Правакацыя ФСБ з выкраданьнем колішняга працаўніка Запарожскае АЭС Яўгена Панова і абвінавачаньне яго ў падрыхтоўцы тэрактаў на тэрыторыі акупаванага Крыма спрычынілася да вялізнага міжнароднага й грамадзкага рэзанансу. Шэраг палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў розных краінаў сьвету ацанілі гэтую інфармацыйную апэрацыю Расеі як штучна створаны casus belli і нават параўналі з Гляйвіцкім інцыдэнтам, які стаўся адной з падставаў да пачатку Другой усясьветнай вайны. Але калі РФ штучна стварае інфармацыйныя падставы для абвінавачаньня Украіны ў дывэрсіях, то Украіна насупраць можа прадэманстраваць сотні фактаў агрэсіі з боку РФ, у тым ліку дадзеныя што да перасячэньня расейскімі тэрарыстамі зь мінамётамі дзяржаўнае мяжы і зьздяйсьненьня абстрэлаў украінскіх сілавікоў. Гэтая публікацыя прысьвечаная аднаму з такіх інцыдэнтаў.
Яна падрыхтаваная на падставе матар’ялаў, атрыманых ад камандыра ўзводу радыёхімічнае і бактэрыялягічнай выведкі 79-й асобнай аэрамабільнай брыгады (ААЭМБр) лейтэнанта Віктара Міхайлюк. У расьледаваньні раскрытыя падрабязнасьці абстрэлаў падразьдзяленьняў украінскіх войскаў дывэрсійнымі групамі расейскіх вайскоўцаў з выкарыстаньнем мінамётаў. У матар’яле пададзеныя фотафакты фіксацыі пазыцыяў мінамётных разьлікаў, якія заходзілі на тэрыторыю Украіны з тэрыторыі РФ.
Першы мінамётны абстрэл каманднага пункту 79-й ААЭМБр ЗСУ расейскімі падразьдзяленьнямі быў зьдзейсьнены ўначы зь 1 на 2 ліпеня 2014 году. Тады расейцы выпусьцілі 15 мінаў з калібрам 82-мм па КП 79-й брыгады ў раёне вышыні 214,7 (каардынаты 47.887803, 39.152806 на схеме пазначаная як пункт А). Пасьля заканчэньня абстрэлу манэўровая група высунулася для пошуку варожых мінамётнікаў і іхнае пазыцыі, якая была выяўленая на скрыжаваньні пасадак (каардынаты 47.877537, 39.186252 на схеме пазначаная як пункт Z) і якая знаходзілася на тэрыторыі Украіны за 2,5 км ад КП брыгады. Група гэтак жа адсачыла маршруты, з дапамогаю якіх расейскія мінамётнікі патрапілі на тэрыторыю сумежнай сувэрэннай дзяржавы і адыйшлі пасьля заканчэньня абстрэлу (адзначаныя чырвонай і сіняй лініяй). Дадаткова на схеме ніжэй кропкамі B і C пазначаныя мейсцы выбухаў мінаў, якія Віктар сфатаграфаваў у той день.
Пасьля гэтага інцыдэнту уздоўж пэрыметру лягеру, апроч пастоў былі выстаўленыя сакрэты, якія знаходзіліся на адлегасьці 3,5 – 4 км ад КП брыгады. На адным з такіх сакрэтаў старэйшым баявой варты заступаў Віктар. Ён знаходзіўся на скрыжаваньні пасадак (каардынаты 47.877593, 39.197845 на схеме ніжэй пазначаныя як пункт A) і зьдзяйсьняў візуальнае назіраньне за лініяй дзяржаўнай мяжы з РФ. Заступіўшы 7 ліпеня на баявую варту ў сакрэт, Віктар зрабіў некалькі здымкаў для таго, каб ўначы, у выпадку фікасацыі сьвятла ад машынаў і тэхнікі, ацаніць мейсцазнаходжаньне аб’ектаў. Уначы з 7 на 8 ліпеня ля 01:00 назіральнік заўважыў ўспышкі мінамётаў. Віктар перадаў інфармацыю ў лягер і атрымаў дазвол на вядзеньне вагню па пазыцыі расейскіх мінамётнікаў (каардынаты 47.856943, 39.195502 на схеме ніжэй пазначаныя кропкай Z). Па супраціўніку быў адкрыты вагонь з АГС-17 (аўтаматычны станкавы гранатамёт). Праз тое, што ён мае максымальную далёкасьць стральбы 1700 мэтраў, а да пазыцыі мінамётнікаў было крыху болей за 2000 мэтраў, разрывы гранатаў адбываліся перад мінамётнымі разьлікамі супраціўніку. Расейскія вайскоўцы праз абстрэл спынілі стральбу і пачалі сьпешна адступаць на тэрыторыю РФ. Віктар выклікаў артылерыю, але нанесьці ўдар у патрэбны квадрат яна не змагла, бо цэль знаходзілася за 400 мэтрах ад мяжы. Снарады маглі патрапіць на тэрыторыю РФ, што было б адразу ўспрынятае за акт агрэсіі з боку Украіны.
Раніцой 8 ліпеня байцы 79-й брыгады на двух БТР і аўтамабілі УАЗ высунуліся на пазыцыі расейцаў і выявілі сьляды чатырох 120-мм мінамётаў. На мейсцы былі знойдзеныя: пліта ад 120-мм мінамёту (на ёй быў фарбаю насены нумар 8697) з прывязанымі да яе каламі ад армейскага намёту для пераноскі, асабістыя рэчы, плашч-намёты, некалькі папругаў, чахлы з расфарбоўкаю “флора”, кепкі з расейскім “лічбавым” камуфляжам і зь зьнятымі цэшкамі, цывільны цалёўнік “ПОСП3-9X42”.
У той ранак было вельмі вільготна, бо ўначы ішоў дождж, таму можна было выразна пабачыць сьляды, скуль расейскія мінамётнікі прыйшлі на тэрыторыю Украіны. Плюс, у так званай “нулявой” пасадцы падчас ранішняга агляду былі выяўленыя сьвежыя сьляды й некалькі вайсковых плашч-намётаў (на схеме пазначанае пунктам H).
Нагадаем, што нядаўна валянтэры InformNapalm апублікавалі расьледаванне «Абстрэлы Украіны з тэрыторыі РФ у жніўні 2014-га. Аналіз спадарожнікавых здымкаў 539 варанок».
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў валянтэр InformNapalm Міхаіл Кузьняцоў.
На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
