Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm на падставе аналізу інфармацыі з адкрытых крыніцаў, праз выкарыстаньне альгарытму праграмнага выяўленьня графу сувязяў сацыяльных профіляў расейскіх вайскоўцаў, а таксама матар’ялаў, эксклюзіўна атрыманых ад хактывістаў Украінскага Кібэральянса (UCA) аднавіла храналёгію ўварваньня ва Украіну артылерыстаў 136-й асобнай мотастралковай брыгады (АМСБр) ЗС РФ у жніўні 2014 году. У выніку зьдзяйсьненьня расьледаваньня было пацьверджанае, што перакідваньне расейскіх вайскоўцаў для выкананьня баявых задачаў да ўкраінскае мяжы адбывалася паводле загадаў камандаваньня ЗС РФ у некалькі этапаў, пазьней гэтыя ж вайскоўцы фіксаваліся ўжо на акупаванай тэрыторыі Украіны. Пацьверджаныя дзясяткі прозьвішчаў жаўнераў і афіцэраў, якія раней фіксаваліся ў выніку OSINT-расьледаваньняў InformNapalm і асобных блёгераў.
Поўнамаштабнае ўварваньне расейскіх падразьдзяленьняў на Данбас улетку 2014 году
Задачы так званай “Антытэрарыстычнае апэрацыі” (АТА) ва Украіне маглі быць пасьпяхова выкананыя яшчэ ўлетку 2014 году, але Расея зьдзейсьніла шэраг удараў, задзейнічала батальённа-тактычныя групы сваіх войскаў, выкарыстала танкавыя й артылерыйскія падразьдзяленьні. Найбольш знакавымі сталіся баі падчас захопу Луганскага аэрапорту і ў раёне Ілавайска.
У базе дадзеных InformNapalm што да фіксацыі кадравых расейскіх вайскоўцаў і рэгулярных падразьдзяленьняў маецца інфармацыя пра, як мінімум, 28 (дваццаць восем) расейскіх вайсковых частках, вайскоўцы якіх удзельнічалі ў агрэсіі супроць Украіны ў гэтым прамежку часу.
Сьпісы вайскоўцаў 136-й АМСБр (в/ч 63354 з Буйнакска), перакінутых паводле баявога загаду штабу Паўднёвае вайсковае акругі (ПВА) РФ у памежны з Украінаю раён сьведчаць пра цэнтралізаваны характар агрэсіі. Ніякіх «адпускнікоў» – усе выконвалі загад.
У выніку аналізу інфармацыі з асабістае пошты капітана ЗС РФ Алега Дарашэнкі (1, 2) выяўленыя амаль 500 жаўнераў тэрміновае службы і кантрактнікаў гэтае вайсковае часткі, якія былі перакінутыя для выкананьня задачаў у Растоўскую вобласьць у складзе групоўкі сілаў “Поўдзень”. Камандырам в/ч 63354 ЗС РФ з 2013 году зьяўляецца гвардыі палкоўнік Лябёдка Міхаіл Барысавіч.
Растоўская камандыроўка 136-й АМСБр ЗС РФ, назоў якой быў зьменены паводле загадаў на выкананьне задачаў у складзе групоўкі сілаў “Поўдзень”, пачалася з паэтапнага перакідваньня структурных падразьдзяленьняў вайсковай часткі з Буйнакска. Першымі былі вайскоўцы батальёну матар’яльнага забесьпячэньня, якіх 25.07.2014 г. накіравалі ў памежны з Украінаю раён на падставе тэлеграмаў штабу ПВА РФ. Кіроўцы роты падвозу паліва, боепрыпасаў, прадуктаў харчаваньня, рэчавае й вайскова-тэхнічнае маёмасьці аднымі з першых выправіліся зь мейсца сталае дысьлякацыі. 28.07.2014 г. былі перакінутыя сувязісты, 16.08.2014 г. – самаходна-артылерыйскі дывізыён і эвакуацыйны ўзвод, 17.08.2014 г. – танкавы батальён, 25.08.2014 г. – вайскоўцы выведвальнага батальёну.
Загад камандыра вайсковай часткі 63354 № 211 з 4 верасьня 2014 году.
Першае расьледаваньне пра ўварваньне 136-й АМСБр ЗС РФ было апублікаванае на сайце InformNapalm у кастрычніку 2014 году. Ужо тады мы паведамілі, што падразьдзяленьне з Дагестана было перакінутае ў раён Малой Каменкі Каменск-Шахцінскага раёну Растоўскае вобласьці.
Менавіта гэты пасёлак (каардынаты 48°19’10.8″N 40°05’43.3″E) месьціцца на іншым баку адносна трасы А-260 ад пазначанага ў загадзе населенага пункту Папоўка Растоўскае вобласьці. Да жніўня 2014 году лягер у адрозненьне ад астатніх памежных базаў быў пустым. Валянтэры InformNapalm выявілі танкі Т-90 і 152-мм самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Акацыя». Больш падрабязна пра гэта чытайце ў расьледаваньні: “Танкі Т-90 і САУ «Акацыя» 136-й АМСБр з Дагестана ля мяжы з Украінай”.
Пра тое, якім чынам перакідваліся вайскоўцы танкавага батальёну мы напісалі ў папярэдняй публікацыі: “Гаага чакае на танкістаў 136-й брыгады ЗС РФ: сьпісы, дакуманты, загады, OSINT + HUMINT”.
У гэтым расьледаваньні мы падаем інфармацыю непасрэдна пра вайскоўцаў артылерыйскага дывізыёну. З матар’ялаў загадаў была сабраная інфармацыя пра асабовы склад 136-й АМСБр, перакінуты ў памежны з Украінаю рэгіён улетку 2014 году. Агулам ідэнтыфікаваныя 82 вайскоўцы артылерыйскага дывізіёну, зь якіх 12 таксама згадваліся ў расьледаваньнях блёгера “sled-vzaуt”.
Аналізуючы папярэдняе расьледаваньне InformNapalm ««Служылі два таварышы»: апазнаныя артылерысты 136-й АМСБр» у загадах была выяўленая інфармацыя пра згаданага ў гэтым матар’яле Сяргея Шэхаўцова, вядомага паводле фатаздымкаў, у якіх ён зафіксаваны з футболкаю з надпісам «Аэропорт Луганск» (рас.), і фота ў разбураным украінскім пасёлку Навасьветлаўка Луганскае вобласьці. У гэтым жа расьледаваньні згадваецца і Ягор Вінклер, які фігуруе ў загадах як старэйшы наводнік 5-й гарматы 2-га вагнявога ўзводу 5-й батарэі 2-га гаўбічнага самаходна-артылерыйскага дывізыёну. Шэхаўцова Сяргея Мікалаевіча паводле загаду №233 з 29.09.2014 г. зь мінулае даты, з 22.07.2014 г., прызначылі на вайсковую пасаду стрэлка-памочніка гранатамётніку мотастралковага аддзяленьня мотастралковага ўзводу мотастралковае роты мотастралковага батальёну вайсковай часткі 63354.
Табліца дадзеных артылерыстаў 136-й АМСБр, перакінутых паводле баявога загаду штабу ПВА ЗС РФ
Падаем у арыгінале паводле фіксацыі ў загадзе.
Як выведка адкрытых крыніцаў пацьверджвае закрытыя дадзеныя хактывістаў
Вернемся да непасрэднага ўдзелу ў ваенных дзеяньнях ва Украіне артылерыстаў з Буйнакска.
Па-першае, разгледзім фота ладаваньня тэхнікі й узбраеньня ў жніўні 2014 году.
14.08.2014 г. Руслан Букрэеў выкладвае фота з камэнтаром «Загрузились» (рас.) разам з здымкам рапарту пра пачатак службы паводле кантракту з подпісам «Еду в Ростов» (рас.).
Фота з ладаваньнем выяўленае і ў фотаальбоме Арцёма Бялова 15.08.2014 г., надпіс “2ГСАДн” пацьверджвае пункт загаду пра ягоную службу ў 2-м гаўбічным самаходна-артылерыйскім дывізыёне (2ГСАДн).
Сьпіс вайскоўцаў, пазначаных у фота
У апэратыўных зводах у жніўні 2014 году InformNapalm зазначаў пра павялічэньне руху на дарогах памежных пасёлкаў Папоўка (Краснадонскі раён), Паўночны і Вялікі Сухадол. У зьвязку з маніторынгам місіі АБСЭ пункту пропуску ў Ізварыне, калёны расейскае тэхнікі пачалі перасякаць украінскую мяжу ў раёне пасёлку Паўночны, утвараючы новыя грунтавыя дарогі. Старэйшы афіцэр 6-й батарэі 2-га ГСАДн Тымур Аразаў пазначыў да фота з 5 верасьня 2014 г. геалякацыю пад расейскім Данецкам, непадалёк украінскае мяжы ў раёне пасёлку Сьцяпны. Меркавана, гэтымі маршрутамі карысталіся й вайскоўцы 136-й АМСБр ЗС РФ.
Дзе ва Украіне пакінулі свае сьляды расейскія артылерысты 136-й АМСБр?
Па-першае, гэта Навасьветлаўка непадалёк Луганскага аэрапорту. Відэа й фатаздымкі, якія адлюстроўваюць маршрут руху калёны на Данбасе, InformNapalm падаваў у артыкуле ««Служылі два таварышы»: апазнаныя артылерысты 136-й АМСБр, якія ваявалі ва Украіне».
На маршруце Краснадон-Луганск мэханік-кіроўца ўзводу кіраваньня 2-гаўбічнага самаходна-артылерыйскага дывізыёну Руслан Букрэеў сфатаграфаваўся на тле паказьніка населенага пункту Прыдарожнае.
Ахмадулін Ільнур, накіраваны для выкананьня задачаў у складзе групоўкі сілаў “Поўдзень” з пасадаю нумару разьліку 2-га гаўбічнага самаходна-артылерыйскага дывізыёну, захаваў відэа расейскае калёны, зафіксаванай у Краснадоне (Сарокіна) 02.09.2014 г.
Пасьля таго, як баявыя задачы штабу ПВА ЗС РФ былі выкананыя, вайскоўцы вярнуліся ў Дагестан. Эшалён артылерыі вяртаўся ў пункт сталае дысьлякацыі ў Буйнакск паводле маршруту праз Растоў-на-Доне. Камандыр 3-й гарматы 2-га ГСАДн Юры Бізін выразна зазначыў час камандыроўкі ў Растоўскую вобласьць праз подпіс да фота «Такое не забывается».
Младшие сержанты Сергей Алексинцев, Андрей Комлев и рядовой Андрей Долгих в 2013 – 2014 годах служили в одной батарее в составе ракетных войск и артиллерии в Дагестане. Высокие государственные награды получили за выполнение важного задания, детали которого не имеют права разглашать. Рядовой запаса Андрей Долгих говорит, что о службе у него остались только хорошие воспоминания. Самое главное – среди сослуживцев появились настоящие друзья.
Зводная інфармацыя пра 136-ю АМСБр
Журналісты і іншыя зацікаўленыя асобы могуць атрымаць поўны дамп дакумантаў, на падставе якіх было зьдзейсьненае гэтае расьледаваньне, праз зварот з дапамогаю формы зваротнае сувязі на афіцыйнай старонцы InformNapalm у facebook.
Інфармацыя для расьледаваньня была пададзеная InformNapalm хактывістамі UCA на эксклюзіўнай падставе. Супольнасьць InformNapalm ня мае адказнасьці за спосабы атрыманьня інфармацыі. Мы аналізуем і дапаўняем матар’ялы на падставе выведкі адкрытых крыніцаў.
Матар’ял да публікацыі падрыхтавала Victory Krm адмыслова для сайту InformNapalm. Інфаграфіка Alex Alexidze.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.