InformNapalm.org (Беларуская)

Прымус да “ўзьяднаньня”: прапагандысты “Союзного государства” выкарыстоўваюць падзеі 1939 году

Для большасьці пра(расейскіх) інфармацыйных рэсурсаў у Беларусі дата 17 верасьня сталася сёлета адной з ключавых. Праз акцэнтацыю ўвагі на 80-й гадавіне ўзьяднаньня беларускага народу яны спрабуюць увесьці ў дыскурс маніпулятыўныя тэзы, якія прапагандысцкая машына савецкага рэжыму вельмі актыўна выкарыстоўвала ў 1939 годзе напярэдадні, падчас і пасьля ваеннай агрэсіі супроць Польшчы. Тэма ўзьяднаньня Беларусі зараз актыўна выкарыстоўваецца ў межах прапагандысцкага інфармацыйнага забесьпячэньня рэалізацыі паўнамаштабнага разгортваньня так званага “Союзного государства”.

Тагачасны наратыў савецкай прапаганды і сёньняшняй расейскай на тэрыторыі Беларусі амаль ідэнтычныя, як паводле зьместу, гэтак і формы. Міжваенная Польшча ў матар’ялах прарасейскіх прапагандыстаў падаецца як выключнае зло, няспраўджаная дзяржава (failed state), «уродливое детище Версаля», якое ня мела й ня мае права на існаваньне. Асаблівую ўвагу пры гэтым яны надаюць «нечалавечым пакутам і прыгнёту» беларускага насельніцтва ў панскай Польшчы, рэжыму сэгрэгацыі й «татальнай палянізацыі». Тут бачым увесь штатны набор штампаў расейскае прапаганды, які апошнія пяць гадоў выкарыстоўваецца супроць Украіны, толькі з папраўкай на ўкраінскія асаблівасьці й «уціск расейскамоўнага насельніцтва».

Створаная расейцамі Сяргеем Бабурыным і Кірылам Фраловым «Гражданская инициатива «Союз» ініцыявала кампанію што да вызначэньня ў Беларусі даты 17 верасьня ў якасьці дзяржаўнага сьвята. Сьлед нагадаць, што першы зьяўляецца адным з арганізатараў чарнасоценных «Рускіх маршаў» і лідэрам партыі «Российский общенародный союз», а другі ёсьць намесьнікам дырэктара Інстытуту краінаў СНД – архітэктара «русского мира» Канстантына Затуліна.

Устаноўчы зьезд «Гражданской инициативы «Союз» у Віцебску, 2018 г. (К.Фралоў стаіць трэці леваруч) / rosbelsoyuz.su

Сяргей Бабурын праводзіў нават асабістыя сустрэчы з прадстаўнікамі вышэйшага палітычнага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь і намагаўся надаць пытаньню дзяржаўнага сьвяткаваньня даты 17 верасьня дыскусійны статус.

Сяргей Бабурын і галава Адміністрацыі кіраўніка Беларусі Натальля Качанава / belaruspartisan.by

Гэта было неабходна для застасаваньня ўжо на другім этапе разнастайнага інструмэнтару дыпляматычнага ўзьдзеяньня РФ, які з пэўнай, хоць і невялікай верагоднасьцю, мог спрацаваць, і мы мелі б сёньня навязанае нам звонку новае дзяржаўнае сьвята. Аднак гучны канфлікт з «генэрал-губэрнатарам» Пуціна ў Беларусі – Міхаілам Бабічам – значна скараціў апэратыўны прастор для вырашэньня гэтага пытаньня, якое хаця й адтэрмінаванае, аднак без сумневу будзе паноўна агучанае ў недалёкай пэрспэктыве.

Чытайце таксама: FrolovLeaks: уцаркоўлены экспэрт Крамлю па ўплыву ва Украіне. Эпізод I

Чаму ж расейцы гэтак актыўна спрабуюць і працягваюць зьдзяйсьняць захады што да ўвечненьня даты 17 верасьня на беларускім дзяржаўным узроўні? Паказальна, што пры гэтым у самой Беларусі цалкам адсутнічае шырокая грамадзкая дыскусія наконт гэтага пытаньня. Кабінэтныя сустрэчы асобных прадстаўнікоў (пра)расейскіх рухаў у Беларусі, тут, вядома ж, у разьлік не бярэм. Адказ крыецца ў жаданьні расейскіх нэаімпрэскіх стратэгаў спалучыць намінальна пазытыўны працэс аб’яднаньня большасьці беларускіх земляў у адзіным тэрытарыяльным утварэньні (БССР) з паўнавартасным разгортваньнем так званага Союзного государства (СГ).

