InformNapalm.org (Беларуская)

Абарона інфапрасторы: У Беларусі адмовіліся паказваць фільм расейскай прапаганды “Донбасс. Окраина”

Адныя з найбуйнешых беларускіх дзяржаўных кампаніяў, што зьдзяйсьняюць трансьляцыю тэлевізійных праграмаў, РУП “Белтэлекам” і ААТ “МТІС”, адмовіліся паказваць расейскі прапагандысцкі фільм “Донбасс. Окраина”.

Наконадні беларуская служба міжнароднае валянтэрскае супольнасьці InformNapalm непасрэдна зьвярнулася да кіраўніцтва кампаніяў РУП “Белтэлекам” і ААТ “МТІС” з заклікам спыніць трансьляцыю прадукту расейскай інфармацыйнай вайны на тэрыторыі Беларусі. Актыўна накіроўвалі звароты й прадстаўнікі беларускае грамадзкасьці.

Рэдактар беларускае службы InformNapalm Дзяніс Івашын падзякаваў усім, хто зьвяртаўся да кіраўніцтва кампаніяў, якому ён таксама выказаў падзяку за апэратыўнае рэагаваньне й прадухіленьне інфармацыйнай пагрозы.

Нагадаем, што ў сакавіку 2017 году пасьля зваротаў беларускай грамадзкасьці да кіраўніцтва тэлеканалу “АНТ” быў таксама скасаваны паказ яшчэ аднаго прапагандысцкага расейскага фільму “Крым” рэжысэра Аляксея Піменава. Гэтая стужка была прыбраная й з заплянаванага кінапракату ў Беларусі.

Праз спалучэньне грамадзкага актывізму, адказнага стаўленьня й апэратыўнага рэагаваньня дзяржаўных кампаніяў удалося нівэляваць нэгатыўныя наступствы й дэструктыўнае ўзьдзеяньне расейскай вайсковай прапаганды.

Сьлед асабліва зазначыць, што цягам апошняга году істотна абвастрылася гібрыдная інфармацыйная вайна, у межах якой у Беларусі разгорнутае цэлае сеціва расейскіх інфармацыйных рэсурсаў – сайтаў нацыянальнага й рэгіянальнага маштабу, паблікаў сацсетак, тэлеграм-каналаў і каналаў відэахостынгу. З тэрыторыі Расейскае Фэдэрацыі зьдзяйсьняецца масаваная атака супроць прадстаўнікоў грамадзянскае супольнасьці й сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня Республікі Беларусь.

У гэтых умовах для абароны інфармацыйнай прасторы Беларусі неабходна ўзмацніць маніторынг пагрозаў нацыянальным інтарэсам і нацыянальнай бясьпецы ў інфармацыйнай сфэры. Разам з тым для забесьпячэньня інфармацыйнай бясьпекі Беларусі неабходна ў тым ліку актывізаваць і грамадзкі кантроль гэтай дзейнасьці.

Асновай нацыянальнай палітыкі ў сфэры інфармацыйнае бясьпекі мае стаць супраца дзяржаўных інстытуцыяў, грамадзянскай супольнасьці й прыватнага сэктару. Гэта мае стаць базысам для абароны й належнага разьвіцьця інфармацыйнае прасторы Беларусі.


Аддзел маніторынгу беларускае службы
міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

Для стварэньня загалоўнага фота выкарыстаныя крыніцы usi.ch і freepik.com

Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

Exit mobile version