InformNapalm.org (Беларуская)

Вайскоўцы 108-га дэсантна-штурмавога палку ЗС РФ удзельнічалі ў акупацыі Крыму

Валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm вызначылі, што ў апэрацыі захопу Крыму ўдзельнічалі вайскоўцы 108-га дэсантна-штурмавога палку (ДШП, в/ч 42091, г. Наварасійск). Гэты полк уваходзіць у склад 7-й дэсантна-штурмавой дывізіі (ДШД). У пераліку Генэральнай вайсковай пракуратуры Украіны (ГВПУ) што да падразьдзяленьняў Збройных сілаў РФ, датычных да акупацыі Крыму, на гэты момант адсутнічае 108-ы дэсантны-штурмавы полк. Таму падаем сабраныя намі матар’ялы для вывучэньня й далейшага выкарыстаньня. Апроч гэтага, публікуем інфармацыю пра вайскоўца гэтага палку, які перайшоў на далейшую службу ў МНС РФ і прыцягваўся да паставак на акупаваную тэрыторыю Украіны так званых “пуцінскіх гумканвояў”.

Гісторыя 108-га ДШП – летапіс ваенных злачынстваў

У 1948 годзе полк удзельнічаў у баёх супроць “лясных братоў” – партызанскага супраціву ў краінах Балтыі, якія змагаліся супроць савецкай акупацыі, распачатай пасьля пакту Молатава-Рыбэнтропа. У 1956 году – ўдзел у аперацыі “Віхор” – вайсковае падаўленьне рэвалюцыі ў Вугоршчыне. У 1968 – задушэньне Пражскай вясны. Далей – інтэрвэнцыя ў Аўганістан, вайна ў 2008 годзе супроць Грузіі і з 2014 году – ваенная агрэсія супроць Украіны.

Фотадоказы ўдзелу 108-га ДШП у акупацыі Крыму апублікаваў расейскі вайсковец, які праходзіў тэрміновую службу ў гэтым палку.

Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя:

Кузьменка Дзяніс Валер’евіч (рас. Кузьменко Денис Валерьевич)

Нарадзіўся 08.12.1994 г., г. Краснадар, РФ. Служыў у 108-м дэсантна-штурмавым палку 7-й ДШД ЗС РФ.

 

 

 

 

 

 

У Сеціве выяўлены фатаздымак, у якім Дзяніс Кузьменка зафіксаваны ля дарожнага паказьніку з адрэсай бліжэйшай мэдычнай установы – “вул. 12 красавіка, 1”. На гэтай адрэсе знаходзіцца Керчанская гарадзкая больніца №2. Таксама ў фота можна пабачыць стэнд зь пералікам гісторыка-культурных помнікаў Крыму:

У сваім фотаальбоме сацсеціва “VK” расейскі дэсантнік выклаў фота мэдалю за акупацыю Крыму й узнагароднага пасьведчаньня да яго:

У выніку выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі (OSINT) выяўлены яшчэ адзін акупант з складу 108-га ДШП.

Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя:

Даўжэнка  Мікалай Аляксандравіч (рас. Довженко Николай Александрович).

Нарадзіўся 05.03.1995 г. у г. Каменск-Шахцінскі Растоўскае вобласьці, РФ. Жыве ў г. Растоў-на-Доне, РФ. Навучаўся ў Растоўскім-на-Доне аўтадарожным каледжы. Падчас службы ў 108-м ДШП удзельнічаў у апэрацыі захопу Крыму.

 

 

 

 

 

Узнагароджаны мэдалём “За возвращение Крыма” (рас.).

У фотаальбомах ягоных акаўнтаў сацсетак маюцца фота, зробленыя ў Крыме:

У каментарох да наступнага фатаздымку, зробленага ў Сімфэропалі, Даўжэнка зьдзекліва заўважыў, што расейскія дэсантнікі “катаются по митингам” (рас.):

Пасьля дэмабілізацыі М. Даўжэнка перайшоў на службу ў МНС РФ. Прымаў удзел у пастаўках так званых “пуцінскіх гумканвояў” на акупаваную тэрыторыю Украіны, пад прыкрыцьцём якіх зьдзяйсьнялася  перакідваньне расейскіх жаўнераў, зброі й вайсковай тэхнікі на Данбас. Захоўвае ў сваім  фотаальбоме фота, зробленае ля ўезду ва акупаваны Луганск на тле стэлы з назовам гораду і датай заснаваньня.

Скрыншот:

Арыгінальнае фота:

Ня выключанае, што Мікалай Даўжэнка мог удзельнічаць у баявых дзеяньнях на Данбасе. Гэта маюць спраўдзіць сьледчыя Міжнароднага крымінальнага суду.

Мэдалі за акупацыю Крыму вайскоўцам 108-га ДШП падпісваў камандыр палку гвардыі палкоўнік Мурат Байкулаў.

У скрыншоце зь відэа Байкулаў знаходзіцца леваруч:

Фота пасьведчаньня да мэдалю за акупацыю Крыму, падпісанага палкоўнікам М. Байкулым

Мурат Назаравіч Байкулаў нарадзіўся 08.08.1976 г., скончыў Разанскую вышэйшую паветрана-дэсантную камандную вучэльню імя В. Маргелава ў 1997 годзе. Станам на ліпень 2010 году меў званьне падпалкоўніка і пасаду начальніка штабу 247-га дэсантна-штурмавога палку, в/ч 54801, пункт сталай дысьлякацыі – г. Стаўрапаль. Станам на студзень 2013 году меў тое ж званьне і пасаду. У ліпені 2013 году прызначаны на пасаду камандыра 108-га ДШП. Падчас падпісаньня ўзнагародных дакумантаў да мэдалёў за акупацыю Крыму ўжо меў званьне палкоўніка. Цалкам мажліва, атрымаў чарговае званьне за ўдзел у ваеннай агрэсіі супроць Украіны. На пасадзе камандыра 108-га ДШП служыў да 2015 году. Станам на красавік 2017 году меў званьне палкоўніка й пасаду начальніка штабу 7-й дэсантна-штурмавой дывізіі (ДШД). Станам на кастрычнік 2018 году выконваў абавязкі камандыра 7-й ДШД.

Чытайце таксама: Падпалкоўнік 247-га палку ПДВ ЗС РФ камандуе тэрарыстамі «ЛНР» (аудыёперахоп).

Зьвяртаемся да праваахоўных ворганаў Украіны: У пераліку Галоўнай вайсковай пракуратуры што да падразьдзяленьняў, датычных да акупацыі Крыму, адсутнічае 108-ы дэсантна-штурмавы полк. Камандыр 108-га ДШП станам на 2014 год палкоўнік Мурат Байкулаў пакуль не фігуруе ў сьпісе (1, 23) вайсковых службовых асобаў каманднага складу Збройных сілаў і прадстаўнікоў улады РФ, якім ГВПУ паведамленае пра падазрэньне. Просім успрымаць нашае расьледаваньне як паведамленьне пра злачынства, зьдзейсьненае супроць Украіны, і арганізаваць правядзеньне ўсіх неабходных працэсуальных дзеяньняў.


Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

Exit mobile version