За два гады з моманту правядзеньня папярэдняга маніторынгу адбыліся значныя падзеі, якія спрычыніліся да працягу фундаментальнае зьмены постялтынскага сьвету. Асноўнымі трыгерамі сталі працяг расейскае ваеннае агрэсіі супроць Украіны, якая ператварылася на пазыцыйную вайну, пачатак ваеннай кампаніі РФ супроць сірыйскага народа на баку рэжыму Асада, у выніку якой міжнародная супольнасьць задакумантавала гібель тысячаў мірных жыхароў і беспрэцэдэнтную колькасьць учекачоў. Сюды ж варта аднесьці правядзеньне спэцслужбамі РФ тэрарыстычнай дзейнасьці супроць Украіны, выкраданьне ўкраінскіх грамадзянаў, у тым ліку і на беларускай тэрыторыі.
Беларусь для Расеі зьяўляецца геастратэгічным рэгіёнам, кантроль над якім дае ёй значную перавагу перадусім у ваенным пляне й спрыяе правядзеньню ёю канфрантацыйнай палітыкі ў дачыненьні да сусьветных дзяржаваў і рэгіянальных актараў. У гэты момант адбываецца актыўнае нарошчваньне сілаў і сродкаў Адзінай рэгіянальнай групоўкі войскаў РФ і РБ, створаная адзіная рэгіянальная сыстэма СПА. Значна ўзрасла колькасьць супольных вайсковых вышкалаў, у выніку якіх адбываецца баявое зладжваньне беларускіх вайсковых фармаваньняў з расейскімі падразьдзяленьнямі – удзельнікамі баявых дзеяньняў ва Украіне й Сірыі. Супольныя стратэгічныя вышкалы «Захад-2017» зьяўляюцца свайго кшталту кульмінацыйнай кропкай інтэграцыі Збройных Сілаў Беларусі й Расейскае Фэдэрацыі.
Рэалізацыя гэтай вышэйшай ступені вайскова-палітычнага сымбіёзу адбывалася паступова. У 2014 годзе падчас актыўнае фазы баявых дзеяньняў РФ супроць Украіны беларуская дзяржава была фактычна ўцягнутая ў ваенную канфрантацыю на расейскім баку. Падчас цяжкіх баёў на Усходзе Украіны на беларускіх авіябазах у Бабруйску й Баранавічах дысьлякавалася расейская вайскова-транспартная авіяцыя, зьнішчальная эскадрыльля ПКС РФ з тэхнічным пэрсаналам і штатным узбраеньнем. З тэрыторыі Беларусі з дапамогаю лятака далёкасяжнага радыёлякацыйнага выяўленьня А-50 расейскія Збройныя Сілы зьдзяйсьнялі кантроль паветранае прасторы практычна ва ўсёй паўночнай частцы Украіны й наводзілі сваю зьнішчальную авіяцыю. У 2015-2016 гадох праз выкарыстаньне абавязальніцтваў беларускага боку ў межах так званай Саюзнай дзяржавы расейская авіягрупоўка адпрацоўвала ўмоўнае нанясеньне масаваных авіяцыйных удараў з паветранае прасторы Беларусі па стратэгічных аб’ектах на тэрыторыі краінаў Балтыі й Украіны. І, урэшце, увесну 2017 году ў Беларусі супроць Украіны быў разгорнуты другі інфармацыйны фронт зь зьдзяйсьненьнем правакацыяў на дзяржмяжы, інтэрнаваньнем ўкраінскіх грамадзянаў.
Усё гэта зьяўляецца сьведчаньнем актыўнае спробы задзейнічаньня расейскім бокам усяго наяўнага вайскова-стратэгічнага патэнцыялу Беларусі ў сваіх дэструктыўных плянах, інтарэсы самой Беларусі пры гэтым цалкам ігнаруюцца. Праз грэбаваньне канстытуцыйным імкненьнем да нэйтралітэту і сьляпое выкананьне нададзенай ролі ахвярнага барану вайскова-палітычнае кіраўніцтва Беларусі значна пагаршае і гэтак праблемныя палітычныя ўзаемаадносіны з усім навакольным сьветам, умацоўвае дзяржаву без апэратыўнае мажлівасьці да адступленьня ў расейскай сфэры інтарэсаў, ператварае яе на сатэліта. Праз дэлегаваньне часткі свайго сувэрэнітэту Расеі дзеля вайсковай абароны ад уяўнай пагрозы з Захаду, праз перадачу кантролю над значнай часткаю сваіх зьнешнепалітычных справаў Беларусь набывае сапраўднае аблічча расейскага пратэктарату. Фундамантальная роля ў гэтым без сумневу належыць агентам расейскага ўплыву, якімі насычаныя ўсе ўзроўні сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня Беларусі.
Канчаткова вызначыцца з усім гэтым я надаю права чытачу, які, праз вывучэньне сабранага матар’ялу зможа бесстаронна й неўпярэджана зрабіць вэрдыкт цэлай дзяржаве. Гэты маніторынг у параўнаньні з праведзеным у 2015 годзе значна пашыраны й паглыблены, што надае яшчэ больш мажлівасьцяў для слушнага высноўваньня. У ім пералічаны шэраг чыноўнікаў вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва, сілавых міністэрстваў Рэспублікі Беларусь, камандыраў асобных падразьдзяленьняў ЗС, МУС, ДПК, асноўным крытэрам адбору якіх зьяўляецца: нараджэньне па-за межамі Беларусі, вышэйшая вайсковая адукацыя, атрыманая ў Расейскай Фэдэрацыі, а таксама наяўныя ў іхнай біяграфіі яскравыя старонкі службы ў савецкім КДБ, ГРУ, расейскіх вайсковых падразьдзяленьнях. Таксама ў яго ўвайшлі колішнія функцыянэры кампартыі й асобы, якія мелі дачыненьне да фінансавых і дыпляматычным расейска-беларускіх колаў. Для напісаньня гэтага матар’ялу я, як і ў 2015 годзе, скарыстаў з артыкулу 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які надае неад’емнае права кожнаму грамадзяніну Беларусі атрымліваць, захоўваць і распаўсюджваць поўную, дакладную й актуальную інфармацыю пра дзейнасьць дзяржаўных ворганаў. У маніторынгу выкарыстаная інфармацыя з адкрытых крыніцаў міністэрстваў і ведамстваў, матар’ялаў дзяржаўных СМІ.
Асабліва хачу зазначыць, што ў гэтым маніторынгу я не даю аніякіх дэфініцыяў усім пералічаных асобам. Яны могуць быць як агентамі расейскага ўплыву, гэтак і патрыётамі беларускай зямлі. Чытачу я надаю права зрабіць ім вызначэньне самастойна праз вывучэньне ўсяго масыву матар’ялаў і праз праз неабходную акцэнтацыю ўвагі на тым, што агент расейскага ўплыву – гэта перадусім службовая асоба, чыноўнік, які сыстэматычна й мэтаскіравана зьдзяйсьняе дзейнасьць, зьвязаную з рэалізацыяй мэтаў і задачаў Расейскае Фэдэрацыі.
Такім чынам, пачнем.
Вышэйшае камандаваньне Збройных Сілаў (ЗС) Рэспублікі Беларусь
Раўкоў Андрэй Аляксеевіч
Генэрал-лейтэнант, міністар абароны Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся ў 1967 годзе ў в. Равякі Бешанковіцкага раёну Віцебскае вобл., БССР. У 2005 годзе скончыў з адзнакаю Вайсковую акадэмію Генэральнага штабу (ГШ) ЗС Расейскай Фэдэрацыі. 7 траўня 2016 г. нададзенае чарговае вайсковае званьне генэрал-лейтэнанта.
Белаконеў Алег Аляксеевіч
Генэрал-маёр, начальнік ГШ ЗС РБ, першы намесьнік міністра абароны РБ.
Нарадзіўся ў 1965 г. у с.Барабаш Хасанскага раёну Прыморскага краю, РСФСР.
Бурдыка Андрэй Валяр’янавіч
Генэрал-маёр, намесьнік міністра па тылу – начальнік тылу ЗС РБ.
Нарадзіўся ў 1973 годзе ў пгт. Плешчаніцы Менскай вобласьці, БССР. У 2003 годзе скончыў Вайсковую акадэмію тылу й транспарту Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі. У 2012 годзе скончыў Вайсклвую акадэмію ГШ ЗС Расейскай Фэдэрацыі (архіў).
У структуры камандаваньня адбыліся наступныя зьмены: 23 лістапада 2015 г. генэрал-маёр Міхаіл Пузікаў быў звольнены з пасады намесьніка міністра абароны РБ і прызначаны намесьнікам дзяржсакратара Рады Бясьпекі Беларусі (інфармацыя пра яго – ніжэй у адпаведным разьдзеле). На ягонае мейсца 12 студзеня 2016 году быў прызначаны генэрал-маёр Сяргей Патапенка, які нарадзіўся ў Беларусі і скончыў Генэральны штаб Вайсковай акадэміі РБ. 22 Генэральны штаб Збройных Сілаў РБкі фігураваў у нашым папярэднім аглядзе як выпускнік Вайсковай акадэміі ГШ ЗС РФ, быў звольнены з пасады намесьніка міністра абароны па ўзбраеньню, начальніка ўзбраеньня ЗС у зьвязку з звальненьнем з вайсковай службы ў запас. На ягонае мейсца быў прызначаны генэрал-маёр Сяргей Сіманенка, які нарадзіўся ў Беларусі й скончыў Вайсковую акадэмію РБ. Замест генэрал-маёра Віталя Кірэева, намесьніка міністра абароны па тыле, фігуранту нашага папярэдняга маніторынгу як выхадня з г. Магадан і таксама звольненага ў запас, быў прызначаны генэрал-маёр Андрэй Бурдыка. У параўнанні з папярэднім маніторынгам, у выніку якога ў сьпіс патрапіла цалкам усё вышэйшае камандаваньне ЗС РБ, у гэтым пералічаныя вышэй асобы складаюць ужо 60 адсоткаў (3 з 5), аднак нягледзячы на гэта практыка прызначаць на камандныя пасады выпускнікоў расейскіх вайсковых ВНУ нязьменна працягваецца.
Генэральны штаб Збройных Сілаў РБ
У адкрытым доступе маецца інфармацыя пра начальнікаў дзесяці ўпраўленьняў. Апроч ужо пазначанага вышэй начальніка ГШ Белоконева А.А., у маніторынг увайшлі:
Муравейка Павал Мікалаевіч
Генэрал-маёр, намесьнік начальніка ГШ ЗС – начальнік галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня.
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Мар’інай Горцы Пухавіцкага раёну Менскай вобл., БССР. У 2008 годзе скончыў з адзнакай і залатым мэдалём Вайсковую акадэмію ГШ ЗС Расейскай Фэдэрацыі.
Ціханаў Віктар Паўлавіч
Генэрал-маёр, да нядаўняга часу начальнік Галоўнага выведвальнага ўпраўленьня, намесьнік начальніка ГШ ЗС Рэспублікі Беларусь.
Дата й мейсца нараджэньня – н/д. Скончыў Вайсковую акадэмію ГШ ЗС Расейскай Фэдэрацыі.
Дудко Сяргей Рыгоравіч
Генэрал-маёр, начальнік упраўленьня тэрытарыяльнай абароны – намесьнік начальніка ГШ ЗС Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся ў 1960 годзе. Мейсца нараджэньня, паводле непацьверджанай інфармацыі, – пгт. Запарожжа Красналуцкага гарсавету Луганскае вобл., УССР, у гэты момант пад кантролем другога акупацыйнага армейскага корпусу 8-й агульнавайсковай арміі ЗС РФ. Скончыў Вайсковую акадэмію ГШ ЗС Расейскай Фэдэрацыі. Удзельнік савецкай інтэрвэнцыі ў Афганістан. 22 лютага 2016 г. нададзенае чарговае вайсковае званьне генэрал-маёра (1, 2).
