Рэдактар беларускае службы міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын прыняў ўдзел у ІІІ Усеўкраінскім фэсьце тэлевізыйных і радыёпраграмаў “Кабзар яднае Украіну”, прысьвечаным 202-й гадавіне з дня нараджэньня Т.Р.Шаўчэнкі.
Фэст адбыўся на базе філіі ПАТ «НГТУ «Чаркаская рэгіянальная дырэкцыя», суарганізатарамі якога былі Дзяржаўны камітэт тэлевізіі і радыёвяшчаньня Украіны, НСЖУ, Мінінфармпалітыкі, чаркаская абласная дзяржаўная адміністрацыя.
Сярод удзельнікаў – журналісты з усяе Украіны, а таксама Нямеччыны, Гішпаніі, Грузіі, Турэччыны. Адной з самых прадстаўнічых была дэлегацыя Беларускай асацыяцыі журналістаў, у складзе якой і ўдзельнічаў у Фэсьце рэдактар беларускае службы InformNapalm.
Нягледзячы на тое, што Чаркасы – цэнтральнаўкраінскі рэгіён – патрыятызм і абарона нацыянальнае ідэнтычнасьці ў ім не саступаюць Захаду Украіны. Гэта праяўляецца перадусім ў размовах з звычайнымі месьцічамі, у прысутнасьці вялікае колькасьці ўкраінскае нацыянальнае атрыбутыкі на аб’ектах гарадзкой інфрастуктуры, на аўтатранспарце, адзеньні людзей і, вядома ж, у наяўнасьці твораў мастацтва, створаных для ўшанаваньня памяці.
Фота бронзавай скульптуры архістратыга Міхаіла на вяршыні 15-га мэтровага гранітнага абяліску “Змагарам за волю Украіны” (с) vycherpno.ck.ua
Помнік ў гонар Сьц.Бандэры і Р.Шухэвіча, усталяваны ў цэнтры гораду на вул. Хрэшчацік чаркаскай філіяй УА “Свабода”.
Увечніваньню знакамітых постацяў і гераічнага мінулага на Чаркашчыне надаецца вельмі шмат увагі – гэта радзіма і славутага ўкраінскага пясьняра Тараса Шаўчэнкі і легендарнага гетмана Войска Запарозкага Багдана Хмяльніцкага, лідэра нацыянальна-дэмакратычнага руху Украіны канца 1980-х – пачатку 1990-х гадоў, Героя Украіны – Тараса Чарнавола. Тут нарадзіліся героі вызвольнай вайны ўкраінскага народу Пятро Дарашэнка і Іван Выгоўскі. На тэрыторыі Чаркашчыны знаходзіцца славутае ўрочышча Халодны Яр – мейсца, дзе гартаваўся нязломны рыцарскі дух казацтва, які запальваў душы й сэрцы пакаленьняў патрыётаў. Як вельмі трапна зазначыў падчас адкрыцьця Фэсту рэктар Чаркаскага нацыянальнага ўнівэрсытэту Аляксандар Чэраўко: “Тэлекінафорум “Кабзар яднае Украіну” – гэта своеасаблівы мост паміж дзяржаўніцкай ідэяй Шаўчэнкі, вызвольнай ідэяй халоднаярцаў і сёньняшняй Украінай”.
У адкрыцьці Фэсту ўдзельнічалі таксама першы намесьнік старшыні Дзяржкамтэлерадыё Украіны Багдан Чэрвак, дзяржсакратар Мінінфармпалітыкі Арцём Бідэнка, вядомы грамадзкі ўкраінскі дзяяч Мікола Таменка, прадстаўнікі абласной улады і грамадзкасьці.
Згодна з праграмаю адбыўся візыт у г. Камянку – раённы цэнтар Чаркаскае вобласьці – адміністрацыя якога ўрачыста вітала ўдзельнікаў і гасьцей Фэсту.
Гісторыя Камянкі непарыўна зьвязаная зь сялянска-казацкімі паўстаньнямі і вызвольнай барацьбой украінскага народу ў XVII ст. Горад уваходзіў у склад Чыгірынскага палку, які быў адной з галоўных вайсковых адзінак гетмана Войскага Запарожскага Багдана Хмяльніцкага. У XIX ст. паўстанцкі дух, які працягваў віраваць у Камянцы, спрычыніўся на ператварэньне яе на адзін з цэнтраў дэкабрысцкага руху ва Украіне. Лёсавызначальныя і трагічныя падзеі мінулага адлюстраваныя сёньня ў экспазыцыях двух музэяў – Камянскага дзяржаўнага літаратурна-мэмар’яльнага музэю і Камянскага гістарычнага музэю, у якім створаная экспазыцыя, прысьвечаная ўжо сёньняшнім героям украінскае зямлі, якія абараняюць яе ад чарговых расейскіх акупантаў.
