Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm зьдзейсьніла паглыблены аналіз дадзеных, перададзеных хакерскай групай Trinity пасьля ўзлому воблачнага сховішчу тэлефона расейскага вайскоўца. Частка інфармацыі ў гэты момант выкарыстоўваецца для апэратыўных мэтаў. Былі выяўленыя фатаздымкі, у якіх зафіксаваны працоўны тэрмінал расейскай станцыі Р-330Ж «Житель» (рас.). Час, мейсца і дадзеныя фота, а таксама дадатковы аналіз спадарожнікавых здымкаў, які зьдзейсьнілі валянтэры InformNapalm, сьведчаць пра выкарыстаньне гэтай станцыі перашкодаў падчас баёў за Дэбальцава ўзімку 2015 году.
-
Даведка. Р-330Ж “Житель
Аўтаматызаваная станцыя перашкодаў (АСП) Р-330Ж («Житель») забясьпечвае:
- Аўтаматызаванае выяўленьне, пеленгаваньне й аналіз сыгналаў крыніцаў радыёвыпраменьваньня ў працоўным дыяпазоне частотаў;
- Зьдзяйсьненьне радыёперашкодаў пераносным і мабільным наземным станцыям (абаненцкім тэрміналам) сыстэмаў спадарожнікавае сувязі «ІНМАРСАТ» і «ІРЫДЫЮМ», навігацыйнай апаратуры карыстальнікаў спадарожнікавай радыёнавігацыйнай сыстэмы «НАВСТАР» (GPS) і базавых станцыяў сотавай сыстэмы сувязі GSM-900/1800;
- Аўтаматызаванае зьдзяйсьненьне тэлекодавага інфармацыйнага абмену з аналягічнай спалучанай АСП для забесьпячэньня сынхроннага пеленгаваньня крыніцаў радыёвыпраменьваньня дзеля вызначэньня іхных каардынатаў;
- Аўтаматызаванае зьдзяйсьненьне тэлекодавага інфармацыйнага абмену з вышэйшым пунктам кіраваньня дзеля атрыманьня баявога заданьня і справаздачы вынікаў дзейнасьці;
- Аўтаматычнае тэставаньне апаратуры і выяўленьне няспраўных элемэнтаў (складовых частак);
- Наданьне картаграфічных дадзеных з адлюстраваньнем інфармацыі пра знойдзеныя крыніцы радыёвыпраменьваньня на фоне электроннай тапаграфічнай мапы мясцовасьці або ў сетцы прастакутных каардынатаў.
Гэтую АСП мае ва ўзбраенні толькі расейская армія, ейнае знаходжаньне на акупаванай тэрыторыі ўкраінскага Данбаса сьведчыць пра выкарыстаньне Расейскай Фэдэрацыяй сучасных сродкаў РЭБ у агрэсыўнай вайне супроць Украіны. Станцыю абслугоўваюць кадравыя вайскоўцы РФ.
Для суцэльнасьці факталягічнае базы не ставала толькі доказаў, атрыманых непасрэдна з гэтай станцыі перашкодаў. Хакеры групоўкі Trinity надалі нам гэтую магчымасьць. У воблачным сховішчы тэлефону расейскага вайскоўца былі выяўленыя два цікавых фатаздымкі. Падчас іхнага аналізу мы высьветлілі, што гэтыя фота былі зробленыя 24.01.2015 г. а 19:49 і 19:51 паводле Кіеўскага часу з дапамогаю смартфона Lenovo A516. Яны зафіксавалі працоўныя экраны тэрміналаў АСП Р-330Ж «Житель». Першае фота:
У верхнім левым куце экрану маецца пазначэньне “АСП Р-330Ж”, гэта абрэвіятура назову станцыі – “Аўтаматычная станцыя перашкодаў (АСП) Р-330Ж «Житель». У ніжнім левым куце маецца дата: 24/01/2015. Таксама на мапе можна пабачыць надпісы населеных пунктаў: Горлаўка (пазначаны чырвоным), Зайцава і іншыя. Чырвоная лінія з згусткам промняў – асноўны напрамак зьдзяйсьненьня радыёвыведкі расейскага комплексу, скіраваны на н.п. Сьветладарск, Луганскае і Папасная.
Дзеля параўнаньня, падаем кадар з рэпартажу каналу SEIMTV з назовам «Войскі радыёэлектроннай барацьбы зьдзяйсьняюць вышкалы», зь якога можна пераканацца, што гэта тыповы працоўны экран гэтага комплексу.
У другім фатаздымку, выяўленым у воблачным сховішчы, зафіксаваныя вынікі сканаваньня радыёпрасторы ў дыяпазоне частотаў 115-175 МГц (частотна-пеленгавая дыяграма). Вертыкальная вось, азымут ад 0 да 360 градусаў, гарызантальная – вось частаты. Чырвоным колерам пазначаныя афлайн-абанэнты, зялёным – дзейсныя абанэнты. Асноўная канцэнтрацыя пеленгу знаходзіцца ў дыяпазонах 150-175 МГц, што адпавядае VHF дыяпазону. Напрыклад, адная з самых распаўсюджаных рацыяў у падраздзяленьнях збройных сілаў Украіны – BaoFeng UV-5R – якая можа працаваць у рэжыме VHF у дыяпазоне 136-174 Мгц. Зьвярніце ўвагу на адсьвет асвятляльнай лямпы (што знаходзіцца ў кунгу) у левай верхняй частцы здымку.
Таксама падаем для параўнаньня кадар з пазначанага вышэй рэпартажу канала SEIMTV, ў якім зафіксаваная частотна-пеленгавая дыяграма.
Кадар з рэпартажу ГТРК Ніжні Ноўгарад з 30 сакавіка 2011 г. «Рота РЭБ падчас плянавых заняткаў у поле» дае магчымасьць таксама параўнаць лямпы, адная зь якіх патрапіла ў выглядзе адсьвету ў другое выяўленае фота.
Вернемся да першага фатаздымку і на падставе картаграфічных дадзеных паспрабуем усталяваць дакладнае мейсцазнаходжаньне АСП. Чырвонай пазнакаю адзначанае Вуглегорскае вадасховішча ля населенага пункту Сьветладарск, Данецкая вобласьць, Украіна.
То бок, узімку 2015 году станцыя базавалася на тэрыторыі пажарнай часткі № 28 гораду Горлаўкі, дакладныя каардынаты на мапе (48.3103372N 38.1189859E).
Засталося толькі адзінае пытаньне: ці зьяўляецца станцыя, зафіксаваная ў Макееўцы і выяўленая ў Горлаўцы адной і той жа, ці на тэрыторыі Украіны задзейнічаныя некалькі адзінак гэтай расейскай сыстэмы РЭБ. Ніжэй пададзеная працоўная зона дзеяньня станцыі, вызначаная падчас аналізу здымкаў у Горлаўцы.
Апроч аналізу перададзеных хакерамі дадзеных, валянтэры InformNapalm зьдзейсьнілі дадатковую выведку мясцовасьці з дапамогаю сэрвісу спадарожнікавых мапаў GoogleEarth, каб на 100% пацьвердзіць сапраўднасць здымкаў і здагадку што да мейсца дысьлякацыі станцыі. Было пацьверджанае, што ў спадарожнікавым здымку з 27.02.2015 г. на тэрыторыі пажарнай часткі №28 гораду Горлаўкі зафіксаваная АСП Р-330Ж «Житель» (машына кіравання знаходзіцца ў ценю будынку, можна пабачыць толькі антэну).
Зь зьдзейсьненага аналізу вынікае, што станцыя знаходзілася ў пазначаным мейсцы прыблізна з 24.01.2015 г. па 27.02.2015 г., акурат падчас баёў за горад Дэбальцава, які патрапляе ў 25-ці кілямэтровую зону дзеяньня гэтай АСП.
У гэтай публікацыі мы наўмысна не раскрываем ідэнтыфікацыйныя дадзеныя расейскага вайскоўца, які захоўваў сакрэтныя фатаздымкі ў воблачным сховішчы, дзеля зьдзяйсьненьня дадатковых сьледчых мерапрыемстваў.
Глядзіце таксама: Хакеры «спалілі» спэцназаўца ФСВП Расеі. Відэа (18+)
Ёсьць падставы меркаваць, што выяўленая станцыя (станцыі) належыць да 18-й АМСБр. З адкрытых крыніцаў вядома, што Р-330Ж «Житель» маецца ва ўзбраеньні 18-й асобнай мотастралковай брыгады (18 АМСБр, в/ч 27777, Каліноўская, Рэспубліка Чачэнія), вайскоўцы і тэхніка гэтай брыгады неаднаразова былі зафіксаваныя OSINT-выведнікамі InformNapalm на Данбасе.
Чытайце таксама расьледаваньні пра 18-ю АМСБр:
- Танкі 18-й асобнай мотастралковай брыгады з Чачэніі ва Украіне
- Як Павал Губараў “засьвяціў” 18-ю гв. АМСБр ЗС РФ
- «11 сяброў Пуціна»: сэлфі-выведнікі 18-й АМСБр на Данбасе
- Тры камандыроўкі на Данбас з 18-й АМСБр РФ: Cherchez la femme
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваны на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня міжнароднай валянтэрскай супольнасьцю InformNapalm з дапамогаю дадзеных, перададзеных хакерскай групай Trinity.
На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Падзяліцеся публікацыяй у сацсеціве! Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём. Разам пераможам!