Данільчык Ігар Іванавіч
Палкоўнік, начальнік упраўленьня радыёэлектроннай барацьбы ГШ ЗС Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся ў 1969 годзе ў в. Львоўка Ваўкавыскага раёну Гарадзенскай вобл., БССР. Скончыў Вайскова-паветраную акадэмію імя Ю.А. Гагарына Міністэрства абароны Расейскай Федэрацыі (архіў).
Лагвіновіч Юры Мікалаевіч
Палкоўнік, начальнік навігацыйна-тапаграфічнай службы ЗС РБ – начальнік навігацыйна-тапаграфічнага ўпраўленьня ГШ ЗС Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў в. Зяньковічы Узьдзенскага раёну Менскай вобл., БССР. У 2001-2003 гг. навучаўся ў Вайскова-інжынэрным унівэрсытэце Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі (архіў).
Бузін Мікалай Яўгенавіч
Палкоўнік, намесьнік начальніка ГШ ЗС Рэспублікі Беларусь ў навуковай працы.
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў г. Лідзе Гарадзенскай вобласьці, БССР. У 2010 годзе скончыў Вайсковую акадэмію ГШ ЗС Расейскай Фэдэрацыі.
Фігурант папярэдняга маніторынгу палкоўнік Руслан Касыгін 30 траўня 2016 году быў прызначаны начальнікам штаба – першым намесьнікам камандуючага войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня ЗС РБ (гл. ніжэй). Намесьнікам начальніка Генэральнага штабу Збройных Сілаў у баявым кіраваньні напачатку сьнежня 2016 году быў прызначаны генэрал-маёр Ігар Сяргеевіч Кароль, які да гэтага ўзначальваў 72-і гвардзейскі Аб’яднаны навучальны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў Збройных Сілаў. Генэрал-маёр Генадзь Казакоў, які ачольваў упраўленьне сувязі ГШ ЗС і фігураваў у нашым папярэднім маніторынгу як слухач Вайсковай акадэміі ГШ ЗС Расейскай Фэдэрацыі, быў звольнены з пасады 17 красавіка 2017 году і прыкамандыраваны да ААТ «АГАТ – сыстэмы кіраваньня» з пакіданьнем у кадрах МА РБ. На ягонае мейсца 16 жніўня 2017 г. прызначаны палкоўнік Алег Мішчанка, выпускнік Вайсковай акадэміі РБ. Генэрал-маёр Сяргей Бобрыкаў звольнены з пасады начальніка Вайсковай акадэміі РБ у зьвязку з “абраньнем” яго дэпутатам так званай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Ягонае мейсца заняў генэрал-маёр Віктар Лісоўскі, фігурант гэтага маніторынгу (гл. ніжэй).
Іншыя начальнікі кіраваньняў і ўстановаў МА
Панфёраў Аляксандар Іванавіч
Палкоўнік, начальнік галоўнага кіраваньня й каардынацыі тылавога забесьпячэньня – першы намесьнік начальніка тылу ЗС РБ.
Нарадзіўся ў 1968 годзе ў в. Антанова Загорскага раёну Маскоўскае вобласьці, РСФСР. Да свайго апошняга прызначэньня 29 траўня 2017 году быў намесьнікам камандуючага ВПС і войскамі СПА па тылу.
Сяраўкін Алег Віктаравіч
Палкоўнік, начальнік аўтамабільнага кіраваньня МА РБ.
Нарадзіўся ў 1963 годзе ў г. Разань, РСФСР. На сёньняшнюю пасаду быў прызначаны ў ліпені 2016 году, да яго кіраваньне ачольваў палкоўнік Іваноў В.А., які фігураваў у папярэднім аглядзе.
Шаплаўскі Юры Мікалаевіч
Палкоўнік, начальнік дэпартамэнту транспартнага забесьпячэньня МА РБ.
Нарадзіўся ў 1970 годзе ў г.п. Урэчча Любанскага раёну Менскае вобласьці, БССР. У 2006-2008 гг. навучаўся ў Вайсковай акадэміі тылу й транспарту Расейскай Фэдэрацыі. 16 жніўня 2017 году прызначаны на сёньняшнюю пасаду, якая заставалася вакантнай пасьля пераводу генэрал-маёра Сяргея Новікава на пасаду намесьніка старшыні ДПК РБ (гл. ніжэй).
Якунін Аляксей Валер’евіч
Палкоўнік, намесьнік начальніка дэпартамэнту – начальнік 3-га кіраваньня дэпартамэнту транспартнага забесьпячэньня МА РБ.
Нарадзіўся ў г. Мірны Архангельскае вобласьці, РСФСР, у сям’і вайскоўца. У 1999 годзе скончыў Вайскова-транспартны інстытут чыгуначных войскаў і вайсковых спалучэньняў Вайсковай акадэміі матар’яльна-тэхнічнага забесьпячэньня Расейскай Фэдэрацыі.
Макараў Уладзімер Мацьвеевіч
Палкоўнік, начальнік кіраваньня інфармацыі галоўнага кіраваньня ідэалягічнай працы МА РБ.
Нарадзіўся ў 1955 годзе ў г.Чалябінску, РСФСР. У 1993 годзе скончыў з адзнакай Гуманітарную акадэмію ЗС Расейскай Фэдэрацыі. Аўтар шматлікіх пасквіляў пра лідэраў беларускай дэмакратычнай апазыцыі.
Лукерын Дзьмітры Іванавіч
Палкоўнік, начальнік кіраваньня паліва й змазачных матар’ялаў МА РБ.
Нарадзіўся ў 1972 г., мейсца нараджэння – н/д. У 2010 г. скончыў Вайсковую акадэмію тылу й транспарту Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі (з 2012 г. Вайсковая акадэмія матар’яльна-тэхнічнага забесьпячэньня).
Мажылоўскі Ігар Уладзімеравіч
Генэрал-маёр, памочнік міністра абароны ў вайсковай эканоміцы й фінансах – начальнік галоўнага фінансава-эканамічнага кіраваньня МА РБ.
Дата й мейсца нараджэньня – н/д. У 2002 годзе скончыў з залатым мэдалём Вайсковы фінансава-эканамічны унівэрсытэт Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі.
Заброцкі Дзьмітры Аляксандравіч
Палкоўнік, першы намесьнік начальніка галоўнага фінансава-эканамічнага кіраваньня МА РБ.
Дата й мейсца нараджэньня – н/д. У 2002 годзе скончыў Вайсковы фінансава-эканамічны унівэрсытэт Расейскай Фэдэрацыі.
Дзярдзей Эдуард Віктаравіч
Палкоўнік, намесьнік начальніка, начальнік 1-га кіраваньня галоўнага фінансава-эканамічнага кіраваньня МА РБ.
Дата й месца нараджэньня – н/д. У 2010 годзе скончыў Вайсковую фінансава-эканамічную акадэмію Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі.
Малаток Дзьмітры Міхайлавіч
Палкоўнік, начальнік 2-га кіраваньня галоўнага фінансава-эканамічнага кіраваньня МА РБ.
Дата й мейсца нараджэньня – н/д. У 2005 годзе скончыў Вайсковы фінансава-эканамічны унівэрсытэт Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі.
Дзегцяроў Арцём Іванавіч
Падпалкоўнік, начальнік 3-га кіраваньня галоўнага фінансава-эканамічнага кіраваньня МА РБ.
Нарадзіўся ў 1982 годзе ў г. Кіраў Калужскае вобласьці, РСФСР. У 2004 годзе скончыў Яраслаўскі вайсковы фінансава-эканамічны інстытут.
Павечароўскі Дзьмітры Аляксандравіч
Падпалкоўнік, начальнік групы (арганізацыйна-плянавай і мабілізацыйнай працы) галоўнага фінансава-эканамічнага кіраваньня МА РБ.
Нарадзіўся ў 1974 годзе, мейсца нараджэньня – н/д. У 1996 годзе скончыў Вайсковую інжынэрна-касьмічную акадэмію імя А.Ф. Мажайскага ў Санкт-Пецярбургу. З 1996 году праходзіў вайсковую службу на пасадзе інжынэра аддзела в/ч 54341 (АсНаз ГРУ, радыёэлектронная выведка) Забайкальскай вайсковай акругі ЗС Расейскай Фэдэрацыі (архіў).
Нарковіч Віктар Казімеравіч
Падпалкоўнік, начальнік аддзела пэнсійнага й страхавога забесьпячэньня галоўнага фінансава-эканамічнага кіраваньня МА РБ.
Нарадзіўся ў 1981 годзе ў г. Сэвастопаль, УССР, які ў гэты момант знаходзіцца пад акупацыяй РФ. У 2004 годзе скончыў Яраслаўскі вайсковы фінансава-эканамічны інстытут.
Белавусаў Мікалай Аляксандравіч
Палкоўнік юстыцыі, начальнік кіраваньня прававога забесьпячэньня МА РБ.
Нарадзіўся ў 1968 годзе ў г. Верхняя Пышма Свярдлоўскае вобл., РСФСР.
Равенка Валер Аляксандравіч
Палкоўнік, першы намесьнік начальніка дэпартамэнта міжнароднае вайсковае супрацы МА РБ.
Нарадзіўся ў 1969 годзе ў г. Краснаярск-26 Краснаярскага краю, РСФСР.
Мальцаў Сяргей Леанідавіч
Палкоўнік запасу, генэральны дырэктар тэлекампаніі Міністэрства абароны РБ «ВоенТВ» (рас.).
Паводле непацьверджанай інфармацыі нарадзіўся ў 1954 годзе ў пас. Ольгіна Ленінградзкай вобласьці, РСФСР, які вядомы праз тое, што ў ім да нядаўняга часу знаходзілася так званая фабрыка інтэрнэт-троляў – функцыянэраў агрэсіўнай дзяржпрапаганды РФ. Спадзяюся, што Сяргей Мальцаў у сваёй журналісцкай працы не выкарыстоўвае мэтоды й прыёмы «ольгінцаў» для фармаваньня й маніпуляваньня грамадзкай думкаю.
Большая частка каманднага складу розных кіраваньняў і ўстановаў МА РБ, які фігураваў ў папярэднім маніторынгу, была звольненая з вайсковай службы паводле ўзросту. На іхнае мейсца былі прызначаныя тыя, хто нарадзіўся па-за межамі Беларусі і тыя, хто скончыў вайсковыя ВНУ РФ.
Сухапутныя войскі Збройных Сілаў РБ
Заходняе апэратыўнае камандаваньне
Касыгін Руслан Анатолевіч
Палкоўнік, начальнік штабу – першы намесьнік камандуючага войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня (ЗАК).
Замяніў на гэтай пасадзе палкоўніка Алега Мельнікава, які быў залічаны ў запас. Да траўня 2016 году ачольваў інфармацыйна-аналітычнае кіраваньне ГШ ЗС РБ. Нарадзіўся 28 ліпеня 1968 г. у г. Ялце Крымскае вобласьці, УССР, якая знаходзіцца ў гэты момант пад расейскай акупацыяй. Фігурант нашага расьледаваньня з кастрычніка 2015 году, якое, цалкам мажліва, і сталася падставаю для ягонага ганаровага сасланьня ў ЗАК у г. Горадню да канца ягонае вайсковае службы й наступнага звальнення паводле ўзросту.
Арэх Уладзімер Міхайлавіч
Палкоўнік, намесьнік камандуючага войскамі па тылу – начальнік кіраваньня тылу Заходняга апэратыўнага камандаваньня.
Нарадзіўся ў 1969 годзе ў Бабруйску Магілеўскае вобласьці, БССР. У 2011 годзе скончыў з адзнакаю Фэдэральную дзяржаўную казённую вайсковую адукацыйную ўстанову вышэйшай прафэсійнай адукацыі «Вайсковая акадэмія тылу й транспарту імя генэрала арміі А.В. Хрулёва» Міністэрства абароны РФ.
Злучэньні й часткі Заходняга апэратыўнага камандаваньня
Кірэеў Леанід Андрэевіч
Палкоўнік, камандыр 111-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады.
Нарадзіўся ў 1972 годзе ў сям’і вайскоўца ў г. Іркуцке, РСФСР.
