InformNapalm.org (Беларуская)

Зафіксаваныя ў Валгаградзе ракетныя комплексы “Іскандэр-М” могуць быць нацэленыя на штаб ЗСУ у Краматорску (ВІДЭА)

Валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm падчас маніторынгу сацыяльных сетак зафіксавалі перасоўваньне 23 студзеня 2018 г. у Валгаградзе 3 пускавых установак комплексу Іскандэр-М і 4 пускавых ўстановак комплексу С-300, меркавана С-300ПМУ2, за 330 км ад мяжы з Украінай.

Відэа з фіксацыяй перасоўваньня пазначанай калёны расейскай ракетнай тэхнікі было апублікаванае мясцовай жыхаркай ў сацыяльнай сетцы Instagram з дасьціпным камэнтаром (пакідаем у арыгінале): «Уж и не знаю, куда они. Может на выборы».

Характэрна, што заяўленая далёкасьць дзеяньня апэратыўна-тактычнага ракетнага комплексу “Іскандэр-М” складае 500 км, гэта наўпроставая адлегласьць адпавядае дыстанцыі ад расейскага Валгаграда да ўкраінскага Краматорска, дзе месьціцца штаб правядзеньня апэрацыяў у забесьпячэньні нацыянальнае бясьпекі й абароны, адпору й стрымліваньня збройнай агрэсіі РФ.

Гадавіна абстрэлу Краматорска

10 лютага 2015 году расейскія войскі зь непадкантрольнай Украіне тэрыторыі абстралялі з РСЗА «Сьмерч» вайсковы аэрадром і густанаселеныя раёны гораду Краматорск. У выніку абстрэлу загінулі 17 чалавек, зь якіх – 10 цывільныя асобы і 7 вайскоўцаў Збройных Сілаў Украіны. 64 чалавекі былі параненыя. Галоўная вайсковая пракуратура Украіны кваліфікавала гэты абстрэл як тэрарыстычны акт.

Падрыхтоўка да параду або схаванае перасоўваньне для збройнай агрэсіі?

У рэгіянальных расейскіх СМІ мы знайшлі паведамленьні, у якіх анансаванае правядзеньне ў Валгаградзе вайсковага параду ў гонар «75-годзьдзя перамогі савецкіх войскаў пад Сталінградам». У іх зазначанае, што 2 лютага 2018 году ў вайсковым парадзе на «Плошчы Загінулых Змагароў» будзе застасаваная баявая й спэцыяльная тэхніка: РСЗА «Тарнада» і «Сьмерч», ЗРК «С-300», РПК «Панцыр», тактычны зэнітна-ракетны комплекс «ТОР-М1», танкі Т-90, самаходныя гаўбіцы 2С19 «Мста-С», бронеаўтамабілі «Тыгр» і АТРК «Іскандэр».

Валянтэры InformNapalm ў сваіх расьледаваньнях раней фіксавалі выкарыстаньне ў баявых дзеяньнях на Данбасе практычна ўсіх пазначаных вышэй тыпаў расейскага ўзбраеньня й вайсковай тэхнікі, за выняткам АТРК «Іскандэр».

Спадзяемся, што напярэдадні выбараў кіраўніцтва РФ не пяройдзе чарговую чырвоную рысу й ня будзе выкарыстоўваць пазначаны тып узбраеньня для агрэсіі супроць суседняй дзяржавы. Аднак гэты варыянт сьлед разглядаць і быць гатовым да яго ня толькі Украіне, але й усёй міжнароднай супольнасьці.

У наступных публікацыях InformNapalm надасьць інфармацыю пра мейсцы сталага базаваньня расейскіх АТРК «Іскандэр».


Матар’ял да публікацыі падрыхтавалі Victory Krm і Раман Бурко адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

Інфаграфіка Alex Alexidze.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

 

Exit mobile version