Ідэнтыфікаваныя дзевяць кантрактнікаў 8-й асобнай мотастралковай брыгады Збройных Сілаў Расейскай Фэдэрацыі, якія ваявалі на Усходзе Украіны ўлетку-ўвосень 2014 году.
Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm працягвае збор фактаў, якія пацьверджваюць удзел расейскае арміі ў неабвешчанай вайне супроць Украіны. Падчас зьдзяйсьненьня нашае працы мы намагаемся выявіць ня толькі адзінкі ўзбраеньня й вайсковай тэхнікі, але таксама апазнаць і раскрыць імёны расейскіх ваенных злачынцаў – якія ўдзельнічалі у пачатковай фазе расейскае агрэсіі, і якія былі зафіксаваныя пазьней, пасьля ўхваленьня Менскіх пагадненьняў.
Кожны пацьверджаны факт датычнасьці Расеі да пачатку й вядзеньня ваенных дзеяньняў на Усходзе Украіны б’е па рэпутацыі краіны-агрэсара і набліжае ейнае пакараньне. Нашую сабраную напрацягу некалькі гадоў доказавую базу ўжо выкарыстоўваюць некаторыя міжнародныя арганізацыі, надыдзе час – і гэтыя матар’ялы будуць дасьледаваць міжнародныя сьледчыя й судовыя ворганы, якія будуць вызначаць ступень вінаватасьці ваенна-палітычнага кіраўніцтва Расейскае Фэдэрацыі.
Новае OSINT-расьледаваньне InformNapalm грунтуецца на аналізе фатаздымкаў расейскіх вайскоўцаў з складу 8-й асобнай мотастралковай брыгады (горнай) (в/ч 16544, Чачэнія, п. Барзой; брыгада нядаўна перафармаваная ў 291-ы мотастралковы полк 42-й МСД ПВА). Вядома, што тактычныя падразьдзяленьні гэтага злучэньня разам зь іншымі прафэсійнымі брыгадамі Паўднёвае вайсковае акругі, укамплектаванымі на кантрактнай падставе (17-я і 18-я АМСБр з Чачэніі), аднымі з першых былі задзейнічаныя ў вайне супроць Украіны. Часта яны базаваліся ў прылеглых да ўкраінскае мяжы лясных масывах і выкарыстоўвалі тактыку «набег-адыход»: расейскія падразьдзяленьня зьнішчалі невялікія ўкраінскія гарнізоны, якія спрабавалі забясьпечыць кантроль дзяржаўнае мяжы, і праводзілі зачысткі пасля барбарскіх абстрэлаў праз “парэбрык” альбо з заездам на тэрыторыю Украіны.
У выніках зьдзейсьненай працы былі вызначаныя асобы дзевяці кантрактнікаў 8-й горнай брыгады, якія знаходзіліся ўлетку-ўвосень 2014 году ў так званай растоўска-ўкраінскай камандыроўцы. «Ветэранаў Данбаса» выдаюць ужо добра знаёмыя азнакі: час і мейсца здымкі, неахайны выгляд, нестатутная форма й экіпаваньне, адсутнасьць ідэнтыфікатараў прыналежнасьці да ЗС РФ, наяўнасьць сымболікі «Л/ДНР» і інш.
1. Раман Мінін
Шэраг азнакаў сьведчаць пра тое, што Мінін зьяўляецца «ветэранам» ваеннага ўварваньня на Данбас, у тым ліку фатаздымкі з жніўня-верасьня 2014 году: фота з базавага лягеру сілаў ўварваньня з геатэгам Растоўскае вобласьці; здымкі ляснога жыцьця вайскоўцаў 8-й брыгады з памежных з Украінаю раёнаў. Сьлед зьвярнуць увагу на нестатутны вонкавы выгляд расейскіх кантрактнікаў (форма “горка” й маскхалаты), а таксама на бронетранспартэр сувязі з зафарбаваным бартавым нумарам. Яшчэ адное ўскоснае сьведчаньне – фатаздымак, у якім Мінін пазуе з таварышам у службе Осіпавым, якія згубіў руку на Данбасе (пра яго мы пісалі раней, у 2014 і 2016 гадох, гл.: «Кошт маўчаньня пра Данбас: мэдаль «За адвагу», статус ветэрана і «Кіа Рыа»»).
У выніку вывучэньня фотаальбому Мініна былі ідэнтыфікаваныя іншыя ягоныя таварышы ў службе – ўдзельнікі так званай растоўска-ўкраінскае камандыроўкі 2014 году.
2. Максім Дзееў
Нарадзіўся 15 чэрвеня 1992 г. у г. Нявіннамыск Стаўрапальскага краю. На вайсковай службе з 2012 году па сёньняшні дзень, на гэты момант служыць, меркавана, у 291-м палку (колішняя 8-я АМСБр). У сацсетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў), “ОК” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
3. Раміль Шарыфулін
У неактыўным профілі Шарыфуліна маецца той жа здымак, што і ў акаўнце фігуранту №1 Мініна, розьніца паміж выкладаньнямі – 3 дні. Мае Шарыфулін і іншае фота, зробленае падчас украінскае камандыроўкі 2014 году, цалкам мажліва, у памежным раёне, – з парай бронетранспартэраў і грузавіком КамАЗ, на якіх нязграбна зафарбаваныя тактычныя знакі 8-й брыгады.