Паўночна-заходняе апэратыўнае камандаваньне
Вальфовіч Аляксандар Рыгоравіч
Генэрал-маёр, камандуючы войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня.
Нарадзіўся ў 1967 годзе ў г. Казані, РСФСР. У 2008 годзе скончыў з адзнакаю Вайсковую акадэмію ГШ ЗС Расейскай Фэдэрацыі.
Кузьмук Ігар Мікалаевіч
Палкоўнік, намесьнік камандуючага войскамі па ўзбраеньню – начальнік кіраваньня ўзбраеньня Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня.
Нарадзіўся ў 1973 годзе ў паселішчы Калінаўскае Камышлоўскага раёну Сьвярдлоўскае вобласьці РСФСР. У 2015 годзе быў прызначаны на сёньняшнюю пасаду, якую да яго займаў палкоўнік Віктар Тураў.
Шкадровіч Віталь Мікалаевіч
Палкоўнік, намесьнік камандуючага войскамі па тылу – начальнік кіраваньня тылу Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня.
Нарадзіўся ў 1970 годзе ў г.п. Кіраўск Магілёўскае вобласьці, БССР. З 2008 па 2010 год навучаўся ў Вайсковай акадэміі ГШ ВС РФ.
Характэрна, што на пасаду намесьніка камандуючага войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня, якая сталася вакантнаю праз прызначэньне ў лютым 2016 г. генэрал-маёра Некрашэвіча А.К. на пасаду начальніка галоўнага кіраваньня баявой падрыхтоўкі ЗС РБ, 20.04.2016 г. быў прызначаны палкоўнік Уладзімер Кулажын, які ўдзельнічаў у арганізацыі падрыхтоўкі й правядзення камандна-штабных вышкалаў ЗС РБ у верасьні 2016 г. на Лепельскім палігоне, падчас якіх у межах ліквідацыі магчымых гібрыдных пагрозаў для дзяржавы былі адпрацаваныя спосабы супрацьдзеяньня незаконным збройным фармаваньням сэпаратыстаў з правядзеньнем апэрацыі ў зачыстцы й блякаваньні гораду. Варта асобна зазначыць, што Лепельскі палігон знаходзіцца ўсяго за 100 км ад дзяржаўнае мяжы з Расейскай Фэдэрацыяй.
Злучэньні й часткі Паўночна-Заходняга апэратыўнага камандаваньня
Латышаў Андрэй Аляксандравіч
Палкоўнік, камандыр 19-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады.
Нарадзіўся ў 1973 годзе на тэрыторыі НДР у сям’і вайскоўца.
Пікалаў Алег Віктаравіч
Падпалкоўнік, начальнік 814-га цэнтра тэхнічнага забесьпячэньня.
Нарадзіўся ў 1978 годзе меркавана на тэрыторыі Чэхаславацкае Сацыялістычнае Рэспублікі ў сям’і вайскоўца савецкай акупацыйнай Цэнтральнай групы войскаў.
Вайскова-паветраныя сілы (ВПС) і Войскі супрацьпаветранай абароны (СПА)
Голуб Ігар Уладзімеравіч
Генэрал-маёр, намесьнік камандуючага ВПС і войскамі СПА.
Нарадзіўся ў 1967 годзе ў Чарнігаве, УССР.
Трус Сяргей Мікалаевіч
Генэрал-маёр, начальнік Галоўнага штабу – першы намесьнік камандуючага ВПС і войскамі СПА.
Нарадзіўся ў 1965 годзе ў Менску, БССР. У 2008 годзе скончыў Вайсковую акадэмію ГШ ЗС Расейскай Фэдэрацыі.
Карэў Аляксандар Міхайлавіч
Генэрал-маёр, намесьнік камандуючага ВПС і войскамі СПА – начальнік авіяцыі.
Нарадзіўся ў 1966 годзе, паводле непацьверджаных дадзеных – у пас. Камяшок Кемераўскае вобласьці, РСФСР.
Шаўчэнка Валер Аляксандравіч
Палкоўнік, намесьнік камандуючага ВПС і войскамі СПА ў ідэалягічнай працы – начальнік кіраваньня.
Нарадзіўся ў 1969 годзе ў Чалябінску, РСФСР.
Філіпаў Ігар Генадзевіч
Палкоўнік, да нядаўняга часу начальнік аддзяленьня баявой падрыхтоўкі радыётэхнічных войскаў камандаваньня ВПС і войскаў СПА ЗС РБ.
Нарадзіўся ў 1968 годзе ў г. Баранавічы Берасьцейскае вобласьці, БССР. У 2005 г. скончыў Вайсковую акадэмію паветрана-касьмічнай абароны Расейскай Фэдэрацыі.
Палкоўнік Аляксандар Панфёраў, намесьнік камандуючага ВПС і войскамі СПА па тыле, начальнік кіраваньня 29 чэрвеня 2017 году быў прызначаны на новую пасаду – начальнік галоўнага кіраваньня й каардынацыі тылавога забесьпячэньня – першы намесьнік начальніка тылу ЗС РБ. Ягонае мейсца заняў палкоўнік Юры Пейгановіч, зь інфармацыі адкрытага доступу ў наяўнасьці маецца толькі ягоны службовы сьпіс. Палкоўнік Барыс Буда, які фігураваў у нашым папярэднім маніторынгу як выхадзень з в/г у Таджыкістане і выпускнік Вайсковай акадэміі ГШ ЗС РФ, быў звольнены з займанай пасады намесьніка камандуючага ВПС і войскамі СПА па ўзбраеньню, начальніка кіраваньня меркавана ў зьвязку з звальненьнем з вайсковай службы ў запас паводле ўзросту. На ягоную пасаду быў прызначаны палкоўнік Аляксандар Астравух, выпускнік Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь. 18 ліпеня 2017 г. генэрал-маёр Алег Двігалёў быў звольнены з пасады камандуючага ВПС і войскамі СПА РБ і прызначаны старшынём Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту (гл. ніжэй). Новым камандуючым стаўся ягоны намесьнік генэрал-маёр Ігар Голуб. Гэтае прызначэньне вельмі характэрнае, бо адзін з ключавых ворганаў вайсковага кіраваньня зараз ачольвае выхадзень з Чарнігава. Невядома, ці будзе ён замінаць правядзеньню ранейшай палітыкі што да ўцягваньня Беларусі ў збройныя канфлікты на баку РФ альбо ягонае прызначэньне, наадварот, зьвязанае з тым, што ён дастаткова добра ведае магчымы будучы тэатар ваенных дзеяньняў ва Украіне. Новым намесьнікам камандуючага ВПС і войскамі СПА замест прызначанага кіраўніком гэтага ведамства Ігара Голуба стаўся генэрал-маёр Андрэй Гурцэвіч, які нарадзіўся ў Беларусі і скончыў Вайсковую акадэмію РБ. Загад зь ягоным прызначэньнем датаваны 31 жніўня 2017 году.
Як бачым, у камандным складзе ВПС і войскаў СПА РБ былі зьдзейсьненыя значныя зьмены, якія абнавілі за досыць невялікі прамежак часу на 40 адсоткаў увесь ягоны асабовы склад. У ворган вайсковага кіраваньня былі ўведзеныя новыя людзі, якія нарадзіліся ў Беларусі і скончылі Вайсковую акадэмію РБ.
Злучэньні й часткі ВПС і войскаў СПА РБ
Льгоў Міхаіл Генадзевіч
Палкоўнік, камандыр 120-й зэнітнай ракетнай брыгады.
Нарадзіўся ў 1973 годзе ў Таліне ў сям’і вайскоўца.
Лук’яновіч Андрэй Юльянавіч
Палкоўнік, да нядаўняга часу камандыр 50-й зьмяшанай авіяцыйнай базы ВПС і войскаў СПА, якая ўваходзіць у адзіную рэгіянальную сыстэму СПА РФ і РБ. У 2011 годзе скончыў Вайскова-паветраную акадэмію Расейскае Фэдэрацыі.
Шчыпуноў Яўген Аляксандравіч
Падпалкоўнік, старэйшы штурман – начальнік штурманскае службы 50-й зьмяшанай авіяцыйнай базы ВПС і войскаў СПА.
У 1999 годзе скончыў Чалябінскую вышэйшую вайсковую авіяцыйную вучэльню штурманаў Расейскай Фэдэрацыі.
Сілы Спэцыяльных Апэрацыяў Збройных Сілаў РБ
Дзенісенка Вадзім Іванавіч
Генэрал-маёр, камандуючы Сіламі Спэцыяльных Апэрацыяў ЗС РБ.
Нарадзіўся ў 1967 годзе ў Будапешце, ВНР. У 2008 годзе скончыў з адзнакаю Вайсковую акадэмію ГШ ЗС Расейскай Фэдэрацыі (архіў).
Сілы Спэцыяльных Апэрацыяў зьяўляюцца адносна новым родам войскаў ЗС РБ, якія адзначылі сёлета свае дзесяцігодзьдзе. Гэта насамрэч элітныя й найбольш баяздольныя падразьдзяленьні беларускае арміі, зь якімі на сталай аснове адбываюцца рэгулярныя супольныя вышкалы дэсантна-паветраных войскаў Расейскай Фэдэрацыі. Сьлед асабліва зазначыць, што гэтыя вышкалы праводзяцца з расейскімі вайсковымі злучэньнямі, падразьдзяленьні якіх прымалі непасрэдны ўдзел у вайсковай агрэсіі супроць Украіны.
Спэцыяльныя войскі Збройных Сілаў РБ
Лапаткін Ігар Інакенцьевіч
Палкоўнік, да нядаўняга часу начальнік 263-й базы захоўваньня, рамонту й утылізацыі сродкаў сувязі.
Нарадзіўся ў 1970 годзе ў г. Сызрань Куйбышаўскае вобласьці, РСФСР.
Дзьячкоў Сяргей Юр’евіч
Палкоўнік, намесьнік камандыра 2-й інжынэрнай брыгады.
Нарадзіўся ў 1972 годзе ў г. Салігорску Менскае вобласьці, БССР. У 2010 годзе скончыў Вайсковы інстытут інжынэрных войскаў Агульнавайсковай акадэміі ЗС Расейскай Фэдэрацыі.
Прасяны Юры Дзьмітрыевіч
Палкоўнік, да нядаўняга часу начальнік 1371-й інжынэрнай базы (сродкаў інжынэрнага ўзбраеньня).
Нарадзіўся ў 1965 годзе ў с. Тарасаўка Хмяльніцкае вобласьці УССР ў сям’і вайскоўца.
Германаў Алег Міхайлавіч
Палкоўнік, камандыр 8-й брыгады РХБ абароны.
Нарадзіўся ў 1973 годзе ў г. Старыя Дарогі Менскае вобласьці, БССР. Скончыў Тамбоўскую вышэйшую вайсковую камандную вучэльню хімічнае абароны.
Лысікаў Дзьмітры Уладзімеравіч
Падпалкоўнік, начальнік 602-й базы рамонту й захоўваньня (войскаў РХБ абароны).
Нарадзіўся ў 1975 годзе меркавана на тэрыторыі ГДР у сям’і вайскоўца. У 1997 годзе скончыў Вайсковую акадэмію войскаў РХБ абароны й інжынэрных войскаў Расейскае Фэдэрацыі.
Якавук Аляксандар Сяргеевіч
Падпалкоўнік, камандыр 77-га асобнага маставога чыгуначнага батальёну 30-й асобнай чыгуначнай брыгады.
Нарадзіўся ў г. Менску, БССР. У 2007 годзе скончыў Вайскова-транспартны ўнівэрсытэт чыгуначных войскаў Расейскае Фэдэрацыі (архіў).
Рудзько Яўген Яўгенавіч
Падпалкоўнік, камандыр 259-га асобнага мабільна-аднаўленчага чыгуначнага батальёну 30-й асобнай чыгуначнай брыгады.
Дата й мейсца нараджэньня – н/д. Скончыў Вайскова-транспартны унівэрсытэт чыгуначных войскаў Расейскае Фэдэрацыі.
