InformNapalm.org (Беларуская)

Расея перакідвае лятакі МіГ-29, Су-35 і Су-24 у Лібію

Расея накіравала ў Лібію зьнішчальнікі МіГ-29 і Су-35, а таксама бамбоўцы Су-24, якія ўваходзяць у склад Паветрана-касьмічных сілаў (ПКС) РФ. Пра гэта ў аўторак, 26 траўня, паведаміла Афрыканскае камандаваньне Збройных сілаў ЗША ў сваім акаўнце ў Twitter.

Паводле дадзеных амерыканскае выведкі, сьпярша лятакі з тэрыторыі РФ былі перакінутыя ў Сірыю. Там іх перафарбавалі, каб схаваць расейскае паходжаньне. Пасьля гэтага яны былі перабазаваныя ў Лібію. Згодна з выведвальнай інфармацыяй, расейскія вайскоўцы плянуюць перадаць у Лібію лятакі МіГ-29, Су-35 і Су-24 пад кантроль дзейных у рэгіёне расейскіх прыватных вайсковых кампаніяў, у тым ліку ПВК “Ваґнэр”, што ваююць на баку Лібійскае нацыянальнае арміі (ЛНА), пад камандаваньнем мяцежнага фэльдмаршала Халіфа Хафтара, якога падтрымлівае Масква.

Фатаздымкі з дакладу Афрыканскага камандаваньня Збройных сілаў ЗША.

Далей, паводле дадзеных выведкі, расейскія зьнішчальнікі й бамбоўцы плянуюць задзейнічаць у баёх супроць сілаў Ураду нацыянальнае згоды Лібіі. У той жа час, як заявіў камандуючы Афрыканскім камандаваньнем ЗС ЗША генэрал Стывэн Таўнсэнд, відавочна, што ані ЛНА, ані ПВК ня змогуць выкарыстоўваць і абслугоўваць падобныя баявыя машыны самастойна, без падтрымкі кадравых расейскіх вайскоўцаў.

21 траўня ЛНА абвесьціла пра пляны зьдзейсьніць найбліжэйшым часам найбуйнейшую паветраную апэрацыю з мажлівым удзелам расейскіх лятакоў. Як паабяцаў камандуючы вайскова-паветранымі сіламі ЛНА Сакрэ аль-Джарушы, “найбліжэйшыя гадзіны будуць пакутлівымі” для прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Таіпа Эрдаґана.

Чытайце таксама: Валянтэры сабралі доказы ўдзелу 32 вайсковых падразьдзяленьняў ЗС РФ у апэрацыі захопу Крыму

Пасьля гэтага стала вядома, што зь лініі фронту ў раёне Трыпалі былі эвакуяваныя больш за 1000 байцоў расейскае ПВК “Ваґнэр”.

Раней Рэджэп Таіп Эрдаган абвінаваціў расейскае вайсковае кіраўніцтва, у тым ліку міністра абароны РФ Сяргея Шайґу, у вядзеньні вайны ў Лібіі з выкарыстаньнем наймітаў.

Даведкавая інфармацыя

У спэцыяльным дакладзе InformNapalm, які быў нададзены Парляманцкай асамблеі NATO ў 2018 годзе, ужо зьвярталася ўвага сусьветнай супольнасьці на рызыкі гібрыднага выкарыстаньня расейскіх “прыватных арміяў”, у тым ліку ПВК “Ваґнэр”, для дасягненьня палітычных мэтаў Масквы ва ўсім сьвеце.

Сьлед таксама нагадаць, што ў 2016 годзе валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm сабралі й апублікавалі дадзеныя 116 афіцэраў ПКС РФ – пілётаў і штурманаў расейскае авіягрупы ў Сірыі, якая неаднаразова зьдзяйсьняла ракетна-бомбавыя ўдары, у выніку якіх загінулі тысячы мірных жыхароў.

Публікацыя дадзеных чальцоў экіпажаў ПКС РФ у 2016 годзе выклікала сапраўдную гістэрыю ў расейскіх СМІ, яны называлі яе утечкой секретной информации. Разам з гэтым расейскае МЗС праз свае дыпляматычныя каналы таксама спрабавала шантажаваць краіны, у якіх знаходзіліся сэрвэры з хостынгам люстэрак сайту InformNapalm.org, патрабуючы зачыніць сайт, аднак, усе гэтыя спробы былі марнымі.

Верагодна, што некаторыя з раней выяўленых расейскіх пілётаў, якія атрымалі баявы досьвед у Сірыі й былі раскрытыя супольнасьцю InformNapalm, могуць быць задзейнічаныя і ў новай гібрыднай ваеннай апэрацыі Расейскае Фэдэрацыі ў Лібіі.

Чытайце таксама: «У нас заданьне спаймаць невідзімку амэрыканскую, F-22 Raptor» – афіцэр ПКС РФ” – гукавы перахоп размовы афіцэра ПКС РФ


Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )

Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.


InformNapalm – гэта вядомы й цалкам незалежны міжнародны валянтэрскі праэкт, які працуе цягам ужо больш за 6 гадоў.

Мы ня маем аніякай фінансавай падтрымкі ад ураду якой-кольвек краіны ці донараў, адзінымі мэцэнатамі інфармацыйнага праэкту зьяўляюцца ягоныя валянтэры й чытачы, якія ангажуюць свае сілы, час і сродкі для супрацьдзеяньня расейскай інфармацыйнай агрэсіі. Вы таксама можаце падтрымаць InformNapalm або сваімі ведамі й навыкамі, або ахвяраваньнем на ўтрыманьне сайту й разьвіцьцё праэкту. Фінансава нас можна падтрымаць або дабрачынным унёскам праз LiqPay, або стаць «патронам» і падпісацца на штомесячныя мініўнёскі праз сеціва Patreon.

Exit mobile version