Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0
Валянтэрская аэравыведка перадала міжнароднай выведвальнай супольнасьці InformNapalm новыя здымкі буйнога скопішча ўзбраеньняў і тэхнікі акупацыйных расейскіх войскаў на Данбасе. OSINT-экспэрты InformNapalm зьдзейсьнілі ідэнтыфікацыю ўсіх тыпаў узбраеньня й тэхнікі. У кадры аэрафатаздымкаў патрапіла ўзмоцненая батальёна-тактычная група расейскіх акупацыйных войскаў. Некаторыя адзінкі вайсковай тэхнікі выразна сьведчаць пра наўпроставыя паўстаўкі яе з РФ.
[Выточны здымак у рэзалюцыі 1843 на 1417 px, даступны праз клік]У кадар трапілі 20 танкаў Т-64БВ і Т-72Б першых мадыфікацыяў (асноўнае ўзбраеньне з калібрам 125-мм), 25 баявых машынаў пяхоты (БМП-1/БМП-2), 4 самаходныя гаўбіцы 2С1 «Гвазьдзіка» (узбраеньне з калібрам 122-мм), 5 бронетранспартэраў БТР-80, зэнітна-ракетны комплекс 9К35 «Страла-10» і іншая тэхніка.
Таксама ў фота зафіксаваная расейская аўтаперавязная станцыя (АП-2), якая была заўважаная за 3 км ад прамзоны Аўдзееўкі і фігуравала ў жнівеньскім OSINT-расьледаваньні InformNapalm. Але самы галоўны сюрпрыз – гэта наяўнасьць у здымку дзьвюх машынаў разьмінаваньня «Мэтэарыт», якія маюцца выключна ва ўзбраеньні Расейскай Фэдэрацыі. Апроч свайго асноўнага прызначэньня, разьмініваньня аб’ектаў, УР-77 выкарыстоўваюць і для зьнішчэньня жывой сілы ва ўмацаваных руінах будынкаў. Задакумантаванае выкарыстаньне машынаў гэтага тыпу для зьнішчэньня жывой сілы ў Другой Чачэнскай кампаніі, а таксама падчас штурму Данецкага аэрапорту на Данбасе. Таксама зафіксаванае выкарыстаньне УР-77 у Сірыі для нападаў на ўмацаваньні ў раёне Джабар.
У фота можна пабачыць калёну з 20 танкаў, зафіксаваных у пазначаным раёне.
Нагадаем, што падчас восеньскай сэсіі ПАРЭ з 10 па 14 кастрычніка 2016 г. была пададзеная справаздача міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm «Узбраеньне РФ на Данбасе». Гэтая справаздача дае дакладнае разуменьне й пералік доказаў таго, што Расейская Фэдэрацыя сыстэматычна забясьпечвала й працягвае забясьпечваць тэрарыстычныя сілы на Данбасе ня толькі састарэлым савецкім узбраеньнем, але й сучаснай вайсковай тэхнікай, а таксама накіроўвае вайскоўцаў, якія яе эксплюатуюць.
У зьвязку з гэтым Украіна мае патрэбу ня толькі ў эканамічнай, але й вайсковай дапамозе з боку сусьветнае супольнасьці. Сьмяротныя й несьмяротныя тыпы сучаснае зброі, якія паступілі ў Збройныя Сілы і Нацыянальную Гвардыю Украіны, маглі б стаць значным фактарам стрыманьня амбіцыяў Крамля рэалізаваць паўзучую акупацыю ўкраінскае тэрыторыі й дэстабілізаваць сытуацыю на ўсходніх межах ЭЗ і NATO.
