- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Раскрытая выведвальная інфармацыя пра вайсковы патэнцыял адзінай наступальнай лініі ЗС РФ ля межы з Украінай і Беларусьсю

Паводле нацыянальнай інфармацыйнай аґенцыі “Укрінформ [1]”, украінскі бок надаў АБСЭ выведвальныя дадзеныя пра вайсковы патэнцыял адзінай наступальнай лініі Расейскае Фэдэрацыі ля мяжы з Украінай і Беларусьсю.


Украінская ды амэрыканская экспэртная супольнасьць, а таксама Галоўнае кіраваньне выведкі Міністэрства абароны Украіны папярэджваюць, што пад прыкрыцьцём стратэгічных вышкалаў «Кавказ-2020» Расея можа зьдзейсьніць шырокамаштабны наступ супроць Украіны (у гэтых вышкалах таксама ўдзельнічаюць і Збройныя сілы Беларусі – заўв.рэд.). Наконадні кіраўнік РФ падпісаў указ пра рэкрутаваньне з запасу «на вайсковыя зборы» – без пазначэньня канкрэтных тэрмінаў для гэтых збораў. Гэты ўказ толькі павялічыў верагоднасьць наступу – ён можа сьведчыць пра спробу расейскага кіраўніцтва зьдзейсьніць схаваную масавую мабілізацыю для ваеннай аґрэсіі.

На гэтым тле ўзнікае пытаньне: якая колькасьць расейскіх войскаў гатовыя да ўдзелу ў ваеннай аґрэсіі супроць Украіны? Колькі яны маюць адзінак узбраеньня й вайсковае тэхнікі? Збольшага адказ на гэтыя пытаньні быў дадзены 1 ліпеня на Форуме АБСЭ што да супрацы ў сфэры бясьпекі.

Праз тое, што Украіна зараз ачольвае гэты дырэктыўны ворган АБСЭ, 1 ліпеня было ўзьнятае пытаньне што да выкананьня ды мадэрнізацыі Венскага дакуманту 2011 году пра захады ўмацаваньня даверу й бясьпекі. Галоўным сьпікерам ад Украіны стаў начальнік Галоўнага кіраваньня міжнароднае супрацы й вэрыфікацыі Збройных сілаў Украіны ґенэрал-лейтэнант Леанід Галапацюк. У прыватнасьці, ён зьвярнуў увагу на ператварэньне акупаваных тэрыторыяў Данбасу на «шэрую зону», на якую не пашыраецца рэжым кантролю АБСЭ над узбраеньнямі й захадамі ўмацаваньня даверу й бясьпекі.

Яшчэ адным чыньнікам ​​дэстабілізацыі ёсьць мілітарызацыя акупаванага Крыму. Не спрыяе даверу й непразрысты характар ​​вайсковых вышкалаў у ЗС РФ.

Акупацыйныя карпусы на Данбасе большыя за некаторыя эўрапейскія арміі

«Расейская Федэрацыя ў межах Ґлябальнага абмену вайсковай інфармацыяй мае надаць дадзеныя пра колькасьць разьмешчаных на тэрыторыі Украіны вайскоўцаў, узбраеньня й вайсковае тэхнікі ЗС РФ», – заявіў Галапацюк. Ён падкрэсьліў неабходнасьць выпрацоўкі дзейсных мэханізмаў міжнароднага кантролю за вайсковай дзейнасьцю расейскіх войскаў, якія дысьлякуюцца на часова акупаваных тэрыторыях Усходу Украіны і АР Крым.

Украінскі ґенэрал зазначыў, што сёньня паблізу мяжы з Украінай Расея ўжо стварыла тры міжвідавыя групоўкі войскаў, «якія здольныя без абвяшчэньня мабілізацыі ды зь мінімальнымі падрыхтоўчымі мерапрыемствамі праводзіць раптоўныя наступальныя дзеяньні на тэрыторыі Украіны з абмежаванымі мэтамі». І гэта без уліку ператворанай на «наземны авіяносец» паўвыспы Крым і акупаваных раёнаў Данбасу, дзе разгорнутыя Расеяй армейскія карпусы паводле сваёй вайсковай магутнасьці й колькасьці перавышаюць арміі шэрагу эўрапейскіх краінаў.

Чытайце таксама: Гібрыдная аґрэсія РФ: Беларусь і Украіна ў прыцэле расейскага нэаімпэрыялізму (OSINT-аналіз) [2]

Стварэньне групоўкі расейскіх акупацыйных войскаў на часова акупаванай тэрыторыі Данецкае й Луганскае абласьцей у складзе 1-га (Данецк) і 2-га (Луганск) армейскіх карпусоў зьвязанае з зьяўленнем на Усходзе Украіны вялікае колькасьці ўзбраеньня й вайсковае тэхнікі.

