InformNapalm.org (Беларуская)

Валуйкі й Багучар: раскансэрвацыя і агульнае маркаваньне тэхнікі 3-й дывізыі РФ і «ЛНР»

Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm фіксуе, што за апошні год Расея практычна падвоіла колькасьць вайсковай тэхнікі, фармуючы новыя ўдарныя часткі на заходнім напрамку. Вялікая колькасьць узбраеньняў РФ зьнятая з базаў захоўваньня й перакінутая на вайсковыя базы Валуйкі й Багучар, якія ёсьць пляцдармам непасрэдна ля мяжы з Украінай. Гэтыя пляцдармы знаходзяцца прыблізна за 150 км ад ўмоўнай лініі разьмежаваньня сілаў на Данбасе. Вайсковую тэхніку маркуюць тактычнымі знакамі (ТЗ) 2-га армейскага корпусу (АК) расейскіх акупацыйных сілаў «ЛНР». Гэтыя выведвальная дадзеныя сьведчаць пра тое, што РФ працягвае падрыхтоўку да маштабнай вайсковай апэрацыі з элемэнтамі гібрыднасьці. У гэтым расьледаваньні пададзеныя фота й спадарожнікавыя здымкі, на падставе якіх зробленыя адпаведныя высновы.

Фармуецца 3-я мотастралковая дывізыя за 45 км ад украінскае мяжы

19 траўня 2017 году InformNapalm падаў інфармацыю пра фармаваньне 144-й мотастралковай дывізыі пад Смаленскам. Паралельна ў Варонежскай вобласьці на адлегласьці 45 км ад дзяржаўнае мяжы з Украіны ствараецца 3-я мотастралковая дывізыя РФ.

3-я мотастралковая дывізыя – вайсковае злучэньне ў складзе 20-й гвардзейскай арміі Заходняе вайсковае акругі (ЗВА) РФ, дысьлякуецца ў г. Багучар. Дывізыя сфармаваная ў сьнежні 2016 году ў выніку перафармаваньня 9-й асобнай мотастралковай брыгады (была перадысьлякаваная зь Ніжняга Ноўгарада) і 23-й асобнай мотастралковай брыгады (перадысьлякаваная з г. Самара Цэнтральнае вайсковае акругі (ЦВА) РФ).

  • Поўны склад 3-й мотастралковай дывізыі

    ⦁ штаб дывізыі (в/ч 54046, Багучар)
    ⦁ 252-і гвардзейскі мотастралковы полк (в/ч 91711, Багучар)
    ⦁ 99-ы гвардзейскі самаходна-артылерыйскі полк (в/ч 91727, Багучар)
    ⦁ 337-ы асобны інжынэрна-сапёрны батальён (в/ч 91717, Багучар)
    ⦁ 911-ы асобны батальён матар’яльнага забесьпячэньня (в/ч 54366, Багучар)
    ⦁ 231-ы асобны мэдычны батальён (в/ч 83833, Багучар)
    ⦁ 1143-і зэнітна-ракетны полк (Белгарадзкая вобласьць)
    ⦁ 237-ы гвардзейскі танкавы полк (в/ч 91726, Валуйкі)
    ⦁ 752-і мотастралковы полк (в/ч 34670, Валуйкі і Солаці)
    ⦁ 84-ы асобны выведвальны батальён (в/ч 22263, Валуйкі)
    ⦁ 692-і асобны батальён сувязі (в/ч 22463, Валуйкі)
    ⦁ 159-ы асобны процітанкавы артылерыйскі дывізыён
    ⦁ асобная рота радыёэлектроннай барацьбы (Валуйкі)
    ⦁ асобная рота бесьпілётных лятальных апаратаў
    ⦁ асобная рота радыёхімічнае й біялягічнае абароны

Да вясны 2017 году ў 3-й мотастралковай дывізыі на вайсковай тэхніцы меліся старыя тактычныя знакі (ТЗ), якія належаць 9-й АМСБр і 23-й АМСБр (пунктырны квадрат з трыма кропкамі).

Вайсковая тэхніка з гэтым тактычным знакам неаднаразова фіксавалася на тэрыторыі Украіны ў складзе тэрарыстычных груповак «Л/ДНР».   Больш падрабязна пра гэта чытайце ў расьледаваньні: Бранетэхніка і асабовы склад 23-й самарскай брыгады ў складзе НЗФ “наваросіі”.

У 2017 годзе на вайсковай тэхніцы новай дывізыі адбылася зьмена тактычных знакаў.

Тактычныя знакі на тэхніцы 3-й дывізыі ў Валуйках

 ТЗ “8 у квадраце”

9 траўня 2017 году на парадзе ў Валуйках на вайсковай тэхніцы таксама быў зафіксаваны гэты тактычны знак.

Адзінай машынай на парадзе, якая мела іншы тактычны знак – “11 у квадраце”, – была расейская камандна-штабная машына апэратыўна-тактычнага зьвяна «Кушэтка-Б».

Гэты ж ТЗ зафіксаваны і на камандна-штабной машыне (КШМ) Р-145БМ “Чайка” падчас ейнага знаходжаньня на новай расейскай базе ў Валуйках (каардынаты: 50.2256295, 38.1104136).

