InformNapalm.org (Беларуская)

Вайскоўцы роты снайпэраў 19-й АМСБр ЗС РФ у шэрагах НЗФ “Самалі”

Напачатку траўня 2015 году каманда InformNapalm.org выявіла падразьдзяленьне бесьпілётных лятальных апаратаў 19-й матастралковай брыгады (в/ч 20634, дысьлякацыя г.Уладзікаўказ, Паўночная Асэтыя), вайскоўцы якой былі ідэнтыфікаваныя на фота з Данецку. Гл.: “Пра прыгоды роты БПЛА 19-й матастралковай брыгады ва Украіне”.

Падразьдзяленьні 19-й АМСБр ў кантэксьце “украінскіх камандыровак” мы выяўлялі раней, у кастрычніку мінулага году ў Растоўскай вобласьці ля самай мяжы з Украінай была ідэнтыфікаваная “блукаючая” ствалавая і рэактыўная артылерыя гэтай брыгады. Гл.:

Баявыя разьлікі РСЗА “Град” з 19-й МСБР, “партызаняць” у лясох уздоўж мяжы з Украінай;

САУ “Мста-С” 19-й МСБР з Паўночнае Асэтыі на мяжы з Украінай.

Падчас новага OSINT-расьледаваньня каманды InformNapalm.org была выяўленая група снайпэраў-кантрактнікаў гэтага ж вайсковага злучэньня ЗС РФ з Уладзікаўказа, якія таксама зьяўляюцца ўдзельнікамі “украінскіх камандыровак”, першасная інфармацыя пра іх прадастаўленая праз  Цэнтар “Міратворац”.

У сацыяльных сетках мы выявілі профіль Генадзя Закачурына (https://vk.com/id245691600, архіў: https://archive.is/FUfP9), паводле інфармацыі зь ягонага профілю было вызначанае, што да позьняе восені 2014 году ён праходзіў тэрміновую службу ў складзе роты снайпэраў 19-й брыгады. Таксама ў фатаальбоме Закачурына фігуруе шэраг фатаздымкаў з Данбаса, у тым ліку з раёну Данецкага аэрапорту з геатэгамі, якія выкладзеныя ў траўні 2015 году. Цікавыя і іншыя фатаздымкі – гэта групавое фота з Данбаса расейскіх кантрактнікаў 19-й АМСБр і баявікоў “наваросіі” у складзе НЗФ “Самалі”.

  
Сярод ягоных леташніх фатаздымкаў, ёсьць фота з чэрвеня 2014 году з схаваным тварам у форме “горка” і белымі ідэнтыфікацыйнымі павязкамі, якія характэрныя для баявікоў “наваросіі”. Цалкам мажліва, на гэты момант Генадзь таксама зьяўляецца вайскоўцам-кантрактнікам гэтай жа брыгады (што абгрунтаванае ніжэй, падмацаванае фатаздымкамі і кантактамі), які прыкамандыраваны да НЗФ (незаконнага збройнага фармаваньня) баявікоў “Самалі”. Таксама ніжэй прадстаўленыя фатаздымкі з Данецка, зробленыя ў арэндаванай кватэры расейскага найміта з Санкт-Пецярбурга, які ваюе ў НЗФ “Самалі” з псэўданімам Самый Счастливый” (рас.), да якога вернемся крыху пазьней.

Цікава, што на фотаздымках №4 (раён Данецкага аэрапорту) і №6 (на кватэры), Закачурын пазуе разам з Ільлёй Рудых, прыналежнасьць якога да ЗС РФ ёсьць бясспрэчнай. Разам іх можна пабачыць і на іншым  групавым здымку з аўтавакзалу г.Растова, на якім яны сфатаграфаваныя разам з  сваім таварышам Дзьмітрыем Абгадзеевым. Пад фатаздымкам ёсьць камэнтар іхнага калегі-снайпэра з 19-й брыгады Артура Кудабаева:

Сярод кантактаў і таварышаў у службе Закачурына варта асобна адзначыць наступных:

Ільля Рудых (https://vk.com/id138829011, архіў https://archive.is/dYitl), блізкі сябар Генадзя Закачурына, вайсковец той жа 19-й матастралковай брыгады. Праз вывучэньне фатаальбому Ільлі Рудых выяўлены шэраг цікавых фатаздымкаў, якія пацьверджваюць ягоную прыналежнасьць да 19-й АМСБр.

Найбольш цікавыя фатаздымкі выкладзеныя 8 траўня і 18 чэрвеня 2015 году, яны зробленыя ў мейсцы дысьлякацыі 19-й АМСБр ў пасёлку Спутнік г.Уладзікаўказ, дзе Рудых пазуе разам з двума сваімі таварышамі. Гэты ж фатаздымак выкладзены 30 красавіка 2015 году ў профілі таварыша з роты снайпэраў і сябра Рудых, Артура Кудабаева. На фота, якое выкладзенае ў верасьні 2014 году, Рудых зафіксаваны ў памежным з Украінай Няклінаўскім раёне Растоўскае вобласьці, у нестатутнай форме “горка”, якой, збольшага, карыстаюцца расейскія вайскоўцы, якія маюць дачыненьне да “растоўска-украінскіх камандыровак”.