У баявы склад 1-га армейскага корпусу (АК) уваходзяць:

● 5 брыґадаў (1, 3, 5-я асобныя мотастралковыя брыґады, 100-я асобная мотастралковая брыґада так званай «Республиканской гвардии» і асобная артылерыйская брыґада);

● 3 асобныя палкі (11-ы асобны мотастралковы полк, 9-ы асобны штурмавы мотастралковы полк марской пяхоты і асобны камэнданцкі полк);

● 10 асобных батальёнаў (дывізіёнаў).

Баявы склад 2-га армейскага корпуса (АК) ахоплівае:

● 4 брыґады (2, 4, 7-я асобныя мотастралковыя брыґады і асобная артылерыйская брыґада);

● 2 палкі (6-ы асобны мотастралковы полк і асобны камэнданцкі полк);

● 6 асобных батальёнаў (дывізіёнаў).

Штатная колькасьць 1-га і 2-га АК складае прыблізна 35 тыс. вайскоўцаў.

Ва ўзбраеньні гэтых армейскіх карпусоў на непадкантрольнай тэрыторыі Данбасу маецца 481 асноўны баявы танк, 914 баявых браняваных машынаў, 720 артылерыйскіх сыстэмаў і 202 адзінкі ракетных сыстэмаў залпавага вагню (РСЗВ).

Пры гэтым камандныя, штабныя пасады, а таксама пасады дэфіцытных спэцыяльнасьцяў у 1-м і 2-м АК займаюць кадравыя вайскоўцы ЗС РФ з агульнай колькасьцю ля 650 чалавек.

Апроч гэтага, на часва акупаванай тэрыторыі Данецкае й Луганскае абласьцей дысьлякуюцца падразьдзяленьні апэратыўнага/баявога і ляґістычнага забесьпячэньня, вайсковыя дарадцы, інструктары ЗС РФ. Іх агульная колькасьць сягае 2,1 тыс. чалавек.

Каб падтрымліваць сталае напружваньне на лініі сутыкненьня й забясьпечваць жыцьцядзейнасьць 1-га і 2-га АК з тэрыторыі РФ празь некантраляваныя дзялянкі дзяржаўнае мяжы Украіны пастаўляюць боепрыпасы й гаруча-змазачныя матар’ялы.

Крым як «наземны авіяносец»

З прычыны мілітарызацыі акупаванага Крыму паўвыспа ператварылася на суцэльны «наземны авіяносец».

Сёньня на тэрыторыі часова акупаванай АРК створаная магутная міжвідававая групоўка войскаў (сілаў), якая складаецца з наземнага, паветранага й марскога кампанэнтаў й налічвае прыблізна 32,5 тыс. чалавек.

Апроч гэтага, створаныя сілы берагавой абароны й разгорнутыя групоўкі фэдэральнае службы войскаў нацыянальнае ґвардыі (да двух брыґадаў) і памежнае службы ФСБ РФ.

Назіраецца актыўнае нарошчваньне ўдарных мажлівасьцяў расейскіх збройных сілаў, якія незаконна базуюцца на тэрыторыі паўвыспы, праз павялічэньне колькасьці войскаў, забесьпячэньня іх новымі адзінкамі ўзбраеньня й вайсковае тэхнікі.

 

Асновай наземнага кампанэнту зьяўляецца 22-ы армейскі корпус, на базе якога заплянаванае стварэньне агульнавайсковае арміі, і 810-я асобная брыґада марское пяхоты. Зараз гатовыя да выкарыстаньня шэсьць батальённа-тактычных групаў.

Паветраны кампанэнт узмоцнены праз разьмяшчэньне на паўвысьпе бамбавальнае, штурмавое, зьнішчальнае й  вайсковае авіяцыі.

Для разьмяшчэньня расейскіх лятакоў далёкасяжнае бамбавальнае авіяцыі рэканструяваныя аэрадромы Бэльбэк і Гвардзейскае. Рыхтуецца інфраструктура для захоўваньня на тэрыторыі Крыму ядравае зброі.

Баявыя мажлівасьці марскога кампанэнту павялічаныя праз увядзеньне ва ўзбраеньне найноўшых ударных караблёў і падводных лодак – носьбітаў крылатых ракетаў марскога базаваньня кшталту «Калибр» (агулам да 70 баявых караблёў і катэраў, 6 падводных лодак, сумарны залп – 84 ракеты).

Нават паводле афіцыйных дадзеных, якія Расея надае ў межах штогадовага абмену інфармацыяй (ШАІ) у адпаведнасьці зь Венскім дакумантам 2011 году (ВД-2011), колькасьць ўзбраеньня й вайсковае тэхнікі ЗС РФ у АР Крым цягам апошніх шасьці гадоў павялічылася амаль утрая.

