- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Замова на тэрор у Крыме: РФ загадзя перакінула штурмавікоў і дэсант

Сцэнар для тэрору ў Крыме

Наваствораная Нацыянальная гвардыя РФ [1] супольна з МА РФ з 25 па 30 ліпеня 2016 году на палігоне «Прудбой» у Валгаградзкай вобласьці праводзіла свае першыя вышкалы з задзейнічаньнем захадаў для ліквідацыі магчымай «тэрарыстычнай пагрозы ў Крыме». Падчас манэўраў, у якіх удзельнічалі звыш 4500 вайскоўцаў, былі застасаваныя 500 адзінак спэцтэхнікі, адпрацоўвалася спэцапэрацыя ПДВ з высадкаю дэсанту зь лятака Іл-76 і гэлікоптэру Мі-8, а таксама з выкарыстаньнем баявых гэлікоптэраў і артылерыі.

Легендай вышкалаў стаўся «захоп тэрарыстамі населенага пункту ў Крыме, якія прыйшлі з-за мяжы». Сцэнар стварэньня падставы для агрэсіі быў абыйграны ў полі, а затым атрымаў свой інфармацыйны працяг праз тыдзень непасрэдна ў паўночнай частцы Крыму.

Маштаб і характар манэўраў сьведчыў больш пра адпрацаваньне наступальнай апэрацыі, чымся пра трэнаваньне дзеяньняў у межах ліквідацыі лякальнай тэрарыстычнай пагрозы.

У гэтай частцы публікацыі крамлёўскі прапагандыст Дзьмітры Кісялёў сказаў бы сваю фірмовую фразу: «Супадзеньне?! Ня думаю!».

Перадысьлякацыя «назад у будучыню»

Гэтыя факты, аднак, не зьяўляюцца найбольш цікавым і характэрным, але тое, што пад выглядам вышкалаў у Крым былі сьпешна перакінутыя вайсковыя падразьдзяленьні.

З 27 ліпеня па 2 жніўня 2016 г. перадысьлякаваныя падразьдзяленьні 247-га дэсантна-штурмавога палку (г. Стаўрапаль).

1

З 2 па 6 жніўня 2016 г. на тэрыторыю Крыма прыбылі:

– падразьдзяленьні й тэхніка 1-й інжынэрна-сапёрнай брыгады (г. Мурам). Вайскоўцы брыгады прайшлі нядаўнюю абкатку ў сірыйскай Пальміры. Брыгада вылучаецца з усіх іншых расейскіх інжынэрна-сапёрных частак наяўнасьцю штурмавых падразьдзяленьняў, у задачу якіх уваходзіць забесьпячэньне баявых дзеяньняў на ўрбаністычнай мясцовасьці (штурм дамоў, дзеяньні ў гарадох і г.д.).

2

– падразьдзяленьні й спэцыяльная тэхніка 66-й брыгады кіраваньня 49-й агульнавайсковай арміі (г. Стаўрапаль), у задачу якой уваходзіць забесьпячэньне сувязі вайсковага кіраўніцтва з прэзыдэнтам і міністрам абароны РФ;

3

– асобныя падразьдзяленьні расейскай нацыянальнай гвардыі (дысьлякуюцца як у Краснадарскім краі, гэтак і ў цэнтральнай частцы РФ, напрыклад, у Ліпецку);

– шматлікая разнастайная браняваная і спэцыяльная тэхніка, якая пасьля транспартаваньня на паромах у Керч, была перавезеная на розныя аб’екты паўвыспы;

4

Манэўры ў Краснадарскім краі

Адначасова з гэтым на тэрыторыю Краснадарскага краю з цэнтральнай часткі РФ перакідваліся часткі забесьпячэньня, у тым ліку высокамабільныя сілы. У прыватнасьці яшчэ 3 жніўня 2016 у г. Крымск з Маскоўскае вобласьці былі перакінутыя падразьдзяленьні й тэхніка 100-га асобнага палку матар’яльна-тэхнічнага забесьпячэньня (г. Калінінец), які мае падвышаную мабільнасьць і прыстасаваны для апэратыўнага перакідваньня ў любы пункт падчас узьнікненьня надзвычайнай сытуацыі.