Для кожнага наведвальніка экспануюцца ў Гістарычным музэі і трафеі з расейскага “гуманітарнага канвою”, здабытыя байцамі 28-й брыгады ў Мар’інцы падчас аднаго з баёў з расейска-тэрарыстычнымі сіламі.
Творчы калектыў Гістарычнага музэю паказаў вельмі кранальную мастацкую музычную пастаноўку пра герояў-халоднаярцаў паводле раманаў Юрыя Горліс-Горскага “Халодны Яр” і Васіля Шкляра “Чорны Воран”.
На плошчы Герояў Майдану ўдзельнікаў Фэсту ўрачыста прывіталі прадстаўнікі мясцовае ўлады, творчыя калектывы гораду. Прамовіў і народны дэпутат Вярхоўнае Рады Сяргей Рудык. Былі згаданыя і ўшанаваныя хвілінаю маўчаньня імёны тых, хто нарадзіўся на Камяншчыне і ахвяраваў свае жыцьці на алтар свабоды, гонару й годнасьці: Герой Нябеснае Сотні Максім Гарашышын, загінулыя абаронцы ў вайне на Усходзе Украіны – Васіль Варапай (43-я ААБр), Аляксей Пагарэлы (17-я АТБр), Алег Мальчык-Дзячэнка (12 БтрА “Кіеў”) і камандыр падразьдзяленьня “Халодны Яр” батальёну “Айдар” Яўген Вайцэхоўскі.
У межах праграмы Фэсту ягоныя ўдзельнікі разам зь мясцовымі жыхарамі ўрачыста заклалі ў самым цэнтры гораду Алею Еднасьці.
Далей маршрут пралягаў у гісторыка-культурны запаведнік “Халодны Яр” – сьвятая мясьціна для сэрца кожнага ўкраінскага патрыёта. Рэліктавы лясны масыў, які захаваўся з прадаўніх часінаў, стаўся адным зь мейсцаў, дзе на працягу пакаленьняў кшталцаваўся вагнём і мячом нязломны рыцарскі дух казацтва, а праява пакліканьня й ахвяраваньня стае прыкладам сёньня й натхняе на барацьбу з агрэсарам тысячы дабравольцаў з усяе Украіны. У XVIII ст. Халодны Яр стаўся цэнтрам гайдамаччыны й калііўшчыны – нацыянальна-вызвольнага паўстаньня на тэрыторыі Праваўзьбярэжнае Украіны, якое ачоліў запарожскі казак Максім Залізьняк разам з сотнікам Іванам Гонтаю. З 1918 па 1922 гады тут існавала Халоднаярская Рэспубліка, паўстанцкія атрады якой, адстойваючы незалежную Украіну і вызнаючы толькі ўрад УНР, ваявалі як зь нямецкімі захопнікамі і белагвардзейскімі палкамі Дзянікіна, гэтак і з бальшавіцкай навалай. Была сфармаваная 15-тысячная сялянская паўстанцкая армія, баявы слоган якой “Воля Украіны – або сьмерць” гучэў далёка па-за тэрыторыяй самой Чаркашчыны. У гады другой усясьветнай вайны паўстанцкія традыцыі працягнула ўжо дывізыя УПА “Халодны Яр”, якая таксама зрабіла значны ўнёсак ў вызвольную барацьбу ўкраінскага народу. Сьлед згадаць таксама і дзевяць савецкіх партызанскіх атрадаў, якія дысьлякаваліся ў Халодным Яры. Сёньня ж слаўныя традыцыі пакаленьняў паўстанцаў і ваяроў за волю й незалежнасьць свайго краю ўвасобленыя ў падразьдзяленьні “Халодны Яр”, якое структурна ўваходзіць у 24-ы асобны штурмавы батальён “Айдар”. Ягоным ядром зьяўляюцца казакі “Вольнага Казацтва Халоднага Яру” і байцы “Самаабароны Майдану” г. Чаркасы.
Сьцяг падразьдзяленьня “Халодны Яр” батальёну “Айдар” з подпісамі байцоў. Захоўваецца ў музэйна-этнаграфічным комплексе с.Буда Чыгірынскага раёну
У Халодным Яры ўдзельнікі Фэсту наведалі Гайдамацкі стаў, дзе, паводле старадаўняга казацкага звычаю, была асьвечаная асноўная зброя журналіста, якая сваім узьдзеяньнем і эфэктыўнасьцю можа значна пераўзыходзіць традыцыйную.
Шмат уражаньняў у Халодным Яры пакінуў легендарны 1100-гадовы Дуб Залізьняка – патрыях украінскіх лясоў і адное з самых старых і магутных дрэваў Эўропы – названы ў гонар гетмана атамана Максіма Залізьняка, які праводзіў тут паўстанцкія нарады. Пад ягонымі шатамі адпачывалі пустэльнікі яшчэ за часамі да мангольскага нашэсьця. Любілі адпачыць тут і Багдан Хмяльніцкі і Тарас Шаўчэнка.
У навазбудаваным казацкім храме ў гонар апошняга атамана Запарозскае Сячы Пятра Калнышэўскага малітваю ўзгадалі ўсіх загінулых за Волю й Свабоду.
Наступным горадам Чаркаскае вобласьці, які шчыра вітаў удзельнікаў і гасьцей Фэсту, сталася Залатаноша, у якой была арганізаваная экскурсія на першы ва Украіне завод сынгапурскае кампаніі Food Empire – суcьветнавядомага вырабніка кавы MacCofee. Гэтае прадпрыемства ў Залатаношы, якое функцыянуе ўжо больш за пяць гадоў, ёсьць прыкладам аднаго з найбольш пасьпяховых інвэстыцыйных праэктаў ва ўкраінскай эканоміцы й вызначальным чыньнікам для рашэньня патэнцыйных інвэстараў укладаць ва Украіну грошы.
Праграму Фэсту вельмі аздобіла сустрэча зь вядомым чаркаскім валянтэрам, праваабаронцам і пісьменьнікам, Валерам Макеевым, які прэзэнтаваў сваю аўтабіяграфічную кнігу “100 дзён палону”. У кнізе ён падаў драматычную гісторыю свайго трапленьня ў палон да баявікоў прарасейскіх бандфармаваньняў падчас арганізацыі вызваленьня палонных ўкраінскіх вайскоўцаў у жніўні 2014 году, якіх ўтрымлівалі ва акупаваным Краснадоне.
Сьлед зазначаць досыць высокі арганізацыйны ўзровень падрыхтоўкі й правядзеньня Фэсту, насычаную праграму, высокі прафэсіяналізм і крэатыўнасьць. Штогод да яго далучаецца ўсё больш удзельнікаў з усяе Украіны, што сьведчыць пра ўзрастаньне ягонага значэньня й прэстыжу ў мэдыясфэры Украіны. Сёлета журы ацэньвала звыш за 80 тэлевізійных працаў і прыблізна 40 радыёпраграмаў, пададзеных у 8 намінацыях. Гран-пры Фэсту атрымала трылёгія “Тарас Шаўчэнка” аб’яднаньня кінематаграфістаў Украіны “Кіно-Логас”, аўтарам і рэжысэрам якой зьяўляецца Дмытро Ламачук. Азнаёміцца з працай можна праз спасылку.
Апроч удзелу ў Фэсьце беларускія журналісты, якія зьяўляюцца валянтэрамі гуманітарнага маршруту “Беларусь-АТА”, перадалі грашовыя сродкі на рамонт набытага і перададзенага ў лістападзе 2015 году аўтамабіля для мэдычнае службы Першага дабравольчага шпіталя імя М.Пірагова (ПДМШ). Машына мае беларускі назоў “Зорка” і спраўна выконвае свае функцыі і дапамае мэдыкам шпіталю ў наданьні мэдычнай дапамогі ў зоне АТА. Зараз яна патрабуе рамонту, пасьля якога павернецца да выкананьня задачаў ПДМШ у франтавую зону.
Усяго за 400 км ад мейсца правядзеньня Фэсту праходзіць лінія фронту і гэтае журналісцкае сьвята сталася магчымым перадусім дзякуючы тым, хто, не шкадуючы свайго ўласнага жыцьця, трымае абарону пад няспыннымі абстрэламі на “нулях” і не дае чужынцам захапіць ані лапіка ўкраінскае зямлі. За час правядзеньня Фэсту з 19 па 23 траўня 2017 году паводле паведамленьняў прэс-цэнтра штабу АТА расейска-тэрарыстычныя сілы зьдзейсьнілі 263 абстрэлы зь мінамётаў, разнастайнае стралковае зброі, танкаў, РСЗВ БМ-21 “Град”, у выніку якіх былі параненыя 18 украінскіх вайскоўцаў.
Усеўкраінскі фэст “Кабзар яднае Украіну” яскрава пацьвердзіў архіважнасьць і актуальнасьць шаўчэнкавых словаў, выразна падкрэсьліў патрэбнасьць Кабзара для сёньняшняе Украіны, бо ягоныя словы зьмяшчаюць нацыянальны код, які зьнітоўвае ўкраінскі народ, праз спавяданьне праўды й ісьціны заклікаюць быць вольнымі. Сіла – ў Еднасьці, бо толькі аб’яднанымі й супольнымі дзеяньнямі ўсяго народу разам зь вераю ў сваю прышласьць можна абараніць Гонар і Годнасьць, перамагчы ў вайне й здабыць Свабоду.
Рэдактар беларускае службы міжнароднвае выведвальнае супольнасьці
InformNapalm Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
адпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
