InformNapalm.org (Беларуская)

Зафіксаванае маштабнае перакідваньне сілаў і сродкаў ЗС РФ з акупаванай Абхазыі

Міжнародная валянтэрская група InformNapalm.org зафіксавала маштабнае перакідваньне ўзбраеньня і тэхнікі расейскіх акупацыйных войскаў з 7-й вайсковай базы ў г.Гудаута (Абхазыя, Грузыя). Адзін зь першых эшалёнаў тэхнікі быў заўважаны 12 верасьня на чыгуначным вучастку непадалёк ад Туапсэ. Апошнія эшалёны былі зафіксаваныя 19 верасьня ў Сочы. У гэтым матар’яле пададзеныя падрабязнасьці з фота і відэа фактамі, таксама прамежкавымі высновамі што да дзеяньняў сілаў расейскіх акупацыйных войскаў.

Дасьледнікі InformNapalm ужо неаднаразова фіксавалі вайскоўцаў 7-й вайсковай базы акупацыйных войскаў РФ у Абхазыі ў кантэксце “растоўска-ўкраінскіх камандыровак”. Мы й раней асьвятлялі факты перакідваньня, узнагароджваньня, прымусу да падпісаньня кантрактаў, судовых разглядаў над вайскоўцамі гэтага вайсковага злучэньня. Напрацягу апошняга тыдня адбываецца актыўнае перакідваньне сілаў й сродкаў з 7-й вайсковай базы на тэрыторыю РФ. У раёне Сочы відавочцы зафіксавалі некалькі эшалёнаў, якія загружаныя вайсковай тэхнікай і ўзбраеньнем:

Факты прадстаўленыя на відэа:

(Арыгінал відэа выклаў карыстальнік Shishkinbab пад назовам “Танкі Сочы”)

Ідэнтыфікацыя мясцовасьці – вучастак чыгункі на спадарожнікавай мапе і фатаздымак гэтага вучастку.
  
Паводле папярэдніх ацэнак, у склад расейскіх войскаў, якія перакідваюць з 7-й акупацыйнай базы ў Абхазыі, уваходзіць  паўнавартасная батальёна-тактычная група (БТГр). У ейным складзе: да батальёну матастралкоў на БТР-82, танкавая рота Т-90, зьмяшаны гаўбічна-рэактыўны дывізыён САУ “Акацыя” і РСЗА “Град”, зводная рота выведкі, таксама іншыя падразьдзяленьні забесьпячэньня.

Перасоўваньне расейскіх войскаў на сочынска-абхазскай дзялянцы дзяржаўнай мяжы Грузыі з РФ фіксавалася й раней, але маштаб перакідваньня напрацягу апошніх дзён значна перавышае стандартныя межы ратацыяў і маршаў для правядзеньня вышкалаў. Зазначым, што 7-я расейская акупацыйная база ў Абхазыі мае два палігоны: адзін зь іх узьбярэжны – у мястэчку Нагвалоў, адзін  горны – у раёне вёскі Цэбельда. Нягледзячы на ​​наяўнасьць гэтых палігонаў, праводзіць паўнавартасныя тактычныя вышкалы батальённага ўзроўню з баявой стральбою з усіх відаў узбраеньня не выпадае, у зьвязку з чым падразьдзяленьні 7-й вайсковай базы часта накіроўваюцца на палігоны ў РФ – у Молькіна, Растоўскае вобласьці, а таксама ў Ашулук, Астраханскае вобласьці. Але звычайна, склад выязных вышкалаў ня надта вялікі, выкарыстоўваюць адзін эшалён для асабістага складу і некаторай матар’яльнай маёмасьці матастралковага батальёну (МСБ), бо на мейсцы на іх чакае навучальная тэхніка. Выключэньнем можа быць толькі вяснова-летнія вышкалы 7-й вайсковай базы 2014 году, якія адбываліся ў Астраханскай вобласьці. Тады вайсковыя падразьдзяленьні замест вяртаньня ў мейсца дысьлякацыі ў г.Гудауце, былі накіраваныя ў памежны з Украінай раён Растоўскае вобласьці, з наступным удзелам у летне-восеньскіх баёх на Данбасе.

Ня будзем выключаць і магчымасьць перакідваньня сілаў і сродкаў 7-й вайсковай базы ў г.Наварасійску для наступнага транспартаваньня іх на борце вялікіх дэсантных караблёў (ВДК) ВМФ РФ. Раней мы таксама паведамлялі пра значнае павялічэньне колькасьці выправаў ВДК з партоў Наварасійск і акупаванага Сэвастопалю ў сірыйскі порт Тартус.

На цяперашні момант мы зафіксавалі сам факт маштабнага перакідваньня войскаў з Абхазыі. Інфармацыя пра канчатковы пункт прызначэньня войскаў, якія перакідваюць з 7-й вайсковай базы, пакуль адсутнічае. Але зыходзячы зь леташняга досьведу, можам зрабіць здагадку, што гэтая батальёна-тактычная група перадысьлякоўваецца да ўкраінскай мяжы ў межах “плянавай ратацыі” або для ўзмацненьня групоўкі перад эскаляцыяй канфлікту. Зазначым, што каманда InformNapalm.org ў выніку ўласных расьледаваньняў ужо неаднойчы падавала інфармацыю пра наўпроставыя або ўскосныя доказы што да ўдзелу вайскоўцаў 7-й вайсковай базы ў кантэксьце “растоўска-ўкраінскіх камандыровак”

Паводле нашых дадзеных, апроч “плянавага дзяжурства” на расейска-ўкраінскай мяжы, на цяперашні момант група вайскоўцаў-кантрактнікаў 7-й вайсковай базы РФ ужо знаходзіцца на акупаванай тэрыторыі Данбаса ў складзе незаконных збройных фармаваньняў, новы матар’ял што да гэтага факту будзе пададзены бліжэйшым часам.

UPD: 23.09.15 група InformNapalm.org зьдзейсьніла дадатковую выведку атрыманых дадзеных што да перакідваньня буйных эшалёнаў тэхнікі расейскіх акупацыйных войскаў 7-й вайсковай базы (мейсца сталай дысьлякацыі в/ч 09332, г. Гудаута, Абхазыя, Грузыя) і вызначыла, што эшалёны тэхнікі былі разгружаныя ў Растоўскае вобласьці. Больш падрабязна пра гэта чытайце ў матар’яле: “Расея перакідвае тэхніку 7-й вайсковай базы ў Растоўскую вобласьць”.

Таксама прапануем азнаёміцца ​​зь іншымі нашамі матар’яламі што да гэтай тэмы:

Легенда-біяграфія “колішняга” вайскоўца 7-й вайсковай базы. June 30, 2015

Вайскоўцы 7-й вайсковай базы ЗС РФ перагульваюць падчас пераапрананьня у баявікоў “ДНР/ЛНР”. June 23, 2015

Чарговыя ўзнагароджаныя з 7-й акупацыйнай вайсковай базы ў выніку ўкраінскіх камандыровак. May 13, 2015

Міхос “адважны” – выведчык 7-й в/базы, кавалер мэдалю “За адвагу”. March 18, 2015

Тэрміноўцаў 7-й вайсковай базы РФ масава вярбуюць у кантрактнікі дзеля “ўкраінскіх камандыровак”. March 6, 2015

Вайскоўцаў 7-й вайсковай базы РФ з Абхазыі за ўдзел у баёх на Данбасе ўзнагароджваюць мэдалямі. March 2, 2015

“З мандарынавага раю ва ўкраінскае пекла”: як расейскіх кантрактнікаў у дабраахвотна-прымусовым парадку выпраўляюць забіваць украінцаў. February 4, 2015

Рэактыўная артылерыя 7-й расейскай акупацыйнай базы з Абхазыі на мяжы з Данбасам. December 18, 2014

“Інтэрны” – мэдычнае падразьдзяленьне 7-й вайсковай базы з Абхазыі на мяжы з Украінай. October 11, 2014

“Данецкі экспрэс” – ідэнтыфікацыя расейскай тэхнікі і ўзбраеньня, што перакідваецца на Данбас. October 6, 2014

Баявыя разьлікі САУ “Акацыя” 7-й вайсковай базы, якія “партызаняць” у лясох уздоўж мяжы з Украінай. October 2, 2014

Аўтар матар’ялу Іраклі Камахідзэ

(с) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялу актыўная спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Пераклад Дзяніса Івашына

Exit mobile version