- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Ідэнтыфікаваная тактычная сыстэма кіраваньня падразьдзяленьнямі расейска-тэрарыстычных войскаў на Данбасе

 

Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm працягвае насычэньне базы дадзеных «Узбраеньня й тэхнікі ЗС РФ, ідэнтыфікаванай на Данбасе [1]». Станам на 10 сакавіка 2017 году ў  базе дадзеных v1.6 [2] мелася інфармацыя пра 42 адзінкі вайсковай тэхнікі, якой ніколі не было ва ўзбраеньні Украіны і якая не магла стаць трафеем. Гэта сьведчыць перадусім пра наўпроставыя пастаўкі з РФ празь некантраляваныя дзялянкі расейска-ўкраінскае мяжы вайсковае тэхнікі для акупацыйнага кантынгенту ЗС РФ і тэрарыстычных фармаваньняў «Л/ДНР».

Чарговае OSINT-расьледаваньне раскрывае інфармацыю пра яшчэ адзін тып вайсковай тэхнікі: уніфікаваную камандна-штабную машыну (УКШМ) Р-149МА1, зафіксаваную на ўкраінскім грузапасажырскім пункце пропуску аўтамабільнага спалучэньня (КПП) “Марынаўка” падчас уварваньня расейскай арміі на тэрыторыю Украіны ў 2014 годзе. Фіксацыя ў тым жа раёне і ў тым жа часовым прамежку расейскіх вайскоўцаў старэйшага афіцэрскага складу сьведчыць пра тое, што УКШМ ня проста была пастаўленая «ваенторгам», але забясьпечвала выкананьне задачаў рэгулярных расейскіх войскаў.

У 2014 годзе расейскія вайскоўцы вельмі любілі фатаграфавацца на ўкраінскім КПП “Марынаўка”, аднак досыць сымбалічна пабачыць фатаздымак, які зафіксаваў расейскую УКШМ Р-149МА1 у калябаранта Заікі Івана Аляксандравіча (маецца ў базе дадзеных [3] Цэнтра “Міратворац”), які раней служыў у памежных войсках Украіны ў вайсковай частцы 1476, г. Ялта, АР Крым. У сацсетках ён пазначыў сябе як “Іван Дым”.

У фота за сьпінамі баявікоў на КПП “Марынаўка” апазнаная расейская УКШМ Р-149МА1, фота выкладзенае ў сацсеціве “VK” 18 жніўня 2014 году.

Для параўнаньня падаем выкадроўку фота з КПП “Марынаўка” і больш якасны фатаздымак расейскай УКШМ Р-149МА1.

Мы ня будзем абмяжоўвацца адным фатаздымкам для аргумэнтацыі пададзеных фактаў. Для вэрыфікацыі атрыманай інфармацыі і занясеньня яе ў базу дадзеных апазнаных тыпаў тэхнікі й узбраеньня неабходныя дадатковыя кадры й крыніцы. У лютым 2017 году карыстальнік твітэра @askai707 [4] выклаў фота, у якім расейскія баявікі зафіксаваныя на тле пакінутага на КПП пазашляхавіка Humvee. У фота на даляглядзе можна пабачыць верхнюю частку расейскай УКШМ Р-149МА1 (пазначаная чырвонай стрэлкай).

Параўнаем верхнюю частку камандна-штабной машыны з фота з 2014 году, якое зробленае з добрым ракурсам і ў якім зафіксаваны момант перакідваньня 3-х адзінак УКШМ Р-149МА1. Тэхніка зафіксавана ля АЗС на трасе М-4 «Дон» у раёне Чарткоўскае разьвязкі (49.383973, 40.584392 [5]).

[6]

[7]  [8]

Каб максымальна дакладна вызначыць час здымкі расейскай УКШМ Р-149МА1, мы зьвернемся да архіўных фота Google Earth Pro і скарыстаем таксама з фатаздымку, у якім баявікі пазуюць на тле пакінутага на КПП “Марынаўка” ўкраінскага пазашляхавіка “Humvee”.

Здымак з 16.08.2014 г., у якім чырвонай стрэлкаю пазначанае мейсца, у якім неўзабаве будзе стаяць “Humvee”:

Здымак з 30.08.2014 г., у якім ужо зафіксаваны пазашляхавік:

Здымак з 05.09.2014 г. мае самую лепшую дэталізацыю для разгляду дэталяў КПП і пазашляхавіка “Humvee”. Для параўнаньня падаем кадар з расейскага відэа [9] Мариновка Степановка разбитая техника украинских ВС (рас.) з 16.09.2014 году, у якім праз кабіну пазашляхавіка можна пабачыць процітанкавыя бэтонныя загарады. Для тых, хто будзе больш пільна вывучаць матар’ял, зазначым, што ў відэа пазашляхавік зафіксаваны практычна з усіх бакоў.

У спадарожнікавым здымку з 14.09.2014 году пазашляхавіка ўжо няма:

З упэўненасьцю можна сказаць, што пакінуты на КПП пазашляхавік у пазначаным у фота мейсцы знаходзіўся з 18 жніўня 2014 па 5 верасьня 2014 году, з гэтага вынікае, што і фота з расейскімі баявікамі і зафіксаванай расейскай УКШМ Р-149МА1 таксама зробленае ў гэтым прамежку часу.

Варта зазначыць, што на тле пакінутага “Humvee” фатаграфаваліся шмат расейскіх жаўнераў, сярод іх выяўлены расейскі палкоўнік 18-й асобнай мотастралковай брыгады (18-я АМСБр) 58 арміі ПВА – Віталь Дзьмітрыевіч Кульгавьюк (ягоную ідэнтыфікацыю зьдзейсьніў @askai707 [10]).

Ніжэй пададзеныя фатаздымкі, якія выклала ў сацсеціва 28 жніўня 2014 году Лілія Асманава (мае дачыненьне да палкоўніка Кульгавьюка).

[11]  [12]

Выснова:

Напачатку гэтага расьледаваньня была пададзеная вытрымка з ТТХ: “Уніфікаваная камандна-штабная машына (УКШМ) Р-149МА1 прызначаная для забесьпячэньня ўстойлівага кіраваньня й сувязі службовымі асобамі ўзроўню брыгада/полк як падчас руху, гэтак і падчас стаянкі”. Такім чынам, за кароткі прамежак часу былі зафіксаваныя: расейскі вайсковец з старэйшага афіцэрскага складу й расейская спэцтэхніка, якую выкарыстоўвалі ЗС РФ для кіраваньня сіламі ўварвання на гэтай дзялянцы ўкраінска-расейскай мяжы. Пазначаныя матар’ялы дэталізаваныя  фота, відэа і спадарожнікавымі здымкамі, што дае магчымасьць канстатаваць факт вэрыфікаванай ідэнтыфікацыі УКШМ Р-149МА1, якую выкарыстоўваюць Збройныя сілы РФ у баявых дзеяньнях супроць Украіны.


Матар’ял падрыхтаваў адмыслова для міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm Відаль Сарокін [13].

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын [14].

(CC BY 4.0 [15]) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org [16], падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук [17] / Твітэр [18] і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

«Цемру адолее полымя / Ignis vincit tenebris» – крэда InformNapalm.