InformNapalm.org (Беларуская)

Знойдзены афіцэр Збройных Сілаў РФ, які згубіў ордэн Мужнасьці

Знойдзены афіцэр з Чачэніі, які згубіў пасьведчаньне асобы й узнагародныя дакуманты ў чалябінскам лесе.

У выніку выяўленьня й ідэнтыфікацыі расейскіх вайскоўцаў на Данбасе, у поле зроку міжнароднае валянтэрскае супольнасьці InformNapalm неаднаразова траплялі вайскоўцы 17-й асобнай мотастралковай брыгады (в/ч 65384, раней в/ч 23132, дыслякацыя Шалі, Чачэнія) 58-й агульнавайсковай арміі Паўднёвае вайсковае акругі. Гэтая мотастралковая брыгада вядомая пра праз тое, што ейныя тактычныя групы, узмоцненыя танкамі і самаходнай артылерыяй, аднымі з першых уварваліся ва Украіну й зазналі страты ўлетку 2014 году. Праз два гады, асобныя вайскоўцы 17-й АМСБр дагэтуль ваююць на Данбасе, але ўжо крыху ў іншым статусе. Зараз яны падаюць сябе за мясцовых шахтароў-«паўстанцаў», пра што неўзабаве мы распавядзем у новым OSINT-расьледаваньні нашае супольнасьці.

У гэтай публікацыі мы ня ставілі мэту зрабіць гучнае выкрыцьцё «ўкраінскае камандыроўкі» расейскіх вайскоўцаў. Падаем на суд нашых чытачоў толькі некаторыя факты.

У адной з віртуальных групаў 17-й АМСБр была выяўленая цікавая абвестка з 8 жніўня 2016 году пра знойдзеныя ў чалябінскім лесе дакуманты афіцэра гэтай жа брыгады Дзьмітрыя Якімава. На абвеству адгукнулася ягоная жонка.

Знайсьці й ідэнтыфікаваць Дзьмітрыя Якімава ўжо было нескладана. Расейскі афіцэр досыць актыўны ў сацсетках «VK» (архіў альбому, кантактаў) і ў  «ОК».

Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя:

Якімаў Дзьмітры Яўгенавіч

Нарадзіўся 06.02.1990 г. Родам зь вёскі Дзянісава Гарахавецкага раёну Уладзімірскае вобласьці РФ.

Адукацыя – выпускнік Вайсковай акадэміі матар’яльна-тэхнічнага забесьпячэньня (г. Санкт-Пецярбург) 2012 г.

У гэтым жа годзе пачаў сваю афіцэрскую кар’еру з службы ў 17-й АМСБр ў Чачэніі.

Някепска для афіцера, які толькі пачаў кар’еру. Кар’ерны рост і вышэйшыя дзяржаўныя ўзнагароды ўражваюць. Не прайшлі й два гады, як Дз. Якімаў ужо ў званьні старэйшага лейтэнанта і на пасадзе намесьніка камандыра роты (меркавана, танкавага батальёну). Больш за тое, мае ўзнагароды – мэдаль і ордэн Мужнасьці.

Вядома, што расейскае вайскова-палітычнае кіраўніцтва ў апошнія гады шчодра раздае ўзнагароды, але гэта не датычыць ордэну Мужнасьці. Ня цяжка здагадацца, што «мужнасьць» Якімава палягае ў тым, што ён быў выканаўцам таемных загадаў Крамля на Данбасе. Прыкладам гэтаму ёсьць ягоныя таварышы ў службе з 17-й брыгады з Чачэніі – афіцэр-артылерыст Гелімар, а таксама кантрактнікі Броскін і Пупін, якія атрымалі ордэны Мужнасьці за ўдзел у вайне на Данбасе (пра гэта грунтоўна пададзенае ў мінулых расьледаваньнях InformNapalm).

У зьвязку з гэтым варта ўзгадаць іншага афіцэра – танкіста 17-й мотастралковай брыгады з Чачэніі, якога мы зафіксавалі на Данбасе яшчэ ў кастрычніку 2014 году. Афіцэр меў усе атрыбуты «шахтара» і знаходзіўся ў Сьняжнянскім раёне Украіны. У той час нашая інфармацыя ўспрымалася як «гарачыя навіны», асноўны акцэнт надаваўся на канкрэтны факт або падзею зь геаграфічнай прывязкаю да мясцовасьці, ідэнтыфікацыяй падразьдзяленьняў і ўзбраеньня і тэхнікі інтэрвэнтаў. Дзеля захаваньня крыніцы інфармацыі імёны й профілі інтэрвэнтаў не падаваліся.

Праз два гады гэтая крыніца ўсё яшчэ фіксуецца ў сацсетках, хаця фатаздымкі з Данбаса, вядома ж, выдаленыя.

У сацсетцы «VK» (архіў профілю, фотоальбому, кантактаў) з псэўданімам Next Штырліц.

У сацсетцы «ОК» (архіў профілю, фотаальбому, кантаткаў) з псэўданімам Кірыл Маліноўскі.

У міру вядомы як Стас. Родам зь Ніжняга Тагіла. Выпускнік Казанскае вышэйшае вайсковае каманднае вучэльні 2009 г.

Няхай эга Стасіка будзе задаволенае і мы не назавем ягонае прозьвішча, але падкрэсьлім, што мы вывучылі ўсе ягоныя сувязі, разам з сваяцкімі – ад Ганны Грэчушнікавай (Базанавай), Фацехавых, Субоціных, Грашэвых да крымскіх сваякоў Брусьніцыных.

Нагадваем, што 17-я АМСБр фігуруе ў васьмі эпізодах OSINT-расьледаваньняў InformNapalm:


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня Іраклі Камахідзэ.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

 (CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

Exit mobile version