Гаага чакае на танкістаў 136-й брыгады ЗС РФ: сьпісы, дакуманты, загады, OSINT + HUMINT

Прадмова. Пра OSINT & HUMINT

У 1947 годзе бацька выведвальнага аналізу аналітык CIA Шэрман Кент казаў, што для прыняцьця рашэньняў падчас мірнага часу палітыкі атрымліваюць з адкрытых крыніцаў да 80% інфармацыі. Пазьней, у 1970-х гадох, кіраўнік Выведвальнага кіраваньня МА ЗША генэрал-лейтэнант Самуэль Уілсан зазначаў, што 90% выведдадзеных прыпадае на адкрытыя крыніцы і толькі 10% атрымліваюць дзякуючы працы агентуры (HUMINT). У сучасным сьвеце праз разьвіцьцё сеціва Інтэрнэт, сацыяльных сетак і іншых сродкаў камунікацыі прыблізна 98-99% выведвальнай інфармацыі можна сабраць з адкрытых крыніцаў. Безумоўна, закрытыя дадзеныя больш інфарматыўныя, але калі аб’яднаць гэтыя мэтоды разам, то мы атрымаем інструмант для высокаэфэктыўнага аналізу.

З гэтага артыкулу мы пачынаем сэрыю публікацыяў міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm, у якіх будуць прадэманстраваныя зводныя дадзеныя выведкі адкрытых крыніцаў (OSINT), пацьверджаныя закрытымі канфідэнцыйнымі дадзенымі, вынятымі з кампутарных сыстэмаў начальніка штаба выведвальнага батальёну 136-й АМСБр ЗС РФ (в/ч 63354). Закрытая частка інфармацыі для зводнага аналізу была эксклюзіўна падазденая валянтэрам InformNapalm хактывістамі Украінскага Кібэральянса (Ukrainian CyberAlliance, UCA і «КібэрХунты»).

Крыніца закрытых дадзеных

Дарашэнка Алег Уладзімеравіч, 27.10.1984 году нараджэньня. Станам на сярэдзіну 2014 году быў начальнікам штабу выведвальнага батальёну 136-й АМСБр ЗС РФ (в/ч 63354), меў званьне капітана ЗС РФ.

Стаўся аб’ектам дасьледаваньняў хактывістаў UCA пасьля знаходжаньня на Данбасе, падчас якога заходзіў на свою асабістую электронную паштовую скрыню з кампутара начальніка выведвальнага кіраваньня 2-га Армейскага корпусу тэрарыстычнага ўтварэньня «ЛНР». У камандыроўцы на Данбасе быў, меркавана, з восені 2014 да зімы 2015 году.

  • Падрабязныя ідэнтыфікацыйныя дадзеныя на Алега Дарашэнку


Якія дадзеныя раскрыў капітан Дарашэнка

Атрыманае дакумантальнае пацьверджаньне факту перакідваньня вайскоўцаў з Буйнакска (в/ч 63354) да мяжы з Украінай у жніўні 2014 году, у прыватнасьці ў населены пункт Папоўка (Каменскі раён Растоўскае вобласьці РФ), што за 18 км ад Ізварына (Краснадонскі (цяпер Сарокінскі) раён, Луганская вобласьць, Украіна).

У афіцыйных загадах, якія захоўвае Дарашэнка, выразна падзеленыя параграфы пра ад’езд і прыбыцьцё вайскоўцаў з палігонаў і камандыровак, у шпіталі і на адпачынкі. Перакідваньне ў Папоўку было зьдзейсьненае паводле баявога загаду начальніка штаба вайсковай часткі 47084 № 015 з 12.08.2014 г.

Нумар часткі сьведчыць пра кіраваньне 58-й агульнавайсковай арміі Паўднёвае вайсковае акругі РФ (Рэспубліка Паўночная Асэтыя-Аланія, горад Уладзікаўказ). Ейным камандырам на той момант быў Гурулёў Андрэй Віктаравіч. Нагадаем, што Гурулёў фігуруе ў расьледаваньні Генэральнае пракуратуры Украіны што да факту злачынстваў супроць асноваў нацыянальнае бясьпекі Украіны.

Падчас камандыроўкі вайскоўцаў з Буйнакска іхнае асабістае суправаджэньне і кіраваньне зьдзяйсьняў камандыр вайсковае часткі №63354 гвардыі палкоўнік Лябёдка Міхаіл Барысавіч, што пацьверджанае загадам аддзелу кіраваньня часткі №198 з 23.08.2014 г. з тэрмінам да 06.09.2014 г.

Дакуманты для азнаямленьня:

загад № 198 з 23.08.2014 г. – ад’езд камандыра;

загад № 213 з 06.09.2014 г. – прыбыцьцё камандыра.

 

  • Падрабязныя ідэнтыфікацыйныя дадзеныя на Міхаіла Лябёдку

Перадумовы перакідваньня войскаў ЗС РФ ва Украіну

У жніўні 2014 году йшлі цяжкія баі, у выніку якіх меліся быць зьнішчаныя бандфармаваньні расейскіх баявікоў. У гэтым жа месяцы адбывалася бітва ў раёне Луганскага аэрапорту. Украінскія вайскоўцы мелі сілы для прасоўваньня да дзяржаўнае мяжы Украіны і закрыцьця яе для расейскіх калёнаў тэхнікі й боепрыпасаў. З гэтае прычыны расейскае камандаваньне вырашыла перакінуць буйныя сілы ў выглядзе зводных батальённа-тактычных групаў розных вайсковых частак дзеля ўзмацненьня тэрарыстаў.

З узламанай электроннай пошты капітана Дарашэнкі каманда InformNapalm атрымала дадзеныя пра тое, што група буйнакскіх вайскоўцаў у памежным з Украінаю населеным пункце Папоўка Каменскага раёна налічвала прыблізна 500 чалавек у складзе выведнікаў, танкістаў, артылерыстаў і інш. У загадах што да вайсковай часткі за лета – восень 2014 году вызначэньне «служебная командировка» было пададзенае ў новай рэдакцыі – «выполнение задач в составе группировки войск (сил) «Юг» на территории Ростовской области». Падставай для гэтага, як мы зазначылі вышэй, стаўся баявы загад, а ў некаторых выпадках – тэлеграмы начальніка штаба 58-й арміі. Менавіта гэтае вызначэньне аб’ядноўвае дакумантацыю пра знойдзеных і зафіксаваных намі ва Украіне вайскоўцаў з Буйнакска.

Сярод дакумантаў згадваецца яшчэ адзін баявы загад начальніка 58-й арміі з 10.08.2008 № 10. У ім выкарыстаная фармулёўка «выполнение боевой задачи в Республике Южная Осетия по принуждению Республики Грузия к миру». Гэта дадаткова сьведчыць пра тое, што загады маюць менавіта баявое, але не навучальнае прызначэньне.

Вайскоўцы 136-й АМСБр ЗС РФ згодна з загадамі пачалі выконваць баявыя задачы ў складзе групоўкі войскаў «Юг» у пазначаныя даты паводле катэгорыяў адпаведна:

  • 07.2014 – батальён матар’яльнага забесьпячэньня;
  • 08.2014 – сувязісты;
  • 08.2014 – артылерысты;
  • 08.2014 – танкісты.

Гэты артыкул зьяўляецца ўступным у цыклі матар’ялаў. Пасьля яго будуць апублікаваная поўныя сьпісы вайскоўцаў 136-й АМСБр з наданьнем інфармацыі пра ўзнагароджаных і загінулых падчас выкананьня баявых задачаў паводле загаду камандаваньня ПВА РФ. Характэрна, што шматлікія прозьвішчы з гэтых сьпісаў раней ужо фігуравалі ў OSINT-расьледаваньнях або ў асобных паведамленьнях СМІ, што дапаўняе агульную доказавую базу вайсковых злачынстваў РФ.

Ніжэй падаем сьпіс танкістаў, якія выконвалі баявыя задачы ў складзе групоўкі войскаў (сілаў) «Юг» на тэрыторыі Растоўскае вобласьці паводле загаду №190 з 15.08.2014 г. У табліцы пададзеная дэталізацыя з пазначэньнем старонкі профілю вайскоўца ў сацыяльным сеціве, ягонага асабістага нумару (пазначанага ў загадах для залічэньня), званьня, дакладнае назвы пасады, а таксама пададзеныя спасылкі на OSINT-расьледаваньне, у якім гэты вайсковец фігуруе ў кантэксьце расейскага ўварваньня ва Украіну альбо ў зьвязку з атрыманьнем узнагароды за баявыя заслугі ў мірным часе.

Ніжэй пададзеныя повязі сацыяльных профіляў сацсеціва “VK” танкістаў 136-й АМСБр (чырвоныя кропкі) з агульнымі сябрамі (чорныя кропкі). У правым слупку зафіксаваныя імёны, прозьвішчы і id:

Таксама прапануем перайсьці на cтаронку клубка сацыяльных повязяў, распрацаваную адмыслова для чытачоў InformNapalm. Леваруч у пошукавым полі можна ўвесьці прозвішча канкрэтнага вайскоўца і высьветліць, з кім ён зьвязаны.

Дзякуючы інфармацыі з загадаў пра перакідваньне буйнакскіх танкістаў ў 2014 годзе ў памежны з Украінаю раён мы ня толькі пацьвердзілі ўжо пададзеную інфармацыю, але й выявілі астатніх узнагароджаных за ўдзел у вайне супроць Украіны:

  1. Васільеў Аляксандар Віталевіч, камандыр 1-га танкавага ўзводу 2-й танкавай роты танкавага батальёну, узнагароджаны ордэнам Мужнасьці.
  2. Броднікаў Максім Віталевіч, камандыр танку 1-га танкавага ўзводу 1-й танкавай роты танкавага батальёну, узнагароджаны мэдалём Суворава.
  3. Чубараў Яўген Іванавіч, камандыр танку 2-га ўзводу 1-й танкавай роты танкавага батальёну, узнагароджаны мэдалём Суворава.
  4. Агарэлкаў Дзяніс Міхайлавіч, камандыр танку 3-й танкавай роты танкавага батальёну, узнагароджаны мэдалямі Суворава і «За адвагу».
  5. Бузоўскі Міхаіл Міхайлавіч, камандыр танку 2-га ўзводу 3-й танкавай роты танкавага батальёну, узнагароджаны мэдалём «За адвагу».
  6. Сягеда Генадзь Уладзімеравіч, старэйшы мэханік-кіроўца аддзяленьня кіраваньня ўзводу сувязі танкавага батальёну, таксама атрымаў мэдалі.
  7. Кабякоў Пракоп Пракопавіч, мэханік-кіроўца 3-га ўзводу 1-й танкавай роты танкавага батальёну, узнагароджаны мэдалём Суворава.
  8. Зайцаў Дзьмітры Андрэевіч, камандыр танку 1-га ўзводу 1-й танкавай роты танкавага батальёну, узнагароджаны мэдалём «За адвагу».
  9. Ціжанкін Сяргей Валер’евіч, старэйшы мэханік-кіроўца 2-га ўзводу 1-й танкавай роты танкавага батальёну, атрымаў мэдаль «За адвагу».
  10. Загуменнаў Мікалай Мікалаевіч, мэханік-кіроўца 1-га танкавага ўзводу 2-й танкавай роты танкавага батальёну, паводле дадзеных расейскіх СМІ ўзнагароджаны мэдалём Суворава.

Апроч гэтага ў пададзенай табліцы маюцца дадзеныя і пра расейскага вайскоўца Маракасава Віталя Веніямінавіча, аматара рабіць “сэлфі” на Данбасе. Ягоныя фота расейскага ўварваньня ў Луганскую вобласьць на танках Т-90А маюцца ў шэрагу OSINT-расьледаваньнях InformNapalm, а таксама былі выкарыстаныя ў кнізе «Данбас у вагню». Дзякуючы закрытым загадам вызначаная дакладная пасада Маракасава: гранатамётнік 3-га мотастралковага аддзяленьня 3-га мотастралковага ўзводу 7-й мотастралковай роты 3-га мотастралковага батальёну 136-й АМСБр ЗС РФ.

Магчыма, у пададзенай вышэй табліцы могуць быць і тыя, хто апублікаваў відэа ўварваньня на танках Т-90А ў раёне населенага пункта Навасьветлаўка Луганскае вобласьці (відэа выявіў у сацыяльным сеціве блёгер-дасьледнік Askai).

Такім чынам, мы сабралі інфармацыю пра 73 буйнакскіх вайскоўцаў танкавага батальёну в/ч 63354, разам з 26 «мэдалістамі».

«Груз 200» з Данбаса

Паводле дадзеных загадаў, захаваных Дарашэнкам, вядома, што пасьля выкананьня задачаў групоўкі «Юг» у мейсца дысьлякацыі часткі жывымі вярнуліся ня ўсе. Як зазначаў InformNapalm у папярэдняй публікацыі, было вядома толькі пра зьнішчэньне камандыра танку кіраваньня 1-й танкавай роты танкавага батальёну Вядзернікава Аляксандра Ігаравіча (ЕХ-763258, 30.06.1993 г.н.), які таксама згаданы ў загадзе №190 з 15.08.2014 г. пра групавое перакідваньне ў памежную Папоўку 17.08.2014 г.

На падставе іншага загаду камандыра вайсковай часткі 63354 з нумарам 235 з 01.10.2014 г. Вядзернікаў Аляксандар, як і яшчэ адзін вайсковец, Кузьняцоў Алег Віктаравіч (Х-261642), з 02.09.2014 г. выключаны з сьпісу асабовага складу вайсковае часткі 63354 і зьняты з усіх відаў забесьпячэньня з прычыны гібелі.

Спампаваць загад № 235 з 01.10.2014 г.

  • Кошт маўчаньня для сваякоў

Такім чынам, пададзеныя раней OSINT-доказы ўдзелу 136-й АМСБр ЗС РФ з Буйнакска ў вайсковых дзеяньнях ва Украіне пацьверджаныя непасрэдна дакумантальнай часткаю. Гэтыя матар’ялы ўвойдуць у склад доказавай базы для будучых ня толькі міжнародных, але й, цалкам мажліва, нутрырасейскіх судоў, калі сьведчыць будуць нават шыльды на магілах бессэнсоўна загінулых расейскіх вайскоўцаў.

Ніжэй маецца спасылка на файлавы архіў пошты Дарашэнкі. У ім шмат інфармацыі, датычнай 136-й брыгады разам з сьпісамі асабовага складу асобнага выведвальнага батальёну. Выключэньнем ёсьць загады, якія яшчэ аналізуюць валянтэры InformNaplam і якія будуць выкарыстаныя ў наступных матар’ялах.

Спасылка для запампаваньня архіву файлаў без загадаў.


Матар’ял падрыхтавалі Victory Krm і Міхаіл Кузьняцоў адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.

(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.

Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

«Цемру адолее полымя / Ignis vincit tenebris» – крэда InformNapalm.