InformNapalm.org (Беларуская)

Вінтарэз” на службе расейскіх бандфармаваньняў Данбаса

Прадмова

ВСС (Вінтоўка снайпэрская спэцыяльная) – бясшумная снайпэрская вінтоўка для падразьдзяленьняў спэцыяльнага прызначэньня. Індэкс ГРАУ – 6П29. Распрацаваная ў 1980-х гадох у “ЦНИИТОЧМАШ” (рас.) г. Клімаўска пад кіраўніцтвам П. І. Сердзюкова. Назоў «Вінтарэз» застаўся пасьля ягонага выкарыстаньня ў канструктарскай дакумантацыі. Новая вінтоўка вытрымала папярэднія выпрабаваньні, аднак ў 1985 годзе былі зацьверджаныя патрабаваньні для бясшумнага аўтамату, паводле якіх ён меў забясьпечваць паражэньне супраціўніка ў бронекамізэльках 6Б2 на адлегласьці 400 м. У зьвязку з гэтым канструктары вінтоўкі зрабілі выснову, што патрон РГ037 будзе неэфэктыўным для барацьбы з супраціўнікам у пэрспэктыўных сродках індывідуальнае абароны, таму далейшая праца зь ім была спыненая, але снайпэрская вінтоўка цалкам пераробленая пад распрацаваны неўзабаве патрон 9×39 мм (СП-5, СП-6 і ПАБ-9). Ва ўзбраеньні падразьдзяленьняў КДБ і ГРУ яна паступіла ў 1987 годзе. На гэты момант выкарыстоўвюць падразьдзяленьні спэцназу ПДВ, ФСБ, ГРУ і МУС РФ. Была ва ўзбраеньні падразьдзяленьняў спэцыяльнага прызначэньня КДБ Рэспублікі Беларусь, але ў зьвязку з адсутнасьцю ўласнае вытворчасьці патронаў СП-5, СП-6 і пэрспэктываў іхных паставак замененая на іншыя ўзоры вагнястрэльнае зброі. Ва Украіну гэтая вінтоўка і боепрыпасы да яе ніколі не пастаўляліся.

Эпізод I

16 траўня 2015 г. у зоне правядзеньня АТА ў раёне г. Шчасьця былі захопленыя расейскія вайскоўцы 3-яй асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня ГРУ ГШ ЗС РФ, в/ч 21208, г. Тальяці, сяржант А.Аляксандраў і капітан Я.Ерафееў. Падчас бою адзін украінскі вайсковец загінуў, тры атрымалі параненьні. Адзін з затрыманых быў паранены ў руку (капітан Ерафееў), іншы (сяржант Аляксандраў) – у нагу. Затрыманыя былі пераведзеныя ў Кіеў у Галоўны клінічны шпіталь Мінабароны. 29 траўня 2015 г. ім былі зробленыя плянавыя апэрацыі. 19 траўня 2015 г. украінскія сьледчыя абвесьцілі ім падазрэньне ў зьдзяйсьненьні злачынстваў, падпадаючых пад артыкул 258-3 КК Украіны, за ўдзел у тэрарыстычнай дзейнасьці “ЛНР”. 18 траўня 2015 г. на брыфінгу генэральнага штаба ЗС Украіны былі прадэманстраваныя: вінтоўка ВСС «Вінтарэз» без аптычнага прыцэла ПСО-1-1 і боепрыпас калібра 9Х39 СП-5, якія былі канфіскаваныя ў капітана Ерафеева падчас ягона захопу ў палон.

Эпізод II

Анатоль Агееў – баявік тэрарыстычнае арганізацыі «ЛНР» (архіў на профіль, фотаальбом), 14.12.1991 г.н., Грозны, адукацыя: БУКЭП (колішні БУПК) ’11, маб. тэлефон: +79611730538, тэрміновая служба – в/ч 3703 УВ МУС РФ 2009-2010 гг., кантрактная служба – Краснадарскі край г.Лабінск в/ч 3219, 451 полк апэратыўнага прызначэньня УВ МУС РФ з 2010 г. 8 верасьня 2014 г. выклаў у сваім профілі фатаздымак з трыма вінтоўкамі ВСС «Вінтарэз». Згодна зь геатэгам, фатаздымак зроблены ў пасёлку Храшчаўка, Краснадонскі раён, Луганская вобл.

Праз тое, што Агееў зьяўляецца кулямётнікам (высновы зробленыя на падставе аналізу ўсяго альбому) вінтоўку яму далі патрымаць дзеля фатаздымка. Меркавана, што разам зь ім пазуюць перад камэрай кадравыя расейскія вайскоўцы, уладальнікі гэтых вінтовак. Яшчэ адзін фатаздымак Агеева зь «Вінтарэзам»:

Эпізод III

Яўген Рахматулін, жыве ў г.Краснадоне, Луганская вобл. (архіў на профіль, фотаальбом), баявік тэрарыстычнае арганізацыі “ЛНР”, 2 верасьня 2014 г. выклаў у сваім профілі фатаздымак зь вінтоўкай ВСС «Вінтарэз». Праз тое, што ў сябрах Рахматуліна фігуруе Агееў, дый фатаздымкі абодва выклалі адначасова, можна сьцьвярджаць, што зробленыя яны былі ў адным мейсцы.

Эпізод IV. Боепрыпасы

Улетку 2014 г. расейскі “ваенторг” запрацаваў напоўніцу і на Данбас хлынулі патокі тэхнікі, зброі і боепрыпасаў, у тым ліку БК для ВСС «Вінтарэз». У ліпені 2014 г. пасьля вызваленьня украінскімі вайскоўцамі горада Славянска, на відэа «5 канала» сярод розных трафейных боепрыпасаў «гіркінцаў» было прадэманстраванае пакаваньне ад патронаў СП-6 (снайпэрскія, падвышанага прабіваньня) калібра 9х39 для зброі тыпу «Вал» або «Вінтарэз».

Партыя, год і вытворца пазначаныя на драўлянай скрыні шыфрам М46-07-539, дзе М46 – гэта партыя патронаў, 07 – год вытворчасьці, то бок 2007-ы, а 539 – гэта ўмоўны код вытворцы патронаў, Тульскага патроннага завода. Пераканацца ў тым, што Тульскі патронны завод вырабляе патроны СП-6 можна тутака (архіў). У дадатак, расьледаваньне нашых сяброў з групы “Інфармацыйны Супраціў” – «Адмыслоўцы раскрылі дадзеныя пра боепрыпасы, якія РФ пастаўляла тэрарыстам на Данбас».

Бонус

Невядомы «гібрыдны шахтар», меркавана, недзе пад Ілавайскам Данецкае вобласьці ў другой палове жніўня 2014 г. пазуе зь вінтоўкамі ВСС «Вінтарэз» і АСВК.

Нагадаем, што азнаёміцца ​​з факталягічнай доказавай базай дадзеных расьледаваньняў InformNapalm што да ўдзелу ў баявых дзеяньнях ва Украіне больш чымся 60 вайсковых падразьдзяленьняў ЗС РФ можна праз спасылку http://bit.ly/RussianPresence.

Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў валянтэр міжнароднае супольнасьці InformNapalm Міхаіл Кузьняцоў.

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.

(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Мы заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём. Разам пераможам!

Exit mobile version