У парку тэхнікі новай дывізыі таксама зафіксаваныя браняваныя рамонтна-эвакуацыйныя машыны – БРЭМ-1 з тактычным знакам “6 у квадраце“. Іхнае прызначэньне – эвакуацыя пашкоджанай тэхнікі і той, што захрасла (БТР, БМП, БМД, танкаў і інш.).

Вайсковы грузавік “Урал”

Аналягічныя тактычныя знакі на расейскай тэхніцы ў Луганскае вобласьці

Для параўнаньня з тактычнымі знакамі ЗС РФ падаем фота з ТЗ “6 і 8 у квадраце” 2-га армейскага корпусу (АК) акупацыйных сілаў РФ у Луганскае вобласьці, так званага “6-га асобнага мотастралковага казачага палку” (6 амсп, Стаханаў) і “8-га асобнага танкавага батальёну” (8 атб, Луганск) 2 АК «ЛНР».

Сьлед зазначыць пра падабенства трафарэтаў напісаньня тактычных знакаў.

Разгледзім таксама тактычныя знакі новай сфармаванай дывізыі ў мейсцы дысьлякацыі – вайсковай базы ў г.Багучар Варонежскае вобласьці.

ТЗ “16 у квадраце”

Гусенічны бронецягач БТС-4

16 у квадраце, але ўжо на тэхніцы асобнай сапёрна-інжынэрнай роты (асір) 2 АК «ЛНР».

ТЗ “7 у квадраце” у г. Багучар:

Для параўнаньня ТЗ 2-й асобнай мотастралковай брыгады (7-я амсбр, Дэбальцава) 2 АК «ЛНР».

ТЗ “10 у квадраце” на расейскім палігоне ў г. Богучар:

У аднаго з расейскіх жаўнераў гэтай дывізыі выяўлены фатаздымак, у якім разам зафіксаваныя пятлічныя эмблемы ракетных войскаў і артылерыі ЗС РФ (РВіА) і ТЗ “10 у квадраце”, што сьведчыць пра прыналежнасьць гэтага ТЗ менавіта артылерыстам.

Ніжэй для прыкладу прадэманструем такі ж ТЗ 2-га армейскага корпусу (АК) акупацыйных сілаў РФ у Луганскае вобласьці так званай “10-й асобнай артылерыйскай брыгады” (аабр) 2 АК «ЛНР».

Адзначым фота з 2016 году, у якім расейскі жаўнер 33-й асобнай мотастралковай брыгады (АМСБр) пазуе на тле аўтамабілю “УАЗ 315196” з тактычным знакам “10 у квадраце” на палігоне “Кузьмінскі” у Растоўскае вобласьці.

У фота расейскі жаўнер Яўген Копцеў з складу артылерыйскага падразьдзяленьня пазуе на тле аўтамабілю УАЗ. На фота ніжэй можна пабачыць пятлічную эмблему ракетных войскаў і артылерыі (РВіА) ЗС РФ.

Маем яскравы прыклад мімікрыі маркаваньня тэхнікі расейскіх акупацыйных сілаў.

Колькасьць вайсковай тэхнікі на пляцдармах значна павялічылася

Нагадаем, што расейскія вайсковыя базы ў населеных пунктах Валуйкі й Богучар знаходзяцца прыблізна за 150 км ад ўмоўнай лініі разьмежаваньня сілаў на Данбасе. Пункты пазначаныя на мапе стрэлкамі.

На базе ў Валуйках менш чымся за 2 месяцы колькасьць вайсковай тэхнікі павялічылася практычна ўдвая.

01.03.2017

27.04.2017

У Багучары дысьлякуецца 262-я база захоўваньня й рамонту ўзбраеньня й тэхнікі, у якой знаходзіцца каля 2000 адзінак вайсковай тэхнікі. Далей у скрыншотах (верхні правы кут) можна пабачыць, што за год у гэтым населеным пункце зьявілася яшчэ каля 1000 адзінак тэхнікі.

10.04.2016

31.03.2017

З усяго вышэй пададзенага можна зрабіць выснову, што акупацыйнае камандаваньне стварала два падначаленыя яму вайсковыя карпусы на Данбасе, выкарыстоўваючы расейскую арганізацыйную структуру. Гэтая структура паўплывала і на ідэнтыфікацыю падразьдзяленьняў з дапамогаю тактычных знакаў. Наяўнасьць падобных ТЗ на тэхніцы на Данбасе і ў памежных з Украінай абласьцях насцярожвае ня менш, чымся й раскансэрвацыя састарэлых мадыфікацыяў танкаў Т-72Б і Т-80БВ. Больш падрабязна пра гэтую апэрацыю можна прачытаць у расьледаваньні: Расея зьбірае выведзеныя з узбраеньня танкі Т-72Б і Т-80БВ ля мяжы з Украінай.


Матар’ял да публікацыі падрыхтавалі Відаль Сарокін і Necro Mancer адмыслова для сайту InformNapalm .

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

 
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0)

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.

Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у

Фэйсбук / Твітэр / Telegram

і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

Exit mobile version