InformNapalm.org (Беларуская)

Юбілейны “засьвет” 291-й артылерыйскай брыгады ЗС РФ на Данбасе

Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm працягвае публікаваць сэрыю расьледаваньняў з новымі сьведчаньнямі ўдзелу расейскай артылерыі ў вайне на Данбасе, раскрываючы інфармацыю пра канкрэтныя падразьдзяленьні і расейскіх вайскоўцаў, якія выконвалі злачынныя загады Крамля.

Прадмова: Лякальная апэрацыя на Усходзе Украіны магла скончыцца яшчэ ўлетку 2014 году, калі ЗСУ практычна замкнулі кальцо атачэньня на дзялянцы дзяржаўнай мяжы Украіны з РФ. Зразумеўшы, што ініцыятыва страчаная, ЗС РФ пачала выкарыстоўваць падступную тактыку зьдзяйсьненьня ракетна-артылерыйскіх удараў з-за «парэбрыку», у прыватнасьці з памежных з Украінаю раёнаў Растоўскае вобласьці, або ж з заездамі на ўкраінскую тэрыторыю. Далей было ўварваньне тактычных групаў, засяроджаных ўздоўж мяжы. Ёсьць шмат сьведчаньняў пра падзеі тых дзён, і нягледзячы на спробы расейскіх спэцслужбаў схаваць праўду, мы выявілі шмат фактаў і доказаў удзелу расейскай арміі ў баёх улетку-ўвосень 2014 году на Усходзе Украіны. З усіх артылерыйскіх злучэньняў ЗС РФ, зафіксаваных у «растоўска-ўкраінскай камандыроўцы», у нашых расьледаваньнях досыць часта фігуруе найперш 291-я артылерыйская брыгада. Праз год пасьля данбаскіх падзеяў, падразьдзяленьне гэтай жа артбрыгады было зафіксаванае і ў Сірыі.

Архівы InformNapalm захоўваюць дзясяткі сьведчаньняў удзелу расейскай ваеншчыны ў вайне на Данбасе. Большасьць фактаў прааналізаваная, частка інфармацыі апублікаваная, некаторыя дадзеныя й крыніцы ўцечкі знаходзяцца ў працэсе вывучэньня або знаходзяцца ў рэжыме апэратыўнага кантролю. У новым OSINT-расьледаваньні мы падаем падрабязнасьці «растоўска-ўкраінскай камандыроўкі» рэактыўнай батарэі 220-мм РСЗВ «Ураган» 291-й артылерыйскай брыгады (в/ч 64670, Інгушэтыя, станіца Троіцкая, у складзе 58-й агульнавайсковай арміі ПВА ЗС РФ) – імёны й дэталі, датычныя датаў і геаграфіі злачыннай камандыроўкі артылерыстаў-реактыўнікаў зь Інгушэтыі, а таксама некаторыя падрабязнасьці, зьвязаныя з кар’ерным ростам расейскіх вайсковых злачынцаў.

Папоў А. В. (архівы профілю, фотаальбомукантактаў), які выкарыстоўвае псэўданім Kyrt War. Нарадзіўся 16 траўня 1995 г. Быў вайскоўцам-кантрактнікам 291-й артбрыгады, “ветэран” Данбаса. За «заслугі» узнагароджаны й накіраваны на навучаньне на курс малодшых камандыраў у 242-і навучальны цэнтар ПДВ (в/ч 64712, Омск, пас. Сьветлы). У фотаальбоме Папова маецца шэраг фатаздымкаў з Данбаса ў нестатутнай форме, у абдымках з баявікамі, якія маюць выгляд бамжоў, а таксама калектыўнае фота дывізыёну з памежнага лягеру расейскіх сілаў з восені 2014 году (гэтае ж фота маюць і некаторыя іншыя фігуранты).

 

Сярод сяброў Папова быў апазнаны ягоны новы сябрук з навучальнага цэнтру, новасьпечаны малодшы камандыр ПДВ, у мінулым артылерыст і “ветэран” «растоўска-ўкраінскіх камандыровак»:

Дзьмітры Крутынін (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў), які фігураваў у OSINT-расьледаваньні Fabrice Deprez як вайсковец адной з частак ЗВА (Муліна, Ніжненоўгарадзкая вобл.) з мноствам фатаздымкаў з сакавіка 2015 году: у Мілераўскім раёне Растоўскае вобласьці ў статутнай форме ЗС РФ, у абліччы «апалчэнца-шахтара», у нестатутнай форме «флора» без апазнавальных знакаў (па ўсім відаць, ужо на ўкраінскай тэрыторыі) і фота эшалёну САУ «Мста-С» з камэнтаром «С победой домой домой и еще раз домой!» (рас.).

 


Можна назіраць цікавую тэндэнцыю: расейскае вайсковае камандаваньне за ўдзел у вайне супроць Украіны надае магчымасьць навучаньня ў школе малодшых камандыраў эліты ЗС РФ – ПДВ – адразу двум кантрактнікам-артылерыстам з розных вайсковых частак.

Эдуард Карапетаў (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў), які выкарыстоўвае псэўданім Іван Іваноў. У ЗС РФ, у 291-й артбрыгадзе служыць з 2012 году, пасьля тэрміновай гадавой службы падпісаў кантракт. На гэты момант, мажліва, пераведзены ў 34-ю горную АМСБр (ст. Старажавая-2, КЧР). У 2014 годзе быў у «растоўска-ўкраінскай камандыроўцы», базавы лягер реактыўнікаў знаходзіўся ў Навачаркаску. У фотаальбоме Карапетава ёсьць сэрыя фатаздымкаў, у якіх ён зафіксаваны ў абліччы баявіка «наваросіі» у нестатутным адзеньні і з барадою. Ён таксама апазнаны і ў супольным фота дывізыёну.

     

Васіль Пасталоў (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў), у 291-й артбрыгадзе служыць з 2013 году. Удзельнік «растоўска-ўкраінскай камандыроўкі» увосені 2014 году. Зафіксаваны, як у Навачаркаску ў нестатутным выглядзе і нарукаўным шаўронам «наваросіі», гэтак і ў поўнай баявой выкладцы, цалкам мажліва, на украінскай тэрыторыі. Асобна трэба адзначыць фота з Навачаркаску з камэнтаром (пакідаем у арыгінале): «КОГДА НАС ЖДУТ МЫ ВОЗВРАЩАЕМСЯ ДАЖЕ С ТОГО СВЕТА!!! ПО ДРУГОМУ НИ КАК , МЫ ОБЯЗАНЫ». У фотаальбоме Пасталова таксама ёсьць калектыўнае фота дывізыёну, выкладзенае ў лістападзе 2014 году, у якім апазнаны ён і ягоныя калегі – Папоў і Карапетаў.

Нагадваем, што 291-я артылерыйская брыгада ўжо неаднойчы фігуравала ў публікацыях InformNapalm. З улікам гэтай публікацыі, гэта ўжо 12-ы, юбілейны «засьвет». Глядзіце тэматычныя спасылкі:


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня валянтэраў міжнароднае супольнасьці InformNapalm.

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Падзяліцеся публікацыяй у сацсеціве! Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

Exit mobile version