Вайсковыя камісарыяты Рэспублікі Беларусь
Андрашчук Алег Пятровіч
Падпалкоўнік, вайсковы камісар Драгічынскага раёну Берасьцейскае вобласьці.
Нарадзіўся ў 1973 годзе ў г.Потсдам, НДР, у сям’і вайскоўца. Скончыў Калінінградзкую авіяцыйна-тэхнічную вучэльню, служыў у Забайкальскай вайсковай акрузе Збройных Сілаў Расейскае Фэдэрацыі.
Зьмееў Дзьмітры Валянтынавіч
Падпалкоўнік, да нядаўняга часу вайсковы камісар Камянецкага раёну Берасьцейскае вобласьці.
Нарадзіўся ў 1980 годзе. Меркавана ў 2003 годзе скончыў Вайсковую акадэмію войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны Расейскае Фэдэрацыі.
Круглоў Ігар Уладзімеравіч
Палкоўнік, да нядаўняга часу вайсковы камісар Кобрыньскага й Жабінкаўскага раёнаў Берасьцейскае вобласці.
Нарадзіўся ў 1970 годзе ў г. Берасьце, БССР. Служыў у 134-й асобнай брыгадзе спэцсувязі, а таксама ў падразьдзяленьнях Далёкаўсходняе й Паўночна-Каўказскае вайсковых акругаў Збройных Сілаў Расейскае Фэдэрацыі.
Блашчанка Андрэй Андрэевіч
Маёр, да нядаўняга часу начальнік адасобленай групы (Ганцавіцкага раёну) вайсковага камісарыяу Лунінецкага й Ганцавіцкага раёнаў Берасьцейскае вобласьці. Нарадзіўся ў 1985 годзе ў сям’і вайскоўца ў г. Усурыйск, Прыморскі край, РСФСР.
Герасімчук Уладзімер Іванавіч
Падпалкоўнік, вайсковы камісар Слонімскага й Зэльвенскага раёнаў Гарадзенскае вобласьці.
Нарадзіўся ў 1980 год у г. Потсдам, НДР, у сям’і вайскоўца.
Кацяхоў Аляксей Уладзімеравіч
Падпалкоўнік, да нядаўняга часу намесьнік вайсковага камісару Барысаўскага й Крупскага раёнаў Менскае вобласьці, начальнік мабілізацыйнага аддзелу.
Нарадзіўся ў 1975 годзе, меркавана ў г. Улан-Удэ, Бурацкая АССР, РСФСР.
Мацецкі Аляксандар Пятровіч
Палкоўнік, вайсковы камісар Маладачанскага й Валожынскага раёнаў Менскае вобласьці, начальнік штабу раёну тэрытарыяльнае абароны.
Нарадзіўся ў 1975 годзе ў в. Рагозіна Лагойскага раёну Менскае вобласьці, БССР. У 1997 годзе скончыў Вайсковую інжынэрна-касьмічную акадэмію РФ. Пакляўся вайсковай прысягаю ў вернасьці Расейскай Фэдэрацыі. На працягу трох гадоў праходзіў службу на касмадроме “Байканур”, у 2000 годзе быў пераведзены на расейскую радыёлякацыйную станцыю сыстэмы папярэджаньня пра ракетны напад “Волга”, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі за 7 км на паўночны ўсход ад г. Ганцавічы Берасьцейскае вобласьці, праслужыў на ёй да 2002 г.
Радкевіч Алег Леанідавіч
Падпалкоўнік, вайсковы камісар Мядзельскага раёну Менскай вобласьці.
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў г. Лебядзін Сумской вобл., УССР, у сям’і вайскоўца.
Вальфовіч Дзьмітры Рыгоравіч
Палкоўнік, начальнік накірунку тэрытарыяльнае абароны, намесьнік вайсковага камісару Віцебскае вобласьці.
Брат генэрал-маёру Вальфовіча Алясандра Рыгоравіча, камандуючага войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня (інф. пра яго гл. вышэй). Дата й мейсца нараджэньня – н/д. Удзельнічаў у першай чачэнскай вайне.
Літоўчык Ігар Іванавіч
Палкоўнік, да нядаўняга часу вайсковы камісар Аршанскага й Дубровенскага раёнаў Віцебскае вобласьці.
Нарадзіўся ў 1972 годзе ў г. Дуброўна Віцебскае вобласьці, БССР. У 1994 годзе скончыў Вайсковы інжынэрна-касьмічны інстытут імя Мажайскага ў г. Санкт-Пецярбургу. З 1994 па 1999 гг. праходзіў службу на 1-м Дзяржаўным выпрабавальным касмадроме «Плясецк» (в/ч 14056) Вайскова-касьмічных сілаў, якія ўвайшлі ў склад Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня ЗС Расейскае Фэдэрацыі. Мае ўрадавыя ўзнагароды Расейскай Фэдэрацыі.
Шкіндэраў Аляксандар Уладзімеравіч
Падпалкоўнік, вайсковы камісар Горацкага й Дрыбінскага раёнаў Магілеўскае вобласьці. Нарадзіўся ў 1973 годзе ў г. Менску, БССР.
У 1995 скончыў Калініградзкую вышэйшую вучэльню інжынэрных войскаў. З жніўня 1995 г. па ліпень 1998 г. выконваў баявыя задачы ў зоне надзвычайнага становішча што да аховы адміністрацыйнае мяжы колішняй Чачэна-Інгушскай АССР у Рэспубліцы Інгушэтыя Расейскай Фэдэрацыі, у 137-м Назранаўскім памежным атрадзе Каўказскае асаблівае памежнае акругі ФПС РФ. Зь ліпеня 1998 г. па жнівень 2000 году праходзіў вайсковую службу ў Рэспубліцы Паўночная Асэтыя-Аланія Расейскай Фэдэрацыі ва ўладзікаўказскім памежным атрадзе Каўказскае асаблівага памежнае акругі ФПС РФ. У студзені 2000 г. браў удзел у баявых дзеяньнях у Аргунскай цясьніне Чачэнскае рэспублікі (архіў).
Дробышаў Валер Канстантынавіч
Маёр, да нядаўняга часу начальнік адасобленай групы Ельскага раёну вайсковага камісарыяту Мазырскага, Ельскага й Нараўлянскага раёнаў Гомельскае вобласьці.
Нарадзіўся ў 1976 годзе ў г. Потсдам, НДР, меркавана ў сям’і вайскоўца.
Ніслоўскі Ігар Дзянісавіч
Палкоўнік, вайсковы камісар Рэчыцкага й Лоеўскага раёнаў Гомельскае вобласьці.
Нарадзіўся ў 1969 годзе, мейсца нараджэння – н/д. У 2001-2003 гадох навучаўся ў Вайскова-інжынэрным унівэрсытэце ЗС РФ (зараз – Вайсковы інстытут інжынэрных войскаў Агульнавайсковай акадэміі Збройных Сілаў Расейскай Фэдэрацыі).
Дзель Аляксандар Уладзімеравіч
Палкоўнік, вайсковы камісар Сьветлагорскага й Акцябрскага раёнаў Гомельскае вобласьці.
Нарадзіўся ў 1975 годзе, меркавана ў г. Кішкунхалаш (Вугорская Народная Рэспубліка) у сям’і вайскоўца савецкае акупацыйнае Паўднёвае групы войскаў.
Сыстэма вайсковых камісарыятаў Беларусі, апроч зьдзяйсьненьня вайскова-мабілізацыйнай гатоўнасьці й улікова-рэкрутавае дзейнасьці, забясьпечвае функцыянаваньне сыстэмы тэрытарыяльнае абароны дзяржавы. У выніку маніторынгу было выяўленае, што ў гэтым досыць важным воргане вайсковага кіраваньня камандныя пасты займаюць ня толькі выпускнікі расейскіх вайсковых ВНУ, але нават тыя, хто даваў вайсковую прысягу ў вернасьці Расейскай Фэдэрацыі й нават удзельнічаў у баявых дзеяньнях у складзе падразьдзяленьняў расейскае арміі.
Сыстэма вайсковае адукацыі РБ
Лісоўскі Віктар Аляксандравіч
Генэрал-маёр, начальнік установы адукацыі «Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь».
Нарадзіўся ў 1965 годзе ў г. Баранавічы Берасьцейскае вобласьці, БССР. Скончыў з адзнакаю і залатым мэдалём Вайсковую акадэмію ГШ ЗС Расейскае Фэдэрацыі. Прызначаны 6 сьнежня 2016 году на пасаду, якая заставалася ваканатнаю пасьля «абраньня» фігуранту папярэдняга маніторынгу – генэрал-маёра Бобрыкава С.В. у так званую Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, у якой ён зьяўляецца намесьнікам старшыні сталай камісіі што да нацыянальнай бясьпекі.
Ляпешка Генадзь Уладзімеравіч
Генэрал-маёр, першы намесьнік начальніка Вайсковай акадэміі РБ.
Нарадзіўся ў 1965 годзе ў г. Пінску Берасьцейскае вобласьці, БССР. Скончыў Вайсковую акадэмію ГШ ЗС Расейскае Фэдэрацыі. Да прызначэньня на сваю сёньняшнюю пасаду ачольваў кіраваньне вайсковай адукацыі ЗС РБ, якім у гэты момант кіруе палкоўнік Слуцкі І.П.
Міхалап Дзьмітры Анатолевіч
Палкоўнік, выконвае абавязкі начальніка факультэту Генэральнага штабу Збройных Сілаў – намесьніка начальніка Вайсковай акадэміі РБ.
Нарадзіўся ў 1974 г. у Магілеўскай вобласьці, дакладнае мейсца народзінаў – н/д. У 2002 годзе скончыў з адзнакаю Вайсковы ўнівэрсытэт Супрацьпаветранай абароны Расейскай Фэдэрацыі. У 2012 годзе скончыў Вайсковую акадэмію ГШ ЗС Расейскай Фэдэрацыі (архіў).
Васільеў Сьвятаслаў Ігаравіч
Палкоўнік, намесьнік начальніка Вайсковай акадэміі РБ – начальнік апэратыўна-мабілізацыйнага кіраваньня. Да лістападу 2017 году ачольваў агульнавайсковы факультэт Вайсковай акадэміі РБ.
Нарадзіўся ў 1965 годзе ў с. Калінаўскае Камышлоўскага раёну Сьвярдлоўскае вобласьці РСФСР у сям’і вайскоўца.
Суша Уладзімер Аляксандравіч
Палкоўнік, начальнік факультэта падрыхтоўкі замежных вайскоўцаў – намесьнік начальніка Вайсковай Акадэміі Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся ў 1971 годзе меркавана ў НДР. Скончыў Калініградзкую вышэйшую інжынэрную вучэльню інжынэрных войскаў.
Палішчук Васіль Пятровіч
Палкоўнік, намесьнік начальніка факультэту Генэральнага штабу ЗС у навучальнай і навуковай працы.
Нарадзіўся ў 1968 годзе ў в. Саланая Валожынскага раёну Менскае вобласьці, БССР. У 1987-1988 гг. удзельнічаў у савецкай ваеннай інтэрвэнцыі ў Афганістан. У 2005 г. скончыў з адзнакаю й залатым мэдалём Вайсковую акадэмію РХБ абароны Расейскае Фэдэрацыі (архіў).
Пестаў Дзьмітры Анатолевіч
Палкоўнік, намесьнік начальніка факультэту ракетных войскаў і артылерыі й ракетна-артылерыйскага ўзбраеньня Вайсковай акадэміі РБ у навучальнай і навуковай дзейнасьці.
Нарадзіўся ў 1968 годзе ў г. Чарняхоўску Калінінградзкае вобласьці, РСФСР.
Дзьмітрук Іван Пятровіч
Палкоўнік, намесьнік начальніка авіяцыйнага факультэту Вайсковай акадэміі РБ у лётнай падрыхтоўцы. Раней зьяўляўся начальнікам авіяцыйнага факультэту ВА РБ.
