Падразьдзяленьні, узбраеньне й вайсковая тэхніка Заходняй вайсковай акругі (ЗВА) Збройных сілаў (ЗС) РФ прыбываюць на тэрыторыю Беларусі. Паводле афіцыйных паведамленьняў абаронных ведамстваў РФ і РБ, расейскія вайскоўцы нібыта маюць удзельнічаць у парадзе 3 ліпеня ў Менску.
Першыя дакумантальныя сьведчаньні масавага перакідваньня падразьдзяленьняў ЗС РФ у Беларусь надалі актывісты Руху Салідарнасьці «Разам», якія ўвечары 20 чэрвеня 2019 г. зафіксавалі ў Воршы эшалён з расейскай вайсковай тэхнікай. Фотафіксацыю бронетранспартэраў БТР-82А дзяржавы-агрэсара актывісты зрабілі непадалёк аршанскага чыгуначнага вакзалу.
Фота расейскай вайсковай тэхнікі ў Воршы / Алена Талстая, Рух Салідарнасьці “Разам”
Характэрна, што Міністэрства абароны РБ заявіла, што расейскія вайскоўцы для ўдзелу ў парадзе прыбылі менавіта 21 чэрвеня, што, відавочна, супярэчыць пададзеным вышэй фактам.
Згодна з паведамленьнем прэс-службы Заходняй вайсковай акругі ЗС РФ і з наяўнай інфармацыяй пра арганізацыйна-штатную структуру й склад Збройных сілаў РФ для ўдзелу ў парадзе ў Беларусь перакідваюцца вайскоўцы з складу 4-й Кантэміраўскай дывізіі (в/ч 19612, кіраваньне – г. Нара-Фамінск Маскоўскай вобл.) і 27-й Сэвастопальскай асобнай мотастралковай брыгады (в/ч 61899, пункт сталай дысьлякацыі – селішча Масрэнтген, Масква). Абодва злучэньні ўваходзяць у склад навастворанай 1-й танкавай арміі ЗС РФ. Відавочна бронетранспартэры 27-й АМСБр і патрапілі ў аб’ектывы сродкаў фотафіксацыі.
Фота: mil.by
Для ўдзелу ў парадзе ў складзе пешых і мэханізаваных разьлікаў маюць перакінуць ня менш за 300 вайскоўцаў ЗС РФ.
Фота: mil.by
Апроч гэтага 3 ліпеня 2019 г. у небе над Менскам будзе задзейнічаная й авіяцыя Паветрана-касьмічных войскаў РФ, меркавана пілатажная група «Бэркуты» з складу 344-га таржоцкага Цэнтру баявога выкарыстаньня й перавучваньня лётнага складу (гэлікоптэры Ка-52) і меркавана 47-га асобнага зьмяшанага авіяцыйнага палку (зьнішчальнікі-бамбоўцы Су-34). Авіяцыйная тэхніка гэтых падразьдзяленьняў раней ужо была зафіксаваная ў Беларусі падчас супольных стратэгічных вышкалаў «Запад 2017». Таксама ў паветранай частцы параду заплянаваныя палёты над беларускай сталіцай расейскіх шматмэтавых гэлікоптэраў Мі-8 і зьнішчальнікаў Су-30.
Чытайце больш: Маніторынгавая кампанія вайсковых вышкалаў «Запад-2017». Вынікі й высновы
Асаблівай увагі таксама заслуговае яшчэ адно паведамленьне прэс-службы Заходняй вайсковай акругі ЗС РФ. Паводле інфармацыі гэтага падразьдзяленьня па сувязі з СМІ, яшчэ 18 чэрвеня васкоўцы й баявая тэхніка ракетнай брыгады 1-й танкавай арміі ЗВА зьдзейсьнілі пагрузку на чыгуначныя плятформы й выправіліся ў Менск для ўдзелу ў парадзе 3 ліпеня.
Вядзецца пра перакідваньне ў Беларусь апэратыўна-тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр» 112-й ракетнай брыгады (в/ч 03333, сталы пункт дысьлякацыі г. Шуя, Южны гарадок, Іванаўская вобласьць, РФ). Адлегласьць ад мейсца дысьлякацыі вайсковай часткі да Менску складае 930 км і больш за 1000 км праз чыгуначнае спалучэньне.
АТРК “Іскандэр”
Цалкам мажліва, расейскія ракетнікі пад прыкрыцьцём удзелу ў парадзе адпрацоўваць апэратыўнае высоўваньне з пункту сваёй сталай дысьлякацыі ў прызначаныя пазыцыйныя раёны ў Беларусі, што можна разглядаць як пэўны элемэнт наступальных дзеяньняў. Сьлед асабліва зазначыць, што Расея разглядае тэрыторыю Беларусі выключна як буфэрную зону для вядзеньня мажлівых ваенных дзеяньняў з краінамі блёку NATO (перадусім Польшчай, Летувай і Латвіяй) і Украінай.
Беларуская служба InformNapalm зьдзяйсьняе маніторынг што да знаходжаньня на тэрыторыі нашай краіны падразьдзяленьняў дзяржавы-агрэсара Расейскай Фэдэрацыі.
Інфармацыю, фота- й відэафіксацыю што да перасоўваньня расейскай арміі па тэрыторыі Беларусі просьба паведамляць на адрэсу беларускай службы InformNapalm у Фэйсбуку: facebook.com/by.informnapalm.org.
Аддзел маніторынгу беларускае службы
міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Загалоўнае фота – mil.by.
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа