- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Вайсковая частка №89462 у Навачаркаску – шырма для ДНР/ЛНР?

Расьледаваньні каманды InformNapalm.org заўсёды насычаныя вялікай колькасьцю фактаў і доказаў у выглядзе фатаздымкаў, відэа, скрыншотаў старонак сацыяльных сетак, каардынатаў і мапаў, але гэты матар’ял можна лічыць гіпотэзай і пачаткам адпаведных наступных дасьледаваньняў.

Мінулага тыдня ў палон да ўкраінскіх сілавікоў патрапіў кадравы расейскі вайсковец Уладзімер Старкоў. Ён служыў у пасёлку Тэйсін, у якім дысьлякуецца расейская вайсковая частка 55487, 6-й арсэнал ГРАУ (Галоўнае ракетна-артылерыйскае ўпраўленьне). Зь ягоных паказаньняў вынікае, што ён ахоўваў ракеты і снарады – спрабаваў кудысьці перавесьціся, але ў выніку нічога не атрымалася.

І раптам ён быў пераведзены ў нейкую частку ў Навачаркаску – гэта амаль рай у параўнаньні зь ягонаю тайгою. Аднак аказалася, што гэта нейкае 12-е камандаваньне. У выніку на выбар яму далі  служыць або ў ДНР, або ў ЛНР.

Тутака частка пазла склалася, бо падчас OSINT-расьледаваньняў для InformNapalm валантэры неаднаразова фіксавалі дзіўныя пераразьмеркаваньні расейскіх вайскоўцаў у… Навачаркаск. Цікава, што пераводзяць вайскоўцаў чамусьці бязь сем’яў. Жонкі вайскоўцаў звычайна абураюцца ў камэнтарох на форумах і ў групах сацсетак што да гэтага. (Гэта яшчэ адная ўскосная азнака). Ідзем далей.

Вось сьпіс вайсковых частак у Растоўскае вобласьці [1].

А вось адное дзіўнае судовае разьбіральніцтва з 23 красавіка 2015 году [2], Краснадар, Краснадарскі гарнізонны вайсковы суд. (У выпадку выдаленьня старонкі сайту ёсьць захаваны PDF з прысудам суду).

Кароткае апісаньне судовай спрэчкі:

Решение суда [3]

Рашэньне суду

Падпалкоўнік Бекрэнеў А.М. з в/ч 01228 атрымаў прапанову пайсьці на павышэньне ў в/ч 89462. Аднак, калі ён даведаўся, што частка знаходзіцца ў Навачаркаску, але не ў Краснадары, пачынае судовы працэс супраць рашэньня Міністэрства Абароны, які прайграе: “У судовым паседжаньні заяўнік патрабаваньні падтрымаў і дзеля іхнага абгрунтаваньня растлумачыў, што ён праходзіць вайсковую службу паводле кантракту, падпарадкоўваецца камандуючаму войскамі Паўднёвае вайсковае акругі (ПВА) з утрыманьнем пры вайсковай частцы 01228. 21 Сакавіка 2015 г. камандаваньне часткі яму запрапанавала наступную вышэйшую вайсковую пасаду ў вайсковай частцы 89462. Ён з прызначэньнем пагадзіўся, бо меркаваў што гэтая пасада знаходзіцца у г. Краснадары. 26 Сакавіка 2015 г. ён даведаўся, што пасада, якая яму запрапанаваная, знаходзіцца ў г.Новачаркаску Растоўскае вобласьці…”

Аднак в/ч 89462 вы ня знойдзеце ані ў Краснадары, ані ў Навачаркаску, хаця, паводле матар’ялаў суду, яна існуе. Ці, хаця б, існуе на паперы.

Звычайна, любая вайсковая частка мае мноства колішніх ейных супрацаўнікоў, купу групаў у сацыяльных сетках і згадак у Інтэрнэце, а тутака вы ня знойдзеце амаль нічога, апроч лаканічнай перапіскі ў групе “НачФін” ў “Укантакце”: https://vk.com/wall-28369781_36527 [4] (архіў: https://archive.is/C3r5B [5])

Самая судовая гісторыя надта дзіўная і паводле ейных вынікаў: “распачатая працэдура датэрміновага звальненьня заяўніка з вайсковае службы”.

Але цяпер адгадайце, у ​​якой менавіта в/ч у Навачаркаску служыў палонны расейскі маёр Уладзімер Старкоў? З уласных крыніцаў у сілавым ведамстве нам удалося даведацца, што на допыце маёр Старкоў пазначыў тую самую частку-“прывід” в/ч 89462.

Як мы бачым, у выніку, Старкоў пагадзіўся служыць у гэтай вайсковай частцы і апынуўся на Данбасе. Бекрэнеў адмовіўся, і яго звольнілі з войска.

Полевая почта: Москва-400 [6]

Палявая пошта: Масква-400

Наагул, практыка выкарыстаньня фіктыўных нумароў частак або паштовых індэксаў ня ёсьць новай для расейскай і савецкай гісторыі. Сакрэтныя часткі ці часткі ў гарачых кропках атрымлівалі паштовы індэкс “Масква-400 [7]”.

Мабыць, в/ч 89462 – фіктыўная вайсковая частка, якая дысьлякуецца ў Новачаркаску і празь якую праходзяць “адпускнікі” з ДНР і ЛНР. Мажліва, падобных вайсковых частак значна больш.

Нагадаем, што менавіта пад Навачаркаскам знаходзіцца палігон Кадамаўскі [8]. Той самы дзіўны палігон, на якім падазроныя людзі вэрбавалі майкопскіх кантрактнікаў ваяваць ва Украіне [9].

Расейская вайсковая машына можа карыстацца любымі ўзроўнямі сакрэтнасьці, але раней ці пазьней уся інфармацыя з крупіцаў складваецца ў агульную карціну расейскай агрэсыі супроць Украіны.

Жонкам расейскіх адпускнікоў, якія згубіліся, можна парэкамендаваць напісаць у в/ч 89462, магчыма, ім дапамогуць прывезьці целы дадому. А жонкам яшчэ жывых “адпускнікоў” рэкамендуем проста не адпускаць сваіх мужоў у сонечны Навачаркаск…

(c) Матар’ял падрыхтаваў Anton Pavlushko [10] адмыслова для InformNapalm.org

Пераклад Дзяніса Івашына [11]