Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm зьдзейсьніла аналіз дадзеных, атрыманых падчас постманіторынгу расейска-беларускіх супольных стратэгічных вышкалаў “Запад-2017”, які таксама, як і назіраньне за асноўнай фазай навучаньняў праводзіўся паводле адкрытых крыніцаў інфармацыі – паведамленьняў, матар’ялаў і рэпартажаў цэнтральных інфармацыйных ворганаў сілавых ведамстваў Расеі й Беларусі; запісаў, камэнтароў, фота- й відэаматар’ялаў расейскіх вайскоўцаў у сацыяльных сетках. Вынікам стаўся пададзены ніжэй сьпіс вайсковых падразьдзяленьняў Збройных Сілаў Расейскай Фэдэрацыі, выяўленых і ідэнтыфікаваных падчас правядзеньня вышкалаў на тэрыторыі Беларусі. Таксама падаем агульныя высновы нашай маніторынгавай кампаніі, якая цягнулася амаль два месяцы. Супрацу й каардынацыю дзеяньняў у маніторынгу мы зьдзяйсьнялі зь інфармацыйным праэктам 1863x.com.
Нагадваем, асноўная фаза вышкалаў «Запад-2017» адбывалася ў Беларусі з 14 па 20 верасьня 2017 году на шасьці палігонах: 227-м агульнавайсковым “Барысаўскім”, Лепельскім, Лосьвідзе ў Віцебскай вобласьці, Асіповіцкім у Магілеўскай вобласьці, на палігонах ВПС і войскаў СПА – 210-м авіяцыйным “Ружанскім” і 174-м навучальным “Даманаўскім” у Берасьцейскай вобласьці, а .таксама на двух дзялянках мясцовасьці ў Віцебскай вобласьці на колішнім палігоне “Дрэтунь” (26 км на паўночны ўсход ад Полацку) і “Глыбокае” непадалёк аднайменнага райцэнтру.
Станам на 13 кастрычніка 2017 г. валянтэрамі міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm вызначанае й пацьверджанае, што для ўдзелу у супольных стратэгічных вышкалах на тэрыторыю Беларусі былі перадысьлякаваныя падразьдзяленьні наступных фармаваньняў і злучэньняў Збройных Сілаў Расейскай Фэдэрацыі:
з складу 1-й танкавай арміі ЗС РФ:
- 4-я танкавая Кантэміраўская дывізія, у прыватнасьці, 275-ы самаходна-артылерыйскі полк (в/ч 73941, г. Нара-Фамінск). Ва ўзбраеньні палку маюцца 152-мм самаходныя гаўбіцы 2С19 «Мста-С» і сыстэмы РСЗВ 2Б17-1 «Тарнада-Г». У відэа з 28 жніўня 2017 году зафіксаванае перакідваньне ў Беларусь ня менш за 12 адзінак самаходных гаўбіцаў «Мста-С» 275-га САП, што раўназначнае колькасьці гаўбіцаў гэтата тыпу, якія маюцца ва ўзбраеньні Збройных Сілаў Беларусі. Таксама з складу 4-й танкавай дывізіі ў Беларусь была перакінутая батальённа-тактычная група 423-га мотастралковага палку (в/ч 91701, г. Нара-Фамінск) і 137-ы асобны выведвальны батальён (в/ч 54919, г. Нара-Фамінск);
- 6-я асобная танкавая брыгада (пас. Муліна Ніжненоўгарадзкай вобл.) – была выяўленая брыгадна-тактычная група гэтай брыгады ў складзе трох танкавых батальёнаў (без аднае танкавае роты, агулам прыблізна ад 100 да 120 танкаў);
- 69 асобная брыгада матар’яльна-тэхнічнага забесьпячэньня, у прыватнасьці, 81-ы асобны рамонтна-аднаўленчы батальон (в/ч 98579, пас.Муліна);
- 288-я артылерыйская брыгада (в/ч 30683, пас. Муліна);
- 2-я мотастралковая Таманская дывізія (меркавана);
з складу спэцыяльных войскаў ЗС РФ:
- цэнтар мабільных вузлоў сувязі 14-га галоўнага цэнтра сувязі Генштаба ЗС РФ (в/ч 25801-9, г. Чэхаў Маскоўскае вобл.);
- 34-я брыгада кіраваньня 58-й арміі Паўднёвай вайсковай акругі (в/ч 29202, г. Уладзікаўказ, 29-ы в/г);
з складу Паветрана-касьмічных сілаў ЗС РФ, 105-й зьмяшанай авіяцыйнай дывізіі:
- 47-ы асобны зьмяшаны авіяцыйны полк (лятакі Су-34, в/ч 45117, аэрадром «Балтымор», г. Варонеж, часовае базаваньне на аэрадроме «Бутурлінаўка» Варонежскае вобл.);
- 14-ы зьнішчальны авіяцыйны полк (лятакі МіГ-29, Халіна, Курская вобл.);
- 4-я асобная выведвальная авіяцыйная эскадрыльля (Шаталава, Смаленская вобл., прыблізна за 50 км ад мяжы зь Беларусьсю), зафіксаваны тактычны выведвальны лятак Су-24МР;
- 159-ы зьнішчальны авіяцыйны полк (Бесавец, Карэлія), меркаваны ўдзел вартавога зьвяна зьнішчальнікаў Су-27, якія дысьлякаваліся на аэрадроме 61-й ЗАБ (Баранавічы); пацьверджанай інфармацыі пра спыненьне баявой варты гэтага злучэньня дагэтуль няма;
з складу іншых злучэньняў ПКС ЗС РФ:
- 344-ы таржоцкі Цэнтар баявога выкарыстаньня й перавучваньня лётнага складу армейскае авіяцыі (в/ч 45095, г. Таржок Цьвярское вобл.), зафіксаваная гэлікоптарная пілатажная група «Бэркуты».
з складу вайсковай паліцыі:
- падразьдзяленьне тэрытарыяльнага воргану рэгіянальнага кіраваньня вайсковай паліцыі па Заходняй вайсковай акрузе, меркаваны пункт сталай дысьлякацыі – г. Нара-Фамінск (Маскоўскае вобл.).
У вышкалах таксама прымалі непасрэдны ўдзел вайсковыя базы ЗС РФ, дысьлякаваныя на тэрыторыі Беларусі:
- 43-і вузел сувязі ВМФ РФ «Вялейка» (в/ч 49390, г. Вялейка Менскай вобл.);
- 474-ы асобны радыётэхнічны вузел «Ганцавічы» (в/ч 03522, пас. Азярэчча Менскай вобл.), радыёлякацыйная станцыя папярэджаньня 70М6 «Волга» пра ракетны напад Касьмічных войскаў ПКС РФ.
Ніжэй падаем калаж фатаздымкаў, зробленых расейскімі вайскоўцамі на тэрыторыі Беларусі падчас вышкалаў «Запад-2017», разам з атрыманымі імі ўзнагародамі (для павялічэньня націсьніце на выяву).
Высновы маніторынгавай кампаніі
Расейска-беларускія стратэгічныя вышкалы «Запад-2017» былі выкарыстаныя перадусім як прыкрыцьцё для правядзеньня больш шырокага комплексу апэратыўнай баявой падрыхтоўкі Збройных Сілаў РФ. Разам з супольнымі расейска-беларускімі стратэгічнымі вышкаламі “Запад-2017” адбываліся стратэгічныя камандна-штабныя вышкалы з аднолькавым назовам на тэрыторыі ўсяе эўрапейскае часткі РФ. У гэты ж час праходзілі навучаньні рознага маштабу практычна ва ўсіх вайсковых акругах ЗС РФ, на палігонах Аб’яднанага стратэгічнага камандаваньня “Поўнач”. Паралельна адбываліся вышкалы расейскіх акупацыйных вайсковых кантынгентаў у Прыднястроўі, Крыме, асобных рэгіёнах Данецкай і Луганскай абласьцей і ў Абхазіі. Агульная колькасць вайскоўцаў, прыцягнутых для ўдзелу ва ўсіх пазначаных вышэй вышкалах, склала ад 150 да 240 тысячаў чалавек.
Паводле сцэнару правядзеньня, задачаў і мэтаў расейска-беларускія стратэгічныя навучаньні «Запад-2017» былі часткаю глябальных расейскіх стратэгічных вышкалаў, цалкам адпавядалі адзінай задуме правядзеньня і былі скіраваныя на падрыхтоўку Збройнымі Сіламі РФ стратэгічнай апэрацыі на эўрапейскім тэатры ваенных дзеяньняў. Наўпроставым пацьверджаньнем гэтаму ёсьць найбольшая канцэнтрацыя вайсковых сілаў і сродкаў падчас вышкалаў у рэгіёнах, якія непасрэдна мяжуюць з краінамі блёку NATO, Украінай і Грузіяй. Апроч гэтага Збройныя Сілы Беларусі былі ўцягнутыя ў навучальна-баявое адпрацаваньне апэратыўнага атачэньня вайсковай групоўкі NATO ў краінах Балтыі.
Цалкам рэалізаванай задумай Генштабу ЗС РФ сталася навучальнае адпрацаваньне на тэрыторыі Беларусі гібрыдных мэтодаў вядзеньня вайны, якія былі выкарыстаныя супроць Украіны ў 2014 годзе. Сьведчаньнем гэтаму ёсьць расейскі сцэнар вышкалаў, паводле якога ўпершыню была адасобленая і супрацьпастаўленая ўсёй астатняй краіне ў якасьці патэнцыйнага ворагу значная частка Беларусі. У выніку магчымасьць рэалізацыі любога з заплянаваных сцэнароў па дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі з мэтай увядзеньня вайсковага кантынгенту й выкарыстаньня Беларусі Расеяй у якасьці суцэльнага вайсковага пляцдарму значна павялічылася.
Расея разглядае тэрыторыю Беларусі выключна як буфэрную зону для вядзеньня магчымых баявых дзеяньняў з блёкам NATO і Украінай. Пра гэта сьведчыць перадусім высоўваньне падразьдзяленьняў Заходняй вайсковай акругі Збройных Сілаў РФ з пунктаў сталай дысьлякацыі ў заходнім напрамку, гэта ёсьць наступальнымі дзеяньнямі. Задэкляраваны міністэрствамі абароны Расеі й Беларусі абарончы характар навучаньняў абсалютна не адпавядае рэчаіснасьці.
Правядзеньне супольных з Расеяй вайсковых вышкалаў на тэрыторыі абедзьвюх дзяржаваў мае сталы й рэгулярны характар, дынаміка колькасьці якіх штогод імкліва павялічваецца. Гэта абсалютна нівэлюе значэньне інфармацыі пра нібыта выхад з тэрыторыі Беларусі ўсіх падразьдзяленьняў ЗС РФ, перадысьлякаваных для ўдзелу ў вышкалах “Запад-2017”, бо, практычна, на тэрыторыі Беларусі амаль ўвесь час знаходзяцца тыя ці іншыя падразьдзяленьні Збройных Сілаў РФ.
Адбываецца нарошчваньне сілаў і сродаў Адзінае рэгіянальнае групоўкі войскаў РФ і РБ, адзінае рэгіянальнае сыстэмы супрацьпаветранай абароны, зьдзяйсьняецца праверка ўсяе сыстэмы кіраваньня й кантролю ЗС РФ на заходнім стратэгічным напрамку. Апроч гэтага апдрацоўваюцца элемэнты застасаваньня стратэгічнай ядравай зброі. Беларускія вайскоўцы заангажаваныя ў разнастайныя вышкалы, якія праходзяць пад расейскім камандаваньнем. У выніку адбываецца баявое зладжваньне беларускіх вайсковых фармаваньняў з расейскімі падразьдзяленьнямі – ўдзельнікамі баявых дзеяньняў ва Украіне й Сірыі. У выніку праведзенага комплекснага аназілу можна канстатаваць значны ўзровень інтэграцыі Збройных Сілаў РБ з расейскай арміяй, пры гэтым беларускаму боку адведзеная роль выказьніка волі й выканаўцы інтарэсаў Расейскай Фэдэрацыі.
Ніжэй падаем стрым найцікавейшых фактаў і дадзеных, які вяла нашая супольнасьць InformNapalm падчас падрыхтоўкі, актыўнае фазы й заканчэньня супольных расейска-беларускіх стратэгічных вышкалаў «Запад-2017».