4. Мікалай Сьлесарэнка
5. Сяргей Удавічэнка
Сярод сяброў пазначаных вышэй фігурантаў быў выяўлены яшчэ адзін кантрактнік, у фотаальбоме якога ёсьць досыць шмат інфармацыі пра ягоны ўдзел у «растоўска-ўкраінскай камандыроўцы» 2014 году.
6. Аляксей Каралёў
У фотаальбоме Каралёва перадусім сьлед вылучыць фота, выкладзенае 14 кастрычніка 2014 году, у якім ён зафіксаваны ў маскхалаце й з рэйдавым заплечнікам, аўтаматам з ПБС (глушнік) і з зьвязанымі ізаляцыйнай стужкай па-баявому двума магазынамі й георгіеўскай стужкай на пасе асабістае зброі.
У іншых фатаздымках Каралёва маюцца геаграфічныя пазнакі: у здымку з 13 кастрычніка геатэгам пазначаная лякацыя ў Мацьвеева-Курганскім раёне Растоўскае вобласьці – ваколіцы н/п Навасёлаўкі, прыблізна 4 км да дзяржаўнае мяжы з Украінаю; у другім здымку з гэтай жа даты гэатэгам пазначаная лякацыя на Усходняй вуліцы вёскі Куйбышава Растоўскае вобласьці, прыблізна 8 км да дзяржаўнае мяжы з Украінаю.
Ёсьць у фотаальбоме Каралёва й іншыя здымкі гэтага ж пэрыяду, праўда, без геатэгаў. Згодна з зафіксаваным у гэтых фота нестатутным вонкавым выглядам расейскіх вайскоўцаў і іхным экіпаваньнем – гэта ня вышкалы.
З дапамогаю аднаго з фатаздымкаў А. Каралёва, выкладзенага ў кастрычніку 2014 году, мы ідэнтыфікавалі трох ягоных таварышаў у службе – таксама ўдзельнікаў баявой камандыроўкі на Данбас.
7. Сяргей Батвін
Батвін ня толькі зафіксаваны ў пазначаным вышэй фатаздымку ў фотаальбоме Каралёва, але ў ягоным уласным альбоме таксама выяўлены здымак, зроблены падчас баявой камандыроўкі 2014 года. Сам Батвін апазнаны ў фота ў фотаальбоме пазначанага фігуранту Удавічэнкі.
8. Ільля Будзін
Нарадзіўся 1 верасьня 1992 г. у г. Ачор Пермскага краю. Станам на 2014-2016 гг. – кантрактнік 8-й АМСБр, у якой, верагодна, служыць і зараз. У сацсетках: “VK” (архівы профілю, фотаальбому, кантактаў).
9. Сабіт Сакаеў
Амаль год таму 8-я асобная мотастралковая брыгада (горная) спыніла свае існаваньне. Злучэньне было сфармаванае амаль 10 гадоў таму. У адрозьненьне ад звычайных мотастралковых брыгадаў першапачаткова была арыентаваная для вырашэньня спэцыфічных задачаў, у тым ліку ў горных умовах. Брыгада была цалкам укамплектаваная кантрактнікамі, пераважна з досьведам службы на Паўночным Каўказе. У межах чарговае рэформы, якая прадугледжвае фармаваньне ў 58-й арміі ПВА новай мотастралковай дывізіі, 8-я АМСБр (в/ч 16544) перафармаваная ў 291-й мотастралковы полк (в/ч 65384) у складзе фармаванай 42-й МСД з захаваннем мейсца дысьлякацыі ў чачэнскім п. Барзой.
У кантэксьце «ўкраінскіх камандыровак» 8-я АМСБр (горная) ужо неаднойчы фігуравала ў матар’ялах InformNapalm:
- 8-я горная мотастралковая брыгада РФ ва Украіне
- Выведпадразьдзяленьне 8-й МСБр (горнай) ля мяжы з Украінаю
- Show Must Go On, або «Папярэднія пяшчоты»
- Мэдаль «За адвагу»
- 8-я АМСБр ЗС РФ у складзе “народнай міліцыі” ЛНР
- Пасьля “камандыровак” на Данбас у 8-й АМСБр ЗС РФ застаюцца “200-я” й інваліды
- Расея канцэнтруе сьвежыя сілы для перакідваньня на Данбас
- Шлях 8-й АМСБр ЗС РФ: ад выправы на Данбас да ўзнагародаў за ваенныя злачынствы
- 8-я АМСБр ЗС РФ у Сухадольску. Прывязка да мясцовасьці
- Апазнаныя ваенныя злачынцы першай хвалі з 8-й брыгады ЗС РФ, якая ваявалі на Данбасе
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ адмыслова для сайту InformNapalm.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
