InformNapalm.org (Беларуская)

Міхаіл Бабіч узнагародзіў начальніка Галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу Беларусі

У Амбасадзе РФ у Беларусі ўзнагародзілі намесьніка начальніка Генэральнага штабу Збройных сілаў РБ генэрал-маёра Паўла Муравейку. Ганаровым Ордэнам Дружбы Муравейку асабіста ўзнагародзіў амбасадар РФ і спэцпрадстаўнік Пуціна ў Беларусі, колішні функцыянэр КДБ і ФСБ Міхаіл Бабіч.

Узнагароджваньне генэрал-маёра Паўла Муравейкі адбылося 19 лютага 2019 г. у Амбасадзе РФ у Беларусі з нагоды сьвяткаваньня расейскага дзяржаўнага сьвята – Дня абаронцы Айчыны. На афіцыйным сайце расейскай амбасады пазначанае, што Паўла Муравейку ўзнагародзілі за ўмацаваньне вайсковае супрацы Расеі й Беларусі. Ордэн Дружбы асабіста надаў амбасадар РФ Міхаіл Бабіч.

Павал Муравейка падзякаў кіраўніцтву Расейскай Фэдэрацыі за высокую ацэнку ягонай дзейнасьці (падаем у арыгінале):

Я признателен руководству Российской Федерации за столь высокую оценку в моем лице деятельности коллектива, который я возглавляю. Приятно, что отношения между военными ведомствами Беларуси и России носят дружественный, равноправный стратегический характер. Я уверен, что никакие неурядицы, кривотолки не смогут нарушить это стратегическое партнерство.

Фота: mil.by, “Ваяр”

Генэрал-маёр Павал Муравейка зьяўляецца намесьнікам начальніка Генштабу Збройных сілаў Беларусі. Апроч гэтага ён ачольвае галоўнае апэратыўнае ўпраўленьне, якое зьяўляецца, па сутнасьці, ядром Генэральнага штабу, удзельнічае ў арганізацыі практычна усіх мерапрыемстваў, якія адбываюцца ў войсках. Гэтае упраўленьне Генштабу наўпрост уплывае на здатнасьць Збройных сілаў да рэагаваньня на крытычныя сытуацыі й выклікі. Яно займаецца стратэгічным плянаваньнем абароны дзяржавы, арганізацыяй узаемадзеяньня й каардынацыі дзейнасьці элемэнтаў вайсковай арганізацыі дзяржавы ў сфэры абароны.

На афіцыйным мерапрыемстве прысутнічаў і міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў / belarus.mid.ru

Сьлед асабліва зазначыць, што начальнік аднаго з стратэгічна важных элемэнтаў вайсковага кіраваньня дзяржавы фігуруе ў маніторынгу-аглядзе што да вызначэньня мажлівых патэнцыйных агентаў уплыву Расейскай Фэдэрацыі.

Генэрал-маёр Павал Муравейка / mil.by, “Ваяр”

У 2008 годзе Павал Муравейка скончыў з адзнакай і залатым мэдалём Вайсковую акадэмію Генштабу Збройных сілаў Расейскай Фэдэрацыі. Гэтая вышэйшая вайсковая навучальная ўстанова Расеі апэруе магутным выкшталцаваным ідэалягічным апаратам, праз які праходзяць усе ейныя выпускнікі без вынятку.

Чытайце таксама: Беларусь – сувэрэнная дзяржава або пратэктарат РФ? Маніторынг-2017

Спадзяемся, што вайскова-палітычнае кіраўніцтва Беларусі наагул і Галоўнае апэратыўнае ўпраўленьне Генштабу ў прыватнасьці разумее ўсю ступень й глыбіню небясьпекі, якая зыходзіць сёньня ад Расейскай Фэдэрацыі. Займаецца апэратыўным зборам выведвальнай інфармацыі пра сфармаваную ля мяжы з нашай дзяржавай ударную наступальную групоўкі ЗС РФ, якая ўжо пераўзыходзіць штатную колькасьць Сухапутных войскаў Беларусі. Усьведамляе ўсе пагрозы для нацыянальнай бясьпецы нашай краіны, якія вынікаюць празь ейнае ўваходжаньне ў разнастайныя вайсковыя хаўрусы з дзяржавай-агрэсарам. Ведае пра намер расейскіх вайсковых стратэгаў канчаткова разьвязаць украінскае пытаньне й застасаваць для гэтага таксама і вайскова-тэхнічны патэнцыл Беларусі.


Рэдактар беларускае службы
міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm
Дзяніс Івашын.

Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

Exit mobile version