Гэтак, згодна з дадзенымі ШАІ ад РФ паводле ВД-2011, станам на 1 студзеня 2020 году на тэрыторыі АР Крым мелася 684 адзінкі ўзбраеньня й вайсковае тэхнікі, гэта на 453 адзінкі больш, чымся 1 студзеня 2014 году. У прыватнасьці, пасьля акупацыі паўвыспы Расея перакінула сюды 31 баявы танк, ля 200 браняваваных баявых машынаў, амаль 100 артылерыйскіх сыстэмаў, а таксама 63 баявыя лятакі й 34 баявыя гэлікаптэры.

Тры групоўкі здатныя на раптоўны наступ

Расейская Фэдэрацыя працягвае нарошчваць сілы ўздоўж дзяржаўнае мяжы Украіны й Беларусі. У прыватнасьці, зьдзяйсьняецца актыўнае фармаваньне новых вайсковых частак (злучэньняў і аб’яднаньняў) і рэарґанізацыя існых фармаваньняў для нарошчваньня іхнага баявога патэнцыялу. Сёння ўздоўж мяжы разгорнутыя 28 батальённа-тактычных групаў.

Сканчаецца фармаваньне трох новых аб’яднаньняў – дзьвюх арміяў і армейскага корпусу, якія цягам 2020-2021 гадоў маюць набыць поўную апэратыўную гатоўнасьць.

У наземным кампанэнце на Заходнім стратэґічным напрамку створаная 20-я агульнавайсковая армія ў складзе 3-й і 144-й мотастралковых дывізіяў. Пры гэтым ва ўзбраеньні 448-й ракетнай брыґады 20-й арміі маюцца апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы (АТРК) «Іскандэр».

На Паўднёва-Заходнім стратэґічным напрамку створаная 8-я агульнавайсковая (ударная) армія ў складзе 150-й мотастралковай дывізіі, 20-й асобнай мотастралковай брыґады й апэратыўна падначаленых 1-га і 2-га акупацыйных армейскіх карпусоў. У паўднёвай вайсковай акрузе й арміі прадугледжанае стварэньне ракетных брыґадаў АТРК «Іскандэр».

Агулам колькасьць наземнае групоўкі ЗС РФ уздоўж мяжы Украіны й Беларусі складае ля 87 тысячаў вайскоўцаў, да 1100 танкаў, да 2600 баявых браняваных машынаў, да 1100 артылерыйскіх сыстэмаў, да 360 ракетных сыстэмаў залпавага вагню, 18 апэратыўна-тактычных ракетных комплексаў.

Чытайце таксама: Расейскія ўдарныя наступальныя войскі ля Беларусі й Украіны: Клінцы [3]

Працягваецца пераўзбраеньне на сучасныя й мадэрнізаваныя адзінкі авіяцыйнае тэхнікі (лятакі Су-30СМ, Су-35С, Су-34, Су-25СМ3, МіГ-31К з гіпэргукавым комплексам «Кінжал» і гэлікаптэры розных мадыфікацыяў). Агулам на базавых аэрадромах паблізу мяжы базуецца ля 330 баявых лятакоў і 230 гэлікаптэраў.

Таксама працягваецца фармаваньне цэнтраў забесьпячэньня мабілізацыйнага разгортваньня, на базе якіх мажлівае фармаваньне да чатырох агульнавайсковых дывізіяў (Багучар, Каменск-Шахцінскі, Новаазёрнае, часова акупаваная тэрыторыя АР Крым).

Такім чынам, у гэты момант паблізу мяжы з Украінай і Беларусьсю ўжо створаныя тры міжвідавыя групоўкі, здатныя без абвяшчэньня мабілізацыі й зь мінімальнымі падрыхтоўчымі мерапрыемствамі праводзіць раптоўныя наступальныя дзеяньні.


Арыґінал публікацыі: Укрінформ [1].

Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын [4].

Загалоўнае фота: РІА “Новости”.

Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 [5])

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук [6] / Твітэр [7] / Telegram [8]
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.


[9]InformNapalm [10] – гэта вядомы й цалкам незалежны міжнародны валянтэрскі праэкт, які працуе цягам ужо больш за 6 гадоў.

Мы ня маем аніякай фінансавай падтрымкі ад ураду якой-кольвек краіны ці донараў, адзінымі мэцэнатамі інфармацыйнага праэкту зьяўляюцца ягоныя валянтэры й чытачы, якія ангажуюць свае сілы, час і сродкі для супрацьдзеяньня расейскай інфармацыйнай агрэсіі. Вы таксама можаце падтрымаць InformNapalm або сваімі ведамі й навыкамі, або ахвяраваньнем на ўтрыманьне сайту й разьвіцьцё праэкту. Фінансава нас можна падтрымаць [11] або дабрачынным унёскам праз LiqPay, або стаць «патронам» і падпісацца [12] на штомесячныя мініўнёскі праз сеціва Patreon.