазначаныя матар’ялы дэталізаваныя  фота, відэа і спадарожнікавымі здымкамі, што дае магчымасьць канстатаваць факт вэрыфікаванай ідэнтыфікацыі УКШМ Р-149МА1, якую выкарыстоўваюць Збройныя сілы РФ у баявых дзеяньнях супроць Украіны.


Матар’ял падрыхтаваў адмыслова для міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm Відаль Сарокін.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

«Цемру адолее полымя / Ignis vincit tenebris» – крэда InformNapalm.

Exit mobile version