- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Высновы пра супольныя вайсковыя манэўры РФ і рэжыму Лукашэнкі каля межаў NATO і Украіны

Публікуем для нашых чытачоў камэнтары рэдактара беларускае службы міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm Дзяніса Івашына, які ён надаў інфармацыйнаму праэкту “Данбас. Рэаліі [1]” пра верагоднасьць супольных наступальных дзеяньняў Расеі й рэжыму Лукашэнкі ў напрамку NATO й Украіны.

(Загалоўнае фота belta.by: расейскія дэсантнікі і калёны бранетэхнікі падчас вышкалаў “Славянское братство 2020”, палігон пад Берасьцем, 16 верасьня 2020 году)


У другой палове верасьня Беларусь разам з Расеяй правяла вайсковыя вышкалы «Славянское братство 2020 [2]» непадалёк польскае й украінскае межаў. Яны адбыліся ў той час, калі ўкраінская армія была сканцэнтраваная на Поўдні, каля Крыму. Пра тое, што адбывалася ў межах гэтых вышкалаў распавёў «Данбас. Рэаліі» рэдактар ​​беларускае службы супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын. Гэтая супольнасьць займаецца, у прыватнасьці, зборам інфармацыі пра аґрэсію Расеі супроць Украіны на Данбасе і ў Крыме.

Дзяніс Івашын, рэдактар ​​беларускае вэрсіі сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm / Фота RFE/RL

Пра маштабныя зьмены ў вышкалах «Славянское братство 2020»

(Распавядае Дзяніс Івашын)

Перш за ўсё, зьменены фармат вышкалаў. Быў праанансаваны ўдзел сэрбскага боку, як гэта адбывалася ў папярэднія гады, але з сваіх прычынах Сэрбія адмовілася ад ўдзелу ў гэтых тактычных вышкалах, якія, адпаведна, сталі толькі расейска-беларускімі. Аднак трэба казаць пра сам фармат вышкалаў, бо ён быў фундамэнтальна зьменены. Калі вялося пра ўдзел Сэрбіі, тады казалі пра 1500 удзельнікаў, але фактычна ў манэўрах задзейнічалі [3] каля 6000 вайскоўцаў і прыблізна 500 адзінак вайсковае тэхнікі.

Хаця і было заяўленае, што вышкалы тактычныя, але іх можна параўноўваць ужо з стратэґічнымі – тымі, якія праходзілі на тэрыторыі Беларусі ў 2017 годзе – «Запад 2017 [4]». Вядзецца пра маштаб і колькасны склад удзельнікаў. Напрыклад, падчас вышкалаў на тэрыторыі Беларусі перабывалі 3 батальённа-тактычныя групы вайскоўцаў Паветрана-дэсантных войскаў ЗС РФ. Гэта дэсантнікі Пскоўскай 76-й дывізіі, Іванаўскае 98-й дывізіі і 106-й Тульскай дывізіі.

Чытайце таксама: Маніторынгавая кампанія вайсковых вышкалаў «Запад-2017». Вынікі й высновы [4]

Адное з падразьдзяленьняў, паводле дадзеных супольнасьці InformNapalm, узмоцненае танкавай ротай. Гэта вельмі падобна на этап актыўных баявых дзеяньняў, якія праходзілі на Данбасе ўлетку 2014 году – тады таксама былі задзейнічаныя батальённа-тактычныя групы вайскоўцаў Расейскае Фэдэрацыі супроць падразьдзяленьняў Збройных сілаў Украіны.

Што адпрацоўвалі расейскія ды беларускія вайскоўцы

23 верасьня на палігон «Берасьцейскі» зьдзейсьнілі маштабнае дэсантаваньне з дваццаці лятакоў Іл-76 прыблізна 250 вайскоўцаў 98-й паветрана-дэсантнай дывізіі. Што характэрна – гэты палігон ляжыць за некалькіх кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і, што ня менш важна, за 30 кілямэтраў ад тэрыторыі Украіны. Нашая супольнасьць лічыць, што так маглі адпрацоўваць наступальныя дзеяньні зь беларускага пляцдарму ў бок краінаў NATO, а таксама Украіны.

