InformNapalm.org (Беларуская)

Новыя факты ўдзелу экіпажу ВДК «Саратаў» у аґрэсіі супроць Украіны

У 2016 годзе Вайсковая пракуратура Украіны паведаміла пра вызначаныя на той час падразьдзяленьні ЗС РФ , якія былі задзейнічаныя ў расейскай спэцапэрацыі захопу Крыму. Сярод іншых быў названы вялікі дэсантны карабель (ВДК) «Саратаў». Валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm зьдзейсьнілі выведку адкрытых крыніцаў інфармацыі й знайшлі дадатковыя доказы, якія пацьверджваюць удзел экіпажу ВДК «Саратаў» у ваеннай аґрэсіі супроць Украіны.

Гэтая інфармацыя можа быць карысная як з пункту гледжаньня насычэньня доказавай базы паводле пазову Украіны супроць Расейскай Фэдэрацыі ў міжнародных судох, гэтак і з пункту гледжаньня разгалошваньня дадзеных расейскіх акупантаў, якія ўдзельнічалі ў ваеннай аґрэсіі супроць Украіны ў Крыме і маюць пэрсанальную адказнасьць за выкананьне злачынных загадаў вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва РФ.

Таксама ў гэтым матар’яле раскрыты ўдзел цэлай дынастыі расейскіх вайскоўцаў зь сям’і камандыра ВДК «Саратаў» у ваеннай аґрэсіі супроць украінскага, чачэнскага й грузінскага народаў у XX і XXI стагодзьдзі.


Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя расейскіх акупантаў

Кузьняцоў Дзяніс Сяргеевіч (рас. – Кузнецов Денис Сергеевич)

Нарадзіўся ў г. Таганрог Растоўскае вобласьці РФ. Вайсковую службу праходзіў на вялікім дэсантным караблі (ВДК) «Саратаў», які ўваходзіць у склад 197-й брыгады дэсантных караблёў Чарнаморскага флёту ВМФ РФ (197-я БрДК, в/ч 72136, пункт сталай дысьлякацыі – г. Сэвастопаль, часова акупаваны Крым). У складзе экіпажу ВДК «Саратаў» удзельнічаў у расейскай спэцапэрацыі захопу Крыму.

 

 

 

Фотасьведчаньне пра службу Дзяніса Кузьняцова менавіта на ВДК «Саратаў» выяўленае непасрэдна ў ягоным акаўнце сацсеціва «VK». Кузьняцоў выклаў групавы фатаздымак маракоў баявой часткі сувязі й радыётэхнічнай ВДК «Саратаў», у якім ён у першым шэрагу крайні леваруч:

Фота зробленае ў ліпені 2014 году, відавочна, падчас дэмабілізацыі, пра што сьведчаць разьвітальныя пажаданьні ад ягоных таварышаў у службе на абароце фатаздымку:

У фотаальбоме Кузьняцова выяўлены і фатаздымак мэдалю за акупацыю Крыму разам з узнагародным пасьведчаньнем да яго, якое падпісаў камандыр 197-й БрДК капітан 1-га рангу Аляксей Камароў:

Фадзееў Васіль (рас. – Фадеев Василий)

Нарадзіўся 13.01.1993 г. Вайсковую службу праходзіў на ВДК «Саратаў» Чарнаморскага флёту ВМФ РФ. У складзе экіпажу гэтага карабля ўдзельнічаў у расейскай спэцапэрацыі захопу Крыму.

 

 

 

 

У акаўнце сацсеціва «VK» Фадзеева выяўлены фатаздымак, зроблены падчас ягонай вайсковай службы менавіта на вялікім дэсантным караблі «Саратаў».

Васіль Фадзееў таксама ўзнагароджаны мэдалём міністэрства абароны РФ за акупацыю Крыму:

Камандыр карабля

У выніку выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі мы вызначылі, што на момант правядзеньня спэцапэрацыі захопу Крыму камандырам ВДК «Саратаў» быў капітан 2-га рангу Мікалай Мікалаевіч Палій, 11.10.1979 г.н.

Мікалай Палій. Крыніца фота: ruinformer.com

На гэтую пасаду ён быў прызначаны не пазьней за 2012 год, займаў яе ў лютым 2014 году перад нападам РФ на Украіну і да кастрычніка 2014 году.

Мікалай Палій – праваруч. Крыніца: ягоны ўласны акаўнт сацсеціва «VK»

Мікалай Палій, крыніца фота – https://archive.is/TKwTF

Дынастыя расейскіх ваенных злачынцаў

Гісторыя Расеі – гэта гісторыя аґрэсіі й бясконцых войнаў супроць розных народаў і краінаў сьвету: і суседніх зь ёю, і ґеаґрафічна аддаленых. Таму ня дзіўна, што ў РФ маюцца цэлыя дынастыі ваенных злачынцаў, якія прымалі ўдзел у расейскай ваеннай экспансіі.

У сям’і Палій таксама ўжо сфармавалася дынастыя ваенных злачынцаў. Гэтак, Павал Палій пасьля заканчэньня Другой усясьветнай вайны ваяваў на Захадзе Украіны супроць украінцаў, якія змагаліся супроць расейскай акупацыі і за незалежнасьць сваёй краіны.

Вайсковая дынастыя Палій. Крыніца фота

Ягоны ўнук Мікалай Мікалаевіч Палій – фіґурант гэтага расьледаваньня. Пад ягоным камандаваньнем экіпаж ВДК «Саратаў»  удзельнічаў у акупацыі Крыму Расеяй.

Родны брат камандыра ВДК «Саратаў» – Андрэй Мікалаевіч Палій – удзельнічаў у вайне РФ супроць Грузіі ў 2008 годзе. Таксама два з паловай гады ён ваяваў супроць Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя. Цяпер капітан 1-га рангу Андрэй Палій – начальнік аддзелу працы з асабовым складам Чарнаморскага флёту ВМФ РФ. Занесены ў базу дадзеных Цэнтру «Міратворац».

Экіпаж ВДК «Саратаў» таксама прымаў удзел у ваеннай аґрэсіі супроць Грузіі

Падчас расейска-грузінскай вайны, 12 жніўня 2008 году, два вялікія дэсантныя караблі ВДК Чарнаморскага флёту ВМФ РФ – «Ямал» і «Саратаў» – высадзілі расейскі дэсант ў грузінскім порце Поці. Задачай апэрацыі было зьнішчэньне ў гэтым порце караблёў ВМФ Грузіі.

Камандырам ВДК «Саратаў» тады зьяўляўся капітан 2-га рангу Алег Уладзімеравіч Пачынаў.

Алег Пачынаў, крыніца  фота

За ўдзел у ваеннай аґрэсіі супроць Грузіі А. Пачынаў быў узнагароджаны мэдалём ордэну «За ваенныя заслугі перад Айчынай» I ступені зь мячамі.


Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.


InformNapalm – гэта вядомы й цалкам незалежны міжнародны валянтэрскі праэкт, які зьдзяйсьняе сваю дзейнасьць з 2014 году.

Мы ня маем аніякай фінансавай падтрымкі ад ураду якой-кольвек краіны ці донараў, адзінымі мэцэнатамі інфармацыйнага праэкту зьяўляюцца ягоныя валянтэры й чытачы, якія ангажуюць свае сілы, час і сродкі для супрацьдзеяньня расейскай інфармацыйнай агрэсіі. Вы таксама можаце падтрымаць InformNapalm або сваімі ведамі й навыкамі, або ахвяраваньнем на ўтрыманьне сайту й разьвіцьцё праэкту. Фінансава нас можна падтрымаць дабрачынным унёскам праз LiqPay або стаць «патронам» і падпісацца на штомесячныя мініўнёскі праз сеціва Patreon.

Exit mobile version