InformNapalm.org (Беларуская)

Расея выкарыстоўвае жаўнераў 7-й акупацыйнай базы ў Грузіі для агрэсіі супроць Украіны

Агрэсія Расеі супроць Украіны шчыльна зьвязаная з акупацыяй часткі тэрыторыі Грузіі, якую расейцы выкарыстоўваюць як ваенны пляцдарм. Такі ж лёс напаткаў і акупаваны ўкраінскі Крым, які стаўся пляцдармам для «сірыйскага экспрэсу». Гэтая ўзаемасувязь выразна адсочваецца з аналізу расьледаваньняў міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

У панядзелак увечары, 17 ліпеня, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка прыбыў з працоўным візытам у Грузію, падчас якога ўкраінскім і грузінскім бакамі была падпісаная дэклярацыя пра ўзаемную падтрымку сувэрэнітэту й тэрытарыяльнае цэласнасьці.

Якім чынам акупацыя часткі грузінскае тэрыторыі Расеяй ўплывае на агрэсію РФ супраць Украіны на Данбасе InformNapalm раскрыў у больш за 30 OSINT-расьледаваньнях. У матар’ялах пададзеная інфармацыя пра вайскоўцаў з складу 7-й расейскай вайсковай акупацыйнай базы (г. Гудаўта, акупаваная Абхазія, Грузія), якія ў складзе бандфармаваньняў тэрарыстычнага ўтварэньня «Л/ДНР» прымалі ўдзел у баявых дзеяньнях на Данбасе.

Інсайдэры выведвальнае супольнасьці InformNapalm таксама паведамілі, што прычынаю нядаўняе адстаўкі камандыра 7-й вайсковай базы, генэрал-маёра М. Касабокава, сталася маштабная выцечка інфармацыі што да ўдзелу вайскоўцаў у вайне супроць Украіны, масавы адток кантрактнікаў, агульная неспрыяльная атмасфэра сярод вайскоўцаў і нізкая боегатоўнасьць.

Маштабныя выцечкі інфармацыі будуць працягвацца й далей, бо ў архівах InformNapalm захоўваецца яшчэ дастатковая колькасьць матар’ялаў пра злачынствы вайскоўцаў 7-й вайсковай базы. Таму новы камандыр базы – палкоўнік І. Ягораў, прызначаны напачатку 2017 году, – цалкам мажліва, будзе мець таксама праблемую кар’еру.

Выяўлены чарговы ваенны злачынец РФ. Ад акупацыі Грузіі да Украіны.

Зь сьнежня 2016 году валянтэры InformNapalm узялі пад асаблівы кантроль сацыяльны профіль вайскоўца-кантрактніка 7-й вайсковай базы Дэнчыка Містыша (архівы профілю 1, 2; фотаальбому 1, 2; кантактаў 1, 2). У ягоным фотаальбоме маюцца здымкі зь лягероў падрыхтоўкі да перакідваньня ва Украіну з Растоўскае вобласьці батальённа-тактычнай групы вайскоўцаў 7-й вайсковай базы. Атрымалася ўсталяваць сапраўднае імя вайскоўца. Псэўданім «Містыш» у сацсеціве выкарыстоўвае Дзяніс Паўлавіч Менцэль, родам з г. Геленджык. Там жа жывуць і ягоныя сваякі – бацька, маці і брат.

Сярод фатздымкаў Дзяніса Менцэля маецца здымак, выкладзены 11 сьнежня 2015 году, у якім зафіксаваны расейскі вайсковец з нарукаўнай нашыўкай з сьцягам так званай «Новороссии» (рас.).

Дзеля ідэнтыфікацыі таварыша ў службе Менцэля быў патрэбны некаторы час, бо аб’екту не было ў сьпісе сяброў у сацыяльным профілі, які збольшага складаўся з кантрактнікаў 7-й вайсковай базы. Пасьля паглыбленага OSINT-аналізу, атрымалася вызначыць, што ў фота зафіксаваны расейскі вайсковец Павал Пастэрнак.

Павал Пастэрнак, 1987 г.н., родам з Забайкальскага краю.

У сацыяльных сетках: “ОК” – старонка схаваная для прагляду, “VK”: №1 – старонка неактыўная зь  сьнежня 2016 году, №2 – неактыўная з 2013 году, facebook – старонка неактыўная з 2014 году. Нягледзячы на тое, што ў сацсетках маецца шмат старонак Пастэрнака, яны зьяўляюцца ня надта інфарматыўнымі, аднак з дапамогаю іх былі вызначаныя некаторыя дадатковыя дадзеныя.

Пра сапраўднасьць прозьвішча Пастэрнак сьведчаць профілі ягоных сваякоў: жонкі Вольгі Пастэрнак “VK” №1 , №2, “ОК”- дзейны профіль; маці – Ніны Пастэрнак (Загібалава) “VK”, “ОК”  (характэрна, што профілі сваякоў Паўла ў сацсеціве “ОК” таксама маюць абмежаваньне для прагляду). Вызначанае, што Павал Пастэрнак станам на 2012-2013 гады служыў у паліцыі МУС РФ.

 

 

З 2015 году П. Пастэрнак служыць паводле кантракту на 7-й вайсковай базе ЗС РФ.

Фота з нарукаўным шаўронам зь сьцягам «Новороссии» можа быць ускосным доказам, але гэта не адзіны аргумант. У дэталізацыі інфармацыі нам дапамог фігурант аднаго з папярэдніх расьледаваньняў InformNapalm, зямляк Пастэрнака з Чыты, экс-памочнік машыніста “РЖД” і колішні вайсковец 17-й АМСБр з Чачэніі, які служыў у шэрагах расейска-тэрарыстычных войскаў, Анатоль Івачоў. Цікава, што ён зьвяртаўся нават з адкрытымі лістамі да прэзыдэнта РФ Пуціна з просьбаю накіраваць яго ў Сірыю дзеля выплаты пазыкаў.

Чытайце таксама: Беспрацоўе і вайна як праца: расейскі машыніст праз пазыкі пайшоў ваяваць на Данбасе.

Сярод фатаздымкаў А. Івачова шмат здымкаў з Данбаса, у тым ліку зь геалякацыяй мяйсцовасьці. Найбольш цікавым ёсьць фота, выкладзенае ў ягоным альбоме 26 сьнежня 2016 году зь геатэгам “Партызанская вуліца, Шахтарск, Украіна”. У гэтым фота Івачоў пазуе з баявым таварышам у акупацыі Данбасу. Як бачым, у кадар паноўна патрапіў Павал Пастэрнак.

Такім чынам, маем чарговы выпадак фіксацыі дзейных вайскоўцаў 7-й вайсковай базы ў складзе незаконных збройных фармаваньняў на часова акупаванай тэрыторыі Украіны. У 2016 годзе валянтэры InformNapalm выявілі кантрактнікаў С. Фіногіна й М. Хаменку, якія сумяшчалі службу ў расейскай арміі з удзелам у бандфармаваньнях «Л/ДНР».


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня Іраклі Камахідзэ адмыслова для сайту InformNapalm.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

 

 

 

Exit mobile version