InformNapalm.org (Беларуская)

Чарговы ўлоў InformNapalm: вайсковыя злачынцы з 18-й АМСБр ЗС РФ

Выведнікі міжнароднае валянтэрскае супольнасьці InformNapalm працягваюць публікаваць сьведчаньні й дадзеныя пра расейскіх вайсковых злачынцаў – ветэранаў «украінскіх камандыровак», якія выконвалі злачынныя загады расейскага вайскова-палітычнага кіраўніцтва на Усходзе Украіны.

Новы матар’ял заснаваны на OSINT-расьледаваньні, які дэманструе і дапаўняе факты ўдзелу выведвальнага падразьдзяленьня 18-й асобнай мотастралковай брыгады (в/ч 27777, мейсца дысьлякацыі – Чачэнія, н.п. Ханкала і Каліноўская) 58-й агульнавайсковай арміі Паўднёвае вайсковае акругі (ПВА) ЗС РФ у вайне на Данбасе. Гэтае вайсковае злучэньне ПВА, якое адным з першых прыняло ўдзел у вайсковай агрэсіі ЗС РФ на Усходзе Украіны, фігуруе, як мінімум, у 7 эпізодах расьледаваньняў нашае валянтэрскае супольнасьці. У выніку вывучэньня й аналізу старонак сацсетак расейскіх вайскоўцаў з 18-й АМСБр былі выяўленыя тры вайскоўцы-кантрактнікі з складу тактычнай групы гэтага вайсковага злучэньня, якія ўлетку-увосень 2014 году прайшлі праз «растоўска-ўкраінскую камандыроўку». Удалося выявіць ня толькі наўпроставыя фотасьведчаньні знаходжаньня й удзелу расейскіх выведнікаў у зоне баявых дзеяньняў на Данбасе, але й копіі дзяржаўных узнагародных пасьведчаньняў. Дзякуючы фатаздымкам расейскіх выведнікаў, якія адлюстроўваюць падзеі, што адбываліся ўлетку-ўвосень 2014 г. на Усходзе Украіны, і у якіх яны зафіксаваныя разам зь ідэнтыфікацыйнымі павязкамі, нестатутнай формай, а таксама камэнтарам пад гэтымі фота ў сацсетках, удалося зьвязаць гэтых вайскоўцаў з раней выяўленай тактычнай групай 18-й брыгады.

У расьледаваньні фігуруюць:

Віталь Аліханавіч Шкірын, 19.04.1990 г.н., родам зь Цюмені (архіў на профіль “VK”, фотаальбом, кантакты; профіль “ОК”). Узнагароджаны баявой узнагародаю «Мэдаль Суворава» №41099 паводле указу прэзыдэнта РФ Пуціна з 24 лістапада 2014 г. Крыху раней, у кастрычніку 2014 году ён быў зафіксаваны ў фатаздымку, дзе ён пазуе на тле аўтамабіля «Масквіч Т-34» зь белай ідэнтыфікацыйнай павязкай расейска-«наварасійскага» войска. Пад фота маецца камэнтар ягонага баявога таварыша Івана Рэмізава (гаворка пра яго будзе ніжэй): «…На Киев» (рас.).

Заўвага: мэдаль Суворава – дзяржаўная баявая ўзнагарода, заснаваная ў 1994 годзе. Узнагароджваюцца вайскоўцы за адвагу і асабістую мужнасьць, праяўленыя падчас абароны Айчыны і дзяржаўных інтарэсаў РФ у баявых дзеяньнях на сушы, падчас зьдзяйсьненьня баявое варты й баявой службы на манэўрах і вышкалах, падчас зьдзяйсьненьня аховы дзяржаўнай мяжы РФ.

Іван Рэмізаў, нарадзіўся ў 1975 г., родам з Валгаграда (архіў на профіль, фотаальбом, кантакты). У красавіку 2016 году, відавочна праз нальсталію што да «ўкраінскай камандыроўкі, ён выклаў некалькі фатаздымкаў. У тым ліку фота на тле «БТР-82 Бодрый» (рас.), дзе ён фігуруе ў нестатутнай форме і зь белай ідэнтыфікацыйнай павязкай, пад якім маюцца характэрныя камэнтары як Рэмізава, гэтак і ягонага колішняга калегі і баявога таварыша Руслана Султанава (гаворка пра яго ніжэй).

