InformNapalm.org (Беларуская)

“Усходні транзыт”: Грузыя пад пагрозай страты сувэрэнітэту

“Транспартныя калідоры з РФ на Блізкі Усход – як Расея пасьля інцыдэнту з Турэччынай будзе пастаўляць зброю на Блізкі Усход” – матар’ял з такім назовам быў апублікаваны 29 лістапада 2015 году на расейскім рэсурсе навінаў lenta.ru. У артыкуле асьвятляецца нахабная прапанова магчымага транзытнага калідору з поўным ігнараваньнем меркаваньня транзытных дзяржаваў, падаем некаторыя вытрымкі:

Хацелася б паставіць пад сумнеў кампэтэнтнасьць аўтару гэтага матар’ялу, які зьмяшчае адкрыта правакацыйныя моманты. Але ёсьць падстава хвалявацца. Ягоныя “высновы” заснаваныя на фактах, але таксама на інфармацыі крамлёўскіх крыніцаў, якія ўжо сьмела малююць транзытныя схемы, у тым ліку праз Грузыю.

У зьвязку з гэтым варта ўзгадаць пашыраныя чуткі пра кулюарныя перамовы што да магчымага адкрыцьця чыгункі з РФ у Арменію праз акупаваную Абхазыю (Грузыя), дзе ўлетку сёлета расейскія чыгуначныя войскі зьдзейсьнілі частковае аднаўленьне дарогаў.

З апошніх навінаў пра перамовы Грузыя-Расея ў фармаце Абашыдзэ-Карасін атрыманы мэсэдж ў выглядзе расейскага “перніка” што да гатоўнасьці РФ спрасьціць візавы рэжым з Грузыяй, які сама ж і застасавала ў аднабаковым парадку ля 10 гадоў таму.

Да ўсяго гэтага дадамо нядаўнія таямнічыя перамовы “Газпрома” з некаторымі прадстаўнікамі ўраду Грузыі, што можа спрычыніцца да газавай экспансыі РФ у Грузыю.

Усе кантакты Грузыі з РФ “цьмяныя”, бо інфармацыю пра вышэйпададзеныя “навіны” грузінская грамадзкасьць атрымлівае з трэйціх крыніцаў або яна ж агучваецца расейскім бокам, пасьля чаго грузінскім палітыкам даводзіцца неахвотна прызнаваць той ці іншы факт, запэўніваючы што ўсё гэта мае карысьць і аніякае небясьпекі з гэтага не вынікае.

Ня варта забывацца і на лютаўска-сакавіцкія падзеі 2015 году ў Грузыі, калі ў Тбілісі і адначасова ў іншых рэгіёнах былі зафіксаваныя факты зьяўленьня неапазнаных “транзытных і сьпісаных” расейскіх вайсковых грузавікоў. На думку ж разважлівых грузінаў, усё гэта было падобнае на вызначэньне пэўнай рэакцыі насельніцтва на падобныя дзеяньні. Былі і іншыя спробы дасьледаваньня грамадзкага меркаваньня што да гэтага, як унутры, гэтак і па-за межамі Грузыі.

Калі ўлічыць яшчэ і магчымасьць закрыцьця турэцкіх праліваў для расейскага флёту, то падобная схема транзыту стае яшчэ больш рэалістычнай, а падставаў, каб турбавацца з нагоды гэтага – яшчэ больш. Тым болей, што ў інфраструктурна-тэхнічным і ў вайсковым пляне, Расея гатовая да зьдзяйсьненьня сваёй транзытнай задумы.

Цяпер слова за Грузыяй, якая мае, ці больш слушна, абавязаная, праявіць трываласьць і прынцыповасьць і ні ў якім выпадку не паддавацца палітыцы падману з расейскім “пернікам”. Так, скептыкі скажуць, што больш танна і бясьпечна транспартаваць вайсковыя канвоі паромамі, праз Касьпій, але тады губляюць сэнс інфраструктурныя ўкладаньні РФ, ськіраваныя на грузінскі маршрут, тым болей, што праз адмову ад гэтага маршруту, Расея губляе магчымасьць рэалізацыі аднаго з пунктаў задумы – “праглынуць” Грузыю . Нельга дапусьціць ніякага расейскага транзыту і нават гандлю з гэтай нагоды, бо Грузыя аўтаматычна будзе ўцягнутая ў блізкаўсходні канфлікт і апынецца пад расейскім каўпаком. Так, існуе небясьпека, што Расея можа прабіць калідор у Арменію нахабна і правакацыйна, з выкарыстаньнем сваіх збройных сілаў. Цяпер, як ніколі, грузінам варта быць пільнымі, паказаць сваю еднасьць і жорсткую волю, забыўшыся на ўнутрыпалітычныя праблемы. Але на тое Грузыя і сувэрэнная дзяржава, якая мае Збройныя Сілы, абавязкам якіх ёсьць апэратыўнае рэагаваньне на падобнага ктшталту пагрозы. І калі давядзецца абараняць сваю краіну, Грузыя мае выстаяць, бо ў гэтай барацьбе будзе не адная. Калі ж яна выкладзе “дывановую дарожку” для расейскага транзыту, незалежнасьць Грузыі на гэтым і скончыцца.


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын

(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

 

Exit mobile version