InformNapalm.org (Беларуская)

Вышкалы «Захад-2021»: хто, калі, адкуль і куды

На афіцыйнай старонцы goszakupki.by, на якой дзяржаўныя ворганы Беларусі разьмяшчаюць паведамленьні пра закупкі тавараў і паслугаў, зьявілася паведамленьне ад 21 чэрвеня пра правядзеньне аўкцыёна на аказаньне «транспартна-экспедыцыйных паслугаў па арганізацыі і выкананьні перавозак асабістага склада і грузаў чыгуначным транспартам па тэрыторыях Расейскае Федэрацыі і Казахстана» (спасылка, вэб-архіў). Замоўца – Міністэрства абароны Беларусі.

Гэтыя паслугі зьяўляюцца нічым іншым, як спосабам даставіць вайсковую тэхніку і вайскоўцаў альбо з Расеі і з палігона Мінабароны Расеі ў Казахстане ў Беларусь, альбо з Беларусі ў Расею ды Казахстан у сувязі з буйнымі вышкаламі «Захад-2021», якія адбудуцца з 10 да 16 верасьня.

Паводле вынікаў гэтага аўкцыёна плянуецца заключыць дзьве дамовы транспартнае экспедыцыі.

Тэрмін выкананьня паслугаў у абодвух праектах дамоваў указаны да 31 сьнежаня 2021 года.

Для дакладнасьці будзем называць іх «дамова № 1» і «дамова № 2».

Дамова № 1 прадугледжвае перавозку вайсковае тэхнікі і асабістага склада ў 670 вагонах (скрыншот).

 

Маецца Дадатак 1 да дамовы № 1, «Предварительный план воинских межгосударственных железнодорожных перевозок на 2021 год», зь якога дакладна бачна, ў якіх напрамках, туды і назад, паедуць вайсковыя грузы і вайскоўцы (скрыншот).

У гэтым дадатку згадваюцца дзьве расейскія чыгуначныя станцыі і адна станцыя ў Казахстане.

Першая з расейскіх, станцыя Ільліно (Ніжэгародзкая вобласьць), знаходзіцца ля вайсковага палігона Муліна.

Апроч таго, што ў Муліна існуе палігон, там таксама базуецца 6-я асобная танкавая брыгада (в/ч 54096). Гэтая брыгада ўваходзіць у склад 1-й танкавае арміі, якая, паводле крыніцаў, будзе ўдзельнічаць (вэб-архіў) у вышкалах «Захад-2021».

Другая з расейскіх, станцыя Ашулук (Астраханская вобласьць) знаходзіцца ля вайсковага палігона (вэб-архіў) з аналягічнай назвай.

І чыгуначная станцыя Коктас (Казахстан, Караганьдзінская вобласьць), якая знаходзіцца недалёка ад вайсковага палігона Сары-Шаган. Зараз гэтым палігонам валодае (вэб-архіў) Мінабароны Расеі.

З дадатку да дамовы бачна, якая колькасьць вагонаў выдзеленая на кожны напрамак.

Так, для Ільліно плянуецца выдзеліць 298 вагонаў, для Коктаса – 128 ды для Ашулука – 244 вагоны.

Пры гэтым варта заўважыць, што ў табліцы сумуецца колькасьць вагонаў, якія едуць у Расею ды Казахстан і тых жа вагонаў, што паедуць назад у Беларусь. Такім чынам, фактычная колькасьць вагонаў, на якіх прыбудуць удзельнікі вышкалаў, удвая менш: 149 для Ільліно, 64 для Коктаса і 122 для Ашулука.

Дамова № 2 прадугледжвае перавозку тэхнікі і вайскоўцаў у 114 вагонах (скрыншот).

Пры гэтым, нягледзячы на тое, што аўкцыён толькі распачаўся, ў дамове № 2 у рэквізытах шрыфтам, колер якога быў зьменены на белы, ужо ўказаныя дадзеныя экспедытара. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства «БТЛЦ» (вэб-архіў). Магчыма, гэта ўказвае на тое, што фактычна кантрагент ужо абраны.

Таксама маецца Дадатак 1 да дамовы № 2, «Предварительный план воинских межгосударственных железнодорожных перевозок на 2021 год», зь якога дакладна бачна, ў якіх напрамках, туды і назад, паедуць вайсковые грузы і вайскоўцы.

У ім згаданыя дзьве расейскія чыгуначныя станцыі.

Па-першае, гэта станцыя Танэльная (Краснадарскі край), якая знаходзіцца ў межах горада Наварасійск. У Наварасійску базуецца 7-я гвардзейская дэсантна-штурмавая дывізыя (в/ч 61756), прысутная ў базе дадзеных InformNapalm пра расейскую ваенную агрэсыю.

Па-другое, гэта станцыя Селяціна (Маскоўская вобласьць), ля горада Нара-Фамінск.

У Нара-Фамінску базуецца 4-я гвардзейская Кантэміраўская танкавая дывізыя (в/ч 19612), пра чый удзел у вышкалах «Захад-2021» ўжо былі згадкі (вэб-архіў) ў СМІ. Цытата: «Итогом летнего периода обучения станет участие дивизии в совместном стратегическом учении «Запад-2021».

У выпадку, калі гаворка ідзе менавіта пра расейскую вайсковую тэхніку ды вайскоўцаў, і з дакумантаў, прымацаваных да паведамленьня пра аўкцыён, можна таксама пабачыць, куды менавіта яны прыбудуць.

Паводле пляну, вышкалы «Захад-2021» будуць ахопліваць амаль усю тэрыторыю Беларусі. «Пунктамі прыбыцьця» стануць пяць вобласьцяў: Менская (Барысаў, Азярышча), Віцебская (Віцебск, Заслонава, Стоўпцы), Магілеўская (Асіповічы), Берасьцейская (Баранавічы) і Гарадзенская (Ласосна).

Відавочна, што такі буйны ахоп з боку войскаў краіны-гібрыднага агрэсара нясе прамую, беспасярэдную ды жыцьцёвую пагрозу незалежнасьці Беларусі.

Грамадзянская супольнасьць мае пільна фіксаваць усе перамяшчэньні акупантаў па сваёй тэрыторыі, а таксама кантраляваць магчымыя выпадкі пакіданьня тут часткі вайсковага складу ці вайсковай тэхнікі расейскіх Збройных Сілаў.


Чытайце таксама:


Служба маніторынга беларускай рэдакцыі InformNapalm


Exit mobile version