Нарадзіўся ў 1965 годзе ў в. Пастовічы Старадарожскага раёну Менскай вобласьці, БССР. Скончыў Сызранскую вышэйшую вайсковую авіяцыйную вучэльню лётнікаў і Вайскова-паветраную акадэмію імя Ю.А. Гагарына Расейскай Фэдэрацыі.
Нарадзіўся ў 1968 годзе ў г. Чарняхоўску Калінінградзкае вобласьці, РСФСР.
Мінаў Аляксандар Віктаравіч
Палкоўнік запасу, начальнік катэдры дзяржаўнага й вайсковага кіраваньня факультэту Генэральнага штабу Вайсковай Акадэміі РБ.
Нарадзіўся ў 1966 годзе ў Менску, БССР. У 2010 годзе з адзнакаю й залатым мэдалём скончыў Вайсковую акадэмію ГШ ЗС Расейскае Фэдэрацыі (архіў).
Разін Андрэй Якаўлевіч
Палкоўнік запасу, начальнік катэдры вайсковай стратэгіі факультэту Генэральнага штабу Вайсковай Акадэміі РБ.
Нарадзіўся ў 1962 годзе ў г. Мазыр Гомельскае вобл., БССР. У 2007 годзе скончыў з адзнакаю Вайсковую акадэмію ГШ ЗС Расейскае Фэдэрацыі (архіў).
Грышын Уладзімер Віктаравіч
Палкоўнік запасу, начальнік катэдры апэратыўнага мастацтва факультэту Генэральнага штабу Вайсковай Акадэміі РБ.
Нарадзіўся ў 1965 годзе ў г. Разань, РСФСР. У 2007 годзе скончыў Вайсковую акадэмію ГШ ЗС Расейскае Фэдэрацыі (архіў).
Шынкарэнка Алег Валянтынавіч
Палкоўнік, начальнік катэдры апэратыўнага мастацтва й тактыкі (ВПС і войскаў СПА, слухачоў) камандна-штабнога факультэту Вайсковай акадэміі РБ.
Нарадзіўся ў 1967 годзе ў пас. Абазерскі Плясецкага раёну Архангельскае вобласьці, РСФСР, у сям’і вайскоўца.
Селуянаў Кірыл Васілевіч
Палкоўнік, начальнік катэдры падрыхтоўкі й баявога выкарыстаньня авіяцыі авіяцыйнага факультэту Вайсковай акадэміі РБ.
Нарадзіўся ў 1976 годзе ў г. Учарал Талды-Курганскай вобласьці КазССР. Скончыў Краснадарскую вышэйшую вайсковую авіяцыйную вучэльню Расейскай Фэдэрацыі, Вайскова-паветраную акадэмію імя Ю.А. Гагарына Расейскай Фэдэрацыі й ад’юнктуру гэтае акадэміі.
Чарнецкі Канстантын Віталевіч
Палкоўнік, да нядаўняга часу ачольваў 72-і гвардзейскі Аб’яднаны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў ЗС.
Нарадзіўся ў г. Ташкент, УзССР, у сям’і вайскоўцаў, скончыў Маскоўскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню.
Звольнены з пасады 20 кастрычніка 2017 г. праз выяўленьне ў гэтым навучальным цэнтры фактаў нестатутных зносінаў і забойства жаўнера тэрміновае службы Аляксандра Коржыча. Новым начальнікам цэнтру 20 лістапада 2017 г. быў прызначаны палкоўнік Будзік У.М., які да гэтага ачольваў кіраваньне службы войскаў Збройных Сілаў РБ.
Любачка Алег Мікалаевіч
Палкоўнік, начальнік Навукова-дасьледвальнага інстытуту ЗС Рэспублікі Беларусь, прафэсар Акадэміі вайсковых навукаў Расейскае Фэдэрацыі.
Дата й мейсца нараджэньня – н/д. У верасьні 2016 году знаходзіўся на тэрыторыі акупаванага Расеяй Крыма паводле запрашэньня кіналягічным саюзам «Імпэрыя» (1, 2, 3). Зь вялікай доляю верагоднасьці гэтае наведваньне было незаконным і адбывалася з парушэннем рэжыму знаходжаньня на часова акупаваных тэрыторыях, што, згодна з украінскім заканадаўствам можа пацягнуць адміністрацыйную або крымінальную адказнасьць. Характэрна, што ў НДІ Збройных Сілаў, які ён ачольвае, таксама працуе фігурант нашага расьледаваньня пра злачынную групоўку «БелВПО», якая зьдзяйсьняе антыбеларускую прапаганду й адкрытае навязваньне ідэяў «русскаго міра», Гейстэр Сяргей Раманавіч.
Куляшоў Юры Яўгенавіч
Палкоўнік, начальнік вайсковага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі й радыёэлектронікі (БДУІР), прафэсар Беларускага рэгіянальнага аддзяленьня Акадэміі рэгіянальных навукаў Расейскае Фэдэрацыі.
Нарадзіўся ў 1972 годзе ў г. Зеленагорск, РСФСР, у сям’і вайскоўца (архіў).
Паўлаў Лявонці Юр’евіч
Палкоўнік, начальнік вайсковага факультэту Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Нарадзіўся ў 1967 годзе ў г. Сягежа Карэльскае АССР, РСФСР.
Паддубны Аляксей Аляксеевіч
Палкоўнік, начальнік вайскова-транспартнага факультэту Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту транспарту (БДУТ).
З 2004 па 2006 гг. слухач Вайскова-транспартнага ўнівэрсытэту чыгуначных войскаў Расейскае Фэдэрацыі.
Начальніка агульнавайсковага факультэту Вайсковай акадэміі РБ палкоўніка Сьвятаслава Васільева, які раней фігураваў у нашым маніторынгу як выхадзень з Расеі, замяніў палкоўнік Мазоўка С.А., які нарадзіўся ў Беларусі і скончыў у 1994 г. Менскую вышэйшую вайсковую камандную вучэльню (на ейнай базе і Менскай вышэйшай вайсковай інжынэрнай вучэльні была створаная Вайсковая акадэмія РБ).
У выніку зьдзейсьненага аналізу вынікае, што практычна на ўсіх узроўнях сыстэмы вайсковае адукацыі Беларусі на кіроўных пасадах знаходзіцца значная колькасьць людзей, якія прайшлі праз ідэалягічны апарат сыстэмы вайсковае адукацыі Расейскае Фэдэрацыі.
Дзяржаўны памежны камітэт Рэспублікі Беларусь
Лапо Анатоль Пятровіч
Генэрал-маёр, старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся ў 1963 годзе ў в. Кулакоўка Бялыніцкага раёну Магілеўскае вобл., БССР. У 1986 годзе скончыў Галіцынскую вышэйшую памежную вайскова-палітычную вучэльню КДБ СССР імя К.Я. Варашылава, у 2001 годзе – Акадэмію фэдэральнай памежнай службы Расейскай Фэдэрацыі. З 1981 па 1992 год праходзіў службу ў Красназнамённай Закаўказскай памежнай акрузе КДБ СССР на розных пасадах. Прызначаны старшынём ДПК РБ 29 сьнежня 2016 году. Колішні кіраўнік ведамства генэрал-палкоўнік Мальцаў Л.С., які фігураваў у папярэднім маніторынгу, быў звольнены ў адстаўку паводле ўзросту (1, 2, 3).
Буткевіч Ігар Яўгенавіч
Генэрал-маёр, першы намесьнік старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта РБ.
Нарадзіўся ў 1969 годзе ў в. Ракаўцы Смаргонскага раёну Гарадзенскае вобл., БССР. Да 1994 года праходзіў службу на афіцэрскіх пасадах у Вайскова-касьмічных сілах Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі на касмадроме “Байканур” (архіў).
Маісеенка Уладзімер Рыгоравіч
Генэрал-маёр, намесьнік старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся ў 1964 годзе ў Горадні, БССР. У 1985 годзе скончыў Галіцынскую вышэйшую памежную вайскова-палітычную вучэльню КДБ СССР імя К.Я. Варашылава, у 1997 годзе скончыў Акадэмію ФПС РФ (Памежная акадэмія ФСБ Расеі) (архіў).
Печань Ігар Мікалаевіч
Генэрал-маёр, намесьнік старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся ў 1965 годзе ў Смаленску, РСФСР. У 2009 годзе скончыў Вайсковую акадэмію ГШ ЗС Расейскай Фэдэрацыі (архіў).
Новікаў Сяргей Ігнатавіч
Генэрал-маёр, намесьнік старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта РБ.
Нарадзіўся ў 1968 годзе ў г.п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага раёну Гомельскае вобл., БССР. У 2002 годзе скончыў з адзнакай і залатым мэдалём Вайсковую акадэмію тылу й транспарту Расейскай Фэдэрацыі. Да свайго прызначэньня 27 ліпеня 2017 г. на сёньняшнюю пасаду ачольваў Дэпартамэнт транспартнага забесьпячэньня МА РБ.
Давідзюк Аляксандар Барысавіч
Палкоўнік, начальнік Лідзкага памежнага атрада, прызначаны на пасаду 27 верасьня 2016 году.
Нарадзіўся ў 1973 годзе ў г. Наваград-Валынскі Жытомірскае вобласьці, УССР. Скончыў Калінінградзкую вышэйшую інжынэрную вучэльню інжынэрных войскаў Расейскай Фэдэрацыі (напрыканцы 1995 г. на базе маёмасьці й фондаў Вучэльні створаны Калінінградзкі вайсковы політэхнічны інстытут Фэдэральнай памежнай службы РФ, з 2003 г. – Калінінградзкі памежны інстытут ФСБ РФ). З 1996 па 2001 год служыў у ворганах памежнае службы Расейскай Фэдэрацыі.
Кузьменка Аляксей Віктаравіч
Начальнік Полацкага памежнага атраду. Да лістападу 2017 году ачольваў Гомельскую памежную групу.
Нарадзіўся ў 1972 годзе ў Гомлі, БССР. У 1995 годзе скончыў Разанскую вышэйшую паветрана-дэсантную камандную двойчы Красназнамённую вучэльню, праходзіў службу ў Паветрана-дэсантных войсках Расеі. У 2008 годзе скончыў Памежную акадэмію ФСБ Расеі (1, 2).
Моластаў Канстантын Генадзевіч
Палкоўнік, да нядаўняга часу начальнік Гарадзенскай памежнай групы.
Нарадзіўся ў 1970 годзе ў г. Краснаармейск Саратаўскае вобласьці, РСФСР. З 1989 па 1993 год навучаўся ў Алма-Атынскай вышэйшай каманднай памежнай вучэльні КДБ СССР імя Ф.Э. Дзяржынскага. У 2004 годзе скончыў Памежную акадэмію ФСБ Расеі (архіў).
Жылінскі Сяргей Васілевіч
Палкоўнік, начальнік Смаргонскай памежнай групы.
Нарадзіўся ў 1978 годзе ў г. Ангарск Іркуцкай вобл., РСФСР. Прызначаны на пасаду замест палкоўніка Аляксандра Маркевіча, які стаў у верасьні 2016 году дэпутатам так званай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ. Варта асабліва зазначыць, што А.І.Маркевич, чалец сталай камісіі ў заканадаўстве, скончыў у 2008 годзе Маскоўскую памежную акадэмію ФСБ РФ.
Рыдкін Аляксандар Анатолевіч
Падпалкоўнік, намесьнік начальніка Смаргонскай памежнай групы ў рэжыме й арганізацыйным забесьпячэньні.
Нарадзіўся ў 1978 годзе ў г. Асіповічы Магілеўскае вобласьці, БССР. У 2009 годзе скончыў Вайсковую акадэмію сувязі імя С.М.Будзённага Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі (архіў).
Бруеў Уладзіслаў Леанідавіч
Начальнік Гомельскай памежнай групы. Да сваёй сёньняшняй пасады ачольваў Полацкі памежны атрад.
Нарадзіўся ў 1977 годзе ў г. Харкаве, УССР. У 2012 годзе скончыў Памежную акадэмію ФСБ Расейскай Фэдэрацыі.
Руто Павал Аляксандравіч
Падпалкоўнік, намесьнік начальніка Мазырскага памежнага атрада ў ідэалягічнай працы й кадравым забесьпячэньні.
Нарадзіўся ў 1979 годзе, мейсца нараджэння – н/д. У 2012 годзе скончыў Памежную акадэмію ФСБ Расейскай Фэдэрацыі.
Бутранец Максім Віктаравіч
Падпалкоўнік, начальнік Пінскага памежнага атрада.
Нарадзіўся ў 1978 годзе ў г. Сьвярдлоўску, РСФСР, у сям’і вайскоўца. Скончыў Памежную акадэмію ФСБ Расейскай Фэдэрацыі.
Шукан Валер Пятровіч
Палкоўнік, да нядаўняга часу намесьнік начальніка Берасьцейскай Красназнамённай памежнай групы імя Ф.Э. Дзяржынскага ў ідэалягічнай працы.
Выпускнік Маскоўскае сувораўскае вучэльні, напачатку 90-х гадоў скончыў Галіцынскую Вышэйшую памежную вучэльню КДБ СССР (сёньняшні Памежны інстытут ФСБ РФ). Звольнены з пасады, на ягонае мейсца прызначаны падпалкоўнік Лісавенка В.Г.
Вярэніч Аляксандар Максімавіч
Намесьнік начальніка Берасьцейскай памежнай групы імя Ф.Э. Дзяржынскага ў рэжыме й арганізацыйным забесьпячэньні.
Нарадзіўся ў 1973 год у г. Пінску Берасьцейскае вобл., БССР. У 1994 годзе скончыў Санкт-Пецярбургскую Вышэйшую вучэльню радыёэлектронікі. З 1994 па 1999 год праходзіў службу ў Збройных Сілах Расейскай Фэдэрацыі.
Палонскі Аляксей Міхайлавіч
Падпалкоўнік, намесьнік начальніка атрада памежнага кантролю «Менск» у рэжыме й арганізацыйным забесьпячэньні.
Нарадзіўся ў 1974 годзе, мейсца нараджэньня – н/д. Меркавана ў 1996 годзе скончыў Вышэйшую вайскова-марскую вучэльню падводнага плаваньня (цяпер Санкт-Пецярбургскі вайскова-марскі інстытут), з 1996 па 1999 гады праходзіў службу на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі ў в/ч 2241, 2-я АБр ПВКР (2-я асобная брыгада памежных вартавых караблёў, г. Высоцк Выбаргскага раёну Ленінградзкае вобл.).
Як бачым, вельмі шмат пададзеных вышэй асобаў з кіроўнага складу камітэта й начальнікаў памежных атрадаў і групаў мелі і, цалкам мажліва, маюць непасрэдныя сувязі з ФСБ Расеі.
Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт (ДВПК) Рэспублікі Беларусь
Двігалёў Алег Мікалаевіч
Генэрал-маёр, старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта.
Нарадзіўся ў 1965 годзе на в. Вітэ, Севераморскі раён Мурманскае вобласьці, РСФСР. Да прызначэньня на сёньняшнюю пасаду 18 ліпеня 2017 году быў камандуючым Вайскова-паветранымі сіламі й войскамі супрацьпаветранае абароны ЗС Рэспублікі Беларусь.
Дземідзенка Ігар Міхайлавіч
Генэрал-маёр, першы намесьнік старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта РБ.
Нарадзіўся ў 1967 годзе ў г. Бабруйск Магілеўскае вобласьці, БССР. У 2010 годзе скончыў Вайсковую акадэмію ГШ ЗС Расейскай Фэдэрацыі. На сёньняшнюю сваю пасаду прызначаны 21 сьнежня 2016 году, замяніў на ёй Быкава Ігара Міхайлавіча, які фігураваў у папярэднім сьпісе як выхадзень з РСФСР. Раней генэрал-маёр Дземідзенка І.М. кіраваў галоўнай вайсковай інспэкцыяй ЗС РБ (архіў).
Смольскі Генадзь Аляксандравіч
Да нядаўняга часу – намесьнік старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта.
Нарадзіўся ў 1963 годзе ў г. Барысаве Менскае вобласьці, БССР. У 1990 годзе скончыў Вышэйшую школу КДБ СССР у г. Маскве. З 1990 па 2004 гг. праходзіў службу на розных пасадах у КДБ СССР і РБ. Быў прызначаны на пасаду ў чэрвені 2016 году замест фігуранту папярэдняга маніторынгу Марозава А.В., які быў пераведзены на адное з прадпрыемстваў-спэцэкспартэраў у сыстэме ДВПК. Вызвалены з пасады ў зьвязку з скарачэньнем колькасьці працаўнікоў. (1, 2).
Колішні першы намесьнік старшыні ДВПК Быкаў І.М., які фігураваў у папярэднім аглядзе, быў прызначаны намесьнікам дырэктара ААТ «АГАТ-сыстэмы кіраваньня» па бесьпілётных авіяцыйных комплексах (БАК), навігацыі й сродках сувязі.
Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь
Шуневіч Ігар Анатолевіч
Генэрал-лейтэнант міліцыі, міністар МУС РБ.
Нарадзіўся ў 1967 годзе ў Луганскае вобл., УССР, меркавана на тэрыторыі, якая знаходзіцца зараз пад кантролем 2-га акупацыйнага армейскага корпусу 8-й агульнавайсковай арміі ЗС РФ. У 2007-2012 гг. працаваў у КДБ Рэспублікі Беларусь, дзе ачольваў сьледчае кіраваньне, а затым галоўнае кіраваньне ў контрвыведвальным забесьпячэньні праваахоўных і ворганаў кантролю, барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю.
Караеў Юры Хаджымуратавіч
Генэрал-маёр міліцыі, намесьнік міністра МУС, камандуючы ўнутранымі войскамі.
Нарадзіўся ў 1966 годзе ва Уладзікаўказе, Паўночная Асэтыя, РСФСР. Скончыў Саратаўскую вышэйшую вайсковую камандную вучэльню МУС СССР, у 1996 годзе скончыў Вайсковую акадэмію імя Фрунзе, РФ (архіў).
Хаменка Сяргей Мікалаевіч
Генэрал-маёр, начальнік дэпартамэнта аховы МУС Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся ў 1966 годзе ў Данецкае вобласьці, УССР.
Еўсюкоў Аляксандар Уладзімнравіч
Палкоўнік міліцыі, начальнік галоўнага кіраваньня ў барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнае міліцыі МУС.
Нарадзіўся ў 1975 годзе ў г. Петразаводзку, Карэльская АССР, РСФСР.
Саладоўнікаў Андрэй Вячаслававіч
Палкоўнік міліцыі, намесьнік начальніка Галоўнага кіраваньня ў наркакантролі й супрацьдзеяньні гандлю людзьмі крымінальнае міліцыі МУС.
Нарадзіўся ў 1970 годзе меркавана ў г. Падпарожжа Ленінградзкае вобл., РСФСР. Паводле непацьверджанай інфармацыі з 1990 па 1992 год праходзіў службу ў Асобнай мотастралковай дывізіі адмысловага прызначэньня імя Ф.Э.Дзяржынскага УВ МУС (г. Масква і Маскоўская вобл.).
Барысаў Уладзімер Мікалаевіч
Палкоўнік міліцыі, памочнік камандуючага ўнутранымі войскамі – сакратар Вайсковае Рады.
Нарадзіўся ў 1968 годзе, мейсца нараджэньня – н/д. Меркавана ў 1990 годзе скончыў Паўночна-Каўказскі вайсковы інстытут унутраных войскаў МУС СССР. Паводле непацьверджанай інфармацыі з 1990 па 1993 гг. служыў у 22-й асобнай брыгадзе апэратыўнага прызначэньня («Кобра», 22-я АбрАН) УВ МУС СССР і Расейскай Фэдэрацыі (псд – г. Калачоў-на-Доне Валгаградзкае вобл.).
Загорскі Андрэй Міхайлавіч
Палкоўнік міліцыі, памочнік камандуючага ўнутранымі войскамі ў фінансавым забесьпячэньні – начальнік фінансава-эканамічнага ўпраўленьня.
Нарадзіўся ў 1974 годзе меркавана на тэрыторыі Чэхаславацкай ССР у сям’і вайскоўца савецкай акупацыйнай Цэнтральнай групы войскаў.
Дудкін Андрэй Аляксеевіч
Палкоўнік, камандыр 3-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў МУС (г. Менск, Уручча), падразьдзяленьні якой непасрэдна ўдзельнічалі ў разгоне мірнай акцыі Дня Волі ў Менску 25 сакавіка 2017 году.
Нарадзіўся ў 1968 годзе. Скончыў Арджанікідзаўскую вышэйшую вайсковую камандную вучэльню ўнутраных войскаў СССР (г. Уладзікаўказ). З 1989 па 1993 гг. праходзіў службу на пасадзе камандыра ўзводу, затым камандыра роты ў 22-й асобнай брыгадзе апэратыўнага прызначэньня ( «Кобра», 22-я АбрАН) УВ МУС СССР і Расейскай Фэдэрацыі (псд – г. Калачоў-на-Доне Валгаградзкай вобл.). Мае ведамасныя ўзнагароды МУС Расейскай Фэдэрацыі.
Яўсееў Ігар Уладзімеравіч
Генэрал-маёр міліцыі, да нядаўняга часу – начальнік УУС Менскага аблвыканкама.
Нарадзіўся ў 1968 годзе ў г.п. Рось Ваўкавыскага раёну Гарадзенскай вобл., БССР. Служыў у 3-й асобнай брыгадзе спэцназа ГРУ ГШ ЗС СССР, якая дысьлякавалася ў НДР. Каардынаваў, камандаваў і асабіста ўдзельнічаў у сілавым разгоне Плошчы-2010, акцыяў «Стоп бэнзын», маўклівых акцыяў пратэсту ў 2011 годзе. Да скасаваньня ў лютым 2016 году Радай міністраў замежных справаў краінаў ЭЗ большай часткі санкцыяў супроць рэжыму Лукашэнкі, уваходзіў у санкцыйны сьпіс з нумарам 64, яму быў забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвяза й правядзеньне фінансавых апэрацыяў. 28 верасьня 2017 году прызначаны памочнікам прэзыдэнта РБ, інспэктарам па Менскай вобласьці. (1, 2, 3).
Караткевіч Мікалай Міхайлавіч
Палкоўнік міліцыі, начальнік кіраваньня Дзяржаўтаінспэкцыі УУС Менскага аблвыканкама.
Нарадзіўся ў 1969 годзе ў вёсцы Каменнае Старабешаўскага раёну Данецкае вобласьці, УССР (колішняе Войкава, у гэты момант знаходзіцца пад кантролем 1-га акупацыйнага армейскага корпуса 8-й агульнавайсковай арміі ЗС РФ). Падчас праходжаньня з 1987 па 1989 гг. тэрміновай службы ў в/ч 36829 (г. Навасібірск, РСФСР) зьяўляўся сакратаром камсамольскае арганізацыі.
Лабаеў Сяргей Уладзімеравіч
Палкоўнік міліцыі, начальнік Бярозаўскага РАУС Берасьцейскае вобласьці.
Нарадзіўся ў 1980 годзе ў г. Каломна Маскоўскае вобласьці, РСФСР.
Карпушкін Алег Іванавіч
Падпалкоўнік міліцыі, начальнік аддзелу ўнутраных справаў адміністрацыі Ленінскага раёна г. Горадні.
Нарадзіўся ў 1978 годзе ў г. Борне-Сулінава, ПНР, у сям’і кадравага расейскага афіцэра Паўночнай групы войскаў ЗС СССР.
Вагабаў Рустам Абдулвагабавіч
Падпалкоўнік міліцыі, начальнік Наваградзкага РАУС Гарадзенскае вобласьці.
Нарадзіўся ў 1977 годзе ў с. Туршунай Бабюртаўскага раёну Дагестанскае АССР, РСФСР.