Верагодна, праз гэта падразьдзяленьні разьмясьцілі на тэрыторыі аэрадрому «Крымск» (у выпадку неабходнасьці яны могуць быць перавезеныя лятакамі ў Сірыю, у Крым, у любую іншую мясцовасьць, дзе ЗС РФ выконваюць вайсковыя апэрацыі).

5

Апроч гэтага, на працягу першых 6 дзён жніўня 2016 г. у Наварасійскім раёне было зафіксаванае актыўнае перасоўваньне калёнаў рознага тыпу вайсковай тэхнікі. Мясцовыя жыхары назіралі калёны бронемашынаў і грузавікоў як з мясцовымі дэсантнікамі, гэтак і з прыбылымі з Астрахані марскімі пяхотнікамі 727-га асобнага батальёну, якія перасоўваліся між Анапай і Наварасійскам. Былі заўважаныя таксама перадысьлякацыі ў порт Наварасійска, у якім базуюцца дэсантныя караблі.

Нагнятаньне сытуацыі ў Крыме

У самым Крыме, на палігоне «Апук» зь ліпеня адбывалася актыўнае баявое зладжваньне штурмавых падразьдзяленьняў марской пяхоты, берагавых войскаў, танкавых ротаў, усіх відаў артылерыі, падразьдзяленьняў сувязі й забесьпячэньня. Падчас зладжваньня падразьдзяленьні 126-й брыгады берагавой абароны, 810-й брыгады марской пяхоты, 8-га артылерыйскага палку, 68-га асобнага марскога інжынэрнага палку, 133-й, 99-й і 78-й брыгадаў матар’яльнага забесьпячэньня і іншыя часткі адпрацоўвалі супольныя дзеяньні ў абароне і нападзе. На крымскіх дарогах было зафіксаванае значнае павялічэньне калёнаў вайсковых грузавікоў, бронетранспартэраў, танкаў на цягачах і берагавых ракетных комплексаў «Бастыён» [2]. А на поўначы паўвыспы, у Краснаперекопскім раёне, відавочцы паведамлялі пра рэгулярныя перасоўваньні чыгуначных эшалёнаў з вайсковай тэхнікай, калёнамі грузавікоў з гаўбіцамі на буксірах і РСЗВ «Град».

6

Высновы

Такім чынам, інфармацыйная правакацыя з заявай ФСБ РФ пра спробы зьдзяйсьненьня «тэрактаў» на паўвысьпе і пра раскрыцьцё цэлага «сеціва агентаў Галоўнага ўпраўленьня выведкі Украіны» сталася лягічным працягам апэрацыі й падрыхтоўкі да агрэсіі.

Надзвычай тэрміновае перакідваньне высокамабільных і штурмавых падразьдзяленьняў у Крым і Краснадарскі край з Мурама і Маскоўскае вобласьці сьведчыць пра агрэсіўныя пляны Крамля. Пры гэтым застаюцца адкрытымі пытаньні: што, напрыклад, зьбіраюцца разміноўваць мурамскія рабатызаваныя сапёрныя падразьдзяленьні ў Крыме і якія гарадзкія аб’екты яны будуць дапамагаць штурмаваць? У раён якіх «надзвычайных сытуацыяў і катастрофаў» гатовыя вылятаць маскоўскія падразьдзяленьні матар’яльна-тэхнічнага забесьпячэньня з краснадарскага аэрадрому «Крымск»?

Усе пералічаныя вайсковыя часткі апынуліся ў Крыме за некалькі дзён да стварэньня карцінкі з затрыманьнем украінскіх «дывэрсантаў» і тэатральнага выступу расейскага прэзыдэнта, які празрыста намякнуў на нейкія «адэкватныя адказы».

Падобныя «супадзеньні» ня бачыў ува сьне нават Дзьмітры Кісялёў.


Матар’ял падрыхтаваў Дзьмітры Лісуноў (Мэдыяклюб грамадзкага дыялёгу «Эўрапрастора») з падтрымкаю валянтэраў InformNapalm.

На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын [3].

 (CC BY 4.0 [4]) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org [5], падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.