Асабістыя дадзеныя 116 афіцэраў ПКС РФ, якія зьнішчаюць мірнае насельніцтва ў Сірыі (інфаграфіка)

30 верасьня 2015 г. Расейская Фэдэрацыя абвесьціла пра пачатак вайскова-паветранай апэрацыі ў Сірыі. Хаця Расея і дэкляравала, што гэта вайна зь міжнародным тэрарызмам, аднак насамрэч ейныя дзеяньні сьведчаць пра тое, што яна намагаецца яго ачоліць. Сьпярша яна спрабавала задаволіць свае рэваншысцкія геапалітычныя амбіцыі, якія абасалютна не адпавядаюць ані сёньняшняму часу, ані пануючым рэаліям. Расея акупавала ўкраінскі Крым і частку Данбаса, а затым разам з рэжымам Башара Асада пачала масавае зьнішчэньне сірыйскага народу.

Паводле дакладу Cірыйскае абсэрваторыі правоў чалавека, толькі за першыя 9 месяцаў расейскай вайсковай апэрацыі ў Сірыі ахвярамі Паветрана-Касьмічных Сілаў РФ сталіся 3089 цывільных асобаў, зь якіх 743 – абрынутыя дзіцячыя жыцьці.

Міжнародная арганізацыя Amnesty International зьвінаваціла расейскія войскі ў зьдзяйсьненьні ў Сірыі вайсковых злачынстваў. У справаздачы арганізацыі пазначанае, што адбываюцца расейскія бамбаваньні шматлікіх аб’ектаў цывільнае інфраструктуры, у тым ліку жылых дамоў, мячэтаў, крамаў і мэдычных установаў. Міжнародныя й праваабарончыя арганізацыі шматкроць падавалі факты пра мэтаскіраванае зьдзяйсьненьне ПКС РФ ракетна-бомбавых удараў па цывільнаму насельніцтву й ратаўнікам, якія разьбіраюць завалы, пра выкарыстаньне для бамбаваньня жылых раёнаў забароненых міжнародным правам некіраваных знарадаў, клястарных й нават бункэрных бомбаў (Betab-500). Падчас паседжаньня Рады бясьпекі ААН, якое адбылося 25 верасьня 2016 году ў Нью-Ёрку, прадстаўнікі ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі і іншых краінаў рэзка раскрытыкавалі дзеяньні РФ у Сірыі, назвалі бамбаваньні Расеяй мірнага насельніцтва Сірыі барбарствам.

Аднак, проста агучыць факты й пазначыць іх вайсковымі злачынствамі недастаткова. Можна бясконца склікаць Раду бясьпекі ААН, праводзіць прэс-канфэрэнцыі й выказваць глыбокую занепакоенасьць, але злачынец ня будзе пакараны да таго часу, пакуль ня будзе названы, а ступень ягонае віны ня будзе дакладна вызначаная й даказаная. Адказнасьць за вайсковыя злачынствы й генацыд сірыйскага народа ня можа быць пазбаўленая асабістасьці, бо гэта спрычыніцца да таго, што злачынцы пазьбегнуць пакараньня. Справядлівасьць будзе панаваць толькі тады, калі кожны, хто даваў загад, хто дастаўляў зброю да цэлі і хто зьдзяйсьняў скідваньне бомбаў, будзе ідэнтыфікаваны і прыцягнуты да пэрсанальнае адказнасьці.

Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm на працягу году зьдзяйсьняла старанную й руплівую працу ў зборы дадзеных на вайсковых злачынцаў – пілётаў і штурманаў расейскае авіягрупы ў Сірыі.

Упершыню InformNapalm зьдзейсьніў ідэнтыфікацыю і структураваньне дадзеных 11 афіцэраў ПКС РФ яшчэ ў кастрычніку 2015 году; гэта выклікала вялізны рэзананс як у расейскіх, гэтак і ў міжнародных СМІ. Тады прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў у сваёй заяве пазначыў публікацыю асабістых дадзеных расейскіх пілётаў «варожымі дзеяньнямі», і паабяцаў, што расейскія спэцслужбы «примут меры». Разам з гэтым МЗС РФ выкарыстала ўсе свае мажлівасьці для палітычнага ціску на краіны, у якіх на той момант знаходзіўся хостынг сайту InformNapalm.org, патрабавала зачыніць наш рэсурс.

Аднак, ані кібэратакі спэцслужбаў, ані спробы дыскрэдытаваць наш валянтэрскі праэкт, ані палітычны ціск ня здолелі спыніць збор і публікацыю інфармацыі. У лютым 2016 году InformNapalm падаў абноўленыя дадзеныя на 32 афіцэры ПКС РФ. А ў траўні былі апублікаваныя дадзеныя ўжо 58 расейскіх афіцэраў.

У дзень гадавіны расейскай вайсковай апэрацыі ў Сірыі InformNapalm падае новыя вынікі сваёй дзейнасьці – дадзеныя 116 чальцоў экіпажаў ПКС РФ у Сірыі.


Заклікаем усіх неабыякавых чытачоў зь актыўнай грамадзянскай пазыцыяй вывучыць гэтую інфармацыю і пачаць актыўна пашыраць яе ў сацсетках і СМІ. Пакуль вайсковы злачынец упэўнены, што ніхто і ніколі не спазнае прая яго праўду, пакуль ён хаваецца пад пазбаўленымі асабістасьці выразамі «зялёны чалавечак», «ПКС РФ», «расейскі афіцэр», ён лічыць, што ўсе ягоныя злачынствы застануцца беспакаранымі. Мы спадзяемся, што нашыя публікацыі змусяць афіцэраў ПКС РФ задумацца пра наступствы й адмовіцца ад выкананьня злачынных загадаў. Цалкам мажліва, публікацыя гэтай інфаграфікі зможа прадухіліць бязглуздую вайсковую агрэсію й спрычыніцца да пазьбяганьня вайскоўцамі крывавых памылак. Лепей згубіць заробак і працу ў забіваньні мірнага насельніцтва, якую зараз прымушае выконваць адданае Пуціну камандаваньне, але захаваць жыцьці тысячаў нявінных людзей і ўласны гонар і годнасьць.


Каскадная інфаграфіка тыпаў лятакоў.

(Для павялічэньня маштабу прагляду адпаведнай інфаграфікі – націсьніце на выяву)


Матар’ял да публікацыі падрыхтаваны на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня валянтэраў міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

Матар’ял да публікацыі падрыхтавалі Фрэзі Грант і Брундык.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.