Новікаў Дзьмітры Генадзевіч
Падпалкоўнік міліцыі, начальнік Верхнядзьвінскага РАУС Віцебскае вобласьці.
Нарадзіўся ў 1979 г. у г. Баку, АзССР.
Сіротка Віталь Іванавіч
Падпалкоўнік міліцыі, начальнік Капыльскага РАУС Менскае вобласьці.
Нарадзіўся ў 1975 годзе ў г. Прага, ЧССР, у сям’і вайскоўца савецкай акупацыйнай Цэнтральнай групы войскаў.
Гузаў Андрэй Ігаравіч
Падпалкоўнік міліцыі, начальнік аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі й карупцыяй УУС Бабруйскага гарвыканкама.
Нарадзіўся ў 1980 годзе ў г. Потсдам, НДР, у сям’і вайскоўца.
Альхоўскі Ігар Пятровіч
Падпалкоўнік міліцыі, да нядаўняга часу начальнік АУС Клічаўскага райвыканкама Магілеўскае вобласьці.
Родился в 1972 году в с. Уношево Красногорского р-на Брянской области, РСФСР.
Звольнены з пасады паводле ўзросту. Замест яго 20 кастрычніка 2017 году прызначаны падпалкоўнік міліцыі Шкрабаў А.А.
Чупрын Станіслаў Барысавіч
Падпалкоўнік міліцыі, начальнік АУС Крычаўскага райвыканкама Магілеўскае вобласьці.
Нарадзіўся ў 1977 годзе ў г. Макееўка Данецкае вобласьці, УССР (у гэты момант знаходзіцца пад кантролем 1-га акупацыйнага армейскага корпусу 8-й агульнавайсковай арміі ЗС РФ).
Дабрыгін Аляксей Васілевіч
Падпалкоўнік міліцыі, намесьнік начальніка Магілеўскага РАУС у ідэалягічнай працы й кадравым забесьпячэньні.
Нарадзіўся ў 1984 годзе. Меркавана ў 2006 годзе скончыў Маскоўскі унівэрсытэт МУС Расейскай Фэдэрацыі.
Архіпенка Віктар Леанідавіч
Падпалкоўнік міліцыі, начальнік Асіповіцкага РАУС УУС Магілеўскага аблвыканкама.
Нарадзіўся ў 1975 годзе ў г. Ірынга, Аб’яднаная Рэспубліка Танзанія, меркавана ў сям’і савецкіх вайсковых спэцыялістаў.
Файзулін Аляксандар Фарыдавіч
Намесьнік начальніка кіраваньня крымінальнага вышуку УУС Гомельскага аблвыканкама (званьне – н/д, меркавана падпалкоўнік).
Нарадзіўся ў 1979 годзе ў Чукоцкай нацыянальнай акрузе Магаданскае вобласьці, РСФСР, меркавана ў пгт. Палярны Шмідтаўскага раёну.
Файзулін Марат Фарыдавіч
Начальнік кіраваньня аховы правапарадку й прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Гомельскага аблвыканкама. Да сваёй сёньняшняй пасады ачольваў АУС адміністрацыі Навабеліцкага раёну г. Гомлі.
Брат Аляксандра Файзуліна. Нарадзіўся ў Чукоцкай нацыянальнай акрузе Магаданскае вобласьці, РСФСР, меркавана ў пгт. Палярны Шмідтаўскага раёну.
Сыстэма адукацыі МУС РБ
Бачыла Уладзімер Уладзімеравіч
Генэрал-маёр міліцыі, начальнік Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся ў 1960 годзе ў пас. Ліпкі Менскага раёну Менскае вобл., БССР. У 1994 годзе скончыў вочную ад’юнктуру Маскоўскае вышэйшай школы міліцыі МУС Расейскае Фэдэрацыі.
Пякарскі Фёдар Віктаравіч
Палкоўнік міліцыі, начальнік катэдры псыхалёгіі й пэдагогікі Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся ў 1972 годзе ў г. Тальяці Самарскае вобласьці, РСФСР.
Палішчук Валер Мікалаевіч
Генэрал-маёр міліцыі, начальнік Магілеўскага інстытута МУС Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся ў 1963 годзе ў с. Прыазёрнае Табольскага раёну Кустанайскае вобл., КазССР.
Замест звольненага з пасады 12 траўня 2017 г. генэрал-маёру Віктара Сянько, які да нядаўняга часу ачольваў УУС Віцебскага аблвыканкама й фігураваў у папярэднім маніторынгу, быў прызначаны палкоўнік міліцыі Іван Кубракоў, які родам зь Беларусі. Палкоўнік міліцыі Герман Алейнікаў, намесьнік начальніка УУС Гарадзенскага аблвыканкама, які таксама фігураваў у папярэднім маніторынгу, у лютым 2017 году быў звольнены ў адстаўку паводле ўзросту. Гэты неістотны рух кадраў абсалютна не зьмяняе агульную карціну структуры камандаваньня МУС РБ, у якім маецца значная колькасьць выхадняў не зь Беларусі, а таксама тых, хто прысягаў на вернасьць РФ, служыў у падразьдзяленьнях расейскае арміі й нават мае расейскія ведамасныя ўзнагароды.
Міністэрства з надзвычайных сытуацыяў Рэспублікі Беларусі
Вашчанка Уладзімер Аляксандравіч
Генэрал-лейтэнант унутранае службы. Міністар МНС.
Нарадзіўся ў 1958 годзе ў п. Троіцка-Пячэрск Комі АССР, РСФСР.
Ласута Генадзь Фёдаравіч
Генэрал-маёр унутранае службы, намесьнік міністра з надзвычайных сытуацыяў РБ.
Нарадзіўся ў 1969 годзе ў г.п. Лельчыцы Гомельскае вобласьці, БССР. У 1992 годзе скончыў Санк-Пецярбургскую вышэйшую вайсковую інжынэрную будаўнічую вучэльню. У 1992-1994 гг. праходзіў службу ў Чарнаморскім флёце ВМФ Расейскае Фэдэрацыі, меў пасаду намесьніка начальніка аддзяленьня марской інжынэрнай службы (1, 2).
Прэзыдыюм Рады міністраў Рэспублікі Беларусь
Кабякоў Андрэй Уладзімеравіч
Прэм’ер-міністар Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся ў 1960 годзе ў Маскве ў сям’і вайскоўца, накіраванага для далейшага праходжаньня службы ў Беларускую вайсковую акругу. У 1983 годзе скончыў з адзнакаю Маскоўскі авіяцыйны інстытут. У 1988-1989 гг. – інструктар арганізацыйнага аддзелу Рагачоўскага гаркаму КПБ. У 2011-2012 гг. – надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Рэспублікі Беларусь у Расейскай Фэдэрацыі (1, 2).
Мацюшэўскі Васіль Станіслававіч
Першы намесьнік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся ў 1969 годзе ў г. Воршы Віцебскае вобласьці, БССР. У 2010-2014 гг. зьяўляўся старшынём праўленьня й генэральным дырэктарам ААТ «БПС-Банк», які належыць Сбербанку Расеі.
Анфімаў Леанід Васілевіч
Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю РБ, чалец Рады бясьпекі РБ.
Нарадзіўся ў 1954 годзе ў с. Сіма Юр’еў-Польскага раёну Уладзімірскай вобласьці, РСФСР. У 1984-1986 гг. быў інструктарам прамыслова-транспартнага аддзелу Заводзкага райкаму КПБ г. Менска. З 1986 г. па 1989 г. – намесьнік старшыні плянавай камісіі выканкаму Менскае гарадзкое Рады народных дэпутатаў, начальнік аддзелу плянаваньня тавараў народнага спажываньня (1, 2).
Русы Міхаіл Іванавіч
Намесьнік прэм’ер-міністра РБ.
Нарадзіўся ў 1954 годзе ў в. Вароніна Жыткавіцкага раёну Гомельскае вобласьці, БССР. У 1985-1991 гг. – партыйны функцыянэр райкамаў КПБ. У 2003-2004 гг. – раднік аддзяленьня амбасады РБ у Санкт-Пецярбургу, РФ.
Рада бясьпекі Рэспублікі Беларусь
Зась Станіслаў Васілевіч
Генэрал-лейтэнант, дзяржсакратар Рады бясьпекі Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся ў 1964 годзе меркавана ў г. Чарнігаў, УССР. У 1993-1995 гг. навучаўся ў Агульнавайсковай акадэміі ЗС Расейскай Фэдэрацыі. У 2005 годзе скончыў з адзнакаю й залатым мэдалём Вайсковую акадэмію ГШ ЗС Расейскай Фэдэрацыі. Апроч праходжаньня вайсковай службы працаваў у ворганах МУС, КДБ, служыў у памежных войсках. Прызначаны дзяржсакратаром Рады бясьпекі РБ 4 лістапада 2015 г. 23 лютага 2016 г. нададзенае чарговае вайсковае званьне «генэрал-лейтэнант» (архіў).
Уцюрын Андрэй Аляксандравіч
Палкоўнік, намесьнік дзяржсакратара Рады бясьпекі РБ.
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў г. Пензе, РСФСР. У 1992 годзе скончыў Саратаўскую вышэйшую вайсковую камандную вучэльню МУС Расейскай Фэдэрацыі. З 1995 г. – у Службе бясьпекі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, якую ачольваў з 2007 па 2014 год.
Пузікаў Міхаіл Васілевіч
Генэрал-маёр, намесьнік дзяржаўнага сакратара Рады Бясьпекі РБ.
Нарадзіўся ў 1961 годзе ў в. Гарадзішча 1-е Брасаўскага раёну Бранскае вобл., РСФСР. У 2004 годзе скончыў з адзнакаю Вайсковую акадэмію ГШ ЗС Расейскай Фэдэрацыі. Прызначаны намесьнікам дзяржсакратара СБ РБ 23 лістапада 2015 году пасьля звальненьня з пасады намесьніка міністра абароны Рэспублікі Беларусь (архіў).
Арчакоў Уладзімер Юр’евіч
Генэрал-маёр, намесьнік дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі РБ.
Дата й мейсца нараджэньня – н/д. Працяглы час працаваў у сыстэме ворганаў Камітэта дзяржаўнай бясьпекі РБ. У 2012-2014 гг. быў начальнікам абласнога кіраваньня КДБ па Віцебскай вобласьці. Прызначаны намесьнікам дзяржсакратара Рады бясьпекі РБ 21.02.2014 г. з пакіданьнем у кадрах КДБ.
Сукала Валянтын Алегавіч
Старшыня Вярхоўнага суду РБ, чалец Рады бясьпекі РБ.
Нарадзіўся ў 1942 г. у г. Менск, генэральная акруга Беларутэнія, райхкамісарыят Остланд Германскай імпэрыі. У 1987 г. быў прызначаны начальнікам кіраваньня агульных судоў Міністэрства юстыцыі СССР, у 1988 г. – міністрам юстыцыі БССР. З 1989 г. зьяўляўся загадчыкам дзяржаўна-прававога аддзелу ЦК КПБ, першым намесьнікам старшыні Вярхоўнага суду СССР.
Андрэйчанка Уладзімер Паўлавіч
Старшыня так званай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, чалец Рады бясьпекі РБ.
Нарадзіўся ў 1949 годзе ў в. Мар’янава Лёзьненскага раёну Віцебскае вобласьці, БССР. У 1974-1975 гг. быў інструктарам Лёзьненскага райкаму КПБ, з 1975 па 1978 гг. – сакратар парткаму саўгаса “Адаменкі”, у 1987-1991 гг. – першы сакратар Верхнядзьвінскага райкаму КПБ Віцебскае вобласьці, старшыня Верхнядзьвінскае раённае Рады народных дэпутатаў, першы сакратар Верхнядзьвінскага райкаму КПБ. У 1988 г. скончыў Менскую вышэйшую партыйную школу (архіў).