Нагадваем, што ў фатаальбоме профілю першага фігуранту Генадзя Закачурына на трох фотаздымках (16 траўня 2015 году, мейсца: Узлётная вуліца, Данецк, Украіна; 23 красавіка 2015 году, мейсца: Ленінскі праспэкт, Данецк, Украіна і 12 сакавіка 2015 году, мейсца: праспэкт Сіверса, Растоў-на-Доне, РФ) быў апазнаны Ільля Рудых.

Таксама досыць цікавыя наступныя профілі:

Дзьмітры Абгадзееў (https://vk.com/id309209510, архіў https://archive.is/OWqcH), які ўжо фігураваў у фатаздымку Г.Закачурына, які быў зроблены на аўтавакзале г.Растова-на-Доне. Нягледзячы на ​​тое, што профіль Абгадзеева менш інфарматыўны і ў ім фігуруюць ўсяго толькі некалькі фатаздымкаў, якія кажуць пра ягоную прыналежнасьць да “наварасійскіх” НЗФ, у альбомах профіляў ягоных сяброў можна знайсьці фатаздымкі, якія  пацьверджваюць, што Абгадзееў мае дачыненьне да 19-й МСБр. Напрыклад, Абгадзееў фігуруе ў профілі Генадзя Закачурына на фатаздымку з аўтавакзалу г.Растова-на-Доне першага фігуранту (гл. фота вышэй), у профілі баявіку НЗФ “Самалі” “Самы Шчасьлівы” на фатаздымку ў той жа данецкай кватэры, гэтаксама у фатаздымках профілю альбому другога фігуранту Ільлі Рудых на групавым фота зь мейсца дысьлякацыі 19-й АМСБр каля таблічкі “старт” (гл. вышэй) і на калектыўным фота снайпэраў з палігону пад Уладзікаўказам.

 
Артур Кубаеў (https://vk.com/id227137476, архіў: https://archive.is/s2bqh), вайсковец-кантрактнік 19-й АМСБр, служыць у той жа роце снайпэраў. Наўпроставых сьведчаньняў пра ягоны ўдзел ва “украінскіх камандыроўках” няма, фатаздымак на тле танку з камэнтаром “апалчэнцы” усур’ёз не разглядаецца (цалкам мажліва, Кубаеву было адмоўленае ў камандыроўцы з-за вельмі выразнага вонкавага выгляду, або ён ужо быў у ратацыі), затое ён вельмі хвалюецца за сваіх таварышаў у  службе, якія знаходзяцца на Данбасе, пра што кажуць шэраг камэнтароў, у тым ліку да групавога фота Закачурына на растоўскім аўтавакзале з 12 сакавіка 2015 году: “Асьцярожна, хлопцы, мы на вас чакаем”. Таксама ў фатаальбоме Кубаева зафіксаваны групавы фатаздымак зь мейсца дысьлякацыі 19-й АМСБр, выкладзены 30 красавіка 2015 году, на якім ён разам з таварышам Ільлёю Рудых (нагадваем, што такі ж фатаздымак, але выкладзены крыху пазьней, ёсьць у альбоме Рудых) .


– Псэўданім “Самы Шчасьлівы” (https://vk.com/id236214435, архіў: https://archive.is/GPWhE), данецкі сэпаратыст, баявік НЗФ “Самалі”, у складзе якога знаходзіліся (знаходзяцца) снайпэры 19-й АМСБр. Нягледзячы на ​​тое, што “Самы Шчасьлівыфігуруе з  псэўданімам, у адрозненьні ад кадравых расейскіх вайскоўцаў, ён больш адважны і шчыры што да публікацыяў фатаздымкаў. Апроч асабістых фота, у фатаальбоме “Самага Шчасьлівага” фігуруе шэраг фатаздымкаў з вышэйпазначанымі фігурантамі з 19-й АМСБр – Закачурыным, Рудых і Абгадзеевым.

                    

Апроч прадстаўленых фігурантаў, ёсьць шэраг іншых асобаў, якія ў выніку ўсебаковага вывучэньня іхных профіляў таксама могуць стаць фігурантамі “украінскіх камандыровак” і мець прыналежнасьць да ЗС РФ.

Тэма дабраахвотна-прымусовага прыцягненьня расейскіх кантрактнікаў да “украінскіх камандыровак” ня новая, пра гэта раней ужо зазначаў InformNapalm.org, напрыклад матар’ял пра вайскоўцаў 7-й расейскай акупацыйнай вайсковай базы з г.Гудаўта (акупаваная Абхазыя, Грузыя), глядзіце тэматычныя спасылкі:

Тэрміноўцаў 7-й вайсковай базы РФ масава вярбуюць ў кантрактнікі для “украінскіх камандыровак”. March 6, 2015

“З мандарынавага раю ва ўкраінскае пекла”: як расейскіх кантрактнікаў у дабраахвотна-прымусовым парадку выпраўляюць забіваць украінцаў”. February 4, 2015

Аўтары матар’ялу: Іраклі Камахідзэ і krmvictory (Першасная інфармацыя пра снайпэраў 19-й АМСБр прадастаўленая сябрамі з праэкту “Міратворац”).

(с) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайта InformNapalm, падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялу спасылка на наш праэкт абавязковая.

Пераклад Дзяніса Івашына

Exit mobile version