
Дасье:
Ільля Панамароў, 39 гадоў. Дэпутат Дзяржаўнай Думы Расейскай Фэдэрацыі 5-га і 6-га скліканьняў, сябра фракцыі “Справядлівая Расея”, заснавальнік расейскага сацыял-дэмакратычнага руху “Левы альянс”. 20 сакавіка 2014 году падчас галасаваньня ў Дзярждуме быў адзіным, хто прагаласаваў супраць далучэньня Крыма да Расеі. 7 красавіка 2015 году быў пазбаўлены дэпутацкай недатыкальнасьці. Пачынаючы з жніўня 2014 году жыве ў ЗША. 17 ліпеня 2015 году завочна арыштаваны маскоўскім судом і абвешчаны ў міжнародны вышук.
ІНТЭРВІЮ
Пра Крым
IN: Як Вы лічыце, Крым легітымна быў далучаны да Расейскай Фэдэрацыі або незаконна забраны? Ці бачыце Вы шлях ягонага вяртаньня ў склад Украіны?
Панамароў І.: Вядома, ўсё, што адбылося з Крымам, ня мае ніякага дачыненьня да права. Вядома, гэта захоп чужой тэрыторыі, захоп вайсковым спосабам з дапамогай увядзеньня войскаў. Пра што, збольшага, прэзыдэнт Пуцін цалкам адкрыта гаворыць у тэлевізары, што ён даў каманду на ўвядзеньне войскаў, і ўсе гэтыя так званыя рэфэрэндумы і гэтак далей праходзілі ўжо пасьля гэтага ва ўмовах, практычна, вайсковай акупацыі.
“Што цяпер рабіць?” – Гэта пытаньне, вядома ж, вельмі складанае, таму што любая перадача Крыма мае быць бяскроўнай і не спрычыніцца да большай трагедыі, чымся тая, якая ўжо адбылася. Ня мае спрычыніцца да новага Данбаса.
Мой сцэнар – гэта супольная расейска-украінская адміністрацыя ў Крыму, задачай якой мае быць правядзеньне ўжо новага рэфэрэндуму паводле украінскага заканадаўства ва ўмовах міжнародных наглядальнікаў з сур’ёзнай падрыхтоўкай, аднаўленьнем украінскае мэдыйнае прасторы ў Крыму для свабоднай і спакойнай агітацыі.
І я лічу, што зараз, мабыць, сьпяшацца ня трэба, таму што час, насамрэч, цяпер працуе на Украіну. Посьпех украінскіх рэформаў – гэта лепшы чыньнік для таго, каб Крым мог павярнуцца ў склад краіны.
Пра зьбіты Боінг МН17 і расейскую дыпляматыю
IN: 29 ліпеня на паседжаньні Рады бясьпекі ААН прадстаўнік Расеі Чуркін скарыстаў з права вета ў пытаньні што да стварэньня трыбуналу ў расьледаваньні крушэньня малазійскага Boeing 777 MH17. Ці можна гэта разглядаць, як пацверджаньне датычнасьці расейскіх вайскоўцаў да гэтай катастрофы?
Панамароў І.: Тое, што адбылося ў Радзе бясьпекі ААН, гэта, вядома, ганьба, якая, перш за ўсё, паказвае ня хто зьбіў, але інтэлектуальны і маральны ўзровень расейскай дыпляматыі, які ўжо знаходзіцца ніжэй за самыя нізкія межы. Незалежна ад таго, хто вінаваты. Уласна, менавіта гэта і мае вызначыць трыбунал.
Напрыклад, пазыцыя Расеі, якая неаднаразова заяўляла, што ў гэтым вінаватая Украіна. І сама Украіна разам з галоўнымі пацярпелымі краінамі: Малайзіяй, Аўстраліяй, Нідэрляндамі, – хочуць зрабіць гэты трыбунал. На якой падставе мы блякавалі ягонае стварэньне, я абсалютна не разумею.
Я б, вядома, на мейсцы расейскай дыпляматыі зрабіў бы тое самае, што й Кітай: я б устрымаўся і праз гэта ня даў бы магчымасьць папракаць той, ці іншы бок. То бок заняў бы пазыцыю нэйтральную. І няхай суд разьбіраецца. Наадварот, распачалі б усе дзеяньні, каб дапамагчы гэтаму трыбуналу працаваць і быць сумленным і аб’ектыўным.
Пра тое, як перамагчы крамлёўскаю прапаганду
IN: Як адмысловец у інфармацыйнай сфэры, якія Вы можаце даць парады Украіне што да зьмяншэньня ўзьдзеяньня расейскай прапаганды як у краіне, гэтак і за мяжой? Як Украіна мае данесьці сусьветнай супольнасьці праўду пра тое, што адбываецца?
Панамароў І.: Я лічу, што хлусьню ніколі немагчыма перамагчы хлусьнёю, прапаганду нельга перамагчы контрпрапагандай. Я лічу, што прапаганду можна перамагчы толькі асымэтрычным спосабам, праз рэальныя посьпехі разьвіцьця Украіны, як дзяржавы. Украіны мела вельмі добры момант год таму, таму што сапраўды ўвесь сьвет спачуваў, суперажываў. Вайсковая агрэсыя, усе хочуць дапамагчы.
Зараз пачынаецца ўжо расчараваньне праз тое, што “ну мы ж хацелі дапамагчы, мы ж гатовыя дзейнічаць, але, мабыць, ніякіх кардынальных зьменаў не адбываецца”. Вайна як была, гэтак і ёсьць, карупцыя як была, гэтак і застаецца, эканоміка як падала, гэтак і падае. І дзе, уласна, вынікі?
Вось я лічу, што галоўны мэханізм барацьбы з крамлёўскай прапагандай – гэта эканамічныя посьпехі. Гэта не павышэньне цэнаў і тарыфаў, якое зараз паўсюдна адбываецца ў краіне, але гэта эканамічны рост, стварэньне новых вытворчасьцяў, гэта новыя інвэстыцыі, гэта новыя бізнэсы, якія б ствараліся ў краіне. І трэба ня толькі думаць пра тое, як дагадзіць МВФ, але пра тое, як зрабіць добра для простых украінцаў. Тады ўвесь свет зразумее, на чыім баку праўда.
Гэты рэцэпт унівэрсальны. Абсалютна для ўсіх. Для ўкраінцаў ён асабліва важны, таму што ўсе, перш за ўсё, пытаюцца: вось, адбылася рэвалюцыя і што? людзі сталі жыць лепш ці не? І трэба не забараняць камуністычныя сымбалі, напрыклад, але займацца эканомікай. Вось гэта, я лічу, самая патрэбная і слушная справа.
Пра інфармацыйную палітыку Украіны
IN: Год таму ва Украіне было створанае Міністэрства інфармацыйнай палітыкі. Не маглі б Вы даць ацэнку ягонай працы. Ці лічыце Вы за неабходнае стварэньне такога воргану?
Панамароў І.: Я лічу, што ўся гэтая мэдыйная сфэра, перш за ўсё, мае разьвівацца зьнізу. Я лічу, што вялізарная колькасць слушных, карысных і патрэбных ініцыятываў ва Украіне была створаная. І ваш праэкт, і шмат іншых праэктаў, якія ёсьць. І гэта выдатна. Яны ж ствараліся зьнізу, але ня праз якія-кольвек міністэрствы.
Калі б дзяржава падтрымлівала б вось такія незалежныя праэкты, раздавала б гранты адпаведныя, падтрымлівала б незалежную сфэру, мне здаецца, гэта было б больш эфэктыўна, чымся спроба стварэньня нешта яшчэ асобнага новага зьверху. Гэта заўсёды меней эфектыўна, хто б гэта не рабіў. Як “Голас Амэрыкі” ў Штатах, адпаведна, менш эфэктыўны, як інструмэнт прапаганды, чымся іншыя ініцыятывы, якія йдуць зьнізу.
IN: Дзякуй Вам за інтэрвію!
Панамароў І.: Так-так, і Вам.
© Інфармацыю падрыхтавала каманда InformNapalm.
Пры ўдзеле Кацярыны Катэнка і Вольгі Сяргіенка
Пераклад Дзяніса Івашына







Прочитайте нову книгу "Донбас у вогні". Це керівництво буде корисно для журналістів, дослідників, військових експертів, дипломатів та всіх, хто збирає інформацію про війну на Донбасі.

Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа