- InformNapalm.org (Беларуская) - https://informnapalm.org/by -

Жывыя й мёртвыя 17-й АМСБр ЗС РФ (Інфаграфіка)

Расея саромеецца сваіх «герояў». Ганебная, падступная вайна, распачатая Пуціным супроць Украіны, што спрычынілася да гібелі расейскіх вайскоўцаў, прымушае Крэмль выкарыстоўваць рознага кшталту хітрыкі. Яшчэ ў 2014 годзе шэраг расейскіх праваабарончых арганізацыяў, лібэральная прэса і асобныя блёгеры пасьпелі сабраць дадзеныя пра дзясяткі вайскоўцаў-расейцаў, забітых на Данбасе. Але гэта толькі малая частка, якая не адлюстроўвае рэальную карціну, бо праз год у РФ дзеля запабяганьня выцеку інфармацыі ўхвалілі закон, паводле якога дадзеныя пра страты асабовага складу Мінабароны «ў мірным часе» зьяўляюцца сакрэтнымі.

Але нават з апублікаванымі стратамі сытуацыя неадназначная. З самага пачатку ўварваньня расейскія спэцслужбы й прапаганда запусьцілі магутны мэханізм, задачай якога было ўнясеньне блытаніны ў сьпісы забітых. З дапамогаю дэзынфармацыі ў СМІ і сацсетках ў шэрагу выпадкаў ім удалося сказіць рэчаіснасьць – імёны й прозьвішчы, даты нараджэньня й сьмерці, прыналежнасьць да ЗС РФ (як гэта было ў выпадку [1] з забітым кантрактнікам 18-й АМСБр Дзянісам Хусаінавым, якія стаўся вядомым у СМІ як баявік «ЛНР»). Адная з асноўных мэтаў падобнага інфармацыйнага хаосу – ня даць магчымасьць прэсе і тым, хто цікавіцца гэтай тэмай – зьвязацца з сваякамі забітых вайскоўцаў, якім не пасьпелі пакуль выдаць кампэнсацыю за маўчаньне, і якія маглі б распавесьці шмат цікавага.

У выніку новага OSINT-расьледаваньня (выведка адкрытых крыніцаў) міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm здабыла доказы тыповага скажэньня інфармацыі пра расейскага кантрактніка з 17-й АМСБр з Чачэніі, ліквідаванага на Усходзе Украіны ў жніўні 2014 году (гл. Частка I. Забыты «герой»). Разам з гэтым мы падсумоўваем некаторыя вынікі трохгадовае працы супольнасьці і падаем зводную інфармацыю пра 17-ю АМСБр, якая ўжо неаднойчы фігуравала ў нашых публікацыях у кантэксьце так званых украінскіх камандыровак. Абагульненыя дадзеныя й інфаграфіка наглядна адлюстроўваюць інфармацыю пра структуру, узбраеньне й асаблівасьці гэтага злучэньня, а таксама асабістыя дадзеныя камандыраў, хто даваў злачынныя загады, пра кантрактнікаў, якія гэтыя загады выконвалі (гл. Частка II. Ганебны баявы шлях 17-й АМСБр. Інфаграфіка).

Частка I. Забыты «герой»

Падчас вывучэньня інфармацыі ў сацыяльных сетках у стужцы адной з групаў 17-й асобнай мотастралковай брыгады быў выяўлены цікавы запіс [2] (архіў [3]), датаваны 22 сакавіка 2017 году. Ягоны аўтар – нейкая Азалія Садыкава. Яна піша (тут і далей пакідаем у арыгінале з захаваньнем артаграфіі й пунктуацыі): «Привет здесь есть кто сейчас служит в Шали? Можете скинуть фото памятник погибших солдат фото пожалуйста если не трудно».

[4]

Гэтае паведамленьне, вядома ж, зацікавіла нас, да таго ж згаданы помнік неаднойчы фігураваў у нашых мінулых расьледаваньнях [5]. Вядзецца пра мэмар’яльную стэлу ў мейсцы дысьлякацыі 17-й мотастралковай брыгады, у г. Шалі, Чачэнія, на якой пазначаныя імёны расейскіх вайскоўцаў, зьнішчаных ва Украіне ў жніўні 2014 году. Упершыню пра гэтую стэлу яшчэ ўвосень 2014 году напісаў [6] украінскі блёгер-дасьледнік Askai.

Гэты помнік спрычыніўся да шматлікіх спрэчак, якія даходзілі да абсурду: на некаторых форумах «расейцы» (ці больш слушна – праплочаныя тролі) спрабавалі падаць гэты помнік [7] за  «нязграбны фоташоп правакатараў-украінцаў». Аднак потым гэтая стэла была шматкроць сфатаграфаваная [8] зь іншых ракурсаў і ейная аўтэнтычнасьць не выклікае аніякага сумневу. Але апошнія дадзеныя сьведчаць пра тое, што расейскае вайсковае камандаваньне выпадкова ці наўмысна зьмяніла прозьвішча як мінімум аднаго ліквідаванага вайскоўца.

Аб’яднаць усе факты разам і зрабіць лягічны ланцужок з адпаведнымі доказамі было досыць складана. Да таго ж сям’я выяўленага героя нашага расьледаваньня, Джанхуватава – Садыкава, цалкам мажліва, зазнала прэсінг расейскіх спэцслужбаў, як гэта сталася зь сям’ёю яшчэ аднаго “200-га” з гэтай жа брыгады, Марселя Араптанава (абноўленую інфармацыю пра яго мы падавалі [9] ў сакавіку 2017 году).

Ібрагім Садыкаў

[51]Нарадзіўся 04.06.1989 г.

Ліквідаваны ва Украіне 13.08.2014 г.

Пражываў у пас. Быкава Валгаградзкае вобласьці. Родам з Дагестана.

З аналізу профілю І. Садыкава вынікае, што ў 17-й АМСБр (в/ч 65384, Шалі, Чачэнія) ён служыў кантрактнікам з 2010 году. Званьне – сяржант, меркавана, меў пасаду стралка-выведніка.

 

Асноўнай крыніцай інфармацыі зьяўляецца захаваная старонка забітага Ібрагіма ў сацсеціве «ОК [52]» (архівы профілю [53], фотаальбому [54], кантактаў [55]) зь імем «<<< DАG >>> 05rus». Праз гэты псэўданім яе, цалкам мажліва, не зачысьцілі, але менавіта гэтая старонка разам з астатнімі крыніцамі дае поўную інфармацыю пра вайсковую службу Садыкава, ягоную камандыроўку й наступнае памінаньне як Ібрагіма Садыкава, але не прыдуманага Джанхуватава. Дарэчы, у сацсеціве “VK” мелася яшчэ адная старонка [56] Ібрагіма зь ягоным сапраўдным прозьвішчам (гл. архіў [13] кантактаў сястры), але яна была цалкам зачышчаная, а пасьля – мажліва, каб заблытаць сьляды, – у лютым 2015 году ў “VK” нехта стварыў новую старонку [57] Ібрагіма Садыкава зь ягоным фатаздымкам (архівы старонкі [58], фота [59]).

Апошні візыт на старонку [52] Садыкава ў асноўным профілі «ОК» датаваны 5 жніўня 2014 году. Згодна з камэнтарамі да адного з фатаздымкаў [60] (архіў [61]) ён быў ліквідаваны 13 жніўня 2014 году ва Украіне, куды яго разам зь іншымі кантрактнікамі перакінулі пад выглядам «апалчэнцаў», у якіх папярэдне забралі дакуманты.

[62] [63]

[64]

Каб чытач не стаміўся ад падрабязнасьцяў расьледаваньня (чытайце іх вышэй, у спойлеры «Некаторыя дэталі OSINT») адразу зазначым: цікавасьць Сабіры Садыкавай да помніку забітага ў 2014 годзе вайскоўца 17-й АМСБр была не выпадковай. Сабіра спадзявалася атрымаць фота, якое пацьвердзіла б, што прозьвішча Джанхуватаў выпраўленае на сапраўднае прозьвішча ейнага брата Ібрагіма – Садыкава. Але мы сумняемся, што расейскі бок выправіць прозьвішча праз страх чарговага скандалу ў выпадку зьяўлення ў Сеціве фатаздымка «адрэдагаванага» помніку. InformNapalm вырашыў выканаць гэтую місыю і з дапамогай мінімальнага набору іструмантаў “Фоташопа” аднаўляе справядлівасьць, выпраўляючы прозьвішча «Джанхуватоў» на сапраўднае «Садыкаў».

  [65]

Частка II. Ганебны баявы шлях 17-й АМСБр. Інфаграфіка

17-я АМСБр фігуруе ў 15 (!) эпізодах OSINT-расьледаваньняў міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm у кантэксьце «ўкраінскіх» камандыровак. У зводнай інфаграфіцы мы падаем асабістыя дадзеныя 35 вайскоўцаў гэтага злучэньня з Шалі, у тым ліку тагачаснага й сёньняшняга камандыраў (падрабязьна пра іх – крыху ніжэй). У нашых расьледаваньнях ідэнтыфікаваныя 33 фігуранты-агрэсары, зь іх 6 афіцэраў, 9 кавалераў розных баявых ордэнаў і мэдалёў, атрыманых за ўдзел у вайне супроць Украіны, і, вядома ж, два “200-ыя”. У інфаграфіцы таксама адлюстраваныя дадзеныя пра структуру й асноўнае ўзбраеньне 17-й АМСБр і 70-га МСП, ідэнтыфікацыйныя знакі гэтага злучэньня.

(Для прагляду інфаграфікі націсьніце на малюнак або скарыстайцеся спасылкай [66]). [66]

Бацькі-камандыры 17-й АМСБр (2014 г.) і 70-га МСП (2017 г.)

Генэрал-маёр Дзьмітры Валер’евіч Касьпяровіч

[67] Нарадзіўся ў 1976 годзе. Ветэран другой чачэнскай кампаніі 2001 году. Герой Расеі. У 2007 годзе – камандыр 191-га мотастралковага палку 201-й вайсковай базы ў Таджыкістане.

У 2014 годзе – камандыр 17-й мотастралковай брыгады 58-й арміі ПВА ў г. Шалі, Чачэнія (напачатку 2017 году перафармаваная ў 70-й МСП 42-й МСД 58-й арміі ПВА).

 

 

 

Падпалкоўнік Сяргей Мікалаевіч Кенс

[68]Нарадзіўся 08.03.1980 г. Выпускнік ЛВОКУ (СПб ВОКУ) 1999 году. У 2011 годзе – камандыр выведвальнага батальёну 33-й АМСБр горнай 58-й арміі ПВА (пас. Ботліх, Дагестан; у 2011 годзе перадысьлякаваная ў Адыгею).

У 2015 годзе – часова выконваючы абавязкі камандыра 33-й АМСБр горнай 49-й арміі ПВА (г. Майкоп, Адыгея); увесну 2017 году перафармаваная ў 102-і МСП 150-й МСД 8-й арміі ПВА з перадысьлякацыяй у Растоўскую вобл., палігон Кадамаўскі.

У 2017 годзе – камандыр 70-га мотастралковага палку 42-й мотастралковай дывізіі 58-й арміі ПВА ў г. Шалі, Чачэнская Рэспубліка (сфармаваная з складу колішняй 17-й АМСБр).

У 2014 годзе некаторыя расейскія СМІ асьвятлялі [69] (архіў [70] ) судовы працэс з удзелам вайскоўцаў 33-й АМСбр, якія адмовіліся выконваць злачынныя загады Крамля. Тады Сяргей Кенс, які меў пасаду выконваючага абавязкі камандыра брыгады, цынічна сьцьвярджаў, што вайскоўцаў Майкопскае брыгады на Данбас не перакідвалі і ва Украіне расейскіх войскаў няма. Да таго ж, ён быў адным зь ініцыятараў пачатку крымінальных справаў за дэзэртаваньне ў дачыненьні да жаўнераў, якія адмовіліся выконваць супрацьзаконныя загады.

Апазнаньне кулямётніка «Х»

Апроч гэтага мы высьвятлілі асобу, раней неапазнанага кулямётніка «Х», які фігуруе ў публікацыі [71] з 12 лютага 2017 году пад №4, пазуе разам зь іншымі таварышамі ў службе – ветэранамі так званай украінскай камандыроўкі – ў фота [72] зь верасьня 2014 году.

[73]

Віктар Рыгоравіч Калінічэнка

[74]Нарадзіўся 02.05.1993 г. у г. Геленджык Краснадарскага Краю (база дадзеных [75] адрэсаў).

