InformNapalm.org (Беларуская)

Сьвідравіны “Чарнаморнафтагаза” захоплівалі дэсантнікі 104-га палку ПДВ РФ

У чарговым OSINT-расьледаваньні каманда InformNapalm.org выявіла доказы ўдзелу вайскоўцаў 104-га дэсантна-штурмавога палку 76-й ДШД ПДВ РФ у зьдзяйсьненьні рэйдэрскага захопу інфраструктуры “Чарнаморнафтагаза”. 

Нагадаем, што ў сакавіку 2014 году міністар энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці Украіны Юры Продан у эксклюзыўным інтэрвію для УНІАН у Брусэлі паведаміў, што сьвідравыя ўстаноўкі ўзялі пад ахову “зялёныя чалавечкі” з аўтаматамі Калашнікава. Украінскія інфармацыйныя агенцыі тады называлі іх менавіта сэпаратыстамі.

Прасьвятленьне наконт прыналежнасьці “сэпаратыстаў” да збройных сілаў суседняй дзяржавы-агрэсара наступіла досыць хутка, аднак, нягледзячы на гэта, да сёньняшняга дня не была нададзеная належная агалоска пра інфармацыю што да ўдзелу канкрэтных вайсковых падразьдзяленьняў у рэйдэрскіх захопах у маштабах краіны.

Вяртаньне да падзеяў паўтарагадовай даўніны зьвязанае з тым, што каманда “ІнфармНапалм” у выніку OSINT-дасьледаваньня змагла выявіць адпаведныя фатаматар’ялы і інфармацыю. У сацсеціве “Укантакце” быў знойдзены профіль расейскага вайскоўца з складу 104-га дэсантна-штурмавога палку Івана Казлова (архіў на фатаальбом, архіў на кантакты), “ветэрана крымскай анэксыі” (станам на 2014 год зьяўляўся вайскоўцам 104-га дэсантна-штурмавога палку 76-й ДШД ПДВ РФ). Фатаальбом колішняга расейскага дэсантніка ўтрымлівае сэрыю фатаздымкаў, якія выкладзеныя ў сьнежні 2014 году і асьвятляюць апэрацыю ў захопе Крыма, у тым ліку рэйдарскі захоп інфраструктуры “Чарнаморнафтагаза”.

Прадстаўляем скрыншоты з фактамі, якія наўпрост спрычыніліся да нашых высноваў.

   

 

Цікава тое, што ў альбоме Івана Казлова быў выяўлены фатаздымак, у якім ён пазуе разам з таварышам з 104-га палку Аляксандрам Осіпавым, які загінуў на Данбасе ў жніўні 2014 году, выконваючы злачынныя загады расейскага вайсковага кіраўніцтва. Было вызначанае, што Аляксандар Осіпаў у складзе свайго выведпадразьдзяленьня патрапіў пад абстрэл украінскае артылерыі. Осіпаў быў пахаваны на вясковых могілках у вёсцы Выбуты пад Псковам 24 жніўня 2014 году, без патасу і без ушанаваньняў, пра што вядзецца ў матар’яле ЖЖ “Поцреотизмъ” з 11 верасьня 2014 году.

 

Даведкавая інфармацыя:

Міжнародная валантэрская каманда InformNapalm працягвае зьбіраць сьведчаньні расейскай агрэсыі супроць Украіны як на Данбасе, гэтак і ў Крыму. Азнаёміцца ​​з поўнай базай дадзеных расейскае вайсковае прысутнасьці ва Украіне можна ў матар’яле: “Прафэсыйная расейская армія ва Украіне. Дасьледаваньне і інфаграфіка”. База дадзеных увесь час дапаўняецца і перакладаецца на дзясяткі замежных моваў. Сачыце за абнаўленьнямі.

Аўтар OSINT-расьледаваньня Міхаіл Кузьняцоў адмыслова для InformNapalm.org.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

(с) Падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялаў сайту спасылка на аўтара і арыгінал артыкулу абавязковая.

 

Exit mobile version