Архетып цэлых пакаленьняў прапагандыстаў пры гэтым абсалютна не зьмяніўся: з мэтай узьдзеяньня на масавую сьвядомасьць яны выкарыстоўваюць аналягічныя сымулякры пра: «единый, но разделённый народ», «отсутствие будущего Беларуси без России (Москвы)», «сохранение великого единого и могучего этноса», «стремление хищнического Запада (Польши) поработить белорусский народ». Пры гэтым рэжым Лукашэнкі, які дзеля атрыманьня ад Расеі эканамічных і палітычных дывідэндаў уласнаруч ініцыяваў працэс інкарпарацыі Беларусі ў склад СГ, патрапляе ў пастку. У разе сабатажу праграмы «саюзнай інтэграцыі» супроць яго будзе выкарыстаны ўвесь бранябойны арсэнал расейскага прапагандысцкага інфармацыйнага ўзьдзеяньня, якому значна больш за восемдзесят гадоў. Чарговы захоп нашай краіны, як гэта ні парадаксальна, будзе тады адбывацца пад сьцягамі «освобождения от национального и социального гнёта».

Рэжым гэта выдатна разумее, таму спрабуе лавіяваць у фарватэры мажлівасьцяў, які ўвесь час істотна звужаецца. Чвэрць стагодьдзя практычнага досьведу палітычнае навігацыі дазваляюць рабіць яму гэта па-мастацку зграбна. Паказальна, што афіцыйны Менск на 80-ю гадавіну ўзьяднаньня Беларусі абмежаваўся збольшага толькі тэматычнымі выставамі й дзяжурнымі рэпартажамі ў сярэдзіне выпуску навінаў. Яшчэ можна прыгадаць «круглы стол» на шэсьць пэрсонаў у рэдакцыі «СБ. Беларусь сегодня».

Дата 17 верасьня ня мае дагэтуль агульнадзяржаўнага значэньня з шэрагу аб’ектыўных прычынаў. Тут ня толькі пытаньні нацыянальнае бясьпекі сёньняшнае Беларусі, але таксама нэгатыўная канатацыя гэтае даты ў непарыўным ланцугу падзеяў, выкліканых злачынным Пактам Молатава-Рыбэнтропа.

Таварыская сустрэча савецкіх і нямецкіх вайскоўцаў, пачатак Другой усясьветнай вайны / newsland.com

Траціну Другой усясьветнай вайны гітлераўская Нямеччына й Савецкі Саюз практычна былі найбліжэйшымі хаўрусьнікамі, якія да 1941 году зьдзейсьнілі значныя тэрытарыяльныя заваёвы й надавалі адзін адному істотную дапамогу падчас падзелу Эўропы. Адною з такіх савецкіх заваёваў і сталася тэрыторыя Заходняе Беларусі, як, зрэшты, і Заходняе Украіны, краінаў Балтыі, а таксама значная частка тэрыторыі Фінляндыі.

Зь першых дзён верасьня 1939 году люфтвафэ пачало бамбаваць заходнебеларускія гарады. Пры гэтым радыёкарэгаваньне вылетаў нямецкае авіяцыі зьдзяйсьнялася з савецкага Менску. У выніку падобнай савецка-нямецкай вайсковай супрацы бамбаваньні зазналі Берасьце, Кобрынь, Баранавічы, Ганцавічы, Ліда і іншыя гарады. Загінулі тысячы жыхароў. Неўзабаве ўсе гэтыя гарады апынуліся пад савецкай акупацыяй.

Значнае пашырэньне тэрыторыі СССР было адсьвяткаванае супольным парадам савецка-гітлераўскіх войскаў у Берасьці 22 верасьня 1939 г. Парад асабіста прыймалі генэрал танкавых войскаў Гайнц Гудэрыян і камбрыг Сямён Крывашэін.

Парад 22 верасьня 1939 г. у Берасьці. У цэнтры на пастамэнце – Гайнц Гудэрыян і камбрыг Сямён Крывашэін / newsland.com

Гайнц Гудэрыян і камбрыг Сямён Крывашэін / newsland.com

Паводле пагадненьняў і дэмаркацыі зонаў акупацыі Польшчы, Трэці Райх у той жа дзень перадаў Савецкаму Саюзу Берасьце, захопленае XIX-м матарызаваным корпусам вэрмахту.

Адметна, што Берасьцейскую фартэцыю гітлераўцы пачалі штурмаваць яшчэ 15 верасьня, аднак так і не змаглі захапіць. Іхную справу працягнуў савецкі акупацыйны кантынгент, які 27 верасьня ў выніку штурму ўсё ж авалодаў цытадэльлю. Сьлед асабліва зазначыць, што падчас абароны Берасьцейскае фартэцыі ад нямецкіх і савецкіх акупантаў у кравапралітных баёх загінула вельмі шмат жыхароў Беларусі.

Гарнізон Берасьцейкае фартэцыі Войска Польскага, 1939 г. / twierdza.org

Некалькі дзён запар, з 20 па 22 верасьня 1939 г., гераічна абаранялася ад савецкіх акупантаў каралеўская Горадня. Паказальна, што ў абароне гораду ўдзельнічалі ня толькі падразьдзяленьні Войска Польскага, але й у якасьці дабраахвотнікаў непасрэдна цывільнае насельніцтва гораду, сярод якіх былі харцэры, гімназісты і іншыя вучні навучальных установаў. Адбываліся паўнавартасныя вулічныя баі, падчас якіх згарэла досыць шмат савецкіх танкаў, што прарываліся ў цэнтар гораду. Абарона Горадні, 80-я гадавіна якой спаўняецца ў гэтыя дні, зьяўляецца сапраўдным сымбалем мужнасьці.

 

Абарона Горадні, 1939 г. / ілюстрацыя да выданьня Grzelak C. Wilno-Grodno-Kodziowce 1939

Маўклівым сьведкам тых баёў ёсьць помны знак непадалёк Старога Мосту церазь Нёман на мейсцы ліквідацыі выхадня з Чалябінскае вобласьці – старэйшага палітрука Рыгора Гарнавых, які падчас наступу на Горадню камандаваў ротай 116-га асобнага танкавага батальёну 27-й лёгкай танкавай брыгады.

Фота: war-monument.livejournal.com

Вайсковы журналіст Пятро Лідаў так апісаў ягоную сьмерць: “Когда кровь струилась из простреленного горла, он прошептал: «Отомстите, товарищи, за меня… Вперед, за освобождение трудящихся…», – и умер, как большевик…”».

Вайскоўцы савецкіх акупацыйных войскаў аглядаюць трафеі ў захопленай Горадні / polskieradio.pl

Толькі паводле афіцыйных дадзеных, падчас абароны Горадні загінула звыш за паўтысячы чалавек. Згодна з расповядамі гарадзенцаў, якія перажылі савецкую й нямецкую акупацыі, безьліч целаў месьцічаў трывалы час ляжалі на вуліцах гораду. З самага пачатку акупацыі гораду савецкія карнікі пачалі масавыя расстрэлы ягоных абаронцаў. Адным з самых жахлівых мейсцаў расстрэлаў сталася Скідальская плошча (перад сёньняшнім аўтавакзалам), дзе паводле паказаньняў Рамуальда Чушаля – наўпроставага сьведкі катаваньняў, – расстрэльвалі нават шкаляроў і працоўную моладзь. Увосень 1939 году цэнтар і ўскрайкі Горадні былі залітыя крывёю ў выніку сапраўднага чырвонага тэрору.

Эксгумацыя парэшткаў абаронцаў Горадні ў мейсцы расстрэлаў у маёнту Друцк (зараз у межах гораду), пач. 1990-х гг. / kamunikat.org

Узьяднаньне адбылося перадусім з таталітарным молахам СССР. Усю краіну зьнітавалі НКВД і ГУЛАГ, масавыя даносы й расстрэльныя палігоны, сасланьні ў Сыбір ды забойчыя для соцень тысячаў калектывізацыя й індустрыялізацыя. Бясконцае мноства жыхароў Заходняе Беларусі былі закатаваныя ў падвалах НКВД, у Катыні, Курапатах, Харкаве і ў савецкіх канцлягерох. Дагэтуль нам вядомыя імёны толькі двух забітых на тэрыторыі расстрэльнага палігону ў Курапатах – аднаго з найвялікшых  чалавечых могільнікаў у сьвеце – і гэтыя імёны належаць жыхарам Гарадзеншчыны.

У выніку крывавага аб’яднаньня большасьці беларускіх этнічных земляў у складзе аднаго суб’екту СССР, беларусы Віленшчыны й Беласточчыны ці не ўпершыню былі аддзеленыя ад сваіх крэўных новымі штучна створанымі межамі. На жаль, праз восемдзесят гадоў іхная значная частка ўжо не атаясамляе сябе зь Беларусьсю. Шмат у чым гэта сталася вынікам працэсу суцэльнае саветызацыі ды ўніфікацыі, дэнацыяналізацыі ды русіфікацыі беларускага насельніцтва перадусім у самім БССР. Пытаньне нацыянальнае самаідэнтыфікацыі шырока паўстала толькі дзякуючы ўздыму беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху напрыканцы 1980-х.

У сёньняшніх рэаліях выразна адмоўнае стаўленьне да «17 верасьня» з боку беларускіх нацыяльна-дэмакратычных сілаў і ў той жа час узважліва-асьцярожнае з боку дзяржаўных інстытуцыяў РБ мае пад сабою жалезабэтонны грунт. Зь мінулага году з боку РФ у дачыненьні Беларусі значна актывізаваўся працэс прымушэньня да чарговага «ўзьяднаньня». Ужо непрыхавана рыхтуецца глеба для суцэльнага эканамічнага паглынаньня Расеяй нашай краіны. Дзеля гэтага створаныя й працуюць міжурадавая группы па «інтэграцыі», распрацаваныя «дарожныя мапы». Пры гэтым дзейнасьць «інтэгратараў» мае цалкам закрыты характар, а журналісцкая і эскпэртная супольнасьці абмяркоўваюць абсалютна не перавераную інфармацыю ўзроўню «інсайтаў».

У той жа час на мяжы зь Беларусьсю сфармаваная ўдарная наступальная лінія Збройных сілаў РФ, якая паводле колькасьці асабовага складу пераўзыходзіць штатную колькасьць усіх Сухапутных войскаў Беларусі разам узятых. Некаторым падразьдзяленьням гэтых наступальных сілаў ужо нададзеныя імёны беларускіх населеных пунктаў.

У самой Беларусі значна актывізаваліся й непрыхавана зьдзяйсьняюць падрыўную дзейнасьць (пра)расейскія сілы, куратары якіх бесперашкодна дапамагаюць акумуляваць увесь наяўны актыў і спрабуць надаць яму арганізацыйны патэнцыял. Значныя памеры набыла інфармацыйная кампанэнта гібрыднае агрэсіі РФ супроць Беларусі, якая за апошні час выкшталцавалася ў разгалінаваную сыстэму шматлікіх прапагандысцкіх рэсурсаў нацыянальнага й рэгіянальнага маштабу. Рэактывізавалася праца з расейскімі агентамі уплыву на ўсіх узроўнях сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня Беларусі.

Перад усімі намі зараз стаіць пытаньне захаваньня незалежнасьці й сувэрэнітэту краіны. Гэтыя базавыя каштоўнасьці маюць кансалідаваць і згуртаваць усе патрыятычныя сілы ў адзіны магутны кулак, задача якога – эфэктыўная й дзейная абарона Беларусі. Маем усімі спосабамі прадухіліць заплянаванае чарговае «ўзьяднаньне» з расейскім нэаімпэрскім утварэньнем. Гэта наш канстытуцыйны й грамадзянcкі абавязак.


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў рэдактар беларускае службы міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын.

Загалоўнае фота – newsland.com.

Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

Exit mobile version