Тэрміновую службу праходзіў у ПДВ у 2012-2013 гадох. Станам на 2014 год, вайсковец-кантрактнік 17-й АМСБр.

У сацыяльных сетках «VK [76]» (архівы профілю [77], фотаальбому [78], кантактаў [79]), профілі бацькі В. Калінічэнкі – фетыш-казака Рыгора, у якіх маецца шэраг фота сына «ОК» №№ 1 [80] і 2 [81].

 

 

17-я АМСБр і 70-ы МСП

17-я АМСБр (станам на 2014 год, у 2017 годзе перафармаваная ў 70-й МСП)

[82]17-я асобная гвардзейская мотастралковая брыгада (в/ч 65384, п. Шалі, Чачэнская Рэспубліка) 58-й АА ПВА ЗС РФ.

Склад: кіраваньне; 3 мотастралковыя батальёны; батальён СпН; стралковая рота снайпэраў; танкавы батальён; 2 гаўбічныя самаходна-артылерыйскія дывізіёны, рэактыўны артылерыйскі дывізыён; процітанкавы артылерыйскі дывізыён; зэнітны ракетны дывізыён й зэнітны ракетна-артылерыйскі дывізыён; выведвальны батальён; рота БПЛА; інжынэрна-сапёрны батальён; рота РХБА; батальён кіраваньня (сувязі); рота РЭБ; батарэя кіраваньня й артылерыйскай выведкі (начальніка артылерыі); узвод кіраваньня і радыёлякацыйнай выведкі (начальніка СПА); узвод кіраваньня (начальніка выведкі); рамонтна-аднаўленчы батальён; батальён МТЗ; камэнданцкая рота; мэдычная рота; узвод інструктараў; узвод трэнажэраў; палігон; аркестар.

Узбраеньне: 40 адз. Т-72Б3, 1 адз. Т-72БК; 159 адз. МТ-ЛБМ 6МБ і МТ-ЛБ ВМК; 6 адз. ГАЗ-233014 СТС “Тыгр”; 18 адз. БМ-21 і 2Б26 “Град”; 36 адз. 152-мм САУ “Мста-С”; 18 адз. 120-мм мінамётаў “Сані”; 12 адз. 100-мм гарматаў МТ-12 “Рапіра”; 12 адз. самаходных ПТРК “Штурм-С”; 11 адз. БТР-80; 4 адз. БРДМ-2; 12 адз. БМ “Аса”; 6 адз. БМ “Страла-10”; 6 адз. ЗСУ “Тунгуска”; 27 адз. ПЗРК “Ігла”.

70-ы МСП (сфармаваны з складу колішняй 17-й АМСБр на пачатку 2017 году)

70-ы гв. мотастралковы полк (в/ч 71718, г. Шалі, Чачэнская Рэспубліка) 42-й мотастралковай дывізыі 58-й АА ПВА ЗС РФ

Склад: кіраваньне; 5 батальёнаў (3 мотастралковыя, танкавы, СпН); 2 дывізыёны (гаўбічны артылерыйскі і зэнітны ракетна-артылерыйскі); 6 ротаў (снайпэраў, выведвальная, інжынэрна-сапёрная, сувязі, рамонтная, МЗ); 2 узводы (РХБА й камэнданцкі).

Узбраеньне: 31 адз. Т-72Б3; 129 адз. МТ-ЛБМ 6МБ і МТ-ЛБ ВМК (заплянавая замена на БМП-2/3); 18 адз. 120-мм. мінамётаў «Сані»; 18 адз. 152-мм САУ «Мста-С»; 4 адз. БМ «Страла-10»; 4 адз. ЗПРК «Тунгуска».

17-я АМСБр фігуруе ў 15 публікацыях InformNapalm:

Базы дадзеных што да кадравых расейскіх вайскоўцаў і доказаў іхнага ўдзелу ў баявых дзеяньнях ва Украіне ў складзе расейска-тэрарыстычных сілаў даступныя праз сталую спасылку: https://informnapalm.org/database [97].


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня Іраклі Камахідзэ [98] адмыслова для сайту InformNapalm [99]. Інфаграфіка Alex Alexidze [100].

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын [101].

Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 [102])

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук [103] / Твітэр [104] / Telegram [105]
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.