InformNapalm.org (Беларуская)

Кантрактнікі 74-й АМСБр РФ ваююць на Данбасе пад прыкрыцьцём батальёну “ЛНР” “Хуліганы”

Міжнародная валянтэрская група InformNapalm працягвае зьбіраць сьведчаньні ўдзелу падразьдзяленьняў Збройных Сілаў Расеі ў баявых дзеяньнях на Данбасе. У выніку чарговага OSINT-расьледаваньня здабытая новая інфармацыя адносна “растоўска-ўкраінскай камандыроўкі” 74-й асобнай матастралковай брыгады (в/ч 21005 41-й агульнавайсковай арміі – Цэнтральная вайсковая акруга, Юрга, Кемераўская вобласьць) улетку-увосень 2014 году, а таксама сьведчаньні таго, што асобныя вайскоўцы гэтага вайсковага злучэньня да гэтага часу знаходзяцца на акупаванай тэрыторыі Данбаса і ўваходзяць у незаконныя збройныя фармаваньні “наваросіі”.

Падчас вывучэньня і паглыбленага аналізу інфармацыі, прадстаўленай у групе В/ч 21005, Кемераўская вобласьць, г.Юрга сацыяльнага сеціва “УКантакце” знойдзены шэраг тэмаў з перапіскай родных і блізкіх з вайскоўцамі 4-й АМСБр што да падзеяў, зьвязаных з знаходжаньнем зводнага падразьдзяленьня гэтай вайсковай часткі ў паўднёвай камандыроўцы ўлетку-ўвосень 2014 году. Найбольшае ўвагі заслугоўвае тэма з назовам “Хто што ведае пра нашых у Растове? супакойце мяне. 4 дзень няма сувязі” (спасылка на архіў гэтай перапіскі), у якой з 30 жніўня па 2 кастрычніка 2014 году абмяркоўваліся дэталі што да ўдзелу юргінскай брыгады ў баявых дзеяньнях на Данбасе, у тым ліку ўдзел у баёх за Луганскі аэрапорт. Падаем некаторыя вытрымкі (перапіска прадстаўленая ў выглядзе скрыншотаў):

Сьвятлана Каваленка: “усё хрэнова там! сёньня знаёмай патэлефанаваў муж і паведаміў, што яны ўчора захоплівалі аэрапорт! іх пачалі абстрэльваць, ён паранены ляжыць у шпіталі, і кажа што вельмі шмат параненых”

2 верасня 2014

Чаяна Мангуш: “Ёсьць параненыя, пра загінулых маўчаць”

2 верасьня 2014

Чаяна Мангуш: “Зь Юргі ніхто не загінуў, гэта дакладна кажа. Зараз ранак, сьпяць, тэлефоны  галоўным здалі, атрымаюць – патэлефануюць”

3 верасьня 2014

Ксенія Ушкалава: “Ура! Муж патэлефанаваў! Сказаў – былі на вайне. Напрыканцы верасьня прыедуць дадому”

3 верасьня 2014

Тацьцяна Рэмэр: “А што-небудзь кажуць, будзе ці не яшчэ выкідваньне нашых на Украіну?”

3 верасьня 2014

Сьвятлана Каваленка адказала Тацьцяне Рэмэр: “Тацьцяна, мабыць не, нашыя перамаглі!”

3 верасьня 2014

    
Яшчэ ў адной тэме з назовам “Вось так жывуць нашыя героі))” выкладзены фатаздымак з камэнтарамі (спасылка на архіў). Мяркуючы з нестатутнага выгляду і белых ідэнтыфікацыйных павязак, фатаздымак адлюстроўвае адную з баявых вылазак 74-й АМСБр з Растоўскай вобласьці на ўкраінскі Данбас. На заднім тле можна разгледзець накрытую і замаскаваную баявую тэхніку.
Заўвага: некаторыя старонкі ўдзельнікаў прадстаўленай перапіскі выдаленыя, магчыма праз  празьмерную балбатню і рэакцыю на гэта адпаведных ворганаў альбо праз тое, што жанчыны, якія камэнтуюць “нашыя перамаглі”, так і не дачакаліся на сваіх мужоў.


Нагадваем, што 74-я АМСБр зь Юргі неаднаразова згадвалася ў ранейшых расьледаваньнях InformNapalm. У пададзеных у лістападзе 2014 матар’ялах фігуравалі фатаздымкі з вайскоўцамі юргінскае брыгады з памежных з Украінаю палявых лягераў, скуль ажыцьцяўляліся маршы-набегі на Данбас, і копіі т.зв. падпісак “пра неразгалошваньне інфармацыі абмежаванага доступу ў зьвязку з выкананьнем спэцыяльных задачаў у забесьпячэньні бясьпекі РФ” вайскоўцаў в/ч 21005. Таксама зафіксаваныя верасьнёўскія фатаздымкі падбітага на Данбасе танка Т-72 74-й брыгады.
  
Паводле назіраньняў групы InformNapalm, напрацягу апошніх 6 месяцаў расейскае вайсковае камандаваньне перайшло да новай тактыкі выкарыстаньня сваіх вайскоўцаў на Данбасе. Падчас дзеяньня Менскіх дамоўленасьцяў расейцы адмовіліся ад выкарыстаньня звыклых тактычных групаў (БТГр/РТГр), бо буйныя баявыя адзінкі з штатнага складу ЗС РФ на Данбасе ня могуць заставацца незаўважнымі, да таго ж сфармаваныя два вайсковыя корпусы, што аб’ядноўваюць расейска-тэрарыстычныя войскі ў НЗФ новага тыпу. Цяпер расейскіх вайскоўцаў-кантрактнікаў з разнастайных вайсковых злучэньняў паадзінкава або дробнымі групамі (ня болей за аддзяленьне) адкамандыроўваюць да таго ці іншага падразьдзяленьня “наваросіі” у якасьці інструктараў або адмыслоўцаў, што неаднаразова ўжо было пацьверджанае праз нашыя расьледаваньні. Сярод такіх адкамандыраваных зафіксаваныя вайскоўцы наступных вайсковых частак: 291-я артбрыгада (в/ч 64670, станіца Тройцкая, Інгушэтыя), 7-я вайсковая база (в/ч 09332, г. Гудаута, акупаваная Абхазыя, Грузыя), 8-я АМСБр горная (в/ч 16544, Чачэнія, с.Барзой), 23-я АМСБр (в/ч 65349, Самара), 19-я АМСБр (в/ч 20634, Паўночная Асэтыя, г.Уладзікаўказ).

Да гэтага сьпісу дадаем і 74-ю АМСБр, кадравы вайсковец якой праходзіць службу ў складзе т.зв. 3-га батальёну “ЛНР” (“Хуліган”) НЗФ “наваросіі”. У выніку вывучэньня й аналізу сацыяльных профіляў баявікоў “ДНР/ЛНР” выяўлены профіль Ільлі Сякерына (архіў на профіль, архіў на фотаальбом, архіў на кантакты), узрост – 23 гады, родам з Омска. Паводле профільных дадзеных і фатаздымкаў, І.Сякерын ў 2013 годзе пасьля праходжаньня тэрміновай вайсковай службы, вярнуўся ў цывільнае жыцьцё і некаторы час працаваў у прыватнай ахоўнай кампаніі, пасьля чаго падпісаў кантракт на службу ў 74-й асобнай матастралковай брыгадзе (дамова, якая афармляецца паміж МА РФ і кандыдатам на кантракт, прадугледжвае 3 гады абавязковай службы). У выніку летне-восеньскай камандыроўкі на Данбас у 2014 годзе быў узнагароджаны мэдалём “За вайсковую доблесьць” II ступені паводле загаду міністра абароны РФ №841 з 23 сьнежня 2014 году, узнагароднае пасьведчаньне з подпісам камандыра в/ч 21005 палкоўніка А.Болдырава. Па ўсім відаць, І.Сякерын ня быў задаволены другасным мэдалём і праз год, цалкам мажліва, з жніўня 2015 году, у пагоні за “За вайсковай доблесьцю” I ступені, быў адкамандыраваны зь Юргі на Данбас ў склад 3-га батальёну “ЛНР” расейска-тэрарыстычных войскаў.

  

 

 


Сярод цяперашніх сяброў І.Сякерына хапае таварышаў з НЗФ “Хуліган”, за сепаратысцкім абліччам якіх таксама могуць хавацца кадравыя расейскія вайскоўцы: Сяргей Касякоў, Аляксандар Алегавіч Каменеў, Лёха Іваноў, Ільля Пікалаў, Аляксей Ізварын, Цімафей Краўчанка, а таксама калега – удзельнік летне-восеньскай кампаніі 2014 году на Данбасе і кавалер той жа мэдалькі за доблесьць Аляксей Пырын.

Як было зазначанае вышэй, 74-я АМСБр ужо неаднаразова згадвалася ў кантэксьце “растоўска-ўкраінскіх” камандыровак – глядзіце тэматычныя спасылкі:

За наданьне першаснай інфармацыі, на падставе якой напісаны гэты матар’ял, дзякуем сябра нашага праэкту Улада.

Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ

(с) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялу актыўная спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Пераклад Дзяніса Івашына

Exit mobile version