InformNapalm.org (Беларуская)

Выяўленае мейсца захоўваньня ўкраінскага ўзбраеньня, захопленага ў Крыме расейскімі акупантамі.

Украінскія патрыёты з акупаванага Крыма перадалі міжнароднай супольнасьці InformNapalm новыя фатаздымкі вайсковых складоў, зробленыя ў ваколіцах Качынскага каньёну (Бахчысарайскі раён). У здымках зафіксаванае вялікае скопішча разнастайнага ўзбраеньня й тэхнікі.

Праз аналіз фотаматар’ялу OSINT-групай InformNapalm вынікае, што гэтая тэхніка належыць Збройным Сілам Украіны, якая засталася ў Крыму пасьля расейскай акупацыі ў сакавіку 2014 году.

З прычыны таго, што фатаздымкі зробленыя зь вялікае адлегласьці, выявіць усе віды ўзбраеньня, зафіксаванага ў мейсцы базаваньня, не ўдалося, але усё ж большая частка тэхнікі ідэнтыфікаваная.

Фота №1

Фота №2

Пра тое, што гэта колішняя ўкраінская тэхніка, захопленая акупантамі ў Крыме і перакінутая на гэтую базу захоўваньня, сьведчыць шмат што, у тым ліку афарбоўка/камуфляж і ня лепшы стан выяўленых сродкаў. Зафіксаванае колькасьці ўзбраеньня дастаткова для ўкамплектаваньня аднаго зэнітна-ракетнага дывізыёну й аднаго артылерыйскага дывізыёну (хаця складана меркаваць пра стан гэтых машынаў і ўзбраеньня і іхнае прыдатнасьці да выкарыстаньня). І гэта без уліку таго, што можа быць у закрытых складох і ангарах базы – цалкам мажліва, там могуць знаходзіцца боепрыпасы да зэнітных комплексаў і ракетна-артылерыйскія знарады да гаўбіцаў і РСЗВ.

Мы таксама паспрабавалі высьветліць калі прыблізна гэтае ўзбраеньне й тэхніка патрапілі на базу захоўваньня ля каньёну. З апошняга спадарожнікавага здымку гэтай мясцовасьці, які маецца ў сэрвісе Google, з 20 ліпеня 2015 году вынікае,  што на гэтай тэрыторыі падобнае тэхнікі й узбраеньня няма (малаверагодна што падобная колькасьць тэхнікі магла захоўвацца ў закрытых памяшканьнях).

З аналізу апошніх спадарожнікавых здымкаў гэтае мясцовасьці сэрвісу terraserver вынікае, што станам на 24 красавіка 2016 г. было зафіксаванае падобнае ж скопішча вайсковае тэхнікі, якое маецца ў перададзеных з Крыма фота зь верасьня 2016 году.

Для Расеі састарэлае й часткова амартызаванае ўкраінскае ўзбраеньне ў Крыме – лішні клопат, але і Украіне яго, вядома ж, не вярнуць. Цалкам мажліва, акупацыйныя ўлады плянуюць праверыць прыдатнасьць ўсяе гэтае тэхнікі й узбраеньня, магчыма – зрабіць невялікі рамонт і перакінуць яе на Данбас, для расейскіх акупацыйных карпусоў «Л/ДНР».

Гэтую тэхніку можна будзе лёгка падаць як трафеі, захопленыя ў ЗСУ на Усходзе Украіны. Тым болей, што Расея рабіла гэта ўжо неаднойчы. Нагадваем, што яшчэ ўлетку 2014 году актывісты InformNapalm пісалі пра перакідваньне на Данбас захопленых у Крыме ўкраінскіх танках Т-64БВ. Празь некаторы час пра гэта ж казалі прадстаўнікі Міністэрства абароны Украіны і група «Інфармацыйны Супраціў».


Матар’ял да публікацыі падрыхтавалі на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня валянтэры міжнароднае супольнасьці InformNapalm Іраклі Камахідзэ, Міхаіл Кузьняцоў і Відаль Сарокін.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

Exit mobile version