29 верасьня
Паводле паведамленьня цэнтральнага друкаванага воргану МА РБ у пункт сталай дысьлякацыі быў выпраўлены нібыта апошні эшалён з асабовым складам і вайсковай тэхнікай падразьдзяленьня тылавога забесьпячэньня ЗС РФ, якое ўдзельнічала ў стратэгічных вышкалах “Запад-2017”.
27 верасьня
На палігон Стругі Красныя ў Пскоўскай вобласьці РФ выпраўлены вайсковы эшалён асобнага парашутна-дэсантнага батальону 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады Сілаў Спэцыяльных Апэрацыяў ЗС РБ для ўдзелу ў батальённа-тактычных вышкалах з 104-м дэсантна-штурмавым палком 76-й ДШД ЗС РФ.
Падразьдзяленьні 104-га ДШП прымалі ўдзел у акупацыі Крыма й баявых дзеяньнях на Данбасе, апроч гэтага дэсатнікі палку захоплівалі ўкраінскія сьвідравіны ў Чорным моры.
26 верасьня
Цэнтральныя друкаваныя ворганы міністэрстваў абароны РФ і РБ паведамляюць (1, 2) пра перадысьлякацыю з тэрыторыі Беларусі чарговых падразьдзяленьняў Збройных Сілаў РФ, якія прымалі ўдзел у супольных стратэгічных вышкалах “Запад-2017”.
Апроч гэтых паведамленьняў няма больш аніякага пацьверджаньня гэтай інфармацыі. Пэўная частка прыцягнутых да вышкалаў злучэньняў расейскіх войскаў можа працягваць заставацца на тэрыторыі Беларусі. Таксама адсутнічаюць наўпроставыя сьведчаньні, што авіяцыйная групоўка Паветрана-касьмічных сілаў РФ вярнулася з тэрыторыі Беларусі на аэрадромы сталага базаваньня.
Фота:(c) exercise.mil.by
На гэты момант вызначанае, што ў авіягрупоўку ПКС ЗС РФ, перабазаваную ў Беларусь для ўдзелу ў вышкалах, апроч вызначаных 10 гэлікоптараў уваходзіла авіяцыйнае зьвяно (4 адзінкі) зьнішчальнікаў-бамбоўцаў Су-34 і тактычны выведвальны лятак Су-24МР. Зь іх ідэнтыфікаваныя два лятакі Су-34:
- б/н 24 чырвоны, афарбоўка – шэрая, RF-95808
- б/н 30 чырвоны, афарбоўка – шэрая, RF-95066
Вызначаная прыналежнасьць гэтага зьвяна да 47-й асобнага зьмяшанага авіяцыйнага палку (в/ч 45117, аэрадром «Балтымор», г. Варонеж) 105-й зьмяшанай авіяцыйнай дывізіі. З 2013 году полк часова базуецца на аэрадроме «Бутурлінаўка» (Варонежская вобл.) да заплянаванага заканчэньня ў 2019 годзе рамонту ўзьлётна-пасадкавай паласы аэрадрому «Балтымор». Бамбоўцы Су-34 гэтай дывізіі прымалі непасрэдны ўдзел у вайсковай агрэсіі супроць сірыйскага народу на баку рэжыма Башара Асада. Апроч гэтага зьвяно зьнішчальнікаў Су-27 159-га ЗАП гэтай дывізіі да нядаўняга часу дысьлякавалася і, цалкам мажліва, працягвае базавацца на аэрадроме 61-й зьнішчальнай авіябазы ў Баранавічах.
25 верасьня
Падразьдзяленьне асобнага злучэньня спэцназу Паветрана-дэсантных войскаў РФ было перадысьлякаванае ў Беларусь для ўдзелу ў тактыка-спэцыяльных вышкалах. Паводле паведамленьня Мінабароны РФ падрыхтоўка да вышкалаў будзе адбывацца з 25 верасьня па 8 кастрычніка. Як бачым, тэндэнцыя што да практычна сталага разьмяшчэньня пэўнага кантынгенту вайсковых падразьдзяленьняў РФ на тэрыторыі Беларусі ня толькі працягваецца, але й павялічваецца.
22 верасьня
Прэс-службамі міністэрстваў абароны РФ і РБ 20 верасьня было паведамленае пра сканчэньне актыўнай фазы супольных стратэгічных вышкалаў “Запад-2017”. Нягледзячы на заяўлены 21 верасьня пачатак перабазаваньня авіяцыі, асабовага складу й інжынэрна-тэхнічнага складу Паветрана-касьмічных войскаў ЗС РФ, пэўная частка расейскай авіяцыйнай групоўкі можа працягваць заставацца на тэрыторыі Беларусі, альбо быць замененая ратацыйным чынам. 22 верасьня паводле інфармацыі МА РБ з чыгуначнай станцыі Верайцы, што за 5 км на паўночным захадзе ад Асіповічаў Магілеўскае вобласьці, быў выпраўлены адзін з першых вайсковых эшалёнаў з вайсковай тэхнікай і асабовым складам падразьдзяленьняў 4-й танкавай Кантэміраўскай дывізіі 1-й танкавай арміі ЗС РФ.
Заклікаем чытачоў далучацца да маніторынгу й дасылаць нам у разе выяўленьня перасоўваньня фармаваньняў чужынскай арміі на тэрыторыі Беларусі – фота- й відэафіксацыю. Маем быць пераканыя, што ўсе расейскія падразьдзяленьні, прыцягнутыя для ўдзелу ў вышкалах “Запад-2017” у Беларусі, рэальна пакінулі тэрыторыю нашае краіны, а не перакідваюцца ў ейныя іншыя мясьціны пад прыкрыцьцём вяртаньня ў пункты сталай дысьлякацыі.
19 верасьня
Дадаткова вызначыныя наступныя гэлікоптары Паветрана-касьмічных сілаў РФ, перадысьлякаваныя ў Беларусь:
- Ка-52, б/н 45 белы, шэрая афарбоўка, RF-91337
- Ка-52, б/н 48 белы, шэрая афарбоўка, RF-91332
- Мі-35М, б/н 67 белы, шэрая афарбоўка, RF – н/д
- Мі-35М, б/н 68 белы, шэрая афарбоўка, RF – 13013
Меркавана на тэрыторыі Беларусі:
- Мі-28Н, б/н 60 чырвоны, камуфляжная афарбоўка, RF-13623
- Мі-28Н, б/н 62 чырвоны, камуфляжная афарбоўка, RF-13625
Фота: (c) mil.ru
Выяўленая расейская авіягрупоўка гэлікоптараў ПКС РФ у Беларусі на гэты момант складае ня менш за 12 адзінак. Большасьць зафіксаваных гэлікоптараў належаць да пілатажнае группы «Бэркуты» 344-га таржоцкага Цэнтру баявога выкарыстаньня й перавучваньня лётнага складу армейскае авіяцыі. Задзейнічаньне гэтай пілатажнай групы, якая выступае на разнастайных імпрэзах і авіяшоў і мае вельмі значную колькасьць гадзінаў налёту і спраўныя машыны, сьведчыць пра рашэньне вышэйшага камандаваньня ЗС РФ падчас вышкалаў стварыць якасную паказальную “карцінку” перадусім для СМІ, бо задзейнічаньне для гэтага звычайных вайсковых пілётаў з малой колькасьцю гадзінаў налёту і шараговымі гэлікоптарамі значна павялічвае рызыку здарэньня разнастайных форс-мажораў. Адзін зь іх 16 верасьня здарыўся на палігоне «Лужскі» пад Санкт-Пецярбургам, падчас якога зь гэлікоптэра Ка-52 адбыўся мімавольны пуск трох некіраваных ракетаў клясы “паветра-зямля”, якія разарваліся непасрэдна ля гледачоў. Тры чалавекі зазналі параненьні, пашкоджаныя два вайсковыя грузавікі. Сярод параненных, цалкам магчыма, ёсьць журналісты, запрошаныя для асьвятленьня чарговай “паказухі”.
У выніку зьдзейсьненага аналізу даступных відэаматар’ялаў валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm вызначылі, што адзін з пашкоджаных грузавікоў – гэта машына кіраваньня бесьпілётным лятальным апаратам комплексу РБ-341В «Леер-3» (перадавач перашкодаў абаненцкім тэрміналам сотавай сувязі стандарту GSM, які закідваецца аэрадынамічным чынам).
Больш падрабязна пра гэта глядзіце ў нашым матар’яле, які даступны праз спасылку.
18 верасьня
Выяўлены новы тып расейскіх танкаў, якія Збройныя Сілы РФ перадысьлякавалі ў Беларусь. Гэта танкі Т-80 БВ з газатурбіннымі рухавікамі, якіх няма ва ўзбраеньні ЗС РБ. За характэрны гук рухавіка гэтыя танкі называюць “рэактыўнымі”. Пэўная частка гэтых старых танкаў мелася прайсьці рамонт і глыбокую мадэрнізацыю, пасьля чаго ў 2017 годзе паноўна паступіць ва ўзбраеньне ЗС РФ меркавана, у 4-ю танкавую Кантэміраўскую дывізію 1-й танкавай арміі.
У відэа Міністэрства абароны РБ зафіксаваны танк мае бартавы нумар “211”. У скрыншоце ніжэй чырвоным пазначаныя выхлапныя краткі, які сьведчаць пра адназначную прыналежнасьць танку да “васьмідзясятак”.
16 верасьня
Зьявіліся фотасьведчаньні наяўнасьці расейскіх танкаў на тэрыторыі Беларусі. На палігоне Барысаўскі зафіксаваныя мадэрнізаваныя танкі Т-72Б3 падразьдзяленьняў 1-й танкавай арміі Заходняе вайсковае акругі ЗС РФ.
Фота: (с) stat.mil.ru
Сьлед зазначыць, што ва ўзбраеньне Збройных Сілаў Беларусі напачатку чэрвеня 2017 году паступілі чатыры танкі Т-72Б3, мадэрнізаваныя на расейскім НВК “Уралвагонзавод” (1, 2). Цалкам магчыма, яны таксама задзейнічаныя ў стратэгічных супольных вышкалах “Запад-2017”.
14 верасьня
Паветрана-касьмічныя войскі РФ падчас правядзеньня стратэгічных камандна-штабных вышкалаў “Запад-2017” зазналі вельмі значную страту – на 6951-й гвардзейскай авіяцыйнай базе (в/г Шайкаўка Калужскае вобласьці) у выніку парушэньня правілаў манэўраваньня атрымаў пашкоджаньні сратэгічны ракетаносьбіт Ту-22М3 (б/н 20 чырвоны, RF-94233). Паводле папярэдніх ацэнак лятак не падлягае аднаўленьню.
Фота: (с) Taras Chmut
12 верасьня
Зафіксаванае прыбыцьцё на аэрадром 50-й зьмяшанай авіяцыйнай базы (Мачулішчы) расейскай вайсковай авіяцыйнай тэхнікі з асабовым і інжынэрна-тэхнічным складам.
Былі ідэнтыфікаваныя наступныя перадысьлякаваныя расейскія ўдарныя гэлікоптары:
- Мі-28Н, бартавы нумар (б/н) 07 белы, шэрая афарбоўка, RF-95342
- Мі-28Н, б/н 08 белы, шэрая афарбоўка, RF-95320
- Мі-28Н, б/н 11 белы, шэрая афарбоўка, RF-95325
- Ка-52, б/н 07 белы, шэрая афарбоўка, RF-91337
- Ка-52, б/н 51 белы, шэрая афарбоўка, RF-91341
- Ка-52, б/н 75 белы, камуфляжная афарбоўка, RF – н/д, зафіксаваны падчас выпрабаваньняў у Алжыры у 2015 г.
Характэрна, што большасьць выяўленых гэлікоптэраў маюць прыналежнасьць да пілатажнае группы «Бэркуты» 344-га таржоцкага Цэнтру баявога выкарыстаньня й перавучваньня лётнага складу армейскае авіяцыі. Гэтая адзіная ў Расеі пілатажная група, якая выступае з баявымі ўдарнымі гэлікоптарамі.
На аэрадром 61-й зьнішчальнай авіябазы (г. Баранавічы) прыбылі расейскія зьнічшальнікі МиГ‑29СМТ.
На аэрадром 116-й штурмавой авіябазы (г. Ліда) былі перадысьлякаваныя расейскія шматфункцыйныя бамбоўцы Су-34. На гэты момант ідэнтыфіканы наступны:
- Су-34, б/н 30 чырвоны, RF-95066
8 верасьня
У Дзень беларускай вайсковай славы дэмакратычная супольнасьць краіны правяла ў Менску масавую акцыю папярэджаньня супроць вышкалаў “Запад-2017”. Ва ўхваленай рэзалюцыі акцыі вядзецца пра пратэст што да ўцягваньня Беларусі ў вайсковае процістаяньне супроць Украіны і блёку NATO. Заяўленае, што вайсковыя вышкалы “Запад-2017” зьдзяйсьняюць пагрозу сувэрэнітэту краіны, падтрыманае канстытуцыйнае памкненьне да нэйтралітэту й выказанае патрабаваньне, што на тэрыторыі Беларусі ня мае быць чужынскіх войскаў.
30 жніўня
Эшалён з расейскай вайсковай тэхнікай, раней зафіксаваны ў Воршы, пачалі разладоўваць на чыгуначнай станцыі Верайцы, што за 5 км на паўночным захадзе ад Асіповічаў Магілёўскае вобласьці, паведамляе тэлеканал «Белсат».
Праз наяўнасьць наступных фактаў:
- зафіксаваны код пасажырскага вагону РЖД з асабовым складам “019”, які сьведчыць, што ладаваньне эшалёну было зьдзейсьненае ў Маскоўскай вобласьці;
- падабенства камуфляжнае афарбоўкі вайсковае тэхнікі;
- ідэнтычнасьць шрыфту, мейсцазнаходжаньня бартавых нумароў на САУ “Мста-С”;
- заява МА РФ пра ўдзел у вышкалах падразьдзяленьняў 1-й танкавай арміі;
можна сьцьвярджаць, што на тэрыторыю Беларусі быў перадысьлякаваны дывізыён САУ “Мста-С” 4-й танкавае Кантэміраўскае дывізіі 1-й гвардзейскай танкавай арміі, у якую таксама ўваходзіць 2-я мотастралковая Таманская дывізія.
29 жніўня
Адбыліся брыфінгі што да падрыхтоўкі да супольных расейска-беларускіх вышкалаў «Запад-2017» намесьніка міністра абароны РФ генэрал-лейтэнанта Аляксандра Фаміна і начальніка Генштаба ВС РБ, першага намесьніка міністра абароны, генерал-маёра Алега Белаконева.
Было паведамленае, што галоўная мэта вышкалаў – адпрацаваньне падрыхтоўкі й выкарыстаньня групоўкі войскаў (сілаў) дзеля забесьпячэньня ваеннай бясьпекі так званай Саюзнай дзяржавы.
Падчас брыфінгу генэрал-маёр Алег Белаконеў дэклямаваў усе асноўныя тэзы расейскай вайсковай прапаганды што да намаганьня блёку заходніх дзяржаваў дэстабілізаваць абстаноўку і пагоршыць зносіны паміж суб’ектамі так званай Саюзнай дзяржавы. Апроч гэтага ён падкрэсьліў, што апошнім часам паводле падобнага сцэнару былі нібы распачатыя ўсе збройныя канфлікты. Гэты ж сцэнар ёсьць галоўнай задумаю сёлетніх стратэгічных вышкалаў, падчас якіх упершыню асобны вялікі, пераважна каталіцкі, рэгіён Беларусі абвешчаны варожым і супрацьпастаўлены ўсёй астатняй краіне.