Неабходна згадаць і пра выкарыстанне [5] стратэґічнае бамбавальнае авіяцыі – Ту-160 і Ту-22М3 ПКС РФ, якія адпрацоўвалі бамбаваньне на тэрыторыі Беларусі. Два лятакі-ракетаносьбіты Ту-160 цалкам праляцелі ўздоўж мяжы Беларусі з краінамі NATO і Украінай. Не выключаю, што яны маглі адпрацоўваць навучальныя ракетна-бомбавыя ўдары па аб’ектах крытычнае інфраструктуры на тэрыторыі Украіны. Гэта ўжо было ў кастрычніку 2016 году.

Фарсаваньне воднае перашкоды падчас вышкалаў “Славянское братство 2020”, Беларусь / Фота EPA.

Мотастралковыя падразьдзяленьні, дэсантнікі адпрацоўвалі высоўваньне й дэсантаваньне з мейсцаў сталае дысьлякацыі, а гэта сьведчыць пра наступальны характар вышкалаў – перш за ўсё з расейскага боку. У межах вышкалаў адпрацоўваецца захоп пляцдарму, ягонае ўтрыманьне й агнявая падтрымка. Ні пра якую абарону тут не вядзецца.

Чытайце таксама: Выдача “ваґнэраўцаў” РФ – абсалютна варожы крок у дачыненьні Украіны [6]

Што ня менш важна – сам чыньнік Збройных сілаў Беларусі губляе сваю суб’ектнасьць. Вышкалы скіраваныя толькі на абарону заходніх межаў так званага «Союзного Государства». Беларусь ужо не згадваецца і гэта выклікае занепакоенасьць. Збройныя сілы краіны адпрацоўваюць, выконваюць функцыі Збройных сілаў РФ і зьяўляюцца іхнай інтэґральнаю часткаю.

Расейскія дэсантнікі і Данбас

Перадусім варта згадаць пра вайскоўцаў 98-й дывізіі. У жніўні 2014 году 10 вайскоўцаў гэтага злучэньня патрапілі ў палон украінскае арміі. Іхныя паказаньні былі запісаны на відэа [7].

Гэта адзін з найбольш яскравых выпадкаў, які пацьверджвае ўдзел расейскіх падразьдзяленьняў, у тым ліку расейскіх дэсантнікаў, у ваеннай аґрэсіі супроць Украіны. Таксама варта згадаць 234-ы дэсантна-штурмавы полк – гэта пскоўская 76-я дэсантна-штурмавая дывізія. Паводле дадзеных нашае супольнасьці, вайскоўцы гэтага злучэньня непасрэдна ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях на Данбасе й згулялі ключавую ролю падчас акупацыі Крыму. Гэта пацьверджанае [8] дакумантальна.

Чытайце таксама: Армія супраць народу. Сілы й сродкі Мінабароны РБ у апэрацыях супраць мірнага насельніцтва [9]

Наагул, той факт, што Расея робіць падобны жэст у кантэксьце гэтых вышкалаў, – высоўвае неанансаваныя падразьдзяленьні дэсантнікаў на тэрыторыю Беларусі, і ўсё гэта адбываецца на тле масавых пратэстаў – вядома ж, гэта выглядае дадатковай гарантыяй захаваньня ўлады рэжыму Лукашэнкі.


Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 [10])

Загалоўнае фота – grodnoplustv.by.

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук [11] / Твітэр [12] / Telegram [13]
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.


[14]InformNapalm [15] – гэта вядомы й цалкам незалежны міжнародны валянтэрскі праэкт, які працуе цягам ужо больш за 6 гадоў.

Мы ня маем аніякай фінансавай падтрымкі ад ураду якой-кольвек краіны ці донараў, адзінымі мэцэнатамі інфармацыйнага праэкту зьяўляюцца ягоныя валянтэры й чытачы, якія ангажуюць свае сілы, час і сродкі для супрацьдзеяньня расейскай інфармацыйнай агрэсіі. Вы таксама можаце падтрымаць InformNapalm або сваімі ведамі й навыкамі, або ахвяраваньнем на ўтрыманьне сайту й разьвіцьцё праэкту. Фінансава нас можна падтрымаць [16] або дабрачынным унёскам праз LiqPay, або стаць «патронам» і падпісацца [17] на штомесячныя мініўнёскі праз сеціва Patreon.