Нагадваем, што бронетранспартэры 82-й мадыфікацыі з штатнага ўзбраеньня 18-й АМСБр на Данбасе мы фіксавалі яшчэ ў ліпені 2015 году. Падрабязна пра гэта ў нашай публікацыі “11 сяброў Пуціна»: сэлфі-выведнікі 18-й АМСБр на Данбасе”. Тое, што расейскія войскі выкарыстоўвалі «БТР-82» на Усходзе Украіны было пацьверджанае шматкроць, нават расейскімі крыніцамі. Таксама маюцца фотасьведчаньні зьнішчанага бронетранспартэру ў раёне Навасьветлаўкі Луганскае вобласьці.

Руслан Султанаў – родам з Дзюрцюлі (Башкірыя). На гэты момант ён пераведзены з 18-й АМСБр на 201-ю вайсковую базу ў Таджыкістане. У сацыяльных сетках: 1 профіль “VK”, 2 профіль “VK” (архівы на профіль: 1, 2; фотаальбом: 1, 2; кантакты: 1, 2). З данбаскіх фатаздымкаў варта вылучыць ягонае жнівеньскае фота з 2014 году – у маскхалаце з схаваным тварам у арафатцы, з так званай “георгіеўскай стужкай”, якія мы фіксавалі і ў іншых расейскіх злачынцаў з 18-й АМСБр на Данбасе. З спазьненьнем, але, усё ж, і ён быў узнагароджаны баявой узнагародаю «Мэдаль Суворава» №42661 паводле ўказу прэзыдэнта РФ Пуціна з 21 лютага 2015 г.

 

Даведка: 18-я АМСБр сфармаваная напрыканцы 2008 году ў выніку рэфармаваньня ЗС РФ і праграмы пераходу на новы тып з падразьдзяленьняў колішняй 42-й мотастралковай дывізыі, якая дысьлякавалася ў Чачэніі ў н.п. Ханкала і Каліноўская. Гэтае вайсковае злучэньне зьяўляецца адным з найбольш баяздольных у складзе сухапутных войскаў ЗС РФ. Брыгада цалкам  пераўзброеная на новыя й мадэрнізаваныя адзінкі тэхнікі й ўзбраення. У 18-й брыгадзе таксама маецца так званы «нацыянальны батальён», які укамплектаваны вайскоўцамі з Паўночнага Каўказу, збольшага колішнімі баявікамі, якія патрапілі пад амністыю і якія пазьней служылі ў падразьдзяленьнях Кадырава і Ямадаева. Падразьдзяленьні брыгады (дывізыі) удзельнічалі ў расейскай агрэсіі супроць Грузіі ў жніўні 2008 году.

Падразьдзяленьні 18-й АМСБр, у тым ліку ейны «чачэнскі батальён», неаднойчы фігуравалі ў кантэксьце «ўкраінскіх камандыровак», глядзіце тэматычныя спасылкі на нашыя матар’ялы ніжэй:


Гэты матар’ял InformNapalm мае ня толькі інфармацыйнае значэньне. Сабраныя дадзеныя чарговага разу пацьверджваюць і дапаўняюць базу даных што да ўдзелу падразьдзяленьняў ЗС РФ у вайне супроць Украіны, гл. “Прафэсійнае расейскае войска ва Украіне. Дасьледаваньне і інфаграфіка”. Зьвяртаем увагу арганізацыяў і аналітычных цэнтраў: падчас стварэньня справаздачаў і выкарыстаньня нашых матар’ялаў рэкамэндуем супрацоўнічаць з першакрыніцаю расьледаваньняў, а ня толькі капіяваць інфармацыю без спасылкі на арыгінал.

 


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня валянтэраў Міжнароднае супольнасьці InformNapalm.

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.

 (CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

Exit mobile version