Цалкам мажліва, вайскова-палітычнае кіраўніцтва РФ зьдзяйсьняе зараз зандаж настрояў і рэальных магчымасьцяў для рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі аднаго з заплянаваных сцэнароў гібрыднае агрэсіі. Таксама насьцярожвае, што начальнік Генштаба Алег Белаконеў зрабіў падрыхтаваную расейскімі стратэгамі заяву наконт нібыта заплянавага разьмяшчэньня арганізацыяй “Правы Сэктар” збройных атрадаў на поўначы Ровенскае вобласьці Украіны дзеля запабаганьня ўварваньню падразьдзяленьняў ЗС РФ з боку Беларусі падчас падрыхтоўкі й правядзеньня вышкалаў “Запад-2017”. Апроч паўтору штампаў расейскіх прапагандыстаў, што Украіна – гэта, маўляў, няспраўджаная дзяржава (failed state), якая нібыта ня ў стане кантраляваць на сваёй тэрыторыі незаконныя збройныя фармаваньні, – зроблены апэратыўны прастор для магчымых збройных дывэрсіяў і правакацыяў падчас вышкалаў. У сваю чаргу, зьдзяйсьненьне гэтай правакацыі будзе падставай для, як завіў Белаконеў, наданьня Беларусі з боку РФ у тым ліку і ваеннай дапамогі. Рэалізацыя магчымых плянаў Збройных Сілаў РФ у сталай дысьлякацыі свайго значнага вайсковага кантынгенту на тэрыторыі Беларусі набывае абсалютна вызначыную структуру й форму.
28 жніўня
Вялікая калёна вайсковай тэхнікі прайшла праз чыгуначную станцыю Ворша-Цэнтральная ў панядзелак 28 жніўня прыблізна а 17 гадзіне ўвечары, паведамляе сайт orsha.eu.
22 жніўня
З 21 па 25 жніўня на палігоне Барысаўскі, дзялянках мясцовасьці Менскай, Віцебскай і Магілеўскай абласьцей адбываліся супольныя вышкалы брыгад матар’яльна-тэхнічнага забесьпячэньня (МТЗ) Збройных Сілаў Рэспублікі Беларусь і Расейскае Фэдэрацыі.
Непадалёк населенага пункту Рамашкава (Віцебская вобласьць) асабовы склад 2766-й базы паліва Збройных Сілаў Рэспублікі Беларусь і падразьдзяленьняў 69-й асобнай брыгады матар’яльна-тэхнічнага забесьпячэньня Збройных Сілаў Расейскае Фэдэрацыі (в/ч 11385, ппд – г. Дзяржынск Ніжненоўгарадзкай вобл.) выконваюць задачы супольнага адмысловага навучаньня што да забесьпячэньня войскаў палівам. Гэтая брыгада вядомая праз тое, што ейныя жаўнеры з аўтамабільнага батальёну (в/ч 11385-2) пад выглядам супрацоўнікаў МНС РФ прыцягваліся да перавозу грузаў так званымі гуманітарнымі канвоямі на акупаваны Данбас. Пра гэта InformNapalm падаваў інфармацыю яшчэ ў 2014 годзе.
21 жніўня
У небе над над Лідай зафіксаваны пралёт найноўшых расейскіх зьнішчальнікаў-бамбоўцаў Су-34 (ва ўзбраеньні ВПС Беларусі няма).
Российские СУ-34 в небе над Лидой.#Запад2017 #Захад2017 pic.twitter.com/iIx8oWLIHK
— 1863x.com (@1863x) August 21, 2017
20 жніўня
Відавочцы паведамляюць пра прыбыцьцё першых эшалёнаў расейскае тэхнікі ў Беларусь. Ніжэй фота эшалёну з САУ 2С19 ў горадзе Барысаў (каардынаты 54.205646, 28.516549) і зьдзейсьненая валянтэрамі нашае супольнасьці гэалякацыя здымкі.
19 жніўня
Карыстальнік відэахостынгу Youtube выклаў відэа вайсковай тэхнікі, якую перавозяць чыгуначным эшалёнам праз станцыю Туманава Смаленскае вобласьці РФ у напрамку беларускае мяжы (каардынаты мейсца здымкі). Нумары й тактычныя знакі вайсковае тэхнікі, зафіксаванай у відэа, зафарбаваныя.
Чытайце таксама:
Напярэдадні вышкалаў «Запад-2017» Расея спрабуе ўзяць пад кантроль неба Беларусі.
Як «упакаваць» «Запад-2017» у 13 000 чалавек: выкрыцьцё хлусьні расейскае прапаганды.
Матар’ялы да публікацыі падрыхтаваныя адмыслова для міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Загалоўнае фота: svaboda.org.
Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа