InformNapalm.org (Беларуская)

Збройныя сілы Украіны зьбілі расейскі бесьпілётнік “Застава”, ён жа ізраільскі “Bird Eye 400”, кошт якога 2 млн. даляраў.

Украінскія памежнікі зьбілі расейскі бесьпілётнік “Застава”. Ён зьбіраў інфармацыю пра пазыцыі Украінскай Арміі, заляцеў на 1,5 км углыб тэрыторыі Луганскае вобласьці, прыблізна за 25 км ад лініі разьмежаваньня з так званай Луганскай Народнай Рэспублікай. Гэты дрон, фактычна, ізраільскі “Bird Eye 400” БПЛА, але выраблены ў Расіі, пасьля падпісаньня ў 2012 годзе кантракту з ізраільскай кампаніяй Israel Aerospace Industries (IAI). Кошт гэтага БПЛА – 2 млн. даляраў.

Расейскі БПЛА “Застава” (Bird Eye 400), які быў зьбіты ва Украіне

Украінская дзяржаўная памежная служба апублікавала фатаздымкі расейскага бесьпілётніка на сваім сайце dpsu.gov.ua і відэа на сваім YouTube канале.

Бесьпілётнік быў заўважаны паміж н.п. Герасімаўка (Украіна) і Ушакоўка (Расейская Фэдэрацыя).

Расейскі БПЛА “Застава” зьбіты за 25 км ад лініі разьмежаваньня

21 траўня 2015 году Расея страціла іншы БПЛА над тэрыторыяй Украіны, ён таксама быў выраблены паводле кантракту з ізраільскай кампаніяй. Больш падрабязна тутака “Ukrainian Army shot down Russian UAV FORPOST that costs 6 million USD”.
Пра тэхнічныя характарыстыкі гэтага бесьпілётніка можна даведацца ​​тутака: “Bird Eye 400”.
Максымальная адлегласьць палёту БПЛА – 15 км, час палёту – 80 хвілінаў, працуе ад акумулятара.
Ізраільскія бесьпілётнікі “Застава” і “Фарпост” вырабляе расейская кампанія АТ “Уральскі Завод Грамадзянскай Авіяцыі” uwca.ru. На фатаздымках, якія апублікаваныя Дзяржаўнай памежнай службай Украіны, выразна бачны лягатып і назоў расейскай кампаніі, таксама сэрыйны нумар БПЛА – 355. На таблічцы таксама прысутнічае назоў тыпу бесьпілётніка – “Застава”.

Інфармацыя пра вытворцу і сэрыйны нумар БПЛА “Застава”

Зь нейкай прычыны ўкраінскія памежнікі выдалілі некаторую інфармацыю з фатаздымкаў БПЛА перад публікацыяй. Гл. фота ніжэй.

Некотарая інфармацыя з фатаздымкаў расейскага БПЛА “Застава” была выдаленая

Выдаленыя надпісы на акумулятары і антэне, гэтыя камплектуючыя не вырабляюцца ў Расеі, але іхную пастаўку зьдзяйсьняюць ізраільскія кампаніі. Акумулятар БПЛА вырабляе кампанія Amicell – Amit Industries Ltd. http://www.amicell.co.il.
Мы знайшлі дэталёвы фатаздымак гэтага ізраільскага БПЛА, які выкарыстоўвае расейская выведка з 2011 году, тутака: http://twower.livejournal.com/757224.html.
фота: Акумулятар Israel Amicell – Amit Industries Ltd. на расейскім БПЛА “Застава”
Празь лягатып Amicell і іншыя дадзеныя на акумулятары можна лёгка ідэнтыфікаваць вытворцу.
Ня гэтак даўно, 6 красавіка 2015 году, Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі абвесьціла тэндэр дзеля пошуку кампаніі, якая зможа забясьпечыць тэхнічнае абслугоўваньне для двух тыпаў БПЛА – “Застава” і “Фарпост”. Пра падрабязнасьці ўмоваў тэндэру можна паглядзець тутака: http://zakupki.gov.ru.

Мяркуючы паводле інфармацыі, якая апублікаваная ва ўмовах тэндэру, у Расеі на той момант было ў наяўнасьці 10 БПЛА “Фарпост” і 27 БПЛА “Застава”. Інфармацыя апублікаваная тутака. Аўтар артыкулу прааналізаваў дакумэнтацыю і апублікаваў сьпіс вайсковых частак з колькасьцю БПЛА пэўнага тыпу ў кожнай частцы:
– в/ч 20924 (г.Каломна, Маскоўская вобл.) – “Фарпост” – 2 шт., “Застава” – 1 шт.;

– в/ч 30866 (г. Чарняхоўск, Калініградзкая вобл.) – “Фарпост” – 2 шт.;

– в/ч 44936 (г.Будзёнаўск, Стаўрапольскі край і г.Маздок, Рэспубліка Паўночная Асэтыя) –  “Фарпост” – 2 шт.;

– в/ч 49324 (г.Севераморск, Мурманская вобл.) – “Фарпост” – 2 шт.;

– в/ч 69262 (п.Елізарава, Камчацкі край) – “Фарпост” – 2 шт.;

– в/ч 04436 (н.п. Гюмры, Арменія) – “Застава” – 2 шт.;

– в/ч 20634 (г. Уладзікаўказ, Рэспубліка Паўночная Асэтыя) – “Застава” – 2 шт.;

– в/ч 63354 (г. Буйнакск, Рэспубліка Дагестан) – “Застава” – 2 шт.;

– в/ч 41659 (г.Алейск, Алтайскі край) – “Заставы” – 3 шт.;

– в/ч 12128 (н.п. Тоцкае, Чалябінская вобл.) – “Застава” – 2 шт.;

– в/ч 01162 (г.Душанбэ, Таджыкістан) – “Застава” – 1 шт.;

– в/ч 05812 (в.Ітуруп, Курыльскія выспы) і в/ч 51460 (г.Хабараўск) – “Застава” – 4 шт.;

– в/ч 71289 (г.Усурыйск, Прыморскі край) – “Застава” – 2 шт.;

– в/ч 08275 (п.Печанега, Мурманская вобл.) – “Застава” – 3 шт.;

– в/ч 02511 (п.Каменка, Ленінградзкая вобл.) – “Застава” – 2 шт.;

– в/ч 90151 (п.Гусеў, Калінінградзкая вобл.) – “Застава” – 3 шт.

Паводле прадстаўленай інфармацыі кошт тэхнічнага абслугоўваньня аднаго БПЛА “Фарпост” ня мае перавышаць 5.243.568,23 рублёў, а БПЛА “Застава” – ня больш за 779.228,63 рублёў.

Матар’ял падрыхтавала каманда Lugansk-News.com адмыслова для InformNapalm.org. Арыгінал артыкулу на ангельскай мове тутака: “Ukraine shot down 2 million worth Russian drone “Zastava” aka Israel Bird Eye 400 UAV”.

Пераклад Дзяніса Івашына

Exit mobile version