InformNapalm.org (Беларуская)

Выкрыцьцё матроса ЧФ РФ: мэдаль за Крым, сачэньне за «Sea Breeze» і мажлівасьці для дывэрсійнай дзейнасьці

Валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm выкрылі расейскага вайскоўца, які ўдзельнічаў у апэрацыі захопу Крыму. Вызначанае, што ён служыў на сярэднім выведвальным караблі «Экватар» ЧФ ВМФ Расеі, які Збройныя сілы РФ пэрыядычна выкарыстоўваюць для сачэньня за супольнымі вышкаламі NATO й Украіны «Sea Breeze» ў Чорным моры. У гэтым OSINT-расьледаваньні прыведзеныя досыць значныя выведвальныя дадзеныя, пільную ўвагу на якія валянтэры InformNapalm зьвяртаюць перадусім Дзяржаўнай міграцыйнай службы, Службы бясьпекі Украіны і Дзяржаўнай памежнай службы Украіны.

Супольнасьць InformNapalm нядаўна апублікавала факталягічную інфармацыю пра ўдзел 519-га асобнага дывізыёну выведвальных караблёў (АДВК) у апэрацыі захопу Крыму. У прыватнасьці, вялося пра чальцоў экіпажу сярэдняга выведвальнага караблю (СВК) “Ліман”. Сёньня мы публікуем доказы выкарыстаньня ў ваенным злачынстве яшчэ аднаго караблю з складу гэтага ж дывізыёну – СВК “Экватар”.

Асабістыя дадзеныя расейскага вайскоўца-кантрактніка 519-га АДВК Чарнаморскага флёту ВМФ РФ

Карташоў Аляксандар Сяргеевіч (рас. – Карташов Александр Сергеевич).

Нарадзіўся 03.02.1990 г. у пас. Сьцякольны Тосьненскага раёну Ленінградзкай вобл., РСФСР. Навучаўся ў мясцовай школе з 1997 па 2006 г. Жыў у г. Тосна і Санкт-Пецярбургу. Служыў у в/ч 95109 – 148-м навучальным атрадзе (радыётэхнічная школа ВМФ). У сьнежні 2013 году гэтая в/ч была расфармаваная. Служыў на ракетным крэйсэры “Масква“. З улікам ягонай службы у радыётэхнічнай школе ВМФ РФ і ўдзелу ў замежных выправах на розных караблях, меркавана зьяўляецца адмыслоўцам у галіне сувязі або РЭБ. Нашыўка на марской форме Карташова мае пазначэньне “РТ” (радыётэхнічная служба).

У сваім фотаальбоме Карташоў апублікаваў фота мэдалю за акупацыю Крыму й узнагароднага пасьведчаньня да яго.

Характэрна, што згодна з камэнтаром да фота расейцы выдатна разумеюць, што наяўнасьць гэтага мэдалю ёсьць своеасаблівым таўром і можа прывесьці да пакараньня. Падаем камэнтар у арыгінале: “Ты смотри, в укропии за эту награду срок дают” (рас.).

Арыгінальнае фота ўзнагароды й пасьведчаньня:

У пасьведчаньні пазначаны нумар вайсковай часткі – 53189. З гэтага вынікае, што Карташоў падчас правядзеньня апэрацыі захопу Крыму служыў у 519-м асобным дывізіёне разведвальных караблёў Чарнаморскага флёту ВМФ РФ, сталы пункт дысьлякацыі – г. Сэвастопаль, часова акупаваны Крым.

Таксама Карташов пазначыў у сваім акаўнце сацсеткі нумар вайсковай часткі й назву караблю – “Экватар“, які ўваходзіць у склад 519-га АДВК.

СВК “Экватар” расейцы выкарыстоўваюць таксама й для сачэньня за супольнымі вышкаламі NATO й Украіны «Sea Breeze». Судна абсталяванае сыстэмамі фіксацыі карабельных характарыстык: частотаў працы радараў і іншага электроннага абсталяваньня, цеплавога кільватэрнага сьледу. Мае на борце гідраакустычную станцыю, ва ўзбраеньні ёсьць ПЗРК Игла” (рас.).

Сярэдні выведвальны карабель “Экватар” / sevastopol.gallery

СВК “Экватар” вартуе на ратацыйнай падставе ля берагоў Сірыі. Яшчэ ў 2012 годзе Міністэрства абароны РФ абвяргала інфармацыю арабскіх СМІ пра ўдзел расейскіх караблёў, у тым ліку “Экватару” ў сірыйскіх падзеях.

Папярэджаньне мажлівай дывэрсійнай дзейнасьці

1 траўня 2019 году кіраўнік Расеі Уладзімер Пуцін ухваліў чарговы правакацыйны ўказ пра пашырэньне пераліку катэгорыяў грамадзянаў Украіны, якім могуць у спрошчаным рэжыме выдаваць расейскае грамадзянства. Новыя крокі гібрыднай агрэсіі Крамля выклікалі абурэньне дыпляматаў, палітыкаў і значнай часткі ўкраінскага грамадзтва. Некаторыя народныя дэпутаты Украіны, журналісты і валянтэры заклікалі адрэагаваць на гэтыя крокі на заканадаўчым узроўні. Хаця падвойнае грамадзянства ва Украіне забароненае, аднак да гэтага часу ў заканадаўстве не прадугледжаны мэханізм пазбаўленьня ўкраінскага грамадзянства ў выпадку выяўленьня факту наяўнасьці грамадзянства іншай краіны. Таксама грамадзтва актыўна абмяркоўвае зараз мажлівасьці й шляхі выяўленьня другога грамадзянства, перадусім дзяржавы-агрэсара РФ.

Валянтэры міжнароднае супольнасьці InformNapalm працягваюць зьбіраць доказы супроць расейскіх кадравых вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў апэрацыі захопу Крыму і ў баявых дзеяньнях на Данбасе. Падчас правядзеньня OSINT-расьледаваньняў валянтэры вывучаюць таксама і бліжэйшае атачэньне расейскіх вайскоўцаў. Інфармацыя пра сваяцкія сувязі публікуецца ў выключных выпадках і толькі калі яна мае важнае для грамадзтва значэньне.

Падчас правядзеньня расьледаваньня выяўленае, што Аляксандар Карташоў ажаніўся на Людміле Сяргееўне Мацюк, шлюб быў зарэгістраваны ў ЗАГС Гагарынскае раённае рады гораду Сэвастопалю. Вясельныя фота былі апублікаваныя ў фотаальбомах Карташовых у сакавіку 2014 году. Вызначанае, што Людміла Карташова (Мацюк) нарадзілася 15.07.1989 году у с. Крыштопіўка Харкаўскае вобласьці, УССР. Ейныя сваякі пражываюць таксама ў г. Дабрапольлі, у г. Лазавая і іншых гарадох Украіны. У жніўні 2014 году яна апублікавала фота расейскага пашпарту з подпісам: “Я гражданка РФ” (рас.):

Зьвяртаем увагу Дзяржаўнае міграцыйнае службы Украіны на факт наяўнасьці расейскага грамадзянства ў Людмілы Карташовай (Мацюк), якая, відавочна, парушае заканадаўства Украіны й мае схаванае падвойнае грамадзянства. Таксама зьвяртаем увагу Службы бясьпекі Украіны й Дзяржаўнае памежнае службы Украіны на тое, што пад прыкрыцьцём наведваньня сваякоў сваёй жонкі на тэрыторыю Украіны для зьдзяйсьненьня мажлівай дывэрсійнай дзейнасьці   можа патрапіць расейскі вайсковец Аляксандар Карташоў, які ўдзельнічаў і быў узнагароджаны за апэрацыю захопу Крыму.


Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

Exit mobile version