Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm падчас ідэнтыфікацыі мейсцаў скопішча вайсковай тэхнікі акупацыйных войскаў Расейскай Фэдэрацыі выявіла фатаздымкі, якія сьведчаць пра тое, што Данецкі хрыстыянскі унівэрсытэт ператварыўся на расейскую вайсковую базу (пра гэта чытайце ў сумежным артыкуле).
Падчас дасьледаваньня вялікае колькасьці профіляў расейскіх баявікоў і сувязяў паміж імі, быў выяўлены вайсковы злачынца – вайсковец ЗС РФ Юры Ісаеў. З-за вялікага аб’ёму інфармацыі ў папярэднім артыкуле, матар’ял пра Ісаева было вырашанае падаць у асобным артыкуле.
Юры Ісаеў, 30.05.1992 г.н., родам з г.Волжска, што месьціцца непадалёк ад г.Казані.
Інфармацыя пра родны горад і слушнасьць прозьвішча (брат мае такое ж) пацьверджанае на старонцы ягонай маці, таксама Ісаеў сам пацьверджвае гэта праз камэнтар да фота “Я сэрцам і душою заўсёды за ЦСКА! а “Рубін” падтрымліваю – таму што тут жыву”. «Рубін» – расейскі футбольны клюб з гораду Казані.
У 2011-2012 гадох праходзіў тэрміновую службу.
На гэты момант Юры Ісаеў зьяўляецца вайскоўцам 49-га кулямётна-артылерыйскага палку (в/ч 71436) ЗС РФ.
Фота з сваімі таварышамі ў службе, выкладзенае 6 сьнежня 2015 году, зробленае дзесьці ў палёх, часовае сховішча зробленае зь бярозаў. Нават камэнтар да фота «цябе там ня б’юць», пакінуты ў гэты ж дзень, кажа пра сьвежасьць фатаздымку.
На старонцы Ісаева быў выяўлены фатаздымак (макс. якасьць), зроблены на тле бярозаў і з шаўронам, які адпавядае 49-му кулямётна-артылерыйскаму палку ЗС РФ.
Падчас дэталёвага вывучэньня фота і з дапамогай сайту http://regex.info у EXIF-дадзеных фота была выяўленая дакладная дата стварэньня фатаздымку – 20 лістапада 2015 году й мадэль камэры – Samsung SM-G920F.
Samsung SM-G920F – гэта смартфон шостага пакаленьня лінейкі Galaxy S, анансаваны кампаніяй Samsung Electronics 1 сакавіка 2015 году, пачатак продажаў стартаваў 15 красавіка 2015 году. Гэты факт ёсьць сьведчаньнем таго, што фота зробленае менавіта ў 2015 годзе.
На жаль, дадзеныя пра геалякацыю ў файле адсутнічаюць і мы ня можам дакладна сказаць у якой мясцовасьці зробленае фота, ці то ва Украіне, ці то ў Расеі, або дзесьці ля ўкраінска-расейскай мяжы.
Увесну-ўлетку 2015 году быў зафіксаваны ў раёне н.п. Безыменнае (Наваазоўскі раён) у так званай клясычнай форме «апалчэньня ДНР» (звычайная «Горка»).
Супольнае фота Ісаева з тэрарыстам зь мянушкаю «Малы» на блёкпосьце ля ўезду ў Шырокіна, пра якое вядзецца ў папярэднім артыкуле «Данецкі хрыстыянскі унівэрсытэт стаўся расейскай вайсковай базай».
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў VidaL Sorokin
На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