Чальцамі Рады бяспекі РБ зьяўляюцца таксама прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў, міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч, міністар абароны Андрэй Раўкоў, Міністар з надзвычайных сытуацыяў Уладзімер Вашчанка, старшыня КДБ Валер Вакульчык, старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Алег Двігалёў, старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Анатоль Лапо, начальнік генэральнага штабу Збройных Сілаў – першы намесьнік Міністра абароны Алег Белаконеў, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю РБ Леанід Анфімаў, якія фігуруюць у гэтым маніторынгу.
Служба бясьпекі прэзыдэнта РБ
Начальнікам Службы бяспекі кіраўніка Беларусі быў прызначаны 11 сьнежня 2017 году палкоўнік Дзьмітры Шахраеў, які раней займаў пасаду намесьніка начальніка Службы бясьпекі Лукашэнкі і з 13 кастрычніка 2017 году выконваў абавязкі начальніка Апэратыўна-аналітычнага цэнтру (ААЦ). Папярэдні начальнік Службы бясьпекі палкоўнік Андрэй Паўлючэнка, які займаў гэтую пасаду з 21 сьнежня 2016 году і замяніў на ёй Віктара Шынкевіча, фігуранта нашага папярэдняга агляду, 11 сьнежня 2017 году быў прызначаны начальнікам ААЦ. Пра новага галоўнага целаахоўніка Лукашэнкі, а таксама пра кіроўны склад Службы бясьпекі практычна няма аніякіх зьвестак у адкрытым доступе.
Камітэт дзяржаўнай бясьпекі РБ
Вакульчык Валер Паўлавіч
Старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся ў 1964 годзе ў в. Радастава Драгічынскага раёну Берасьцейскае вобл., БССР. У 1992 годзе скончыў Вышэйшыя курсы контрвыведкі КДБ СССР. З 1991 па 2008 год праходзіў службу ў ворганах дзяржбясьпекі. З 2008 па 2011 год ачольваў Апэратыўна-аналітычны цэнтар (архіў). Да скасаваньня ў лютым 2016 году Радай міністраў замежных справаў краінаў ЭЗ большай часткі санкцыяў супроць рэжыму Лукашэнкі, уваходзіў у санкцыйны сьпіс з нумарам 221, яму быў забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвяза й зьдзяйсьненьне фінансавых апэрацыяў.
Сяргеенка Ігар Пятровіч
Генэрал-маёр, першы намесьнік старшыні КДБ РБ.
Нарадзіўся ў 1963 годзе ў в. Сталіца Шаркаўшчынскага раёну Віцебскае вобласьці, БССР. З 1988 г. служыць у органах КДБ. Да свайго апошняга прызначэньня ў красавіку 2013 году ачольваў кіраваньне КДБ па Магілеўскай вобласьці. Таксама, да скасаваньня ў лютым 2016 году, уваходзіў у санкцыйны сьпіс Эўрапейскага Зьвязу, скіраванага супроць рэжыму Лукашэнкі. Сяргеенка фігураваў у ім з нумарам 190.
Бусько Ігар Яўгенавіч
Генэрал-маёр, намесьнік старшыні КДБ РБ.
Нарадзіўся ў 1963 годзе ў Менску, БССР. У ворганах КДБ служыць з 1985 г. Да 2010 г. ачольваў галоўнае кіраваньне контрвыведкі КДБ, з 2010 да прызначэньня на сваю сёньняшнюю пасаду ў 2013 г. быў начальнікам кіраваньня КДБ па Берасьцейскай вобласьці (1, 2).
У крыніцах адкрытага доступу няма біяграфічных зьвестак пра ўвесь кіроўны склад КДБ, ААЦ, Службы бясьпекі прэзыдэнта. Для грамадзкага кантролю гэтыя сілавыя структуры абсалютна закрытыя, пра іхную дзейнасьць, мэты й задачы можна толькі здагадвацца. З дапамогаю наяўных зьвестак у дачыненьні да двух пададзеных намесьнікаў кіраўніка КДБ, можна зрабіць адназначную выснову пра тое, што ў складзе кіраваньня гэтай нерэфармаванай з савецкіх часоў структуры знаходзяцца людзі, якія былі ў падпарадкаваньні цэнтральнага апарата КДБ у Маскве. Можна зрабіць здагадку, што трываласьць гэтых сувязяў зь цягам часу ня толькі ня зьменшылася, але й значна ўзмацнілася. Пра гэта сьведчыць адкрыты перасьлед лідэраў дэмакратычнае апазыцыі, фабрыкацыя крымінальных справаў супроць беларускіх патрыётаў, здольных мабілізаваць грамадзянскую супольнасьць для супраціву зьдзяйсьненьню мажлівых плянаў што да ўцягваньня Беларусі ў расейскія вайсковыя авантуры. Таксама шмат пра гэта кажа і беспрэцэдэнтная для пост-савецкае прасторы шпегунская справа з “выкрыцьцём” так званага ўкраінскага агентурнага сеціва.
***
Зьдзейсьнены маніторынг сьведчыць пра тое, што ў вышэйшым вайскова-палітычным кіраўніцтве Беларусі, нягледзячы на некаторыя зьмены, на ўсіх узроўнях вайсковага кіраваньня працягваюць дамінаваць людзі, якія нарадзіліся не ў Беларусі і якія прайшлі праз магутны ідэалягічны апарат Расейскай Фэдэрацыі. Апроч таго, выяўленыя некаторыя зь іх, хто прысягаў на вернасьць расейскай дзяржаве, ваяваў у складзе расейскіх падразьдзяленьняў і мае ведамасныя ўзнагароды сілавых ворганаў Расейскай Фэдэрацыі.
Найлепшай дэманстрацыяй рэальнага ўзроўню адносінаў і глыбіні ўзаемадзеяньня паміж вайскова-палітычным кіраўніцтвам РБ і РФ зьяўляюцца супольныя расейска-беларускія стратэгічныя вышкалы «Запад-2017», у якіх беларускі бок быў, па сутнасьці, толькі выразьнікам волі й інтарэсаў расейскае дзяржавы. Безапэляцыйным пацьверджаньнем гэтаму ёсьць праведзены 29 жніўня 2017 году брыфінг начальніка Генэральнага штабу ЗС Беларусі, першага намесьніка міністра абароны, генэрал-маёра Алега Белаконева, які раскрыў асноўную задуму гэтых вышкалаў. З вуснаў кіраўніка цэнтральнага воргану вайсковага кіраваньня Беларусі прагучэлі словы, якія рэтрансьлявалі асноўныя штампы расейскае дзяржпрапаганды пра імкненьне блёку заходніх дзяржаваў дэстабілізаваць абстаноўку й пагоршыць зносіны паміж суб’ектамі так званага “Союзного государства” (рас.). Было асабліва падкрэсьленае, што паводле падобнага сцэнару нібыта былі распачатыя ўсе апошнія збройныя канфлікты. Дадатковым сьведчаньнем поўнага падпарадкаваньня беларускае дзяржавы сталася безумоўнае выкананьне вайсковымі ведамствамі Беларусі расейскага сцэнару вышкалаў, паводле якога была адрынутая значная частка Беларусі й супрацьпастаўленая ўсёй астатняй краіне ў якасьці патэнцыйнага ворага. Усё гэта зьяўляецца сьвядомым грэбаваньнем дзяржаўнымі інтарэсамі Беларусі й стварэньнем рэальных умоваў для ўзьнікненьня непасрэднай пагрозы нацыянальнай бяспецы. Апроч гэтага начальнікам Генштаба ЗС Беларусі была агучаная й падрыхтаваная расейскімі стратэгамі фэйкавая заява пра заплянаванае разьмяшчэньне арганізацыяй «Правы Сэктар» збройных атрадаў на поўначы Ровенскае вобласьці для прадухіленьня ўварваньня падразьдзяленьняў ЗС РФ з боку Беларусі падчас падрыхтоўкі й правядзеньня вышкалаў. Гэтай заявай была створаная апэратыўная прастора для правядзеньня мажлівых збройных дывэрсіяў і правакацыяў падчас вышкалаў, што надавала б Расеі гарантаванае права пад выглядам зьдзяйсьненьня вайсковай дапамогі разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі свой значны вайсковы кантынгент.
Усе тыя дыпляматычныя прэфэрэнцыі для дзяржавы, якія атрымаў Лукашэнка праз наданьне перамоўнай пляцоўкі што да Данбасу й зьняцьцё санкцыяў у лютым 2016 году, цалкам дэвальваваныя праз удзел Беларусі ў стратэгічных супольных вышкалах «Захад-2017», якія зьяўляюцца, па сутнасьці, адкрытай дэманстрацыяй здатнасьці Расейскай Фэдэрацыі весьці маштабную вайну на Заходнім кантынэнтальным тэатры ваенных дзеяньняў.
Значнае паляпшэньне зьнешнепалітычнага іміджу цалкам перакрэсьленае актыўнай мілітарызацыяй і дэманстратыўным бразганьнем зброяй супольна з галоўным вайсковым агрэсарам ў Эўропе. Галасаваньне ў ААН супроць рэзалюцыі па Крыме, дыпляматычная вайна з Украінай з узаемным высыланьнем супрацоўнікаў амбасадаў, дэклярацыя плянаў наданьня дзяржаве-агрэсару Расейскай Фэдэрацыі інфраструктурных мажлівасьцяў для захоўваньня на беларускай тэрыторыі значнай колькасьці ўзбраеньняў і вайсковай тэхнікі, актывізацыя барацьбы зь непадкантрольным сэгмэнтам беларускае інфармацыйнае прасторы значна пагаршаюць становішча Беларусі ў цывілізаваным сьвеце. Сваімі дзеяньнямі беларускае вайскова-палітычнае кіраўніцтва сьвядома зьмяняе статус Беларусі з «донару рэгіянальнае бяспекі», які яна актыўна стварала на міжнароднай арэне, на асяродак міжнароднае напружанасьці.
бяручы пад увагу:
- значны ўзровень каапэрацыі й інтэграцыі Збройных Сілаў Беларусі з расейскай арміяй;
- стварэньне адзінай рэгіянальнай групоўкі войскаў (сілаў) РФ і РБ і адзінай рэгіянальнай сыстэмы СПА;
- дамінаваньне ў дзяржаўным кіраваньні пераважнае колькасьці патэнцыйных агентаў уплыву РФ;
- экспанэнтнае павялічэньне колькасьці супольных расейска-беларускіх вайсковых вышкалаў усіх відаў;
з улікам фактаў:
- наданьня Беларусьсю сваёй тэрыторыі для баявой авіяцыі, зьдзяйсьненьня кантролю ўкраінскае паветранае прасторы й навядзеньня авіяцыі ПКС РФ падчас актыўнай фазы баявых дзеяньняў на Усходзе Украіны;
- умоўнай адпрацоўкі ПКС РФ ракетна-бомбавых удараў з паветранай прасторы Беларусі па стратэгічных аб’ектах Украіны і краінаў Балтыі;
- дэклярацыі плянаў разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі значнае колькасьці расейскага ўзбраеньня й вайсковай тэхнікі;
лічу неабходным:
- беларускай дэмакратычнай супольнасьці кансалідавацца й аб’яднаць свае высілкі й намаганьні што да абароны канстытуцыйнага ладу дзяржавы.
- міжнароднай супольнасьці скарэктаваць і актуалізаваць палітыку, якая зьдзяйсьняецца ў адносінах да аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі;
- вайскова-палітычнаму кіраўніцтву Украіны й ворганам сэктару бясьпекі інтэнсіфікаваць выкананьне ўсяго комплексу захадаў што да ўмацаваньня й абароны дзяржавы, у тым ліку і на паўночным стратэгічным напрамку;
- украінскім палітыкам, грамадзкім актывістам, журналістам і проста людзям з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй пазьбягаць паездак у Беларусь, бо зь вялікай доляй верагоднасьці яны стануць аб’ектамі і мэтамі апэратыўных супольных дзеяньняў расейскіх і беларускіх спэцслужбаў.
Рэдактар беларускае службы міжнароднае выведвальнае супольнасьці
InformNapalm Дзяніс Івашын.
Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа