- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

ЦВС зрабіла сваю справу, ЦВС можа йсьці

Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm адная зь першых апублікавала дэталёвую інфармацыю пра перакідваньне расейскіх цяжкіх вагнямётных сыстэмаў (ЦВС) «Санцапёк» на Блізкі Усход. У гэтай публікацыі мы падаем фотасьведчаньне вываду гэтай вагнямётнай сыстэмы зь Сірыі. «Байка» расейскай прапаганды, якая спрабуе апраўдаць уцечку інфармацыі пра ЦВС у Сірыі – нібыта прададзеных рэжыму Б. Асада – правалілася. «Санцапёкі», якія актыўна выкарыстоўваліся ў баявых дзеяньнях у Сірыі з восені 2015 году, вяртаюцца ў Расею.

Падчас маніторынгу сацыяльных сетак у сірыйскім напрамку ў поле зроку экспэртаў OSINT-групы InformNapalm патрапіў сьвежы фатаздымак цяжкой вагнямётнай сыстэмы «Санцапёк» (мадэрнізаваная вэрсія «Бураціна»), зроблены ў раёне сірыйскага марскога порту Тартус. Адметныя асаблівасьці ЦВС – пустэльная камуфляжная афарбоўка, крыж на баявым модулі і сьвежае маркаваньне нестандартнага габарыту для зьдзяйсьненьня перавозкі на чыгуначным транспарце «Н-2200». Ззаду ЦВС з пустэльнай афарбоўкай можна разгледзець яшчэ адну адзінку гэтага ўзбраеньня, але ўжо зь зялёным камуфляжам. Яна таксама мае нанесены крыж на баявым модулі.

tos v portu

Пра тое, што ЦВС рыхтуюць да пагрузкі і вяртаньня ў Расею пасьля “сірыйскага крыжовага паходу Бураціна”, ускосна сьведчаць шэраг азнакаў, а таксама непасрэдная крыніца фатаздымку – расейскі марскі пяхотнік, які таксама рыхтуецца да вяртаньня на радзіму пасьля некалькіх месяцаў сірыйскае камандыроўкі, інфармацыя пра яго пададзеная ніжэй. Фота- і відэаматар’ял, у якіх фігуруюць «Санцапёкі» у Сірыі, і якія фіксуюць факты іхнага баявога выкарыстаньня, можна досыць лёгка знайсьці ў інтэрнэце (некаторыя спасылкі: 1 [1], 2 [2], 3 [3], 4 [4]). Таксама можна знайсьці скрыншот [2] ЦВС з рэпартажу «RT» з нанесенымі зьверху і на бакі баявога модулю крыжамі (тактычны знак апазнаньня «свой» для выведкі і авіяцыі).

4 tos

Нагадваем, што першая інфармацыя пра перакідваньне расейскіх ЦВС «Санцапёк» у Сірыю зьявілася ў першай палове кастрычніка 2015 году. У інтэрнэт-прасторы былі апублікаваныя сэрыі фатаздымкаў і відэа гэтых вагнямётных сыстэмаў, зафіксаваных у Сірыі на пачатковым этапе ў стандартнай расейскай афарбоўцы хакі, пазьней – у пустэльным камуфляжы (то бок яны былі перафарбаваныя ўжо пасьля  перакідваньня).

Паралельна з гэтымі навінамі, InformNapalm атрымаў інсайдэрскую інфармацыю, паводле якой з другой паловы верасьня 2015 году ў 20-м асобным палку радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны РХБА (в/ч 12102 Заходняе вайсковае акругі ЗС РФ, мейсца дысьлякацыі Ніжненоўгарадзкая вобл., пасёлак Цэнтральны) была зафіксаваная некаторая актыўнасьць, зьвязаная з падрыхтоўкай групы афіцэраў і адмыслоўцаў-кантрактнікаў, а таксама тэхнікаў і ўзбраеньня, у тым ліку цяжкіх вагнямётных сыстэмаў, да адпраўкі ў Сірыю, гл. – «У Сірыі зафіксаваныя расейскія цяжкія вагнямётныя сыстэмы «Санцапёк» [5]», якая была пашыраная ў шэрагу СМІ, у тым ліку «Радыё Свабода [6]».

tos-i

Уцечку факту перакідваньня ЦВС у Сірыю расейскі бок пасьпяшаў апраўдаць тым, што вагнямётныя сыстэмы нібыта прададзеныя Асаду. На тле гэтых падзеяў у Wikipedia [7] у дадатак да краінаў, якія маюць ва ўзбраеньні падобныя расейскія сыстэмы (Азэрбайджан, Казахстан, Ірак), зьявіўся запіс датычны Сірыі, зроблены на падставе паведамленьня «Тэрарыстаў ў Сірыі будуць паліць Санцапёкі [8]». Праз гэта РФ часткова легалізавала гэтую пастаўку (падкрэсьліваем, запіс у Wikipedia зроблены паводле неафіцыйнай інфармацыі). Экспэрты InformNapalm скептычна паставіліся да інфармацыі пра продаж ЦВС сірыйцам. Была выказаная здагадка пра тое, што калі продаж быў зьдзейсьнены, то баявыя разьлікі вагнямётных сыстэмаў меліся быць укамплектаваныя расейскімі вайскоўцамі, якія сумяшчалі ролю інструктараў і экіпажаў разьлікаў, навучаючы армію Асада асаблівасьцям эксплюатацыі і баявому выкарыстаньню гэтых сыстэмаў.

Іронія гэтай гісторыі ў тым, што фатаздымак «крыжацкага» ЦВС, прыгатаванага для пагрузкі ў сірыйскім порце Тартус, валянтэры супольнасьці InformNapalm знайшлі ў профілі расейскага вайскоўца-кантрактніка 61-й асобнай брыгады марской пяхоты Паўночнага флёту РФ (в/ч 38643 ПФ, пас. Спутнік, Мурманская вобласьць) – Валянтына Шаманіна [9] (новыя архівы на профіль [10], альбом [11], кантакты [12]), якога OSINT-экспэрты нашае каманды выявілі і выкрылі месяц таму – гл. «Марпехі Паўночнага флёту РФ у гарачых пяскох Пальміры [13]». Было вызначанае, што вайсковец 61-й АБрМП В. Шаманін з жніўня па кастрычнік 2014 году знаходзіўся ў «растоўска-ўкраінскай камандыроўцы» і зьяўляецца «ветэранам» пачатковага этапу вайсковай авантуры РФ на Усходзе Украіны. Дэталёвы аналіз фактаў удзелу падразьдзяленьняў 61-й брыгады МП у вайне на Данбасе глядзіце ў спасылках: «Марская пяхота Паўночнага флёту Расеі ў стэпах Данбаса [14]» і «Сьведчаньні ўдзелу ў баёх на Данбасе 61-й брыгады марской пяхоты ПФ ВМФ РФ [15]». Менавіта ў баёх на Усходзе Украіны брыгада атрымала баявы досьвед, які пасьля выкарыстоўвала падчас выкананьня баявых задачаў у Сірыі. Пасьля першага выкрыцьця марпех В. Шаманін грунтоўна падчысьціў свой фотаальбом [16], выдаліў усе фатаздымкі, якія сьведчылі пра ягоныя баявыя камандыроўкі ва Украіну і ў Сірыю. Але, як відаць, расейскія вайскоўцы маюць усё ж нетрывалую памяць: не прайшоў і месяц, а Шаманін паноўна выкладвае фота [17] (архіў [18]) зь сірыйскага марскога порту на тле ЦВС «Санцапёк».

r-u [19]

r-s [20]


Матар’ял да публікацыі на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня падрыхтавалі валянтэры міжнароднае супольнасьці InformNapalm Іраклі Камахідзэ [21] і Victory Krm [22].

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын [23].

(CC BY 4.0 [24]) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org [25], падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Падзяліцеся публікацыяй у сацсеціве! Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

Таксама вы можаце падтрымаць працу нашага сайта і ахвяраваць на развіцьцё праэкту на старонцы Crowdfunding [26]. Усе атрыманыя сродкі йдуць выключна на тэхнічную падтрымку рэсурсу InformNapalm.org. Разам пераможам!